Не, пайду. Сёння мне, Тоня, не чай, а што-небудзь мацнейшае трэба, каб супакоіцца.
Жончына радасць, якая прарвалася ў той вечар, крыху занепакоіла Алега. Але Сашка цяпер да іх амаль не заходзіў, жонка штодзень, калі, забраўшы з садзіка Вовачку, муж вяртаўся дадому, была ўжо ў хаце і клапатліва завіхалася на кухні. Яна, як і раней, ласкава сустракала іх, карміла, была ветлівая.
I Алег супакоіўся.
* * *
Ён ціха, не спяшаючыся а куды яму спяшацца? ішоў па тратуары, не выбіраючы сушэйшага, не зважаючы на лужы, што цямнеліся ў выбоінах на асфальце, не адчуваючы, што ногі ў яго даўно ўжо мокрыя.
Дождж ліў гэткі ж, як і зараз, але ў вечаровай цемрадзі яго не было відаць, і толькі было золка і балюча, калі вецер заварочваў дажджавое крыло яму ў твар, рабілася непрыемна, ён аж угінаў плечы, калі аднекуль зверху абрыналася на яго цэлая лавіна вады, як усё роўна трапіў пад страху, пад самы капеж: кроплі гулка барабанілі па скураной шапцы, нібы па палатцы ці па якім гонтавым даху.
Шкельцы акуляраў былі мокрыя: дажджынкі, якія траплялі на іх, нібы прыліпалі, расплываліся, расцякаліся па шкле, і ў гэтых вадзяных разводах, вельмі падобных на нейкія прасцейшыя істоты туфелькі ці амёбы, расплывіста мігцелі агні вячэрняга горада: загарыцца ў святлафоры чырвонае святло і ўсе амёбы стануць чырвоныя; праплыве побач зялёнае вочка незанятага таксі і ў кожнай туфельцы на імгненне ўспыхне па рухомай зялёнай крапцы.
Праз акуляры амаль нічога, апроч позніх вечаровых агнёў, не было відаць, але ён не зважаў на гэта. Ён ішоў проста так, без усялякай мэты, яму не было куды спяшацца, не было куды ехаць, а таму і дождж, і мокрыя акуляры не заміналі.
Хоць нават і з акна было відаць, што надворе паганае, мокрае, Алег выйшаў у дождж, на вуліцу абы толькі не быць дома. Яму надакучыла сядзець перад акном у ціхай і апусцелай сваёй хаце, глядзець на вялізную кроплю, якая, гайдаючыся ад ветру, як пад носам, вісіць пад настылым знадворным градуснікам, на дажджыны, якія, нібы апалонікі, спяшаюцца зверху ўніз па шыбах; слухаць, як надакучліва барабаніць дождж па абабітым цынкам падаконніку, і яму тут жа, адразу ж, нясцерпна захацелася на вуліцу, да людзей думалася, што там крыху суцішыцца яго боль, што ў натоўпе і сам ён супакоіцца. Нервовае жаданне хутчэй выскачыць са сваёй хаты было такое вялікае, што яму здавалася памарудзь ён яшчэ крыху і ў яго разарвецца набалелае, перапоўненае тугою сэрца.
Пасля таго як на ягоным стале, прыціснутая цукеркаю, зявілася запіска з жорсткім афарызмам «жыві як хочацца», Алег усё больш і больш гарнуўся да людзей, у натоўп абы не заставацца аднаму.
У першыя ж дні Жавейка ніяк не мог апамятацца, сабрацца з думкамі, даць ім нейкі разумны накірунак. Ён толькі ляжаў на тахце і тупа глядзеў у акно або ў столь. Ці, адвярнуўшыся да сцяны, вывучаў без патрэбы шпалеры і думаў абы пра што.
Хоць бы сабе пра тыя ж шпалеры. Думаў, якія яны бываюць розныя. Ёсць светлыя звонкія і напятыя, якія, нібы дынамікі, узмацняюць любы гук: ад іх аж ломіць у вушах. А ёсць і цемнаватыя, густыя, дзе, здаецца, як у злямчаным тумане, вязне, прыглушваецца ўсё чыста нават крык.
