Захад Беларусi: гiстарычны пазл - Яўген Аснарэўскі 4 стр.


А вось тут выснова Баранускаса аб залежнасці дзіўная і па сутнасці нічым не абгрунтаваная. Нежаданне пінскіх князёў ваяваць з Літвой, пра якое ідзе гаворка, зусім не кажа пра залежнасць Пінска ад Літвы. За некалькі гадоў да апісаных падзей Міхаіл Пінскі спрабуе папярэдзіць літоўцаў аб надыходзе галіцка-валынскіх войскаў.

«Міхаіл Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска».

Гэта сведчыць аб тым, што пінскі князь шукаў нейкіх кантактаў з літоўцамі, але зусім не сведчыць аб залежнасці пінчукоў ад Літвы.

Пасля апісання малапаспяховых для літоўцаў сутыкненняў з валынянамі, у выніку якіх Міндоўг і Войшалк аддалі князю Раману Данілавічу Навагрудак, а таксама інфармацыі аб барацьбе валынян з яцвягамі, Баранаўскас робіць цалкам неабгрунтаваную выснову аб Навагрудку:

«Яцвягі ўваходзілі ў склад Літвы як перыферыйнае, не зусім паўнапраўнае і неканчаткова інтэграванае ў структуру дзяржавы племя, аднак таксама на больш-менш добраахвотных асновах. Яны пярэчылі змене іх статусу, але ненастойліва. Наваградак жа быў уключаны ў склад Літвы шляхам гвалту, і таму не аказваў ніякага супраціву перадачы горада прадстаўніку традыцыйнай для яго дынастыі Рурыкавічаў. Жыхары Наваградка ад такой рэформы толькі выйгравалі».


Лічыцца, што гэта пячатка Міндоўга.


З чаго менавіта літоўскі спецыяліст тут робіць выснову аб уключэнні Навагародка ў склад Літвы «шляхам гвалту»? У папярэдніх частках тэксту ў якасці нейкага абгрунтавання для гвалту прысутнічае толькі тэкст пра «рэпрэсіі» Войшалка, у якім, як чытач ужо мог пераканацца раней, няма ніякіх указанняў на этнічную прыналежнасць нібыта забітых людзей. Ці былі гэтымі ахвярамі будучага хрысціянскага падзвіжніка наваградцы, ці палонныя з ліку валынцаў, а можа быць і няўгодныя слугі-літоўцы? Аб гэтым дакумент маўчыць. А значыць ніякіх абгрунтаванняў гвалтоўнага далучэння Наваградка Баранаўскас не прывёў і яго высновы цалкам галаслоўныя.

Пасля згадвання забойства Міндоўга, літоўскі даследчык паведамляе аб вяртанні Войшалка ў Літву з Пінска, куды да гэтага збег спадчыннік вялікага князя, баючыся забойцаў бацькi.

«Пачуўшы аб гібелі Трэнёты, Вайшалгас адразу вярнуўся ў Навагрудак, а адтуль з пінскім і наваградскім войскамі адправіўся ў Літву займаць трон».

Тут Баранаўскас справядліва паказвае на ўдзел пінчукоў і наваградцаў (а апошніх, нагадаю, нібыта ўключылі ў склад ВКЛ шляхам гвалту) ва ўсталяванні ўлады Войшалка. Гэты найважнейшы для гісторыі Беларусі момант летапісу прама паказвае, што продкі беларусаў яшчэ ў самым пачатку дзяржаўна-утваральных працэсаў ВКЛ у Панямонні мелі палітычную суб'ектнасць, а не з'яўляліся толькі аб'ектам заваёвы магутных літоўскіх кунігасаў, як гэта жадаюць бачыць некаторыя літоўскія спецыялісты, у тым ліку і спадар Баранаўскас.

Далей гісторык працягвае цытаваць летапіс.

«У Літве змоўшчыкі супраць Трэнёты ўжо падрыхтавалі глебу да прызнання сына Міндоўга вялікім князем: Литва же вся прияша и с радостью своего господичича. Радасць, аднак, не была ўсеагульнай  праваслаўны князь не карыстаўся папулярнасцю ў Літве».

І зноў Баранаўскас дазваляе сябе, кажучы па сутнасці, адсябяціну, прыпісваючы супернікам Войшалка матывы, якія не пазначаныя ў дакуменце. Чаму менавіта праваслаўнае хрышчэнне князя павінна было ствараць яму ворагаў (ці пазбаўляць папулярнасці, як гэта называе Томас), а не мноства іншых фактараў, у тым ліку і лагічнае для феадалаў суперніцтва ў барацьбе за ўладу і рэсурсы?

Далей літоўскі гісторык апісвае падзеі, звязаныя з вакняжэннем у Літве Шварна Данілавіча і дастаткова абгрунтавана заўважае:

«Можна зрабіць выснову, што Навагрудскае княства Вайшалгас перадаў свайму суправіцелю і намечанаму спадкаемцу Шварну. Навагрудак, такім чынам, у 12641267 г. можна лічыць рэзідэнцыяй субманарха Літвы».

Хоць дзеля справядлівасці варта заўважыць: тое, што польскiя паслы заспелі Шварна ў Навагародку (ГВЛ дае такi эпiзод) не даказвае сталічнасць горада, але ўсё ж для таго, каб гаварыць, як гэта робіць Баранаўскас, пра рэзідэнцыю князя Шварна ў Навагародку ёсць некаторыя падставы.

Далей літоўскі спецыяліст зноў прадстаўляе чарговыя здагадкі.

«Нездарма баяўся Шварн ўлады ў Літве  Літва, якая згубіла дзесяць гадоў таму яго брата Рамана, з цяжкасцю прыняла праваслаўнага Вайшалгаса, Літва не была гатова падпарадкавацца чужому князю. Гэта не мела прэцэдэнта ў гісторыі сярэднявечнай Літвы. Княжанне Шварна ў Літве было кароткім, летапісец замоўчвае падрабязнасці, толькі коратка абагульняе: Княжащю же по Воишелце Шварнови в Литовьскои земли, княжив же немного лет, и тако преставися. И положиша тело его въ церкви святыа Богородица близъ гроба отня. Посем же нача княжити в Литве окаанныи, безаконныи, проклятыи и немилостливыи Троидени . Смерць Шварна ў Холме кажа аб тым, што памёр ён, быўшы выгнаным з Літвы акаянным Трайдзянісам».

Назад