Захад Беларусi: гiстарычны пазл - Яўген Аснарэўскі 2 стр.


Так крэпасць паглынула адзін з найбагацейшых, у свой час, гарадоў ВКЛ, які быў адным з ключавых палітычных цэнтраў краіны ў перыяд праўлення Ягайлы і яго нашчадкаў.

Гарадзенская крэпасць  значна менш вядомы аб'ект. Для малапрыкметнасці гродзенскага фартыфікацыйнага комплексу на фоне брэсцкага субрата ёсць шэраг прычын. Гэта і адсутнасць шырока вядомай гераічнай гісторыі  бо гродзенская крэпасць  гэта не гісторыя гераічнага супраціву, а якраз наадварот  гісторыя занадта хуткай здачы. Важнае тут і менш суцэльнае, у параўнанні з Брэсцкай крэпасцю, аблічча, і, нарэшце, знаходжанне ў цені больш яркіх і раскручаных аб'ектаў Гродна, здольнага прапанаваць турыстам сотні розных больш ці менш уражальных помнікаў архітэктуры.


Праект Гродзенскай крэпасці 1807 года. Большая частка горада ляжыць усярэдзіне ўмацаванняў.


Гродзенскую крэпасць збіраліся будаваць вельмі доўга  так доўга, што ў выніку рэальна прыступілі да будаўніцтва толькі ў канцы XIX стагоддзя. Некаторыя праекты крэпасці прадугледжвалі ўзвядзенне ўмацаванняў у цэнтральнай частцы горада, што, у выніку, скончылася б для старога Гродна катастрофай, хаця, як можна меркаваць, не такой маштабнай, як у Брэсце, але ўсё ж жахлівай па сваіх наступствах для ўсёй культуры беларускага народа.

У выніку, у Гродне зрабілі тое, што, несумненна, трэба было зрабіць у Берасце. Аб'екты крэпасці ўзвялі не ў цэнтры Гродна і, адпаведна, яны не пашкодзілі каштоўнай забудове старажытнага горада, а толькі дапоўнілі яго архітэктурную палітру новымі фарбамі.

Два гарады, дзве імперскія крэпасці, дзве розныя гісторыі, толькі адна з якіх спалучана з гібеллю найкаштоўнейшых для краіны культурных помнікаў. Так распарадзіўся лёс, і нашчадкам застаецца выношваць праекты частковай рэгенерацыі старога Брэста (аўтар з'яўляецца прыхільнікам падобных ідэй) і спрабаваць засвоіць урокі гісторыі, каб наступныя пакаленні як мага менш наракалі на страту каштоўных узораў архітэктуры, створаных дзякуючы працы майстроў мінулых стагоддзяў.

Фрагмент 3. Старыя цэнтры Брэста і Гродна

Старыя цэнтры дзвюх важных вялікакняскіх рэзідэнцый, Брэста і Гродна, маюць нямала агульнага, але, зразумела, маецца і немалая колькасцю адрозненняў.

Найважнейшымі дамінантамі гістарычных цэнтраў двух гарадоў былі храмы, якія ў асноўным належалі каталіцкім манастырам. Вылучаліся таксама каралеўскія рэзідэнцыі, а ў выпадку Гродна, яшчэ і маштабныя магнацкія палацы, пабудаваныя з каменя ў эпоху, калі горад над Нёманам быў сеймавай сталіцай Рэчы Паспалітай.


Брэст у другой палове XVII стагоддзя, падчас аблогі шведскімі войскамі. Фрагмент гравюры Дальберга.


Стылістычны аналіз брэсцкіх храмаў, якія належалі розным каталіцкім ордэнам, паказвае нямала агульных рыс гэтых пабудоў, што дазваляе казаць аб нейкай мастацкай праграме, у рамках якой фармаваўся своеасаблівы гарадскі стыль, падобна таму, як гэта было зроблена ў Вільні ці Віцебску.