Ёсць цёплыя па колерах, якія нават у дажджлівыя дні падсвечваюць адкуль яно, тое святло? і хату, і ўсе рэчы ў ёй. I ёсць халодныя, бяздонныя і бясконцыя, як неба, у якія можна глядзець доўга, і вока ніяк не наткнецца на які-небудзь край гэтай бездані.
Ёсць шпалеры маўклівыя і гаваркія, вясёлыя і нудныя розныя, як і самі людзі. Шпалеры розныя? Можа, яшчэ скажаш кожная са сваім характарам? Кінь ты! Яны здаюцца чалавеку такімі або іншымі толькі ад настрою. Вось гэтыя ружовыя шпалеры, што прыемна радавалі яго ў сямейным жыцці, зараз раздражняюць, і яму хочацца пасадраць з іх усе яркія кветкі, ад якіх аж балюча вачам.
А ўрэшце, пры чым тут шпалеры? І чаго ён да іх прычапіўся?..
Услухаўся ў гукі, якія даносіліся зверху, і пачуў, як мякка ходзіць па хаце жонка, як бегае там Вовачка, як сын часта пачынае чагосьці плакаць і як яго супакойваюць: «бу-бу-бу».
Унізе ігралі на піяніна. Цяжкія і халодныя гукі, нібыта вялікія кроплі дажджу, са звонам падалі ў пустэчу і разбіваліся аб штосьці нябачнае на сотні меншых, але і гэтыя, меншыя, як яму здавалася, былі такія ж цяжкія і халодныя.
Па падаконні барабаніў дождж. Ён раздражняў, не даваў засяродзіцца і супакоіцца.
Потым чуваць было, як у лейтэнантавай кватэры штосьці соўгалі, насілі, перастаўлялі відаць, Тоня на свой густ перарабляла ўсю ранейшую Ірчыну ўтульнасць. З пакоя над ім ён пазнаў гэта па цяжару і рыпу высунулі шафу, а на яе месца ўнеслі, мусіць, тахту і паставілі якраз там, як стаіць яна ў іх: далей ад акна, упрытык да самай сцяны. I, відаць, самі, стаміўшыся, як стаялі, так і паваліліся на яе аж цяжка зарыпелі спружыны. Вовачка бегаў у другім пакоі, і Алег зразумеў, што яны, радасныя і шчаслівыя, цалуюцца.
Само сабою рэзка і непрыемна, нібы пах нашатыру, ударыў у галаву ўспамін, як аднойчы, калі ўжо не было Іркі, Сашка доўга званіў да іх, а Алег якраз быў на кухні і не чуў гэтага званка. Калі ўсё ж адчыніў дзверы, лейтэнант хітравата паглядзеў на яго і, падміргнуўшы, сказаў:
Даруй, я, мусіць, цябе патрывожыў. Разумею, разумею, не тлумач: калі такое, тады хай сабе ўвесь свет руйнуецца, табе не да яго.
Памаўчаў і заратагаў:
Вось бы мне зараз адчуць, як свет руйнуецца.
Жарт быў зноў жа грубавата-пошлы, і Алег не змаўчаў, сказаў пра гэта суседу.
Зараз ён уявіў, як яго Тоня сядзіць на Сашкавых каленях, як той гладзіць яе, а яна і Алег быў у гэтым чамусьці перакананы сама грудзямі прыціскаецца да лейтэнанта, абдымае яго за шыю і сваімі поўнымі вуснамі шукае, як некалі шукала і Алегавы, вусны новага мужа. Кроў кінулася яму да галавы, вачам стала рэзка і горача, рукі сутаргава расшпілілі сарочку, нават разарвалі ён толькі пачуў, як адскочылі гузікі і пакаціліся па падлозе. Але і пасля гэтага рукі не супакоіліся яны шукалі чаго-небудзь яшчэ. Выпадкова пальцы намацалі вазу з чэшскага шкла, якую ён падараваў калісьці Тоні на дзень нараджэння, яна якраз стаяла на століку ля тахты і Жавейка, нібы ўзрадаваўшыся гэтаму, схапіў яе і з усяе сілы шпурлянуў у супрацьлеглую сцяну.
