Але і тут, калі яны перагаварылі ўсё, паўспаміналі многае, паелі ўсе смачныя стравы, прыгатаваныя пляменніцай, і ўжо сядзелі і маўчалі, Жавейка раптам адчуў, што лішні і ў гэтай сямі, што гаспадары адно цярпліва чакаюць, калі ён пойдзе.
Асабліва Алег не любіў зараз выхадных дзён. Яны так здоўжваліся, што ён паспяваў перарабіць столькі работы, а дзень усё не канчаўся: кожны выхадны цяпер рос, нібы сухая, нічым не здобраная ў роце каша ты яе жуеш, глытаеш, а яе ўсё большае.
Часам у суботу ці ў нядзелю прыходзіў Лёша Лясун:
Ну што, уздадзім на гарачае каменне? Каб аж зашыпела.
Яны спускаліся ў магазін, бралі паўлітэрку, сядзелі за сталом, «уздавалі», і яму рабілася нібыта і хораша усё ж ён быў хоць пры нейкім, але пры занятку. К вечару прыходзіла ціхая, сціплая Лесунова жонка яна ўжо ведала, дзе шукаць мужа, садзілася з імі за стол, выпівала сваю кроплю гарэлкі, сядзела і ўважліва слухала. Захмялелы Лясун крыўляўся пры ёй, задаваўся, пакепліваў з яе. Жанчына, не зважаючы на гэта, спрабавала спяваць не вельмі выразным голасам сваю любімую песню «Стаю я на паўстаначку», з асаблівым пачуццём выдыхаючы словы «дзе мае вясеннія гады». Лясун тады смяяўся:
Во-во, і я ёй кажу: «Вось ты сядзіш тут, у хаце, а міма пра-ля-таюць паязды». А яна чагосьці злуецца.
Алегу гэта крыўлянне не падабалася, бо ён разумеў, што Лясун проста здзекуецца, нібы помсціць жонцы за тое, што яна старэйшая за яго гадамі.
Ну і язва ж ты, Лёша, кідаў ён тады Лесуну, а сам абавязкова казаў што-кольвек прыемнае жанчыне.
Ён разумеў, што маладосць усяго толькі часовая перавага, і хацеў растлумачыць гэта Лесуну, але ўспамінаў, што ў іхняй сямі гэтая перавага з гадамі будзе толькі расці жанчыны ж старацца хутчэй.
Лесуніха прыбірала на кухні, мыла посуд, паспявала нават, пакуль яны дапівалі гарэлку, падмесці ў кватэры. I калі Лесуны збіраліся дадому, Алегу рабілася яшчэ болей тужліва: жанчына, якая пабыла ў яго халасцяцкай кватэры, зноў, сама сабою напамінала яму, што людзі, як і ўсё жывое на зямлі, створаны для таго, каб жыць парамі.
Ён зараз быў без пары. Ён зараз быў адзін. І ў яго кватэры цяпер жанчыны, апрача Лесуновай жонкі, можна лічыць, не бывалі. Праўда, неяк раней, у нядзелю ўвечары, прыйшла да яго суседка яны жылі на адной пляцоўцы, ён так і зваў яе: «суседка злева» маладая, ёмкая жанчына, якая была, відаць, гадоў на дзесяць маладзейшая за свайго мужа-пяніцу, пра якога кабеты, што ўвесь час сядзяць на верандзе, казалі: «Ай, і праўда, які гэта Лене муж? Ён жа пяны гадзін у шэсць вечара як пачне падымацца на свой чацвёрты паверх, дык гадзінам к дванаццаці толькі да сваіх дзвярэй дапаўзе». Яшчэ і пры Тоні Алег часта сустракаўся з гэтай прывабнаю жанчынаю то на пляцоўцы, то на верандзе, то на вуліцы (яна штодзень прагульвала вялікага, прыгожага ў сваёй сабачай прыгажосці бульдога), яны па-суседску ветліва віталіся, усміхаліся і нават какетнічалі
Лена, цесна захінуўшыся ў лёгенькі летні халацік, які яна прытрымлівала абедзвюма рукамі і які, нібы шарсцяная сукеначка, хораша прыліпаў да цела, падкрэсліваючы яе фігуру шырокія клубы, тонкую талію і тугія грудзі, прыйшла папрасіць у яго праса: яе, маўляў, перагарэў, а ёй трэба спешна папрасаваць бялізну. Калі жанчына абедзвюма рукамі зачыняла дзверы, халацік сам сабою шырока расхінуўся, і Алег аж аслупянеў ад нечаканасці: пад халацікам яна была амаль голая толькі беленькія-беленькія трусікі шчыра кідаліся ў вочы. Алегу спачатку падалося, што на Леніных грудзях такі ж чысты, як трусікі, станік, але, прыгледзеўшыся, ён зразумеў, што грудзі яе голыя. Проста іх белізну яны ж былі ўвесь час пад купальнікам адцяняе прыгожы, густы летні загар, які і зараз, восенню, усё яшчэ быў шакаладны.
