Виктор Правдин
Парыж, Эйфелева вежа і
Частка першая. ЖЫЦЬ НЕ ТОЛЬКI МЁД ПIЦЬ
1
Ноччу над Мінскам грамыхала шчодрая расцугляная навальніца. Сіратліва-цьмянымі выглядалі вулічныя ліхтары, калі віхлястая вострая маланка кроіла на кавалкі нізкае грувасткае неба. Вада імклівымі патокамі шапацела па асфальце, незадаволена віравала, бурліла, калі натыкалася на прыпаркаваныя ўздоўж тратуараў машыны. Раскацісты гром узрушваў ахоўныя сігналізацыі, і машыны ад бяссілля гулка завывалі, кожная на свой лад. У вокнах шматпавярховых дамоў часта ўспыхвалі палахлівыя агеньчыкі ад цыгарэт, але гаспадары не рызыкавалі выходзіць у гэткую непагадзь да сваіх чатырохколых улюбёнцаў. Толькі ў пяцісотым «мерседэсе» не міргалі аварыйкі, не скуголіла сігналізацыя, дый патокі вады яго абміналі. Машына задзірліва перагарадзіла тратуар.
У прапахлым гарэлкай салоне на раскладзеным вадзіцельскім сядзенні спаў чалавек. Скамечанае скураное паліто ляжала ў нагах, ледзь прыкрываючы калені, пінжак расхрыстаны, кашуля разарваная на грудзіне, на голай шыі чырвоны заплямлены тлушчам гальштук. Рукі спячага моцна сціскалі напаўпустую вялікую бутэльку каньяку.
Пакідаючы горад сцішаным і абноўленым, летняя парная навальніца кацілася на ўсход. Дождж толькі крышачку паменшаў, а каля «мерседэса» ўжо віскнуў тармазамі міліцэйскі «УАЗ». З машыны няспешна выйшаў міліцыянер, ухутаны ў плашч-палатку, і зыркім святлом ліхтара асвяціў салон. Ён доўга разглядваў спячага, некалькі разоў ляпнуў далонню па ветравым шкле, крыкнуў:
Гэй, чалавек, прачынайся, прыехалі!
Наш кліент? вытыркнуўшы галаву з машыны, запытаўся міліцыянер з зорачкамі прапаршчыка на пагонах.
Спіць Але не адзін-адзінюткі, пляшку каньяку абдымае
Калі каньяк угледзеў будзі, трэба разбірацца
Гэткага не разбудзіш, поўнае адключэнне, тупаючы вакол машыны і барабанячы далонню па капоце, па даху, па дзвярах, бубніў міліцыянер.
У начной цішы кожны ўдар аддаваўся гулкім рэхам у самых дальніх куточках вуліцы, у кронах паркавых каштанаў, у падваротнях дамоў. У найбліжэйшым пяціпавярховым доме ў кутнім акне трэцяга паверха запалілі святло. Рыпнулі дзверы, на балконе зявіўся сілуэт чалавека. Бліснуў трапяткі агеньчык, на хвілінку выхапіўшы з цемры твар мужчыны, які прыпальваў цыгарку.
Выклікайце эвакуатар і на штрафную, прабасіў сілуэт, не першы раз тратуар перагароджваюць Нахабнікі!..
Ідзі спаць, не то і цябе эвакуіруюць, з глыбіні кватэры пачуўся вісклівы жаночы голас, і святло ў акне адразу патухла.
Намёк зразумеў, юрліва засмяяўся мужчына і паспешліва зачыніў за сабой балконныя дзверы.
Не ляпай па машыне Калі што не так да пенсіі не разлічымся, камандаваў прапаршчык.
Міліцыянер у плашч-палатцы роспачна махнуў рукой і з ноткамі адчаю ў голасе прапанаваў:
А што, мо і сапраўды эвакуіруем? Няйнакш у машыне злодзей.