Наверсе стала ціха-ціха там, відаць, пачулі грукат. Звон разбітага шкла, якое пасыпалася на падлогу, працверазіў і Алега. Бо спачатку ў яго было несцярпімае жаданне падхапіцца з тахты, пабегчы туды, наверх, разюшана званіць, званіць, званіць, аж пакуль не адкрыюць, не разбіраючы асабліва, надаваць аплявух таму, хто адчыніць, потым знайсці ў пакоях і другога, пацягаць за валасы і яго, пабіць усе вокны, памалаціць у хаце ўсё, што можа біцца, схапіць свайго Вовачку і ўцячы з ім з гэтай ненавіснай кватэры.
У галаве было тлумна, у вушах шумела, і яму здавалася, быццам ён правальваецца ў нейкую глыбокую яму аж вецер, адстаючы, свішча недзе за ім. Гэтакі стан у яго, ён помніць, ужо быў тады, здаўшы апошні экзамен у школе, хадзіў ён з хлопцамі на рэчку купацца і ледзь там не ўтапіўся. Шырока растапыранымі пальцамі, сутаргава, як за нешта цвёрдае, выратавальнае, за што можна ўчапіцца і ўтрымацца, хапаўся тады Алег за ваду, стараўся заціснуць яе ў кулакі, але яна цадзілася праз пальцы, выслізгвала са жменяў, і ён ішоў усё глыбей і глыбей на дно
Ён узняўся і сеў. Крыху ачуўшыся, пачаў дыхаць раўней і ўспомніў, што самая лепшая рада, якую чалавек можа даць сабе ў такі момант, гэта паспрабаваць угаварыць самога сябе.
Пачакай, пачакай, разважаў ён і адчуваў, што ўся яго існасць супраціўляецца гэтым разумным думкам. Чаго ты гарачышся? І што ты можаш зрабіць? Ну, пойдзеш, ну, набеш нос яму. Ну, надаеш аплявух жонцы. Ну, і што з таго? Што гэта зменіць? Ты думаеш, жонка пасля гэтага кінецца табе на шыю, скажа «а мой жа ты любы» і вы, шчаслівыя, пойдзеце дамоў? Не, такога не будзе. Не, гэта так не робіцца. Тут усё складаней. І прасцей. Паколькі яна ўжо адважылася на такое, пайшла, цяпер ніякі бой не паможа. Бі яе ці не бі, боем ужо не вернеш. Гэтым не прымусіш пакахаць зноў. І ніхто тут табе не паможа ні родзічы, ні сябры, ні нават прафсаюзная арганізацыя ці таварыскі суд, якія заўсёды з ахвотаю, нібыта яны толькі гэтага і чакалі, накідваюцца на ўсе вось такія, крута заматаныя, сямейныя клубкі у рашучай надзеі хутка ўсё разбэрсаць і разблытаць.
Яно, канечне, можна было б і пайсці, і палаяцца, і пакрычаць. Можа б, і ўдарыць каго. Але ж усё гэта толькі каб сагнаць сваю злосць, каб аслабаніцца ад чагосьці прыкрага, каб выліць з сябе ўсе змрочныя, цёмныя думкі, якія цяжка, аж да галаўнога болю віравалі ў ім і не давалі ніяк супакоіцца.
Розум зараз быў лішні. Розуму ў ім нішто не слухалася. Зараз у ім панавалі, гаспадарылі тыя страшныя, непадуладныя сілы, ад якіх звычайна наліваюцца вочы крывёю.
Балела душа. Так заўсёды бывае, калі цябе неспадзявана, без прычыны пакрыўдзяць. Вось так балела ў яго душа, калі яны з сябрам, яшчэ студэнтамі, былі на бульбе і вярталіся аднаго разу з танцаў з суседняй вёскі, а на іх напалі пяныя хуліганы і проста так пабілі ён памятае, што тады не балела ў яго ні рассечанае брыво, ні падпухлае века, ні разадраная губа, а менавіта садніла душа. Яна баліць яшчэ і сёння, калі ён згадвае пра той вечар. Алег і цяпер яшчэ шкадуе, што не ўспомніў тады пра маленькія ножанкі, якія былі ў яго ў кішэні, і сёння да няўцерпу хочацца ўсадзіць іх у седаўку таго задзірыстага дурня, які проста так, дзеля пацехі, біў яго
На вуліцы, на прыпынках, на мокрым асфальце неяк вельмі прыветліва і па-сямейнаму ўтульна свяціліся ў цемнаце расчыненыя дзверы тралейбусаў, і яму са свае ўхаладалай хаты захацелася хутчэй туды у іхняе цёплае і гаваркое нутро.