Ён нехаця, злуючыся на сябе за тое, што яму не хочацца гэта рабіць, ледзь адарваў вочы ад зваблівага жаночага цела бачыў, што і Лена адчувае яго позірк, але не спяшаецца захінацца, рэзка павярнуўся і пайшоў у другі пакой. Чуў, як мякка і паслухмяна спяшаецца за ім і Лена.
Ён доўга грымеў у бакавушцы, пакуль нарэшце знайшоў прас, завалены розным хломаздам, абцёр з яго пыл і, павярнуўшыся, аддаў Лене. Калі яна брала прас зноў абедзвюма рукамі, халацік, як і першы раз, расхінуўся, і Алегавы вочы зноў наткнуліся на голыя, тугія, яшчэ амаль дзявочыя грудзі і белыя, як нечапаны снег, трусікі. Зараз ён паспешлівей, больш рашуча адвярнуўся, але і адвярнуўшыся нібыта ўсё роўна бачыў яе расхінуты халацік і, не гледзячы нават, адчуваў, як, не спяшаючыся, захінаецца ім Лена.
Ён зараз злаваўся на жанчын. Ён, уражаны і абражаны здрадаю жонкі, быў у такім стане, калі чалавеку не да распусты і не да юру.
Відаць, гэта зразумела і Лена, бо неўзабаве прынесла назад прас, але на гэты раз яна ўжо была апранута, як на вуліцу: паліто, шапачка, боцікі-панчохі. Прынесла, аддала і, нібы спяшалася куды, пайшла назад яе абцасікі паспешліва зацокалі па прыступках, а Алегу адразу паспакайнела, бо ён ужо, нягледзячы на свой настрой, не ведаў, ці стрымаецца, калі яна ў тым жа халаціку, які так зручна расхінаецца, зойдзе ў хату зноў
I ўсё ж пакуль што яму было не да жанчын. Ён, і да гэтага крыху маўклівы, зараз яшчэ больш зацяўся, хадзіў задуменны, слухаў усіх і маўчаў. Спрабаваў разабрацца ў сабе, у тым, што здарылася, але чым далей разбіраўся, тым больш бачыў, што нічога не зможа зразумець.
«Жыві як хочацца» Гэтага жончынага афарызму, які яна так лёгка паставіла ў канцы сваёй запіскі, ён не разумеў злаваўся на яго і нават ненавідзеў. Але той, як прытопленая ў вадзе крыга, зноў і зноў усплываў у яго думкі і балюча цёрся аб іх сваімі абламанымі вострымі і шурпатымі краямі.
За форткаю, па мокрым шкле, нібы прыклееная да шыбы, паўзла дзе там паўзла: плыла! божая кароўка, якая ўсё яшчэ, нягледзячы на халады, жыла ў яго. Ён дастаў яе усё, што было ў хаце жывое, Алег зараз шанаваў і бярог і пасадзіў на сухое: яна адразу ж, пакідаючы за сабою мокры след, папаўзла чамусьці ў другі бок.