Храмы Брэста маюць масіўныя формы. Яны пазбаўлены высокіх, стройных веж, такіх характэрных для віленскага барока, але затое ў кампазіцыі аб'ектаў часцяком падкрэсляны франтон. Магчыма меркаваць стылістычны ўплыў аднаго з найбольш ранніх і знакамітых храмаў Брэста, Свята-Мікалаеўскай царквы, звязанай з заключэннем Брэсцкай уніі 1596 года, хоць найбольш пераканаўчай версіяй будзе здагадка аб прамым мастацкім уплыве так званага люблінскага рэнесансу (renesans lubelski), які ў Брэсце быў як б «адпаліраваны» уплывам развітога барока.

Каталіцкія храмы Гродна, створаныя ў перыяд XVI  XVIII стагоддзяў, яўлялі сабой больш разнастайны ў мастацкім сэнсе ансамбль. Некаторыя прыкметы выкарыстання ў будаўніцтве агульных узораў можна прасачыць і ў горадзе над Нёманам, напрыклад, узвядзенне бернардынскага храма, вялося, як можна меркаваць, з улікам мастацкіх асаблівасцей галоўнага каталіцкага сабора горада, Фары Вітаўта, а дамініканскія і езуіцкі касцёлы першапачаткова мелі блізкія па кампазіцыях фасады, але ў цэлым, казаць пра вялікую стылістычную аднастайнасць гродзенскіх касцёлаў, як гэта можна рабіць у выпадку ансамбля брэсцкіх каталіцкіх манастыроў, усё ж няма падстаў.


Шведскі праектны план умацаванняў Брэста, XVII стагоддзе.


Шэраговая забудова абодвух гарадоў, у перыяд усяго існавання ВКЛ, уключала вялікі працэнт драўляных будынкаў.

Доля гістарычных цэнтраў Гродна і Брэста пасля канчатковага знішчэння Рэчы Паспалітай і з'яўлення расійскіх кіраўнікоў была не самай лепшай. Царская адміністрацыя знішчыла важныя дамінаты Гродна  касцёлы дамініканаў і кармелітаў.

Але значна больш сумная доля чакала цэнтр старога Брэста. Тут варта звярнуцца да ўспамінаў Юліяна Урсына Нямцэвіча, ураджэнца берасцейскага ваяводства, які апісаў свой візіт у горад, у 1816 годзе, калі да будаўніцтва крэпасці заставалася крыху больш за пятнаццаць гадоў. Ужо тады Брэст быў у заняпадзе, пра што з сумам паведаміў літаратар:

«На працягу трыццаці гадоў я не бачыў сталіцы майго роднага ваяводства і пасля такога працяглага перыяду часу, з улікам таго імкнення, якое чалавечы розум, і тым больш кіраўніцтва, павінны былі б мець для ўдасканалення сваіх спраў, я чакаў прыемнага здзіўлення, выявіўшы гэтую сталіцу павялічанай, удасканаленай, адным словам, квітнеючую багаццем, і, о Божа, як сумна я расчараваўся ў сваіх надзеях! У часы маёй маладосці Брэст, хаця і не такi быў багаты і не валодаў такой колькасцю прамысловых прадпрыемстваў, як гэта павінна было б быць, але ўсё ж быў на сваім узроўні. Сёння ж не столькі варожая зброя, колькі перыядычныя, і гэта можна даказаць, наўмысныя падпалы, захоп дамоў для раскватаравання вайскоўцаў, перашкоды гандлю, усе прафесіі, усе рамёствы, усе віды прамысловасці, аддадзеныя яўрэям, гэты горад зрабілі жабрачым і маланаселеным. Два будынкі, якія калісьці ўпрыгожвалі яго, езуіцкі касцёл і Фара, стаяць у сумных руінах, спаленых агнём. Спалены дамініканскі манастыр паўстае толькі з попелу. Аўгустыянскі манастыр, раскошныя манастыры езуітаў і бернардынцаў, а таксама манастыр брыгітак, зрабiлiся ваеннымi шпіталямі, знішчаны, напоены заразай. Я абышоў усе манастыры, разбураныя ваеннымі шпіталямі. Акрамя базыльянаў, якія трымалі школы, у манастырах ніхто не выконвае статут, нават у брыгітак вайскоўцы і манашкі перамяшаныя».