І ён тады, баючыся, каб не нарабіць чаго брыдкага, за што потым праз усё жыццё будзеш сам сябе дакараць, хутчэй апрануўся і выбег на вуліцу, да людзей
Сёння людзей на вуліцы было мала: дождж, макрэча, золь і каму ў такое надворе ахвота цягацца па холадзе. Калі ў каго і была якая справа ў горадзе, ён хуценька рабіў яе і, мокры, натапыраны, як азалелая птушка, атросшыся перад самымі расчыненымі дзвярыма, спяшаўся шуснуць у тралейбус ці аўтобус, каб хутчэй дабрацца да цёплае хаты.
Ён і сам, не выбіраючы, зайшоў у тралейбус, які першы трапіўся яму на вочы. У тралейбусе таксама было пуста: некалькі позніх пасажыраў моўчкі сядзелі ў розных кутках. Алег хацеў прабіць талон, але кампосцер, відаць, быў сапсаваны: з яго грэбліва сцятай халоднай пашчы тырчаў доўгі жалезны прут, і кампосцер, калі глядзець на яго збоку, вельмі ж нагадваў зараз пагардлівага аднавухага бульдога, якому, каб ён не кусаўся, хтосьці ўсунуў у рот вялікую костку. Ісці да другога кампосцера Алегу не хацелася, ён сеў тут жа, дзе стаяў, і, не працёршы нават акуляраў, абыякава павярнуўся да акна сядзеў і паныла глядзеў на пацішэлы ад дажджу і позняга часу горад.
Жавейку было крыўдна, што Тоня вось так, як яму здавалася, без усялякай на тое прычыны пайшла ад яго. Проста сабралася і проста пайшла. Не растлумачыўшы, што да чаго, чаму. I ад гэтага яму было яшчэ болей балюча. Думалася, што каб была на тое нейкая сурёзная прычына маўляў, пяніца, дэбашыр, распуснік, лайдак здраду жонкі ён перажыў бы, пэўна, лягчэй.
Алег і не заўважыў, як тралейбус прыйшоў на апошні свой прыпынак, як выйшлі ўсе пасажыры, а на іх месца гаварліва натаўхаліся новыя, як яны зручней усаджваліся, крычалі адно аднаму: «Хадзі сюды, тут ляпей»; і толькі калі ў расчыненыя дзверы данеслася: «Грамадзяне пасажыры! Скоры поезд нумар васямнаццаць Вюнсдорф Масква адправіцца праз пяць мінут», ён схамянуўся і, нібы прачнуўшыся, убачыў перад сабою чыгуначны вакзал, дзе віравалі людзі, дзе было светла, успомніў, што менавіта гэтым цягніком яны з Тоняю ездзілі да яе бацькоў, і адразу ж падумаў, што ён якраз прыехаў туды, куды трэба: вакзал жыве і ўночы, як удзень, тут заўсёды людна, і яму сярод людзей не будзе так самотна.
Ён хуценька падхапіўся і, распіхваючы пасажыраў, якія націскаліся і ў пярэднія дзверы і зараз злаваліся на яго: «Што, ён праспаў, ці што? Не, відаць, пяны», паспяшаўся да выхаду і ледзь паспеў скочыць на тратуар адразу ж за ім зачыніліся дзверы, і тралейбус крануўся з месца.
Вакзал, як заўсёды, жыў сваім неспакойным і паспешлівым жыццём. Тут усе кудысьці ішлі, беглі, спяшаліся, у дзвярах заўсёды было многа людзей і тых, што ўваходзілі, і тых, што выходзілі, яны сутыкаліся між сабою, заміналі адно аднаму, злаваліся маўляў, стане ў дзвярах і стаіць, а з-за яго не прайсці аніяк, чапляліся чамаданамі, авоськамі, клункамі за дзверы, прытрымлівалі іх нагамі, каб лепей было праходзіць.