І хутчэй за ўсё бадзяга алкаголік З паўсотні машын выбраў самую крутую, замкі ўзламаў, у бардачку знайшоў пляшку каньяку і выжлукціў Навошта рызыкаваць, абцяжарваць сябе лішнім клопатам, калі можна напіцца на халяву і ўтульна, з камфортам паспаць? І амаль без наступстваў Крадзяжу няма, значыцца, і крыміналу ніякага
Табе абы насміхацца, пакрыўджана прамармытаў міліцыянер і, залазячы ў машыну, абыякава дадаў: Зрэшты, ты старшы, табе і рашэнне прымаць.
Правільна кумекаеш, засмяяўся прапаршчык. Я тут нумарок прабіў праз адраснае Машына належыць Гурскаму Алесю Пятровічу Яму трыццаць тры гады Бізнесмен Генеральны дырэктар фірмы «Хрыстафор Калумб», жыве на гэтай вуліцы Дом нумар пяць, кватэра пятнаццаць А цяпер скажы: шафёр будзе пянстваваць у машыне пад вокнамі гаспадара?
Нечакана «мерседэс» захістаўся, бакавое шкло прыадчынілася, і міліцыянераў быццам ветрам выдзьмухнула з «уазіка». Прапаршчык, больш увішны, першым аказаўся каля машыны і абачліва паклаў гумавую палку на прачыненае шкло, адрэкамендаваўся.
Будзь хоць генералам, у гэткім стане яму ўсё адно, незласліва падкузьміў калегу напарнік.
Калі пругкае святло ліхтарыка выхапіла зашчацінелы твар спячага, той замахаў рукамі, замармытаў нешта незразумелае. Прапаршчык прасунуў руку ў салон машыны, выхапіў ключ з замка запальвання і, падкінуўшы яго на далоні, весела гукнуў:
Цяпер кліент наш
2
Апоўначы Гурскі вярнуўся з Масквы. Дзе змог, прыпаркаваў машыну, памацаў нагрудную кішэню пінжака, у якой ляжаў футарал з дарагім пярсцёнкам, зірнуў на вялікі букет чырвоных руж і шчасліва ўсміхнуўся.
Праз некалькі хвілін ён, быццам на крылах, узляцеў на пяты паверх, адамкнуў дзверы, увайшоў у кватэру і
Ружы крывавымі плямамі рассыпаліся па падлозе Перад ім стаяла Люся ў апратцы Евы У беласнежных руках паднос, на ім два келіхі з чырвоным віном. У прыцемненай спальні да болю знаёмы барытон фальшыва напяваў любімую песню Алеся «Миллион алых роз».
Жончыны раскосыя вішнёва-чорныя вочы ад нечаканасці шырока расплюшчыліся і глядзелі на мужа спярша здзіўлена, потым з непрыхаваным страхам. Ад празмернага хвалявання прыгожыя, поўныя грудзі прывабліва калыхнуліся, рукі нервова ўздрыгнулі, келіхі дзынкнулі і ледзь не кульнуліся ўслед за ружамі.
Т-ты?.. выдыхнула Люся, машынальна прытрымала келіхі і, паставіўшы паднос на камоду, што тулілася побач пад шырокім люстэркам, няпэўна прашаптала:
Мы чакалі цябе толькі заўтра Я сёння занятая
Алесю здалося, што на яго вылілі вядро кіпню. У вачах замітусілася нейкае ліпучае павуцінне, абурэнне і нястрымны гнеў ірваліся з грудзей, але ні сказаць, ні зрабіць нічога ён не мог. Аслабелыя ногі быццам ураслі ў падлогу, не хапала дыхання, было адчуванне, што хтосьці нябачны пераціснуў гарляк.
А я вось сёння толькі і змог прасіпець.
Эх, Сашка, Сашка, данёсся са спальні голас, які Алесь пазнаў бы з тысячы, а мо і больш. Мог бы і папярэдзіць Люся, дзе мой халат?
На дзвярах на вешалцы
Люся ўзяла сябе ў рукі. Спакойны і, як заўсёды, ураўнаважаны палюбоўнік надаў рашучасці, страх саступіў месца нейкай адчайнай жорсткай злосці на мужа, які знарок ці не, але заўсёды блытаў яе планы.
Алесь, мне холадна плашч дай надрывіста крыкнула Люся, і яе выразныя ярка-чырвоныя вусны скрывіла зневажальная ўсмешка.
