Алег Грушэцкі
Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд
© Грушэцкі А., 2023
© Козел В., ілюстрацыі, 2023
© Афармленне. ТДА «Выдавецтва Чатыры чвэрці», 2023
Зімовая дарога
Гэта наш апошні ўрок у гэтым паўгоддзі. Наперадзе вас чакаюць зімовыя вакацыі, Каляды, забавы і новыя прыгоды. Баўцеся добра, бо пасля адпачынку чакаю вас усіх з сачыненнямі на тэму: «Як я правёў калядныя святы». Напэўна, некаторыя з вас паедуць хто за горад, а можа хто і наогул у іншыя краіны. Так, Мілана? звярнулася настаўніца да вучаніцы, якая ўжо аддалася марам, разважаючы, куды ж яна адправіцца. Вось вы, куды плануеце паехаць?
У каралеўства Сварга, недзе летуценячы задуменна адказала дзяўчына.
Куды? жанчына ажно разгубілася.
Га? Не, у вёску, да бабулі і дзядулі, вярнулася з нябёсаў на зямлю Мілана.
Гэта ўжо больш зразумела, таксама люблю бываць на вёсцы. Але ж што гэта за каралеўства?
Гэта так, з фільма аднаго, фэнтэзі, выкруцілася кемлівая школьніца.
А я ўжо на секунду падумала, што нешта з геаграфіі прапусціла, пажартавала настаўніца. Зрэшты, зараз столькі экзатычных напрамкаў, што часам нават дзіву даешся.
Ужо дома дзяўчына прызналася брату:
Ты ведаеш, я сёння знянацку ледзь не прабалбаталася пра каралеўства.
Як так?
Замарылася, быццам зноў па ім вандрую.
Разумею, таксама сумую па тых прыгодах. Але ты, глядзі, асцярожней у наступны раз. Гэта вялікі сакрэт!
Яны насамрэч знудзіліся па тых часах, калі яны, як сапраўдныя героі, змагаліся за волю цэлага краю, ратавалі сваіх сяброў і адстойвалі справядлівасць. Успаміны адразу паглынулі іх, і ім зноў захацелася апынуцца побач са сваімі прыяцелямі, якія так хутка для іх сталі блізкімі і дарагімі: мудры Пугач, волат Вярнігара, вужалкі А як жа там Цмок пажывае? Улічваючы, што час у залюстрэччы цячэ зусім інакш, пэўна, ён ужо падрос. А каралевічы Сэнмур і Рэгла, з якімі склаліся такія цёплыя адносіны? Спаткацца б з імі ізноў А зрэшты чаму не? Бацькі ім ужо паабяцалі, што вакацыі яны правядуць у бабулі з дзядулем. А значыцца усё магчыма. І настрой адразу ж узняўся.
Ужо хутка яны радасна збіраліся ў дарогу. Але што з сабой узяць на гэты раз? Калі шчыра, браць даспехі Янку ўжо не так хацелася. За паўгода ён падрос, стаў больш сурёзны, і цягнуць з сабой у вёску штучны набор, ды яшчэ і зімой, яму ўжо было не цікава. Затое ў яго цяпер было тое крэсіва, пра якое ён так марыў. Бацька, даведаўшыся пра гэта, купіў яму, бо Янка нярэдка хадзіў у вандроўкі на прыроду са скаўтамі. І ліхтарык яшчэ паклаў у заплечнік, якасны, святлодыёдны. А таксама, хоць і кампактны, але досыць моцны палявы бінокль. І, вядома ж, не забыў ён запакаваць і акуратна ўкласці драўляныя крыж з падковай, пры дапамозе якіх можна было адчыніць чароўны партал праз люстэрка ў таямнічае каралеўства.
А вось Мілана і ў гэты раз з задавальненнем брала сваю дыядэму, якой вельмі ганарылася. Вельмі цешыла дзяўчыну тое, за што яе атрымала найпрыгажэйшая паміж аднагодкаў на раённым конкурсе! А на шыю павесіла той загадкавы кулончык дзіўнага фіялетавага колеру ў дэкаратыўнай аправе, пры дапамозе якога можна было выклікаць Цмока.
На наступны дзень яны ўжо і выехалі, каб паспець акурат да каляднай вячэры. Шлях быў няблізкі. Але менавіта зімой наш лес выглядае асабліва цудоўна, нават чароўна. Высачэзныя сосны і яліны, нібы заможныя шляхцюкі і паненкі, апранутыя ў багатыя пясцовыя шапкі ды палярыны, выхваляюцца хараством сваіх строяў, якія так і ззяюць на сонцы. А рассыпаны пад ім сумётамі белы пушысты снег зіхаціць пералівам, нібы раскіданыя прыгаршчамі дарагія дыяменты. Гледзячы на гэтае пышнае багацце, Мілана з цеплынёй ўспомніла тую самую футраваю палярыну ад Сэнмура, годную асоб каралеўскай крыві. Вось бы калі яна спатрэбілася. Але ў такой раскошы фарсіць па вёсцы неяк няёмка. Хіба што пры двары. І тут перад яе вачыма паўстала выява прыгожа ўбранага замка, у якім яны балявалі перад развітаннем, і ў якім нарэшце ўладарыў праўдзівы кароль. Калі ўсё складзецца добра, то найверагодней з ім можа і пабачацца. Спадзяемся, у каралеўстве нарэшце пануе мір і спакой.