Гэтыя радкі, якія змяшчаюць нават указанне на наўмысныя падпалы, малююць самую сумную карціну, але горшае чакала стары горад пазней. Як ужо было сказана ў папярэдняй главе, стары горад Берасця быў знішчаны дзеля будаўніцтва крэпасці, якая заняла яго ўчастак.


Дамініканскі касцёл Брэста. Малюнак XIX ст.


Стары горад Гродна, які раскінуўся паблізу ад высокіх, прынёманскіх узгоркаў, увянчаных замкамі і старажытнай Каложай, гэты важны для ўсёй краіны куток даўніны, здольны прывабіць многія тысячы турыстаў, гэты чароўны міраж каралеўскай эпохі, як быццам усё яшчэ захоўвае многія рысы той даўняй, пазначанай у гісторыі, сталіцы ВКЛ, гэты горад над Нёманам, Горад узгоркаў  захаваўся, хоць і далёка не поўнасцю.

Але якім жа цудоўным мог быць стары горад Брэста, з яго храмамі і замкам, якія вырастаюць уверх, і лунаюць над астравамі. Горад накрыты маленькімі, разьбянымі шкатулкамі  дамамі мяшчан Цяпер гэты Брэст жыве на старонках старых дакументаў, і ў чароўных, лічбавых рэканструкцыях, створаных энтузіястамі беларускай даўніны. Ён не загінуў поўнасцю, бо яго культурны код  гэта і культурны код беларускага народа, які стагоддзямі жыў у адным з найпрыгажэйшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага.

Кластар 2. На прасторах Брэстчыны і Гродзеншчыны

Фрагмент 4. Гісторыя Кронана

Нёман  адна з галоўных рэк Беларусі, і не выпадкова ў народзе яе здаўна з асаблівай павагай называюць «Бацька Нёман». Тут дарэчы пагаварыць якраз пра слова Нёман. Спецыялісты ўжо даўно імкнуцца растлумачыць загадкавую назву ракі, якая не мае лёгка чытэльнай асновы, відавочна запазычанай з моў усходніх славян. Часцяком вытокі гэтага кароткага і фанетычна моцнага рачнога імя шукаюць у мовах прыбалтыйскіх народаў. Напрыклад, існуе версія, якая кажа, што адна з літоўскіх назваў чарніц «nemuogė» перайшла, у некалькі змененай форме, да найважнейшай ракi літоўскіх і беларускіх земляў. Літоўскае «miškelis», якое азначае невялікі малады лясок, некаторыя адмыслоўцы паказваюць у якасці магчымай асновы для вядомага яшчэ ў Сярэднія вякi назову Мемель, якім звалі адну з найбуйнейшых рэк рэгіёна жыхары нямецкіх тэрыторый. Часам спецыялісты знаходзяць вытокі імя ў іншых мовах. Лацінскае слова «nemus», якое азначае гушчар або гай, таксама называюць у ліку правобразаў імя «Бацькі Нёмана». Фінскае «niemi» абазначае мыс. Не варта забываць і адну са старажытных назваў ракі: Кронан, якую звязваюць з Кроносам, богам-бацькам Зеўса Грамавержца ў старажытнагрэцкай міфалогіі.

У любым выпадку, якое б паходжанне не мела імя цудоўнай беларускай ракі, сутнасць яе ад гэтага не мяняецца. Нёман застаецца сабой, то бок мае пэўныя гідралагічныя характарыстыкі.