У пакоі запанавала цішыня, варожая і гнятлівая. Гурскі невідушчым, скамянелым позіркам свідраваў саперніка, а той, быццам нічога не здарылася, прытуліўся да дзвярнога вушака і, нахабна ўсміхаючыся, няспешна завязваў пояс на махровым халаце Алеся ў тугі вузел. Немігатлівы ўстрывожаны позірк і асабліва нервовая дрыготка ў пальцах усё ж выдавалі затоенае хваляванне Андрэя.
3
Сем гадоў таму паспяховы бізнесмен Гурскі з маладой жонкай вярнуўся ў Мінск з вясельнага круізу. На карпаратыўнай вечарынцы, зладжанай у гонар маладых, нехта з калег па бізнесе, ужо добра падпіўшы, у забаўку прапанаваў неадкладна выбраць Алеся дэпутатам ў парламент. Маўляў, трэба пашыраць у заканадаўчых уладах прысутнасць людзей бізнесу. Ідэю падхапілі, тут жа прагаласавалі і прышпілілі Гурскаму на лацкан пінжака чырвоны гваздзік як дэпутацкі сімвал.
Да канца гулянкі ўсе гаварылі тосты і пілі не толькі за здароўе маладых, але і за новаспечанага дэпутата, цалавалі рукі прыгажуні жонцы. Жартавалі, весяліліся, а на другі дзень, як звычайна, забыліся. Толькі Люся з усёй сурёзнасцю ўспрыняла і магчымае мужава дэпутацтва, і хмельныя жартаўлівыя віншаванні, а калі ў краіне распачалася чарговая выбарчая кампанія, угаварыла Алеся балаціравацца. Клопат па арганізацыі і правядзенні перадвыбарчай кампаніі маладая жонка ўзваліла на свае плечы, і гэта ёй добра ўдалося.
Напачатку Алесь скептычна ставіўся да мітусні вакол дэпутацтва і паверыў у поспех толькі пасля першага тура, калі з вялікай перавагай перамог і выйшаў у другі. Гурскі больш не аднекваўся ад выступленняў на тэлебачанні і радыё, з задавальненнем даваў інтэрвю журналістам. Ён стаў чалавекам, якога пазнавалі. Цяпер пісалі не толькі пра яго, але і яму, з усіх бакоў сыпаліся просьбы аб дапамозе. І ён дапамагаў чым мог, асабліва калі пытанне тычылася матэрыяльнай падтрымкі.
Неяк да Алеся завітаў галоўны рэдактар газеты, даволі вядомай у апазіцыйным асяродку. Рэдактар па-гаспадарску ўладкаваўся ў мяккім крэсле, да прапанавай кавы папрасіў «грамульку» каньячку, каб трошкі настрой падвысіць, і, шумна сёрбаючы пітво, доўга разглядваў Алеся сваімі вылупленымі рудымі вочкамі. Потым з жалем паглядзеў на пусты кубак, на Алеся і, зразумеўшы, што яму больш нічога не прапануюць, паспешліва прама ў лоб агучыў прычыну візіту: «Я валодаю забойным кампраматам супроць Вас Калі не дамовімся кампрамат выстраліць і, хутчэй за ўсё, паставіць крыж на Вашай яшчэ не пачатай палітычнай кареры Ад мяне залежыць, прачытаюць выбаршчыкі гэтыя матэрыялы ці не Выбар за Вамі». У пацвярджэнне рэдактар паклаў на стол ладны стос фотаздымкаў.
Паводзіны наведвальніка гаварылі самі за сябе: перад Гурскім прафесіянал, ён з гэтага корміцца, а значыць, і кампрамат сапраўды мае Толькі што?..
Гурскі, каб трошкі пацягнуць час і абдумаць сітуацыю, прапанаваў наведвальніку яшчэ каньяку, наліў і сабе. Губляючыся ў здагадках, Алесь узгадаў праблемныя месцы дзейнасці фірмы прычапіцца не было да чаго, нават аўдытарская праверка, якую спецыяльна правёў перад выбарамі, не выявіла ніякіх хібаў.