Дык што ж гэта ўсё-такі значыць жыць як хочацца? Што значыць? Можа, жыць як хочацца гэта завесці сабе кампанію (не, аддаць сябе ў кампанію пяных сяброў, так будзе больш правільна) і дзе-небудзь у чадным, задымленым пакоі, дзе не відно і субяседніка, над недапітымі чаркамі, над закуссю, якая толькі пры гарэлцы пахне гэтак даўка і непрыемна, спрачацца да хрыпаты аб сусветных праблемах, грэбліва не заўважаючы ўсяго, што пад нагамі, пяна высвятляць, надоўга ці ненадоўга хопіць нам зямлі і сонца? А можа, для таго, каб жыць як хочацца, трэба завесці статак жанчын і па чарзе хадзіць да іх у госці, гаворачы кожнай няшчырыя і часцей за ўсё банальныя словы маўляў, якая ты прыгожая, якая харошая, адзіная мая, і ўсё гэта толькі дзеля таго, каб пераспаць з ёю і, перахітрыўшы цудоўныя законы працягу чалавечага роду, проста спатоліць сваю ахвоту?
А можа, якраз раней ён жыў так, як хочацца тады, пры жонцы, пры Вовачку, пры харошай сямі і харошай рабоце? Можа, якраз у гэтым шчасце? Ён жа недзе чытаў, што для радасці чалавеку трэба ўсяго толькі дзве рэчы: харошая сямя і харошая праца. Чалавек пачуваецца шчаслівым, калі раніцою з радасцю бяжыць на працу, а ўвечары таксама з радасцю вяртаецца дадому. I нават ужо дастаткова аднаго харошай працы ці харошай сямі, каб чалавеку было цёпла ў гэтым, не заўсёды ласкавым, свеце.
Яшчэ нядаўна ў Жавейкі было і тое, і другое і харошая праца, і любімая сямя, а таму яму было цёпла ўдвайне.
Значыць, вось гэтае «жыць як хочацца» ці не мяняецца яно ад таго, хто на яго і як глядзіць?
Успомніў, што маці доўгі час кпіла з бацькавай разважлівасці. Як толькі пачалася вайна, ён, калгасны рахункавод, пайшоў на фронт. Маці, не бачачы ад слёз дарогі, праводзіла яго і ўсё пыталася: «Петрачок, дык а што ж мне, скажы, з дзецьмі тут рабіць?» «А ён, бач ты яго, злавалася маці і зараз, парадзіў, разважыў кажа тады мне: А што я табе, Малання, скажу? Глядзі, што людзі будуць рабіць, тое і ты рабі. Нічога сабе, разумна разважыў. А тут адны ў партызаны пайшлі, другія, прайдзісветы, вінтоўкі пабралі ды ў паліцыю падаліся, трэція пагробні ды клуні пачалі чысціць. І ўсё ж людзі».
Алег разумеў, што маці гаворыць так, каб толькі дадзець бацьку: самой жа ёй не трэба было нічога выбіраць яна адразу ж стала партызанскаю сувязною. Разумеў, што і гэты ўспамін нагадаўся яму недарэчы, але не так сабе: ён пацвярджаў, што на адну і тую ж рэч можна глядзець па-рознаму.
Як вось і на гэтае «жыві як хочацца». Адзін пачуваецца шчаслівым, калі паплёўвае сабе ў столь і нічога не робіць, а другі шчаслівее толькі ў працы. Адзін прагне, дамагаецца волі, а другому гэтая воля, нібы горб, толькі замінае жыць.
У яго зараз была воля, але ён не ведаў, што з ёю рабіць.
А тады, калі мінуўся шчаслівы чад першага мядовага месяца, у якім нічога і нікога, апроч сваёй каханай, не бачыш, Алег нечакана для самога сябе засумаваў раптам па халасцяцкай волі і нават не на жарт спалохаўся, зразумеўшы, што страціў яе назусім. Тая бесклапотнасць, над якой раней не задумваўся, што хачу, тое і раблю, куды хачу, туды і іду, зараз ужо абцяжарылася рознымі нязвыклымі абмежаваннямі, бо перад кожным ягоным жаданнем, як прывід, узнікала жонка: а як яна на ўсё гэта паглядзіць?
Аднаго разу ён з сябрамі дамовіўся пасля працы схадзіць у шынок і выпіць па куфлю піва. Але як толькі яны выйшлі з прахадной, Алег убачыў жонку: Тоня стаяла ля бярозкі і чакала яго. Яму гэта дужа не спадабалася, ён зазлаваў, але ўсё ж далікатна змоўчаў. Яна тады якраз хадзіла Вовачкам, таму Алег не стаў з ёю сварыцца, а паслухмяна падышоў да яе і ўзяў за руку:
Чаго ты тут?
