Тэатр шчасьлівых дзяцей - Бахаревич Ольгерд Иванович 4 стр.


Мы кінуліся да вокнаў і пачалі грукаць у іх і крычаць, хто як мог. Бо аўтобус якраз пралятаў па вуліцы нейкай ці то вёскі, ці то маленькага гарадка. Абапал вуліцы стаялі невялікія дамы, абнесеныя платамі, дзе-нідзе ў дамах гарэла сьвятло, а на ўзбочынах нават стаялі ліхтары, асьвятляючы самотных людзей, што сьпяшаліся дахаты ў насунутых на галовы капюшонах.

На сэкунду мне падалося, што ў акне аднаго з дамоў была відаць вялікая кампанія дарослых, якія сядзелі каля каміна з келіхамі ў руках, і ў адной жанчыны на каленях ляжаў сабака. А яшчэ мне падалося, усяго толькі на нейкае імгненьне, што сярод тых дарослых у ярка асьветленым акне я разгледзеў сваіх маму і тату. І ў мамы на плячах быў пухнаты плед, а ў таты на каленях талерка, поўная гарачых закусак.

Але той дом зь ярка асьветленым акном мільгануў і зьнік. Аўтобус праляцеў праз гарадок, нібы мэтэор, і зноў выскачыў на цёмную шашу. Мы бачылі толькі дарожныя знакі, што сьвяціліся ў змроку, цёмны край блізкага лесу і бясконцыя чорныя прасьцірадлы начных палёў.

«Так, – сказала Юля. – Я палезу ў кабіну і пастараюся зрабіць так, каб мы затармазілі! А вы трымайце мяне за ногі!»

«Ты што! Ты туды галаву не прасунеш!» – сказаў я.

Юля адмахнулася. Вось жа ўпартая. Яна стала на сядзеньне і пастаралася прасунуць галаву ў акенца кабіны. Спачатку ў яе нічога не выходзіла, але Юля напружылася – і, падраўшы сабе вуха, усё ж апынулася ў кабіне. Праўда, толькі галавой.

«Цяпер руку!» – пачулі мы яе голас.

«Трэба было спачатку руку, а потым галаву, дурніца!» – пакруціў пальцам каля скроні Анцік.

«Які ты разумны! – накінуўся я на яго. – Можа, лепш цябе туды засунем? Ты дакладна пралезеш!»

«Шкада, што нельга адшпіліць сабе руку, – пачулі мы прыдушаны Юлін голас. – Калі-небудзь вучоныя прыдумаюць, як можна разьбіраць сябе на часткі! Так, каб потым зноў сабраць!»

«Трэба проста разьбіць перагародку! – сказаў я. – Памятаеце, у кожным аўтобусе ёсьць надпіс: дастаць малаток, выціснуць шкло?»

«Тады цягніце мяне назад!» – сказала Юля.

Мы схапілі яе за ногі і пацягнулі.

«Хто так цягне? – зараўла Юля. – Хлопчыкі! Дзе ваша пяшчота!»

Але было ўжо занадта позна.

Бо ў гэты самы момант аўтобус завіхляў на горцы, выскачыў на мост, пад якім цямнела рака, і ўрэзаўся з усёй моцы ў агароджу.

Толькі што перад намі была прамая дарога ў промнях фараў, а цяпер іх сьвятло выхапіла зь цемры толькі кавалак неба, якое імкліва сыходзіла некуды ўверх.

Аўтобус зьнёс агароджу на поўным хаду, лёгка, нібы адной пстрычкай.

І паляцеў над прорвай, проста ў раку.

Калісьці я чытаў пра мужчыну, які быў чэмпіёнам у плаваньні і аднойчы ўратаваў цэлы тралейбус людзей, што выпадкова ўпаў з моста. Гэты мужчына пабачыў, што тралейбус тоне, кінуўся ў ваду і даставаў людзей аднаго за адным, пакуль не ўратаваў усіх. Была зіма, гэты чэмпіён захварэў на запаленьне лёгкіх і нырак, і потым памёр. Я часта бачыў у сьне тую страшную карціну, я сам уяўляў сябе ў тым тралейбусе, які ідзе на дно і я ніяк не магу зь яго выбрацца. Якім жа шчасьцем было прачынацца ў цёплым ложку, у сваім пакоі! Потым жахлівы сон перастаў мне сьніцца. А цяпер, у аўтобусе, які нібы завіс на сэкунду над безданьню, каб назаўсёды пайсьці пад ваду разам з намі, я зноў успомніў тую гісторыю – і карцінка тралейбуса, які тоне ў рацэ, зноў зьявілася перад вачыма.

