Парыж, Эйфелева вежа і… - Виктор Правдин 5 стр.


Гурскі нечакана адчуў сябе падманутым, загнаным у кут. Само склалася ці Дабрынкін наўмысна склаў абставіны так, што цяпер Алесь вымушаны прытрымлівацца правіл з выгляду добранькага, часам празмерна ўслужлівага старшыні? А яшчэ гэты мядзведзяваты цесць Няўжо ён насамрэч задумаў адрамантаваць «мерседэс»?.. Але выбару ўжо не было.

 І сапраўды,  заспяшаўся Гурскі,  хачу паглядзець на сваю машыну і, зрэшты, скончыць гэты маскарад

11

Спякотны летні дзень паціху саступаў месца мяккаму цёпламу вечару, і лёгкі ласкавы вятрыска ўжо навейваў з блізкага возера ледзь улоўную прахалоду. Пасля душнага кабінета Гурскаму нечакана захацелася кінуцца, нырнуць у серабрыстую азёрную прахалоду і плыць пад вадой да стомы, плыць, на колькі хопіць дыхання.

 Эх, добра было б пакупацца,  быццам адчуўшы настрой Алеся, ажывіўся Дабрынкін,  вадзічка што трэба І стому знімае, і настрой паляпшае.

 Спярша ў майстэрню, а потым відаць будзе,  рэзка адмовіўся Гурскі.

Пры іншых абставінах ён першы прапанаваў бы пайсці на возера, але цяпер нават у дробязях не хацеў пагаджацца з Дабрынкіным.

 Калі так, мой конь напагатове,  з напускной бравадай сказаў старшыня і накіраваўся ў двор канторы, дзе ў цяньку пад разгалістым дубам чорнай маціцай задзірліва пабліскваў новенькі «крайслер».

 Ого!  не стрымаў захаплення Гурскі.  Аказваецца, у гаспадарцы не так усё і кепска Толькі чаму хаваеце?

 З песні слоў не выкінеш,  імгненна спахмурнеў Дабрынін.  «Крайслер»  aспадчына папярэдніка Каб яму добра было ў тых дэпутатах! Спадчыну пакінуў, як свінню падлажыў. Перад людзьмі сорамна Гаспадарка на ладан дыхала, а ён толькі каб сябе паказаць Вось і хаваю.

 Не трэба прадайце,  з падножкі зазіраючы ў салон, прапанаваў Алесь,  машына павінна ездзіць А ў дэпутаты, наколькі мне вядома, лепшых выбіраюць.

 А Вы купіце?  узрадавана ўскрыкнуў Дабрынкін.

 Не-е,  адмахнуўся Гурскі,  у маім выпадку машына не раскоша, а паўнапраўны сябра фірмы, яна павінна прыносіць грошы Вашу прадстаўнічай не назавеш, а трымаць дзеля выезду на рыбалку ці паляванне і сапраўды вялікая раскоша.

 Вы не першы, хто ў захапленні ад «крайслера», а каб купіць не. Што ж, буду чакаць і шукаць пакупніка,  Дабрынкін перакінуў з рукі на руку ключы ад машыны і асцярожна, хітра ціхім голасам зазначыў:  Калі ехаць у абезд, тры кіламетры, калі пешкі нацянькі  метраў трыста

 Наўпрост хутчэй, значыць, лепш,  імгненна пагадзіўся Алесь.

Сказаў і здзівіўся: яго больш не раздражнялі непрыхаваныя вясковыя хітрыкі Дабрынкіна. Канешне, дабрынкінскія трыста метраў, па меншай меры, расцягнуліся на кіламетр, але Гурскі быў задаволены. Напэўна, упершыню ў жыцці ён уздыхнуў на поўныя грудзі, дыхаў і не мог надыхацца чыстым вольным паветрам, набрынялым водарам лугавых траў. З лесу побач патыхала прахалодай, чаборам, хвояй, і гэты водар скалануў сэрца, жывіцай напоўніў спусцелую душу. Алесь не стрымаўся, скінуў абутак і няспешна басанож пасунуўся па цёплай, казытлівай траве. Нечакана амаль з-пад самых ног выпырхнуў жаўрук, і праз імгненне над галавой не ў пару разлілася звонкая пераліўчатая трэль. І штосьці ў душы Алеся як надламалася, здалося, што ўжо некалі быў на гэткім лузе, бегаў пад дажджом і сонцам, ляжаў у пахучай траве з заплюшчанымі вачыма, абласканы сонцам і ветрам Калісьці ён быў вольны, як гэтыя жаўрукі, і шчаслівы