А мне, Алежка, сумна стала адной, дык я і прыйшла цябе сустрэць.
Ён крыкнуў сябрам, што не пойдзе з імі, а сам стаяў і ўсё глядзеў ім услед, сачыў, як яны, весела смеючыся, размахваючы рукамі відаць, нешта цікавае расказвалі адзін аднаму, пайшлі ў шынок без яго. Алегу тады вельмі ж хацелася выправіць Тоню адну дадому, дагнаць сяброў, быць з імі, між іх ён нават адчуваў на губах пену і пах таго піва, якое яны пайшлі піць.
Але такое было толькі напачатку. Потым ён паспакайнеў, супакоіўся і нечакана адкрыў у сабе дужа шчырага дамаседа якраз такога, над якімі раней пацяшаўся і сам.
Яму было хораша дома, ён адусюль, як зараз Радзік, ірваўся дамоў, у камандзіроўках сумаваў па сямі, вярнуўшыся, прыбіраў у хаце, адбіраў у Тоні венік, калі тая мяла падлогу, мыў посуд, быў далікатны і ласкавы з жонкаю. Тады яму здавалася, што ўсё так і павінна быць, тады ён асабліва не звярнуў увагі на споведзь Майкі Цененькай, экзальтаванай жанчыны з мантажнага цэха, якая, на думку многіх, без прычыны развялася са сваім мужам, кандыдатам навук, прыстойным і вядомым у вучоным свеце чалавекам, а сэнс той размовы дайшоў да яго толькі зараз.
Майка тады нечакана для Алега да гэтага яна толькі кпіла з яго напрасілася, каб ён правёў яе дахаты, узяла Жавейку пад руку, прыціснулася прыгожая, у вялікіх зялёных акулярах да яго пляча (Алег баяўся толькі, каб, крый Бог, не ўбачыла іх у такой далікатнай блізкасці жонка), ішла і даверліва расказвала:
Ты разумееш, ён настолькі быў правільны, настолькі прыстойны аж да непрыстойнасці. Прыйдзеш з работы, а ён ужо сядзіць дома чысценькі, акуратненькі, прычасаны, зашпілены на ўсе гузічкі, пантофлікі на нагах з нейкімі буклямі, ветлівы, культурны; сядзіць і газетку чытае. І ўвесь час так, з дня ў дзень так «прабачце», «калі ласка», «дазвольце». Пасварыцца і то як след не ўмее. Я прыйду, пагляджу на ўсё гэта і не магу: цяжка, невыносна, няма нават чым дыхаць! Ну спазніся ты, дябал, хоць на мінутку, ну затрымайся дзе, ну закуры хай хоць у хаце мужчынам запахне, ну напіся ўрэшце, прыйдзі пяны, каб я з цябе чаравікі зняла, у ложак цябе сама паклала, ну вылайся ты хоць раз салёна, па-мужчынску, ну пабі якую вазу. Аж не, прыйдзеш з працы, а ён ужо сядзіць на крэселку чысценькі, акуратненькі, у пантофліках, яна крыху задумалася, потым дадала: Я разумею, Алег, ты недзе думаеш пра мяне варятка. Разумею, што калі б ён і напраўду быў такі і піў, і курыў, і лаяўся, я злавалася б, плакала і пакутавала. Але ж і гэтак таксама душна. Разумееш душна. Ды пакажы ж ты, дябал, хоць раз, што ты сапраўдны мужчына
Майка і праўда была крыху дзівачка. Яна ўсё шукала нейкі ідэал, казала, што ёй падабаюцца высокія, стройныя, кучаравыя, прыгожыя. Але знайсці такога сярод сваіх знаёмых пакуль што ёй не ўдавалася: адзін быў высокі, але сутулы, другі стройны, але не кучаравы, трэці кучаравы, але непрыгожы.