Рака сілкуецца атмасфернымі ападкамі, адталымі водамі, а таксама крыніцамі. Найбольшы сцёк звычайна бывае вясной, але можа быць і ў іншыя сезоны. У цёплыя зімы Нёман можа не замярзаць, затое, паводле некаторых звестак, у асобныя асабліва халодныя зімы быў пакрыты лёдам больш за 100 дзён. Рачная сістэма Нёмана мае прыкметы дрэвападобнага тыпу. Тут часта сустракаюцца водмелі, пясчаныя астраўкі, перакаты і плёсы. Глыбіня ракі 1,55,6 метра. Сярэдні ўхіл складае 0,08 м/км.

Багатая гісторыя «старажытнага Кронана», воды якога бачылі сотні найзырчэйшых падзей, вядома, можа быць неверагодна цікавай.

Берагі ракі былі заселеныя з моманту адступлення леднікоў. Існуе археалагічная культура (7  3 тысячагоддзі да нашай эры), якая атрымала назву ў гонар Нёмана.

У Сярэднія вякi на тэрыторыі нёманскага басейна ішло актыўнае ўзаемадзеянне балцкіх і славянскіх плямёнаў. Яшчэ ў перыяд XII  XIII стагоддзяў у раёне Нёмана афармляецца шэраг часткова незалежных старажытнарускіх княстваў, найгалоўным з якіх, як можна меркаваць, першапачаткова было Гродзенскае. Багатая крэпасць на вяршыні наднёманскага ўзгорка, вядомая як старажытны Гарадзен, была важным цэнтрам славянскай каланізацыі на землях Панямоння. Адной з натуральных перашкод для нападу непрыяцеля на гарадзенскі дзяцінец служыў якраз Нёман.

Да перыяду ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, у XIII стагоддзі, адносяцца згадкі аб суднаходстве на Нёмане, а ў другой палове гэтага стагоддзя на Панямонне нападаюць крыжакі. Падчас баявых дзеянняў рыцары часта перапраўляліся праз нёманскія воды. На больш-менш блізкай адлегласці ад ракі, было пабудавана мноства розных умацаванняў, у тым ліку магутныя замкі ў Троках, Навагрудку, Лідзе, а таксама замкі ў Гродне і Коўне, якія стаяць ушчыльную з Нёманам.


Караблі на Нёмане ў 2020 годзе. Фота аўтара.


Вельмі цікавы вайсковы эпізод, звязаны з Нёманам, згадваецца пад 1390 годам. Тады войскі Ягайлы аблажылі гродзенскія замкі, а Вітаўт спрабаваў дапамагчы сваім гарнізонам, стоячы на левым беразе ракі. З гэтай мэтай ён стварыў пераправу ў замак, але польскія войскі Ягайлы, па звестках гісторыка Яна Длугаша, ссеклі векавыя дрэвы і спусцілі іх па цячэнні, каб разбурыць створаную Вітаўтам канструкцыю. Гэты дасціпны трук аказаўся для абложнікаў паспяховым.

Яшчэ адзін цікавы эпізод, звязаны з ракой, зафіксаваны ў дзённіку шляхціца Яна Храпавіцкага, пад 1668 годам:

«Раніцай віціна, нагружаная жытам, і з Міланоўскім, як толькі яна выйшла насупраць замка ў Гродне, патрапіла на моцны рачны парог, па віне п'янага рулявога, таму што ён не змог добра яе накіраваць, і ледзь не разбілася, нават рачнікі ўсё страцілі надзею і ўпалі ў ваду. Цудоўным чынам яе Бог выратаваў».

Храпавіцкі згадвае тут вельмі цікавае судна, віцiну, якую прынята лічыць асаблівым, характэрным менавіта для Нёмана, караблём. Віціны хадзілі па Нёмане і іх даўжыня, паводле некаторых звестак, дасягала 42-х метраў. Для параўнання, флагманскі карабель Хрыстафора Калумба «Санта-Марыя», на якім ён адкрыў Амерыку, быў прыблізна ў два разы карацейшы.