Алесь не заўважыў, як разам адступілі праблемы. Не, яны не адступілі, яны здаліся мізэрнымі, амаль нікчэмнымі ў параўнанні з пачуццём поўнай душэўнай свабоды. Нечакана ён зразумеў, што ўсё перажытае і здрадніца-жонка, і хлуслівы брат, і нават бізнес былі дарогай да гэтага поля, лесу, возера Быццам жыў не сваім жыццём, і нудны тупы боль, што пастаянна мучыў, апекаваў душу, як каштоўны крышталёвы сасуд, раптам пякучымі міжвольнымі слязамі радасці вырваўся на волю. Алесь стаяў сярод поля і бязгучна плакаў. Плакаў і дзякаваў Богу, што з усіх дарог выбраў дарогу са статкам кароў. У гэтую хвіліну ён быў гатовы расцалаваць прыцісклівага таўстуна Дабрынкіна толькі за тое, што старшыня пашкадаваў машыну і павёў пешкі.

Дабрынкін не прыспешваў госця. Ён прысеў каля вялікага валуна на ўскрайку поля і моўчкі чакаў, калі капрызны багацей нацешыцца. Сонца за дзень нагрэла камень, і Дзмітрый Дзмітрыевіч з асалодай прытуліўся спінай да цёплай шурпатай паверхні.

«Не, не зразумець мне гарадскіх багацеяў,  прыплюснуўшы вейкі, думаў старшыня.  Гурскі гаворыць, а напэўна, і думае, што ў дэпутатах лепшыя гаспадарнікі Ды там іх, лепшых гаспадарнікаў, зусім не павінна быць Лепшыя абавязаны на зямлі працаваць, народ карміць Зрэшты, калі ты падняў гаспадарку да такой вышыні, што зарплата ў сялян вышэй сталічнай і моладзь не бяжыць у горад за лепшай доляй, калі ў аддзеле кадраў чэргі на месца даярак і механізатараў, калі адчуваеш, што больш для людзей нічога не зробіш, ідзі ў дэпутаты, пішы правільныя законы. Канешне, пры ўмове, што талковую змену падрыхтаваў, выхаваў і ўпэўнены, што наступнікі не кінуцца набіваць кішэні свае і ўсёй радні, што не спусцяць справу ў трубу. Бач, аргумент знайшоў, людзі галасуюць!.. Разумны чалавек, а не можа дапетрыць, што часцяком галасуюць ад бязвыхаднасці, абы пазбавіцца А потым, хто і як тыя галасы лічыць?.. Дый сам яшчэ той гусак!.. Уварваўся ў кантору, быццам канец свету ўбачыў Паперкі торкае, пагражае Губы ад злосці трасуцца А цяпер во басанож кружыць па полі  і нічога не трэба. Але хіба яму галава баліць пра надоі малака?.. Жніво?.. Хіба думае пра афрыканскую чуму свіней, што ўжо гаспадарыць ў суседнім раёне, а заўтра і мая ферма ў дваццаць тысяч галоў можа згарэць сінім полымем? А мо думае пра кармы, сілас на зіму для каровак?.. Бач, машыну запаскудзілі!.. Сам вінаваты!.. Чаго пёрся ў статак?.. Стань, прапусці Папрывыкалі, каб усе дарогу саступалі! Пыхі да неба Хочуць скрозь быць першымі Я з ім, быццам з немаўляці, цэлы дзень гушкаюся Што, работы іншай няма?.. Але чаму гарадскіх?.. Наш мясцовы Юрка-жабнік як дзве кроплі вады падобны да гэтага Гурскага. Гаворкі няма, толькі крык, быццам людзі паглухлі Раней чалавека зусім не чуваць было, а цяпер у адным канцы вёскі рэй вядзе, а ў другім бабы вокны ў хатах прачыняюць, каб паслухаць ды пасмяяцца з розных глупстваў. Гэта ж трэба дадумацца, каб запрашаць экстрасэнсаў на балота, ў засуху дождж выклікаць Папуляцыя «французскіх» жаб зменшылася, дык пагода вінаватая?.. Не, шаноўны, гэта зайздрасць, яна, прайдоха, запаланіла душу і гімн пяе загане Мне і вяскоўцам вушы прагудзеў, што нехта з хаўруснікаў па бізнесе дом купіў на Балі. Загарэўся, маўляў, ён не горшы, жаб пачаў выграбаць падчыстую. Але ж бяздоннай бочкі не напоўніш На Балі, канешне, не хапіла, а папуляцыю амаль звёў. Эколагі ўмяшаліся, аштрафавалі, прымусілі папуляцыю аднавіць, а гэта, лічы, прагарэў бізнес, бо не прывык у нешта укладвацца».