Толькі вось наўрад ці ў такі час, далёка ад гораду, на беразе ракі знойдзецца чэмпіён у плаваньні, які нас уратуе.

На імгненьне зрабілася ціха…

А тады вакол нас пачуўся такі шум, ад якога закладвала вушы!

Гэта аўтобус, у які мы трапілі, нібы ў пастку, з усяго размаху пляснуўся ў раку!

Мы закрычалі ўсе трое, адначасова, ды так, быццам хацелі сваім крыкам выбіць шыбы ў вокнах, за якімі цяпер была цёмная, халодная вада.

Аўтобус паволі паплыў – і мы пачулі, як вада пачынае пранікаць у салён.

Мы схапіліся за рукі, усе трое.

«Я хачу дамоў! – крыкнуў Анцік. – Лявон, скажы, што мы сьпім!»

«Мы ня сьпім», – сказаў я вінавата. Бо гэта і праўда я, менавіта я і ніхто апрача мяне, быў тым чалавекам, які сказаў усім садзіцца ў гэты жудасны аўтобус.

«Спакойна, – сказала Юля. – Мы ўсе ўмеем плаваць, праўда?»

«Я ўмею», – сказаў я.

«І я», – сказала Юля.

«А я не!» – заплакаў Анцік.

«Ты ж хадзіў у гурток плаваньня! – зьдзівіўся я. – Ты ж выхваляўся нам, што ўмееш і брасам, і кролем!»

«Я кінуў, – усхліпнуў Анцік. – Раз схадзіў і кінуў».

«Дык ты хлусіў? – жахнулася Юля. – А мы табе зайздросьцілі!»

«Мы былі дурні», – сказаў я.

«Усё роўна, – сказала Юля. – Мы можам забрацца на дах аўтобуса, саскочыць у ваду і даплыць да берага. А Анціка пацягнуць за сабой. Ну, ці даць яму штосьці, што дапаможа трымацца на вадзе».

«Толькі хутчэй, – прамармытаў Анцік. – Бачыце, вады ўжо амаль па калена!»

«А як жа кіроўца?» – сказаў я.

«Ты яшчэ не зразумеў? – зьдзівілася Юля. – Гэта была лялька!»

Я ўскочыў на сядзеньне і пацягнуўся да люка над галавой, каб адчыніць яго і вылезьці на дах. Але ніяк ня мог дацягнуцца. Я быў самы высокі ў нашай кумпаніі, і ўсё ж мне не хапала росту. «Давай ты сядзеш мне на шыю!» – крыкнуў я Юлі і нахіліўся, каб яна магла на мяне залезьці.

«Хутчэй! – падганяў нас Анцік. – Вада ліецца з усіх дзірак!»

Я і сам адчуваў, што мы тонем.

І тут здарылася нешта неверагоднае.

Нібы нехта падставіў пад бруха нашага аўтобуса сваю шырокую, роўную сьпіну. Падставіў і прыўзьняў – так, што вады вакол нас адразу паменела.

«Можа, мы селі на мель? – з надзеяй спытаў я. – Можа, гэта зусім неглыбокая рэчка?»

«Але мы плывем, – сказала Юля. – Адчуваеце? Вада нясе нас наперад. Калі б мы селі на мель, мы б ня рухаліся!»

«Ура! – крыкнуў Анцік. – Ня ведаю, хто там пад намі, але я зь ім сябрую!»

Мы прыпалі да вокнаў. За імі быў толькі туман, туман, ноч і вада, у якую няспынна сыпаліся дажджавыя кроплі. Мы плылі па рацэ, нібы на караблі – і цяпер у гэтым было нават штосьці прыгожае.

«Цікава, куды вядзе гэтая рака? – спытаў Анцік. – Лявон, у цябе ж дзесяць па геаграфіі. Ты ж усе беларускія рэчкі на памяць знаеш!»

«Ну, ня ўсе… – сказаў я. – У Беларусі ведаеш колькі рэкаў?»

«Колькі?»

«Дваццаць тысяч! – адказаў я з гонарам. – І дзесяць тысяч азёраў!»

«Адкуль ты ведаеш?» – з павагай паглядзела на мяне Юля.

«Ведаю», – ухіліўся я ад адказу. Хоць тлумачылася ўсё проста. Нядаўна мне давялося рыхтаваць спавешчаньне ў школе, і я грунтоўна праштудыраваў артыкул у Вікіпэдыі.

«Дваццаць тысяч, – уздыхнуў уражаны Анцік. – Ня можа быць!»

«Можа», – сказаў я.

