Прыклад высакароднага (па нараджэнні, але не па характары) продка перанялі яго нашчадкі Ягелоны. Вядома, што ў пушчы часта бываў Казімір Ягелончык.
Пасля Ягелонаў у пушчу наведваліся выбарныя манархі Польшчы і Літвы, напрыклад, кароль-паляўнічы Стэфан Баторый. Не цураліся палявання ў пушчы і каралі з дынастыі Ваза, а пазней саксонскія валадары краіны.
З Аўгустам III Саксонцам якраз было звязана маштабнае манаршае паляванне падчас якога было забіта, як можна прачытаць на спецыяльным абеліску, устаноўленым у гонар гэтай падзеі ў Белавежы, 42 зубры, а ўсяго 57 асобін з атрада капытных. Дарэчы, ужо ў часы караля гэтая «разня» была асуджаная сучаснікамі, і да падобнай думкі можа, праз гады, далучыцца і аўтар, якi наогул негатыўна адносіцца да забойства жывёл дзеля забавы.
Абеліск у гонар палявання Аўгуста III у пушчы.
У часы Станіслава Аўгуста Паянтоўскага, у пушчы распараджаўся яго ўсемагутны ў ВКЛ прыхільнік, граф Антоні Тызенгаўз. Паўлегендарныя звесткі польскіх гісторыкаў XIX стагоддзя, сведчаць аб тым, што няўрымслівы каралеўскі фаварыт ледзь не ўладкаваў на пастаяннае месца жыхарства ў пушчу вялікага філосафа Жан-Жака Русо.
Жан-Жак Русо амаль паляшук. Ігральная карта XVIII XIX стагоддзяў.
Пасля далучэння да Расійскай імперыі земляў знішчанай Рэчы Паспалітай, рускія ўладары даволі хутка заўважылі патэнцыял Белавежскай пушчы. Цар Аляксандр III загадаў узвесці, прыкладна на месцы двара польска-літоўскіх валадароў, своеасаблівы паляўнічы замак, манаршага размаху. Размяшчаўся аб'ект на ўскраіне сучаснай вёскі Белавежа, і цяпер ад яго захавалася няшмат, хоць турысты ўсё яшчэ могуць убачыць эфектную «замкавую браму» знішчанай царскай рэзідэнцыі.
Пасля таго як палац згарэў у агні II Сусветнай палякі не сталі аднаўляць аб'ект, які асацыюецца з перыядам валадарства Расіі.
Царскі палац у Белавежы.
Ну а ў беларускай частцы пушчы пасля вайны была пабудавана знакамітая рэзідэнцыі «Віскулі» якая спачатку мела ролю паляўнічай хаткі (калі так можна назваць самавіты дом, у стылі сталінскай неакласікі) для кіраўнікоў СССР, ну а затым менавіта ў гэтым лясным кутку былі падпісаныя знакамітыя Белавежскія пагадненні, якія фармальна пазначылі распад СССР.
Вядома, што мяцовыя жыхары вырабляюць сваю асаблівую самагонку, якая носіць яркую назву «пушчанка». У 2000-х гадах аўтар, знаходзячыся ў складзе групы творчых работнікаў, меў магчымасць наведаць раённы цэнтр Свіслач, пасля чаго прымаючы бок вывез калектыў у пушчу, дзеля арганізацыі своеасаблівага банкету. Аднак просьбы пачаставаць гасцей менавіта «пушчанкай» не былі задаволеныя, бо гаспадары, па іх словах, не чакалі ўвагі працаўнікоў культурнага профіля да іх самаробнага прадукта і таму не назапасілі яго, а зрабілі стаўку на простую гарэлку з крамы. Мілыя, асабістыя ўспаміны
Вось такая кароткая гісторыя знакамітай Белавежскай пушчы.
Фрагмент 6. Храм Ваўкавыска і загадка каложскай лапаткі
Старажытнарускі храм у горадзе Ваўкавыску адрозніваецца ад менскага храма, які мае падобны лёс, тым, што аблічча ваўкавыскай святыні даследчыкі могуць рэканструяваць даволі дакладна.