У 1708 годзе Нёман стаў сведкам ваеннага мастацтва адчайнага шведскага караля Карла XII. Знатны шляхціц Кшыштаф Завіша пісаў пра гэта так:

«У Гродне шведскі кароль асабіста разам з шасцю сотнямі кавалерыстаў захапіў мост і шэсць маскоўскіх палкоў з горада прагнаў. Сам цар і Меньшыкаў збеглі адтуль за некалькі гадзін».

У другой палове XVIII стагоддзя «Бацька Нёман» перажыў асаблівую падзею. У тыя гады басейны Нёмана і Дняпра былі злучаны праз стварэнне канала Агінскага.

Успаміны польскай шляхцянкі Уршулі Тарноўскай, якія тычацца 1796 года, могуць паказаць чытачу наступны цікавы эпізод:

«Выехала я з Гродна ў сем вечара ў панядзелак, але прыехаўшы да перавозу праз Нёман убачыла, што дарога загрувашчана салдатамі і экіпажамі маскоўскімі і яны сказалі мне, што Рапнін знаходзіцца на беразе і аглядае новы мост, а таксама нядаўна пабудаваныя караблі, на якіх, разам з прускімі і іншымі афіцэрамі, ён павінен адправіцца для вызначэння межаў на вадзе».

Гэтыя ўзаемадзеянні прускіх і расійскіх адміністрацый не былі адзінымі. У 18031807 гадах пруска-расійская камісія займалася праектам карэкціроўкі рэчышча Нёмана.

Улетку 1807 года Аляксандр I і Напалеон Банапарт, не жадаючы вайны адзiн з адным, сустрэліся на мірных перамовах, якія прайшлі на плыце пасярэдзіне Нёмана, побач з горадам Тыльзіт (Савецк). Дамовіцца тады ўдалося, і ўладцы заключылі Тыльзіцкі мір. Аднак у чэрвені 1812 года велізарнае французскае войска перайшло Нёман, каб у выніку ўзяць Маскву, а затым прайграць вайну.


Сустрэча Аляксандра I і Напалеона на Нёмане.


У 1839 годзе быў завершаны Аўгустоўскі канал, які злучыў Нёман з Віслай.

У перыяд Другой сусветнай імя беларускай ракі ўвекавечылі ў назве эскадрыллі «Нармандыя  Нёман».

Вось некаторыя вехі гісторыі Нёмана. У непасрэднай блізкасці ад гэтай выдатнай ракі размешчана мноства славутасцяў, якія, па-за ўсякім сумневам, варта ўбачыць беларускім і замежным турыстам.

Фрагмент 5. З гісторыі Белавежскай пушчы: ад зламанай нагі караля да асаблівай самагонкі

Белавежская пушча размешчана на тэрыторыі дзвюх краін: Польшчы і Беларусі, і ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ну а яе беларуская частка якраз падзелена паміж дзвюма абласцямі, Гродзенскай і Брэсцкай.

Калісьці, яшчэ да стварэння ВКЛ, на тэрыторыі пушчы жыло ваяўнічае племя яцвягаў. Назва пушчы ўтворана, відавочна, ад нейкай «белай вежы», якой нярэдка аб'яўляюць менавіта старажытную валынскую вежу ў Камянцы, хоць дакладных звестак аб паходжанні назвы менавіта ад каменецкага «столпа» у даследчыкаў няма.

На тэрыторыі Польшчы знаходзіцца ўмоўная сталіца пушчы, вёска Белавежа.

Здаўна пушча была паляўнічымі ўгоддзямі каранаваных асоб. Пра паляванне тут караля польскага і найвышэйшага князя (supremus dux) літоўскага Уладзіслава Ягайлы паведамляецца ў працах знакамітага польскага храніста Яна Длугаша. Вядома, што ў час палявання ў пушчы Ягайла паламаў нагу, якую пазней доўга лячыў. Відаць, менавіта ўладца Польшчы і Літвы быў адным з манархаў-рэкардсменаў па колькасці часу, праведзенага ў лясах Белавежы.

Назад Дальше