«Як жа нас знойдуць? А калі гэтая рэчка ўпадае ў іншую рэчку, а тая ў іншую, а тая ў Чорнае мора? Значыць, нас могуць знайсьці ў Міжземным?» – задумалася Юля.

«Не, нам трэба выбрацца адсюль і вярнуцца ў Менск», – цьвёрда сказаў я.

Вакол нас ціха плёскалася вада.

«Значыць, мы не патонем?» – спытаў Анцік.

«Пакуль што не… – сказаў я, з трывогай узіраючыся ў акно. – Нешта нясе нас наперад. Нібы на сьпіне. Можа, плынь ракі, а можа…»

«Што можа?»

«Столькі ўсяго адбылося, што ўжо і ня ведаеш, ці ёсьць ва ўсяго гэтага тлумачэньне…» – сказаў я і пазяхнуў.

«Спаць хочацца», – замахаў рукой у сябе перад носам Анцік, нібы адганяў нейкіх сонных мух.

«Нельга», – прамармытаў я. – «Скажы, Юля?»

Але Юля ўжо й сама задрамала пад ціхі плёскат вады і шум дажджу. Я хацеў яе пабудзіць, але паваліўся носам на яе плячо і таксама заплюшчыў вочы.

Разьдзел чацьверты

Я прачнуўся ад холаду і, не расплюшчваючы вачэй, пачаў намацваць рукамі коўдру. Мне абавязкова трэба было дасьніць свой сон, бо ў гэтым сьне я кіраваў машынай – сапраўднай машынай, чорным легкавіком, які імчаў па вуліцы і слухаўся кожнага майго руху. Як жа гэта было файна! Я толькі што прыехаў на вуліцу, дзе ўсе мяне ведалі, і я ўжо адчуваў, як яны зараз пабачаць мяне за стырном прыўкраснага аўто, а я прытармажу і апушчу акно, і тады…

Што тады?

Замест цёплай коўдры я намацаў нешта мокрае і халоднае. Побач пачулася ціхае ўсхліпваньне. Я ўжо нічога не разумеў. Хто гэта мог румзаць у маім пакоі? У нас дома такое было не прынята. Я прыбраў руку і нарэшце адплюшчыў вочы.

Перада мной сядзеў Анцік і глядзеў проста мне ў твар, а зь ягоных вачэй ліліся сьлёзы. І сядзелі мы зусім не ў маім пакоі, а ў пустым, сырым і халодным аўтобусе, і ў Анціка з рота ішла пара, а за вокнамі быў толькі непраглядны белы туман.

«Ты што?» – ускочыў я і раззлавана замахаў на Анціка здранцьвелымі рукамі, бо на імгненьне мне падалося, што гэта ўсё ягоныя жарцікі.

«Я хачу дахаты!» – крыкнуў Анцік сваім знакамітым басам і зноў зарумзаў.

І тады я адразу ўспомніў, у што мы ўляпаліся. Успомніў, выцер рукі аб прамерзлае сядзеньне і адвярнуўся, бо зусім ня ведаў, што нам цяпер рабіць.

Вы калі-небудзь прачыналіся ў аўтобусе? Зусім адны ў халодным аўтобусе, у якім ратаваліся ўначы ад нейкай містычнай сілы, аўтобусе, які ледзь не патануў у рацэ і кіроўца якога аказаўся лялькай? У аўтобусе, што захрас невядома дзе ў лесе, сярод туману? Калі так, дык вы можаце ўявіць сабе, што я адчуваў у той момант. Але чамусьці мне здаецца, што вам ніколі не даводзілася прачынацца ў гэткіх вясёлых абставінах. Ну, цалкам магчыма, усё яшчэ наперадзе, скажу я вам. Ніколі не загадвайце на будучыню, што з вамі можа здарыцца. А што да Анціка, дык я, вядома ж, паспрабаваў яго супакоіць:

«Я таксама хачу дахаты, Анцік! Як і ты. Мы выберамся. Пабачыш. Чэснае слова!»

«Я хачу есьці!»

«Я таксама, – сказаў я. – Давай пашукаем штосьці».

«Я хачу ў туалет!»

«Рабі пад сядзеньне, – сьмела прапанаваў я. – Я адвярнуся. Толькі не пад маё, калі ласка!»

«Я хачу дамоў!»

«Мы блізка ад гораду, – сказаў я так упэўнена, як толькі мог. – Мы ж не ў пустыні Калахары. Да вечара вернемся! Знойдзем людзей і… А дзе Юля?»

«Я ня ведаю! – зноў зарумзаў Анцік. – Можа, яе ў сьне скралі?»

«Хто? – я ўжо быў не на жарт устрывожаны. – Дзьверы ж зачыненыя!»