Узвядзенне храмаў Мінска і Ваўкавыска, на думку гісторыкаў, не было завершана і, ва ўсякім разе, цэрквы вядомыя толькі ў раскопках. Аднак храм Ваўкавыска адносіцца да Гродзенскай архітэктурнай школы, і больш за тое, яго план амаль дакладна паўтарае план так званай Ніжняй царквы старажытнай святыні гродзенскага дзядзінца, вядомага як Стары замак. Гэта дае важкія падставы меркаваць, што царква ў Ваўкавыску павінна была быць падобная на гарадзенскія цэрквы, уяўленне пра якія дае, перш за ўсё, адносна нядрэнна захаваны Барысаглебскі храм на Каложы.
Цікавая дэталь звязвае ваўкавыскі храм з гродзенскай Каложай. Заходні фасад гродзенскага храма, як і аналагічны фасад ваўкавыскага, несіметрычны. У правай частцы фасада Каложы знаходзілася шырокая лапатка, непадобная на суседнія, а ў ваўкавыскім храме ў гэтым месцы да падмурка фасада прымыкае падмурак асобнага прамавугольнага аб'ёму, які дазваляе меркаваць, што старажытны дойлід збіраўся ўзвесці там нейкую вежу.
Каложская царква, сярэдзіна XIX ст. Справа бачная шырокая лапатка.
Дзіўнай каложскай лапаткай, згубленай у выніку абвальвання сценаў храма, зацікавіўся гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, які выказаў меркаванне, у сваёй публікацыі «Ці мела Каложская царква вежу-званніцу?», што тут некалі размяшчалася званіца храма. Пры гэтым спецыяліст меркаваў, што сама званіца не захавалася, а шырокая лапатка ўяўляла сабой яе ўнутраную сценку, то бок калісьці была закрытая вонкавымі сценамі. У доказ гэтай здагадкі Вашкевіч паказваў на вельмі сціплы дэкор шырокай каложскай лапаткі ў параўнанні з суседнімі, упрыгожанымі, паводле канона гродзенскай школы, паліраванымі камянямі і маёлікавай пліткай.
Аднак аналіз высокадакладных замалёвак Барысаглебскага храма, створаных у сярэдзіне XIX стагоддзя, паказвае, што, судзячы па дэталях лапатак і парожка, шырокая лапатка задумвалася дойлідам менавіта як вонкавы, несіметрычны элемент кампазіцыі. Ды і малалічныя, але ўсё ж скарыстаныя ў дэкоры лапаткі, камяні, ужываліся ў гродзенскай школе менавіта для вонкавага аздаблення фасадаў. Акрамя таго, апсіда Каложы, якая знаходзілася з боку Нёмана, таксама дэкарыравана бядней, чым супрацьлеглая ёй паўночная апсіда, а фасад з боку Нёмана відавочна саступае паўночнаму фасаду ў пышнасці аздаблення. Усё гэта наводзіць на думку, што архітэктар XII стагоддзя вылучыў для сябе сваеасаблівую «мёртвую зону», у паўднёвай палове царквы, і падчас яе аздаблення эканоміў камяні і маёліку.
Царква XII ст. у Ваўкавыску. Аўтарская, гіпатэтычная рэканструкцыя архітэктрунай ідэі.
Можна асцярожна казаць аб тым, што шырокая лапатка Каложы задумвалася бачнай часткай фасада, а не з'яўлялася ўнутранай сценкай, як меркаваў Андрэй Вашкевіч.
Звяртае на сябе ўвагу і невялікае акенца шырокай лапаткi Каложы. Падобныя праёмы знаходзіліся ў тых месцах, дзе ўсярэдзіне будынкаў змяшчаліся нейкія вітыя сходы на верхнія ярусы.