Дабрынкін схамянуўся, агледзеў поле і, не ўбачыўшы Гурскага, падхапіўся на ногі.

 Ну што за дзень такі?  горка прамовіў старшыня.  Чалавека вочы водзяць, а гэтага алігарха нячыстая На хвіліну прыснуў, а яго і след прастыў

Ён подбегам вярнуўся да таго месца, дзе кружыў Алесь, спадзяваўся знайсці Гурскага ляжачым у траве, але яго не было.

 Э-эй, Алесь Пятровіч, дзе Вы?  гукнуў Дабрынкін, але ў адказ толькі сабачы брэх з вёскі.

Алесь даволі хутка ачуняў ад нечакана нахлынуўшага ці то раскаяння, ці то шкадобы да сябе. Будзіць разамлелага на сонцы Дабрынкіна не стаў, прайшоў міма валуна, па ледзь прыкметнай сцежцы ўскараскаўся на вялікі пагорак і адразу ўбачыў майстэрні. Тры вялікія незавершаныя пабудовы без дзвярэй і акон, абнесеныя драцяным іржавым плотам, месціліся, і сапраўды, далекавата ад вёскі і блізка да лесу. Каля іх гарбаціліся кучы пяску і рознага будаўнічага друзу. Праз некалькі мінут Гурскі падышоў да варот, скінутых з завесаў, і раптам з перакошанай, наспех збітай драўлянай будкі, махаючы рукамі, выбег чарнявы невысокі чалавек у стракатай квяцістай цюбецейцы на галаве.

 Таварыш, сюдой не хады, дырка в забор хады,  з азіяцкім акцэнтам выпаліў чарнявы і, раскінуўшы рукі ўшыркі, амаль закрычаў:  Сюда апасна  ён ускінуў рукі ўгору і паказаў на высачэзны шлагбаум.  Ветер дует палка падает Ой, савсем плохо будзет голова Дырка в забор не апасна Туда хады

Алесь, з асцярогай пазіраючы больш на азіята, чым на шлагбаум, прайшоў на мехдвор праз «дырка», на якую паказваў вартаўнік.

Пустыя пабудовы, гэткі ж пусты панадворак, толькі тры старыя камбайны сіратліва туліліся каля аднаго з ангараў. Каля тэхнікі некалькі чалавек у зашмальцаваных камбінезонах і адзін у белай караткаватай тэнісцы, якая не магла схаваць вялікага жывата, аб нечым спрачаліся. Чалавек у тэнісцы нешта даказваў, махаў рукамі, торкаў пальцам угору, маўляў, пагода вінаватая ці начальству лепш відаць, але, убачыўшы незнаёмца, усе сціхлі.

За спінай пачуліся крокі, Алесь азірнуўся.

 Інжынер ваюе,  шырокай шчаслівай усмешкай расплыўся Дабрынкін і, трошкі аддыхаўшыся, дадаў:  Алесь Пятровіч, вырашылі без мяне майстэрню наведаць?

 Вы гэтак салодка спалі Напэўна, і сапраўды прымацкае жыццё не мёд  не вытрымаў, падкузьміў старшыню Гурскі.

 Салодкага, канешне, мала, але ж і ў прымакі не кожнага прымаюць,  з хітрынкай у вачах парыраваў насмешку Дабрынкін.

 Тры камбайны?.. І гэта ўсё, што мае гаспадарка?  паспешліва змяніў тэму гаворкі Гурскі і імгненна пашкадаваў: шматслоўны Дабрынкін быццам чакаў гэтага пытання.