А Кірык, горкі пяніца, з якім пазнаёміў яго Лясун і пра якога Алег і зараз нічога не ведаў ні дзе працуе, ні хто ён такі (Лёша, знаёмячы, толькі кінуў: «Ведаеш, пра яго нават родная маці гаворыць: А мой жа ты сыночак, а памёр бы ты маленькі, дык я б перамучылася, пераплакалася тады, ды і жыла б цяпер спакойна», на гэта Кірык адно няпэўна ўсміхнуўся, а Лясун, выстаўляючы на стол паўлітэрку, зарагатаў: «Ну што, уздадзім на гарачае каменне?»), дык вось, гэты самы Кірык, калі размова зайшла пра яго, Алегаву, бяду, пранікліва гледзячы ў душу сваімі выцвілымі, нібы палінялымі ад сонца вачыма, спытаўся:
Чакай, а ты хоць раз жонку сваю біў?
Не, канечне.
Не біў? здзівіўся Кірык, асуджальна паківаў галавою, пацепаў худымі плячамі, на якіх пінжак вісеў як на коліку, і перапытаўся: Не біў? Дык а за што ж яна цябе тады любіць будзе? Біць трэба. Абавязкова!
Алег зазлаваў на Кірыка, пачаў крычаць, даказваць, што ўсё гэта не так, але сам міжволі разумеў, што ў яго словах штосьці ёсць, што гэты пяніца выпадкова дзе там выпадкова: Кірык у гэтым перакананы, гэта яго праграма агаліў сэнс нейкіх дужа дзіўных у сямейным жыцці рэчаў, пра існаванне якіх ён нічога не ведаў і ў якіх, адчуваў, яму яшчэ варта пакапацца, разабрацца.
І праўда, ён ніколі не набіў жонку і нават як след не насварыўся, не накрычаў на яе.
Да Алега зараз даходзілі чуткі, нібыта Тоня гаворыць пра яго кепска маўляў, ён такі-сякі, цюхцяй, тыран, але ён у гэта не верыў: відаць, заўсёды, калі з кім-небудзь здараецца вось такая, як з ім, бяда, ля яе шчодра буяюць розныя прыдумкі, плёткі, шэпты, якія, нібы пустазелле, ушчэнт глушаць пад сабою ісціну. Хаця, падумаўшы, Алег згаджаўся, што Тоня і напраўду магла гаварыць такое: яна ж кінула мужа, пайшла ад яго да другога, і ёй зараз трэба было неяк апраўдаць гэты свой выкрут. А хіба не самае лепшае апраўданне даказаць, што вінаваты якраз нехта іншы, а не ты?
У злосці думаў, што Тоня і сама не анёл. Алег малавата бачыў ад жонкі ласкі. У яе чамусьці ніколі не зяўлялася жадання проста так абняць яго, проста так пагладзіць па галаве а як ён любіў, калі яго гладзілі па валасах!
Аднойчы са свайго балкона Жавейка ўбачыў, як з суседняга падезда выйшлі трое мужчын у белых сарочках, як услед за імі выбегла жанчына з пінжаком у руках, гукнула аднаго з іх, накінула яму на плечы ужо было па-восеньску халаднавата пінжак, а сама хуценька, усяго на нейкую секунду, ласкава прыгарнулася да яго і паспела за гэты час і пагладзіць каханага па валасах, і пацалаваць яго як ён тады зайздросціў добрай мужчынскай зайздрасцю таму звычайнаму чалавеку!
Цюхцяй, размазня, тыран Ну, што крыху размазня, гэта, мусіць, правільна, яму і раней казалі: «Чаму ты нейкі маўклівы? З табою ж сумна».
Памятае, калі быў неяк яшчэ да арміі дома на канікулах, яму, студэнту, спадабалася школьніца з Ленінграда, якая гасцявала ў іхняй вёсцы. Ён правёў яе пару разоў з вечарынкі, а потым убачыў, што дзяўчынка ад яго ўцякае да Пеці Мамціка аднавокага, зусім непісьменнага пастуха і з ім да самае раніцы сядзіць на лавачцы; калі пачынае світаць, яна лезе на сена, а Мамцік, так і не задрамаўшы, нават не звёўшы за ноч вачэй, выганяе ў поле кароў. Гэта Жавейку дзівіла, нават абражала ён жа як-ніяк студэнт, вучоны чалавек, а яна памяняла яго на нейкага пастуха, які і распісацца толкам не ўмее. Алег злаваўся і не разумеў, што дзяўчыне было ўсё роўна, хто вучаны, а хто нявучаны: проста з пастухом, які ўмеў хораша расказваць розныя гісторыі, ёй было цікавей, чымся з ім.