Такім чынам, шырокая лапатка можа быць вонкавым абазначэннем унутранага аб'ёму лесвічнай клеткі, якая вядзе ў верхні ярус царквы, напрыклад, у нейкі, накрыты купалком, барабан з арачнымі праёмамі, дзе, тэарэтычна, мог змяшчацца звон.
Вяртаючыся да храма Ваўкавыска, варта заўважыць, што яго будаўніцтва нярэдка адносяць да гістарычнага адрэзка пасля будаўніцтва гродзенскіх Ніжняй і Каложскай цэркваў. Падобны падыход выглядае лагічным. Нейкі член гродзенскага княжацкага роду Усеваладковічаў атрымаў ва ўдзел Ваўкавыск і вырашыў пабудаваць галоўны храм на яго дзядзінцы, на ўзор галоўнага храма гродзенскага дзяцінца. Пры гэтым улічваўся і вопыт будаўніцтва Каложскай царквы, якая мела ўнутраную лесвічную клетку, схаваную за той самай шырокай лапаткай. Дойлід вырашыў палепшыць праект, зэканоміўшы месца ўнутры храма, і вынес лесвіцу вонкі: з гэтай мэтай у праект і быў унесены вежападобны аб'ём, фундамент якога адкрыты археолагамі ў Ваўкавыску.
Дзве вежы з лесвіцамі ўпісаны ў кампазіцыю царквы Св. Васілія ў Оўручы, якая лічыцца найбліжэйшым аналагам гродзенскіх храмаў.
Казаць тут, зразумела, варта толькі аб гіпотэзах, але, як думаецца аўтару, даволі займальных.
Фрагмент 7. Пінчукі і стварэнне Вялікага княства Літоўскага
Фарміраванне Вялікага княства Літоўскага ў якасці своеасаблівага сімбіёзу балцкіх і славянскіх земляў ішло ў XIII стагоддзі, на тэрыторыі княстваў Панямоння і ўласна самой Літвы Міндоўга. Часта менавіта дзяржаваўтваральным працэсам, якія ішлi на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці, надаюць асаблівую ўвагу даследчыкі. Між тым, вельмі цікавую ролю адыгрывалі ў гэтай гісторыі князі Пінска. Звернемся да Галіцка-валынскага летапісу (ГВЛ), які лічыцца найважнейшай крыніцай інфармацыі аб раннім ВКЛ.
У гэтым гістарычным дакуменце чытачы могуць заўважыць апісанне дзіўных паводзін пінскіх ўладцаў, якія нібы праяўляюць некаторую сімпатыю да літоўцаў.
«У год 6755 (1247). Літоўцы з Лугвенам ваявалі каля Мельнiка і ўзялі шмат палонных. Данііл і Васілька гналіся за імі да Пінска. Міхась Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска. А Данііл і Васілька праследавалі іх, і дворскі Якаў са сваімі ваярамі. Літоўцы ж не паверылі Міхаілу і выйшлі са станаў сваіх».
Такім чынам пінскі Рурыкавіч Міхаіл чамусьці дапамагае літоўцам супраць іншых Рурыкавічаў, галіцка-валынскіх валадароў Данііла і Васількі. Пры гэтым і самі літоўцы як быццам не чакаюць такой дапамогі і не вераць Міхалу.
Тут бы і меркаваць, што пінчукі гатовы актыўна падтрымаць літоўскія атрады, але далей летапісец дадае:
«Па літасці Божай пабеглі літоўцы і былі перабітыя, і палонныя былі адбітыя, а сам Лугвен збег, паранены. Прыйшла гэтая вестка Даніілу і Васільку, і была вялікая радасць у Пінску».
Нягледзячы на жаданне Міхаіла дапамагчы літоўцам, у Пінску чамусьці радуюцца іх разгрому, хаця тэкст нібы паказвае, што радаваліся ў Пінску менавіта Васілька і Данііл.
Гэты фрагмент наводзіць на думку пра «гнуткую пазіцыю» уладароў Пінскага княства, якія фармальна застаючыся саюзнікамі валынскіх ўладцаў, схіляліся да саюзу з літоўцамі і не жадалі з імі ваяваць.