«Хто? – Анцік паглядзеў на мяне і раптам сьцішыў голас. – Той, хто прывёз нас сюды…»

Я паглядзеў у бок кабіны кіроўцы. Там не было нікога – але набліжацца да кабіны мне зусім не хацелася. Трэба было знайсьці Юлю. Я асьцярожна прайшоўся ўздоўж сядзеньняў, у самы канец, потым вярнуўся, паглядзеў сьпераду, набраўся адвагі і ўсё ж зазірнуў у кабіну… Юлі нідзе не было.

«Глядзі! Люк! – сказаў Анцік, паказваючы пальцам угару. – Ён адчынены!»

І праўда. Проста над намі быў люк, празь які мы бачылі адно белую сьцяну туману. Гэты туман пачаў ужо запаўзаць у аўтобус – бялявае воблачка вісела над поручнямі, і я, ускочыўшы на сядзеньне, адагнаў яго рукой. Але воблачка не расьсеялася, яно быццам учапілася за маю руку і цяпер павісла на ёй, і мне давялося зрабіць некалькі рэзкіх узмахаў, каб яно адплыло на сваё месца. Відаць, Юля здолела залезьці сюды сама, па поручнях, і выбрацца вонкі, на дах. А калі змагла Юля, трэба было пастарацца і нам.

Я паставіў Анціка на сядзеньне, залез яму на плечы і, трымаючыся за поручань, падцягнуўся да адчыненага люка і высунуў галаву.

Мая галава апынулася ў такім густым тумане, што я папросту асьлеп. Нібы я засунуў галаву ў птушынае малако. Анцік нешта крычаў мне зьнізу, але я ня чуў. Туман ахутаў маю галаву, быццам шапка. Але мінула мо якая хвіліна, і я звыкся – і мне нават падалося, што ў гэтым ёсьць нешта прыемнае. Туман надаў мне бадзёрасьці, і я паднатужыўся і вылез на дах. Я быў на свабодзе – і гэта адразу ўзьняла настрой. Выцягнуць з аўтобуса Анціка аказалася не такой лёгкай справай. Але вось мы ўжо абодва стаялі на даху і ўдыхалі пах ранішняга лесу. Лес быў зусім блізка, лес цямнеў між туману – дрэвы, як нейкія волаты ў чорнай форме, абступілі наш аўтобус і чакалі, што мы будзем рабіць далей.

Мы пераглянуліся і асьцярожна палезьлі ўніз. Саскочылі на зямлю і толькі тады выдыхнулі.

«Юля! – крыкнуў я. – Юля!»

«Юля-а-а!» – залямантаваў Анцік такім голасам, нібы яму рвалі зубы без замарозкі.

«Добрай раніцы, – пачулі мы зусім блізка яе насьмешлівы голас. – Ня трэба так крычаць. Вы яе напужалі».

Мы з Анцікам кінуліся на яе голас, проста ў гушчу туману – і не паверылі сваім вачам. Варта нам было зрабіць крокаў дзесяць – як мы выйшлі з нашага туманнага палону на бераг ракі, а там…

Над ракой туману не было. Толькі шызая празрыстая смуга і шэрае неба. Смуга, неба і цішыня. Непралазны туман клубіўся абапал ракі, як дзьве белыя сьцяны, але на берагах, што на гэтым, што на тым, было чыста. Юля сядзела на кукішках каля самай вады і глядзела на яе так уважліва, быццам рыбу ў ёй лавіла. Мне нават падалося, што мы неяк не ў пару тут зьявіліся. Перашкодзілі мы ёй, ці што?

«Не хацела вас будзіць, – сказала Юля. – Але калі вы ўжо ўсталі, не крычыце, ня румзайце і паводзьцеся прыстойна».

«Гэта яшчэ чаму? – засоп Анцік. – Калі я крычу ці румзаю, мне, напрыклад, робіцца лягчэй».

«Напрыклад… – перадражніла яго Юля. – Слухайце, вы можаце трошкі памаўчаць?»

«Хопіць крыўляцца, Юля, – сказаў я. – І гаварыць загадкамі. Каго мы можам тут напужаць?»

«Яе, – сказала Юля і паказала пальцам на ваду. – Рэчку».

Мы з Анцікам падышлі да вады і ўтаропіліся на яе, як два дурні. Вада была цёмная, брудная, дна не відаць, каля берага ляжала, падрыгваючы зеленаватая пена. Я хацеў зачарпнуць трохі, каб умыцца, але не наважыўся. Пабаяўся: раптам на твары балячкі зьявяцца. Ці наогул скура зьлезе. Нахіліўся над вадой, каб паглядзець на свой твар – але вада задрыжэла ад раптоўнага ветру, і я так нічога і не пабачыў.