 Што-нішто з тэхнікі ў старой майстэрні Сюды ж пераганяем толькі новае ці адрамантаванае,  цяжка ўздыхнуў старшыня і заклапочана дадаў:  Камбайны падрыхтавалі, а да канца жніва хоць бы адзін дацягнуў. Ураджай плануем сабраць неблагі, канешне, калі пагода не падпаскудзіць Толькі наш канёк малако, мяса і

 Дзім Дзімыч!

Надрыўна гукнуў інжынер, і дабрынкіскае «і» быццам завісла ў паветры. Расчырванелыя трактарысты рашуча падыходзілі да старшыні, следам сунуўся пахмурны інжынер.

 Дзім Дзімыч, хоць Вы растлумачце сітуацыю з новай тэхнікай,  умольна крыкнуў інжынер.  Нічога слухаць не хочуць Вынь да палож Аргументаў не хапае

 Аргументаў у яго не хапае!  незадаволена шэптам перадражніў інжынера Дабрынкін.  Дэмагог! Людзі працаваць прыйшлі, а не аргументы слухаць,  ён зірнуў на Гурскага:  Алесь Пятровіч, пару хвілін пачакаеце?

 Пачакаю,  згодна кіўнуў Алесь і міжвольна зірнуў на сонца, якое няўмольна кацілася да гарызонту.

Старшыня заўважыў гэты нецярплівы позірк і ўжо на хаду, думаючы пра нешта сваё, машынальна абнадзеіў:

 За машыну не хвалюйцеся: Ціхан паабяцаў  Ціхан зробіць!  Дабрынкін зрабіў некалькі крокаў насустрач трактарыстам, рэзка крутнуўся і, спрабуючы суцешыць Гурскага, амаль па-сяброўску сказаў:  Алесь Пятровіч, наконт начлегу Да сябе па вядомай прычыне не запрашаю, а ў Лявоніхі хата каля самага возера, Вам спадабаецца Гаспадыня пра Вас ведае і чакае.

Алесь некалькі хвілін вагаўся. Яму і грознага Ціхана карцела знайсці, і гаворку Дабрынкіна з трактарыстамі паслухаць. Другое перасіліла. Ён з нуля падымаў сваю фірму, і адносіны з людзьмі, асабліва падначаленымі, не заўсёды складваліся спрыяльна. Хацелася паглядзець на Дабрынкіна ў атачэнні працоўнага люду. Але больш за ўсё хацелася як мага даўжэй захаваць душэўную раўнавагу, што гэтак нечакана ахінула душу. Ён не хацеў больш перажываць аніякіх стрэсавых сітуацый, а што наперадзе чакае менавіта чарговае ўзрушэнне, ні кропелькі не сумняваўся. Таму і застаўся чакаць Дабрынкіна.

Цяпер Дабрынкін не выглядаў гэткім прастачком, здавалася, нават ростам пабольшаў, гаварыў гучна, упэўнена:

 На апошнім агульным сходзе мы, а дакладней вы, прагаласавалі за тое, каб выціснуць з тэхнікі ўсё магчымае і не магчымае, а толькі потым, аднавіўшы пагалоўе жывёлы, дабудаваўшы фермы, майстэрні і аграгарадок, думаць пра новыя трактары і камбайны.

 На гэтых,  адзін з трактарыстаў махнуў рукой на старыя камбайны,  і на чай не заробіш Як сямю карміць?..

 Мы газеты чытаем і ведаем, што ў Лацянкова з Бялыніцкага раёна механізатары атрымоўваюць міністэрскую зарплату,  няўпэўнена пераступіўшы з нагі на нагу, выпаліў трактарыст з чырвоным тварам і чорнымі акулярамі на носе.

 А яшчэ ў іх масла хлебам мажуць!  ва ўнісон пачутаму паблажліва пакпіў з трактарыста старшыня і сурова дадаў:  У чужой кішэні лёгка грошыкі лічыць, ад зайздрасці багатым не станеш А калі хочаш міністэрскі заробак, ідзі ў міністры

 Ха-ха-ха,  дружна зарагаталі трактарысты,  наш Федзька ў міністэрскім крэсле

Перасільваючы смех, хтосьці перадражніў дыктара радыё:

 Увага, увага, гаворыць беларускае радыё, перадаём апошнія звесткі з палёў Сягоння Фёдар Дустаў паддаў, падсыпаў дусту Дабрынкіну, старшыні сельскагаспадарчага прадпрыемства «Новы шлях»

 Ха-ха-ха

З высокіх бяроз, што раслі непадалёк, узнялася чарада перапужаных крыклівых варон. Гэта зрабіла гаворку зусім жартаўлівай.