Ён цадзіў каньяк і няспешна разглядваў каляровыя здымкі. Убачыў сябе на пляжы з пышнагрудай бландзінкай, і каля начнога вогнішча ў атачэнні распранутых дзяўчат, і з брунеткай у лодцы, і нават у ложку з вядомай спявачкай. Алесь быў не тое што разгублены, ён хацеў зразумець, каму спатрэбілася гэтая правакацыя, хто стаіць за шэранькім, кругленькім і нахабным чалавечкам, які напышліва сядзіць насупраць, пе каньяк і мітуслівымі прагнымі вочкамі ловіць яго позірк.
Было відавочна, што перад ім не Астап Бендэр, а дробны махляр-ашуканец. На фотаздымках сапраўдным быў толькі твар Алеся, астатняе звычайны фотамантаж.
У чалавека, чыё тулава похапкам прыляпілі да галавы Алеся, на правым плячы красавалася каляровая галава тыгра з ашчэранай пашчай. У Гурскага татуіровак ніколі не было, і цяпер свярбелі рукі паквітацца, даць нахабніку добрага выспятка Але ж вельмі хацелася даведацца, што рудавокі просіць узамен, а для гэтага трэба згуляць па правілах махляра, і ён гэта зрабіў, вырашыў вывесці шантажыста на чыстую ваду, ды так, каб пра яго шулерскі заробак ведалі ўсе.
Высветлілася, што рэдактар не просіць, а прапаноўвае супрацоўніцтва. Надзейны чалавек у парламенце патрэбен тым, хто фінансуе газету, свой жа клопат ацаніў «невялікай» прэміяй. Пазначаная на аркушы сума аказалася з шасцю нулямі, а прыпіска, у якой валюце шантажыст жадае атрымаць грошы, так рассмяшыла Гурскага, што ён больш не мог стрымліваць пачуцці і выпусціў на волю грэблівае зусім не літаратурнае
На раптоўны і нязвыклы крык начальніка, які праз хвіліну-другую змяніўся абрывістым гучным смехам, у кабінет заглянула перапужаная сакратарка, потым прыбеглі ахоўнікі і па загадзе гаспадара выправадзілі няпрошанага госця, праўда, не вельмі тактоўна Рэдактар-шантажыст выспятка ўсё ж атрымаў
Потым быў «праўдзівы» артыкул у газеце і суд. Гурскі не сумняваўся ў поспеху і, калі пачуў вынік экспертнага заключэння: «Фотаздымкі, надрукаваныя ў газеце, сапраўдныя і фотамантажом не зяўляюцца», ледзь не кінуўся на крыўдзіцеля з кулакамі. Адвакат утрымаў, а на Люсю сілы не хапіла. З крыкам: «Эксперты падкупленыя» разятраная жанчына каршуном ляцела на рэдактара. Шантажыста не ўратаваў бы і стол, пад які ён шустра схаваўся, каб Люсю не перахапіў невядомы. І адразу ў зале суда запанавала знямелая цішыня
4
У той дзень у зале суда цішыня была знямелая, але ўрачыстая, поўная радаснага хвалявання, сёння ж варожая і здрадлівая. Люся спяшалася высветліць адносіны з мужам, спяшалася рассекчы гордзіеў вузел.
Будзем гуляць у маўчанку ці я ўсё ж апрануся і мы пагаворым як культурныя людзі? яна рашуча ўзяла з падноса келіх віна і выпіла да рэшты.
І сапраўды, трэба перацерці сітуацыю даўно наспела, пагадзіўся Андрэй; ён падышоў да вешалкі, зняў скуранку і накінуў Люсі на плечы. Прыкрыйся, не ў бардэлі
На паўслове Андрэя перапыніў нечаканы шалёны парыў свежага ветру, які шумна расчыніў балконныя дзверы, разгульна ўварваўся ў кватэру, ветразямі зашкамутаў пад самай столлю занавескі, і адразу нешта цяжкае бразнулася. Праз секунду загрукатала, загрымела, што аж пад нагамі задрыжэла падлога, быццам страляючы з рознакаліберных гармат, пакацілася па небе калясніца Пяруна.