Гартаючы ГВЛ далей можна знайсці і яшчэ аргументы на карысць дакладнасцi падобнай здагадкі.
«У год 6761 (1253). Таўцівіл даслаў да Даніілу Рэўбу сказаць: Пайдзі да Навагародка. І Данііл пайшоў з братам Васількам, і з сынам Львом, і з полаўцамі, і са сватам сваім Тэгакам, і прыйшоў да Пінска. Князі Пінскія ўтойвалі падман, іх узялі з сабою на вайну няволяй».
Вось яно! Нават скупыя звесткі валынскага летапісца пацвярджаюць нежаданне пінчукоў ваяваць з літоўцамі.
Зразумела, падобныя паводзіны можна тлумачыць па-рознаму, у тым ліку і страхам перад літоўцамі, але можна меркаваць тут і добры разлік на здабыццё новага саюзніка ў выглядзе відавочна набіраючай моц Літвы.
Нягледзячы на «затоены падман» пінскія Рурыкавічы, без усялякага сумнення, імкнуцца захоўваць саюзніцкія адносіны і з ўладарамі Галіцка-Валынскага княства.
У 1262 годзе літоўцы ў чарговы раз ваююць з валынцамі, у выніку чаго людзі Міндоўга церпяць паражэнне. Летапісец адзначыў і рэакцыю пінскіх князёў:
«Пачуўшы пра гэта, пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юры прыехалі да Васілька з пітвом і пачалі весяліцца, бо бачылі сваіх ворагаў разбітых, а сваю дружыну цэлай. Толькі адзін быў забіты з палка Васілька Перыбор, сын Сцяпана Родзівіча. Потым князі пінскія паехалі да сябе, а Васілька паехаў ва Уладзімір з перамогай і гонарам вялікім, славячы Бога, які стварыў цуды, які кінуў ворагаў да ног князя Васількi».
Атмасфера пастаяннага заключэння новых саюзаў і барацьбы «усіх супраць усіх», калі ўчорашні саюзнік ужо быў ворагам, вельмі добра чытаецца на старонках летапісу, таму віхлянні пінчукоў выглядаюць цалкам лагічнымі ў дадзеных, вельмі напружаных, палітычных і ваенных абставінах.
Далей валынскі летапісец апісвае забойства першага і апошняга караля Літвы Міндоўга, а затым згадвае і яго сына-спадчынніка Войшалка.
«Пасля забойства Міндоўга Войшалк пабаяўся таго ж, і ўцёк у Пінск, і там жыў».
Накладка на Лаўрышаўскае Евангелле. Мяркуецца, што гэта партрэт Войшалка. XIV стагоддзе.
Найважнейшае паведамленне, якое паказвае ролю Пінска ў ранняй гісторыі ВКЛ! Але далей ідзе яшчэ больш значны эпізод! Пасля забойства вялікага князя Траняты адбываецца наступнае:
«Пачуўшы пра гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі да Навагародка, а адтуль, узяўшы з сабой наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць. Літоўцы прынялі з радасьцю сына свайго гаспадара».
Гэта найважнейшае паведамленне дакладнай крыніцы, якое паказвае, што продкі беларусаў выступалі палітычнымі актарамі ў стварэнні ВКЛ, а не нейкімі маўклівымі аб'ектамі заваёвы магутных літоўскіх плямёнаў, якія, дарэчы, у сутыкненнях з галіцка-валынскімі князямі прадстаўлены летапісцам не надта паспяховымi.
Пінчукі і наваградцы падтрымліваюць літоўскага князя ва ўсталяванні ягонай улады на тэрыторыях Літвы Міндоўга, паказваючы, такім чынам, палітычную суб'ектнасць продкаў беларусаў падчас фармавання ВКЛ, уносячы пры гэтым адзін з важных камянёў у падмурак беларускіх правоў на спадчыну Княства.
Вось такі эпізод, звязаны з гісторыяй аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў Пінска, прычым важны ў кантэксце гісторыі ўсяго беларускага народа.