І на самой плошчы мітусіўся натоўп. Спачатку, не прыглядаючыся, нельга было зразумець, хто і куды ідзе здавалася, па тратуары без усялякай мэты цячэ цэлая рака галоў, толькі Алег ведаў, што кожны ў гэтай рацэ ідзе менавіта туды, куды яму трэба: адзін спяшаецца да касы, другі цягне на платформу чамаданы, трэці толькі што прыехаў і шукае стаянку таксі.
На вакзале, хоць Жавейка і разумеў, што ён чужы гэтаму натоўпу, дзе ўсе некуды заклапочана спяшаюцца, у яго ж тут няма ніякай спешнай справы, усё роўна яму было спакайней і весялей.
Яму нібы перадаліся дарожная ўзбуджанасць і хваляванне людзей, якія тут ужо называліся пасажырамі, і ён, разам з усімі, падоўгу стаяў перад вялікаю шыльдаю, вывучаў расклад руху цягнікоў, націскаў на кнопкі і нецярпліва сачыў, як гартаюцца металічныя старонкі механічнай даведкі, а потым доўга і пільна ўглядаўся ў іх, быццам яму дужа важна было ведаць, калі цягнік выходзіць з Вюнсдорфа і ў колькі ён прыбывае ў Маскву.
Стаяў між людзьмі ў чарзе перад буфетам, спяшаючыся, піў халодную і вадзяністую вакзальную каву, нервова, як і ўсе, пазіраў на гадзіннік быццам бы і яго цягнік вось-вось павінен быў адыходзіць.
Калі абяўлялі чарговую пасадку, ён разам з тымі, хто адязджаў, спяшаўся на перон, шукаў патрэбную платформу, штурхаўся між пасажыраў, якія нецярпліва ўсё дапытваліся, з хваста ці з галавы будуць першыя вагоны, альбо, ужо супакоеныя, стаялі ціха і адно толькі раз-пораз пазіралі ў той бок, адкуль павінен паказацца цягнік.
Яшчэ нядаўна на вакзалах у чаканні начных электрычак таўкліся грыбнікі і грыбніцы: мужчыны з кошыкамі, у гумовых ботах, у шапках, жанчыны у завязаных пад бараду хусцінках, у старых світэрах. Яны ехалі апошнімі электрычкамі там, у лесе, пасядзяць, пакуль развіднее, а потым удзень іх можна будзе ўбачыць у горадзе з поўнымі вёдрамі і кашамі: адны лісічкі ды сыраежкі, а наверсе выкладзена дзеля форсу пара якіх баравічкоў.
Цяпер жа натоўп быў іншы ён лепей апрануты і не такі аднастайны. Калі прыходзіў цягнік, тыя, што адязджалі, садзіліся ў вагоны, а тыя, што іх праводзілі, стаялі на пероне і глядзелі ў вокны. Адпраўлення заўсёды даводзілася чакаць, і таму людзям надакучала стаяць, глядзець, быццам нямым, у акно і, нічога не гаворачы і нічога не чуючы, разумець, што і там, у вагоне, таксама стомлены гэтай змушанай нямою размоваю, бачыць, як побач з табою справа, злева людзі адно толькі варушаць губамі, паказваюць нешта на мігі, махаюць рукамі, ківаюць галовамі, усміхаюцца, бо ўсё ўжо даўно сказана ці дома, ці на вакзале, і ўсе зараз, здаецца, чакаюць толькі аднаго каб хутчэй пайшоў цягнік.
Тут ніхто на яго не звяртаў увагі. Ён таксама асабліва не заўважаў нікога, і гэтая пара, якая так шчыра развітвалася каля вагона, трапілася яму на вочы зусім выпадкова: проста ён зачапіўся за партфель, што стаяў ля іхніх ног, і толькі тады ўбачыў іх саміх. Прыціснуўшыся адно да аднаго, яны, нібыта побач нікога не было, нібыта, схаваныя ад людскіх вачэй, яны былі ў наглуха зачыненай і зашторанай хаце, горача цалаваліся: яна ўсім целам падалася наперад, нібы вісела на ім, і, заплюшчыўшы вочы, аж прыўзнімалася на дыбачкі, каб дастаць да ягоных вуснаў; ён, крыху вышэйшы за каханую, неяк пяшчотна нагнуўся над ёю, адною рукою гладзіў яе па валасах, а другою трымаў за талію нібы прыўзнімаў да сябе, памагаючы ёй стаяць на пальчыках.