Кітайская ваза чатырнаццатае стагоддзе ускрыкнула Люся і кінулася ў цёмны пакой.
Скуранка саслізнула з яе цела і распласталася на падлозе.
Хоць бы не разбілася Усё ж дынастыя Мін заклапочана ўскрыкнуў Андрэй і крутнуўся наўздагон за палюбоўніцай.
У гэтую хвіліну шматлікія сляпучыя маланкі нарэшце разбудзілі разамлелае ад летняй спёкі неба і цяпер, як згаладалыя лютыя звяры, ірвалі яго на часткі. Паднябессе прамянілася сотняй, тысяччу асляпляльна-белых феерверкаў, сіняватае трапяткое святло разлілося па пакоях, запахла азонам Перапалоханыя непагаддзю палюбоўнікі знерухомелі і, быццам манекены, застылі пасярод спальні.
І даўно ты з ёй? крыкнуў Алесь, але Андрэй не пачуў: аглушальны гром праглынуў і словы, і вулічны шум, і ўвесь горад. Ажаніўся на сваю бяду! скрозь зубы працадзіў Алесь, махнуў рукой, невядома чаму падняў скуранку і выйшаў, моцна бразнуўшы дзвярмі.
На вуліцы праліўны дождж у нейкі момант здаўся жыватворным, але не было ў ім той ачышчальнай сілы, што радасцю магла напоўніць спусцелую душу, вярнуць прыніжаны мужчынскі гонар, супакоіць неўтаймаваныя пачуцці, абражаныя здрадай. Паветра не хапала. Алесь адчайна ірвануў кашулю на грудзях і закрычаў ва ўсю моц:
Лю-дзі-і-і!.. Паглядзіце на раганосца!..
На яго помслівую крыўду адгукнулася толькі навальнічнае неба ярасным, грукатлівым громам, але і ў яго гнеўных перакатах Алесь пачуў улюбёныя Андрэевы словы: «Пер-р-рацерці сітуацыю бар-р-рдэль»
5
Тое, што адбывалася ў зале суда, было падобна на казку. На пытанне ашаломленага суддзі: «Хто Вы?» губы невядомага кранула белазубая ўсмешка: «Андрэй Іванавіч Лісаў, брат-блізнюк Алеся Пятровіча Гурскага. Так што памылачка, грамадзянін суддзя, выйшла На фотках я, і цяпер трэба неяк перрацерці сітуацыю Нельга дазваляць прайдзісветам ператвараць суд ў бар-рдэль» ён зняў кашулю: на правым плячы была татуіроўка ашчэранай пашчы тыгра.
У той памятны дзень душа Алеся напоўнілася яшчэ неспазнаным радасным усведамленнем таго, што на агромністым белым свеце ён не адзін, у яго ёсць родны брат, падобны на яго, як дзве кроплі вады, гэткі ж высокі, русавалосы, шэравокі, шырокі ў плячах. Гурскаму, выхаванцу дзіцячага дома, гэткае магло прысніцца толькі ў чароўным сне.
Радасці ніколі не бывае многа, і ў Алеся раптам зацеплілася надзея: а што, калі і маці з бацькам жывыя і ўсе гады шукалі свайго сыночка? Ад уяўлення закружылася галава. Сёння ён паверыў бы і Дзімку, дзетдомаўскаму сябруку, як некалі, зусім маленькім, верыў яго аповедам пра тое, што іншапланецяне хітрыкамі заманілі іх бацькоў на лятаючую талерку і сілком вывезлі на сваю планету на экскурсію. Але хутка настане той час, калі экскурсія скончыцца, таты і мамы вернуцца і ўсе дзеці будуць жыць дома. Алесь часта ўставаў начамі, падыходзіў да акна і з заміраючым сэрцам глядзеў у зорнае неба. Калі бачыў мігатлівыя, чырвоныя агеньчыкі, вочы міжвольна напаўняліся слязьмі, вусны шапталі адно: «Мамачка, я тут, забяры мяне» Маці не прыляцела, а ён праз свае начныя сядзелкі ля акна атрымаў мянушку Лунацік.