Фрагмент 8. Да пытання сталічнасці Навагародка: аналiз артыкула Т. Банараўскаса
У гэтай нататцы аўтар паспрабуе разгледзець артыкул вядомага літоўскага гісторыка Томаса Баранаўскаса пад назвай «Навагрудак у XIII стагоддзі: гісторыя і міф». Пісаўся гэты артыкул даўно, больш за 20 гадоў таму, і яго аўтар, па-за ўсякім сумневам, прагрэсаваў з тых часоў у плане сваёй прафесійнай дзейнасці, але і зараз яшчэ дадзеная праца Баранаўскаса нярэдка фігуруе ў якасці крыніцы інфармацыі ў розных публікацыях, таму варта разгледзець твор бліжэй. У рамках навукова-папулярнага выдання аўтар не ставіць сабе задачу выконваць фармальныя правілы напісання крытычных работ ніжэй дакладна не прадстаўлена класічна аформленая рэцэнзія. Замест гэтага выкарыстаны, скажам так, вольны падыход, які дазваляе данесці сутнасць крытычных заўваг у жаданай для аўтара форме.
Прыступім да сутнасці і звернемся да цытат са згаданага вышэй артыкула.
«1238 г. стаў фатальным для Русі і Літвы. На Русь навалілася хваля мангольскага нашэсця, якая неўзабаве ператварыла ў руіны многія квітнеючыя гарады. У Літве ж, наадварот, спыніліся міжусобіцы і зацвердзілася аднаасобная ўлада Міндоўга».
Гэта цалкам абгрунтаваная выснова літоўскага спецыяліста, які піша далей:
«Якім чынам Наваградак апынуўся пад уладай Літвы, можна меркаваць па расказе пра сына Міндоўга Вайшалгаса: Воишелкъ же нача княжити в Новегородече, в поганстве буда, и нача проливати крови много, убивашеть бо на всякъ день по три, по четыри; которого же дни не убьяшеть кого печаловашеть тогда, коли же убьяшеть кого, тогда веселъ бяшеть. Посем же вниде страхъ Божии во сердце его, помысли в собе, хотя прияти святое крещение. И крестися ту, в Новегородце, и нача быти во крестьянстве . Гэты тэкст адлюстроўвае гвалтоўнае ўкняжанне Вайшалгаса ў Навагрудку, за якім ішлі жорсткія рэпрэсіі».
З дадзенай высновай Баранаўскаса аб рэпрэсіях таксама можна пагадзіцца, хоць сам эпізод летапісу нагадвае кананічнае для хрысціянскіх легенд пераўтварэнне язычніка ў хрысціяніна, з відавочнай зменай яго маральнага аблічча, аднак прымаючы дакладнасць звестак Галіцка-Валынскага летапісу варта быць паслядоўнымі, адпаведна, можна прыняць і звесткi аб рэпрэсіях. Літоўскі спецыяліст не ўдакладняе, на каго менавіта былі накіраваныя гэтыя «рэпрэсіі», што выглядае лагічным, бо і летапісец нічога не сказаў пра тое, каго менавіта забіваў Войшалк. Зрэшты, далейшы разгляд працы Баранаўскаса пакажа, што ахвяры Войшалка літоўскаму гісторыку, як можна меркаваць, добра вядомыя.
Далей ён піша:
«У далейшай барацьбе Наваградак губляе сваё значэнне. Да яго ўвага зноў звяртаецца, толькі калі Таутвілас пацярпеў паразы ў Варуцкага замка (1251 г.) і ў Жамойці. Тады ён зноў звяртаецца да Данііла: Тевтивилъ присла Ревбу река поиди к Новугороду. Данило же поиде с братомъ Василкомъ, и со сыномъ Лвом, и с Половци со сватомъ своимъ Тегакомъ, и приде к Пиньску. Князи же Пиньсцеи имеяху лесть, и поя е со собою неволею на воину . Відаць, разам з Наваградкам у залежнасць ад Літвы патрапіў і Пінск».