«Нейкая краіна туманаў, – сказаў Анцік. – Можа, мы ўжо даўно за мяжой?»
«Не кажы глупстваў», – сказала Юля, прынюхваючыся, нібы драпежніца, да ляснога паветра.
«Хіба ў нас бываюць такія жахлівыя туманы? – спытаў Анцік. – Скажы, Лявон? Гэта, напэўна, польскі туман. Бываюць жа польскія грыбы. Значыць, і туман бывае».
«Ён хутка разыдзецца, – сказаў я. – Вось пабачыш. Проста яшчэ занадта рана. Удзень ад яго нічога не застанецца. Нічагусенькі. І мы спакойна знойдзем дарогу».
«Можа быць, можа быць, – з сумневам прамовіла Юля. – Але давайце спачатку знойдзем аўтобус. Там можа быць штосьці карыснае. Ежа або мабільны тэлефон. І наогул: там цяплей».
«Давай мне руку, – сказаў я і схапіў Анціка за запясьце. – Вось так. А другой я вазьму Юліну… Так мы, прынамсі, нікога ня згубім».
Юліна рука была ледзяная. Я рушыў налева, хоць зусім ня ведаў, куды ісьці, а Юля гэтак жа рашуча рушыла направа. Анцік павіс на мне і засьмяяўся, ды і я ўсьміхнуўся. Мы спыніліся.
«Не, так ня пойдзе, – сказаў я. – Давайце спачатку прыдумаем, куды ісьці. Я лічу, што аўтобус дзесьці…»