«Ну яе! Мы ў гэтай рэчцы ледзь не патанулі, – сказаў Анцік. – І ніякая гэта ня рэчка. А проста нейкая мёртвая лужына, глыбокая, небясьпечная і брудная».

«Але да берага даплыць было можна, – сказаў я. – Калі б некаторыя ўмелі плаваць…»

«Вось бы зараз ванну, – уздыхнуў Анцік. – Цёплую… А ня гэтую канаву».

«Можа, табе яшчэ і качачку гумовую хочацца? – раззлавалася Юля. – Маленечкі ты наш. Перастань яе крыўдзіць!»

«Каго? Раку? – крыкнуў Анцік. – Рэкі не крыўдуюць! Вось зараз вазьму і плюну ў яе!»

«Я табе плюну, – сказала Юля, і вочы ў яе ўспыхнулі ад злосьці. – Глядзі, каб яна ня плюнула ў адказ!»

«Ну і цалуйся са сваёй рэчачкай!» – махнуў рукой Анцік і вусны яго задрыжалі.

«Ціха вы, – сказаў я. – Нам нельга сварыцца, як вы не разумееце?»

«Рака нас уратавала, – ціха сказала Юля. – Памятаеш, уначы, калі наш аўтобус тануў? Нехта быццам бы прыўзьняў аўтобус над вадой. Р-раз – і мы паплылі, як на караблі».

«Памятаю, – змрочна кіўнуў я. – Але, можа, гэта проста…»

«Што проста?»

«Ня ведаю».

«Ты ж бачыш, Лявон, што загадак усё больш! Давай падумаем, што рабіць. А дзе Анцік?»

Вакол нас былі толькі туман і рака, такая ціхая, нібы прыслухоўвалася да нашай размовы. Мы зь Юляй пераглянуліся і кінуліся ў розныя бакі, проста ў гэтыя белыя клубы, што нерухома навісалі ў нас над галовамі. «Анцік!» – крычалі мы ўсё больш гучна. А потым я ўжо ня ведаў, у якім баку Юля, у якім аўтобус, у якім рака – вакол мяне былі толькі белыя сьцены з завітушкамі, і я праходзіў скрозь іх, як у казцы, і натыкаўся на ўсё новыя і новыя…

Туман. У горадзе ён быў зусім не такі. Там, дома, на вуліцы, дзе я жыў, хадзіць у тумане было нават забаўна. Дый сам туман там быў бяскрыўдны, празрысты, лёгкі і хутка сплываў – хіба што пераходзіць дарогу трэба было асьцярожней, чым звычайна. Але ў гэтым дзіўным месцы, куды мы трапілі, туман валадарыў, туман зьбіваў з тропу і блытаў усе сьляды. Я ішоў, сам ня ведаў, куды, выставіўшы наперад рукі, як нейкі туманоід, і адчуваў, што ў мяне пачынаецца паніка. Што калі я заблудзіў і застаўся зусім адзін?

І тут я пачуў плач і адразу супакоіўся.

«Анцік! Дзе ты?»

«Тут», – пачуў я ягоны засмучаны бас.

«Дзе?»

«А ты дзе?»

«Тут».

«Справа ці зьлева?»

«Адкуль я ведаю».

«Ты ж разумны!»

Я пачырванеў. Так мне зрабілася прыемна.

«Давай я буду крычаць, а ты ідзі на крык, – сказаў Анцік. – Я пачынаю. А-а-а-а!»

Я зачапіўся за нешта нагой і паваліўся проста Анціку пад ногі.

«А-а-а! – закрычаў ён яшчэ мацней. – Лявон, на мяне нехта напаў!»

«Хто?» – крыкнуў я.

«Нехта схапіў мяне за ногі!»

«Гэта я, – сказаў я, падняўся проста перад ім і прыкрыў ягоны разяўлены рот. – Ты што, ня бачыш?»

«А дзе Юля?» – прамычаў ён.

«Ня ведаю…»

Я прыбраў руку. Мы прыселі на мокрую траву, у роспачы пазіраючы адзін на аднаго.

«Ну і ну, – сказаў я. – Здаецца, нам цяпер трэба прывязацца вяроўкай, усім траім. Каб больш не губляцца. Вось адшукаем Юлю і…»

«Добрая ідэя, – сказала Юля, выходзячы з туману, як здань. – Прапаную яшчэ прывязаць да нас аўтобус. Толькі яго таксама трэба яшчэ знайсьці».

Назад Дальше