 А вось і электарат новаспечанага міністра,  прабасіў трактарыст, які гаварыў пра сямю.

 Электарат крыклівы, бесцырымонны і развязны, як і будучы міністр,  дадаў інжынер.

Трактарысты за словам у кішэнь не лезлі, жарты, кпіны сыпаліся з усіх бакоў. Рагаталі доўга да слёз, і нават Федзя, зняўшы акуляры, далонню цёр вочы. Калі смех пачаў аціхаць, Дабрынкін нечакана для ўсіх запытаўся:

 А што, мужыкі? Мо сапраўды пусцім фермы пад нож і будзем катацца на новай тэхніцы?

Трактарысты імгненна прыціхлі, нехта заклапочана запытаўся:

 Праесці нядоўга, а потым што? Недзе людзі працуюць і добра зарабляюць, а мы?.. Хіба з іншага цеста?.. Лайдакі і абібокі?..

 Як кажуць, не ў брыво, а ў вока На гэта з наскоку і не адкажаш Дый адна ластаўка вясны не робіць Як жыць і працаваць далей, талакой вырашаць будзем Праз два дні на сходзе,  стрымана ўсміхнуўся старшыня і, хітравата зірнуўшы на суразмоўцаў, ажывіўся:  А я згодны, што без новай тэхнікі на ногі не станем. Толькі каму на ёй працаваць? Вось ты, Фёдар Дустаў,  Дабрынкін тыцнуў пальцам трактарыста ў грудзі,  табе можна даверыць магутны John Deere апошняй мадыфікацыі, а можа, нават GLASS?

 А што?.. І паеду!..  трактарыст зняў акуляры, расправіў плечы, фанабэрліва зірнуў на прысутных і дадаў:  Кніжкі пачытаю і паеду.

 Што-што, а ездзіць ты зух, штомесяц тармазныя калодкі мяняем,  загарачыўся інжынер.  Болт не знойдзеш і не закруціш, пакуль механік не паднясе.

 Кожны жыве сваім мазалём, не трэба валіць з хворай галавы на здаровую,  загарачыўся трактарыст.  Дарма і каза не скача Няхай механік даплачвае, калі не спраўляецца А што тычыцца тэхнікі, то і наш «Беларус» той самай апошняй мадыфікацыі  не горшы, а «Палессе» пры правільнай эксплуатацыі пераплюне замежныя Гэта ж трэба так трактар назваць: «Вызвалі звера»?.. Наш «Беларус» і ў Афрыцы з космасу разгледзець можна, зразумела, адкуль ён

Гурскі кашлянуў у кулак, нагадаў аб сабе, і старшыня імгненна прыпыніў гаворку. Спрачацца і высвятляць адносіны не было жадання, наперад ведаў, у чым абвінавацяць і механіка, і яго, увогуле ўсё начальства, без выключэння

 Вы, мужыкі, не мітынгуйце, паберажыце сілы,  Дабрынкін, як прыяцель, паляпаў па плячы ўзбуджанага трактарыста.  Пагаворым на агульным сходзе не толькі пра набалелае

12

 Насця, будзем дзядулю карміць,  выцягваючы з печы чыгункі з супам і кашай гукнула Сцяпаніха ўнучку і, не дачакаўшыся адказу, гукнула мацней:  Насцёна, рыхтуй тэрмас

Жанчына паставіла чыгункі на прыпечак, прытуліла вілкі з драўляным дзяржальнам да печы, рукі выцерла фартухам і прайшла ў чыстую палову хаты, дзе жыла сямя дачкі. Невялікі куткавы пакойчык унучкі, яшчэ студэнткі, быў чыста прыбраны, ложак запраўлены, на пісьмовым стале кампутар, канспекты і кнігі. Слабы вятрыска ледзь-ледзь напінаў цюлевыя занавескі, сілячыся прарвацца ў пакой праз расчыненае вакно.

Назад Дальше