Казачны пейзаж за акном зачароўваў, але белая аднастайнасць хараства паволі закалыхвала, і неўзабаве дзеці і самі не заўважылі, як праваліліся ў сон. Раптам іх абудзіла рэзкае тармажэнне. Машына не пайшла ў занос, бацька быў дасведчаным кіроўцам, а дзеці не пацярпелі, бо былі прышпіленыя поясам бяспекі. Прычынай усёй гэтай аказіі быў малады лось, які знянацку зявіўся на дарозе і ледзьве не стаў віноўнікам няшчаснага здарэння. Калі той заўважыў транспарт, што на яго рухаўся і сігналіў, ён спужаўся, і даў ходу, праўда, трохі прабуксаваўшы на старце даўгімі худымі нагамі.
Вух ты, лось! толькі і дзівіўся Янка.
Так, ледзьве з намі не павітаўся, прыходзіў у сябе ад шоку бацька.
Далёка ж мы ад горада забраліся, відаць, як ласі так вольна шпацыруюць, азіралася па баках Мілана, у надзеі выгледзець каго яшчэ.
Чаму? Бывае, што яны і ў горад заходзяць, не пагадзілася маці.
Бывае, і зайцоў дзе на ўскрайку можна ўбачыць, падтрымаў бацька.
Ды ну?!
Сам некалькі разоў бачыў.
Але ж ад горада яны былі зусім далёка. І праспалі дзеці досыць доўга, ужо хутка і дзедавы мясціны павінны былі паўстаць. Далейшая дарога была без здарэнняў, а ў хуткім часе яны праехалі і ўказальнік павароту на любімую вёску. Уздоўж дарогі ляжалі пухнатыя сумёты, за горадам снегу заўсёды паболей. А як толькі ўехалі ў вёску, адразу кінулася ў вочы акуратнасць гаспадароў адснежаныя ходнікі, пачышчаныя заезды да брам. Кожны імкнуўся прыбраць не толькі ў сваім двары, але і за плотам, каб суседзі не лічылі цябе за лайдака, ды й вока цешыла, зрэшты. Гэтак жа было чыста і дагледжана і перад дзедавай хатай.
На падездзе да вёскі яны патэлефанавалі, папярэдзіўшы, таму брамы ўжо былі расхінутыя. І, як толькі яны заехалі, усцешаныя бабуля з дзядулем выйшлі сустракаць сваіх родных.
Абдымкам не было канца. Унукаў старыя дык і ўвогуле не хацелі выпускаць з рук, па іх яны сумавалі найболей. А ў хаце ўжо чакаў накрыты калядны стол: бліны з мёдам і варэнікі, квашанне, выпечка ды прысмакі, смажаны карп, ды ў прыгожай шляхетнай супніцы дыміўся суп з лясных грыбоў. І пачэснае месца займала куцця ў гліняным гаршчэчку ячная каша з мёдам ды макам. З печы ж даносіўся водар апошняй стравы, якая гатавалася печанай бульбачкі ў чыгунку. І калі бабуля толькі ўсё гэта паспела, невядома.
Пакуль усе распакоўвалі рэчы, акурат і бульба дайшла, можна было сядаць з далёкай дарогі за вячэру. Тым больш, што і на двары вечарэла, а на небе ўжо можна было разгледзець першыя зоркі. У пакоі ўсё завіравала, і нават агромністы саламяны павук, што прыгожа звісаў з жырандолі і быў зроблены з сіметрычнай дакладнасцю, загайдаўся ў паветры, нібы прасіўся, каб і яго ўсадзілі разам з усімі. Стол быў засланы белым абрусом, вышыты ўзорамі па краях, а пад абрусом шамацела трохі саломы, якую клалі як сімвал урадлівасці і дабрабыту. А яшчэ гэта быў сімвал подсцілу, што быў у калысцы немаўляці-Ісуса пасля нараджэння. Часам нават дзівішся, наколькі цесна паганскія звычаі перапляліся з хрысціянскімі ў народзе.
Дзяды, дзяды! Хадзіце куццю есці! гучна прамовіў дзед, адкладваючы па лыжцы розных страў у асобны сподачак, які потым аднёс на падаконнік для продкаў-дзядоў.
Стары прачытаў разам з сямёй малітву, і ўсе селі за вячэру. З дарогі, ды яшчэ і такія ласункі Амаль усё сваё, з уласнага падворка. Усяго 12 страў, як і належыць у такі святочны дзень. Сапраўдная сямейная ўрачыстасць.
За сталом і гутарка пацякла. Старых вельмі цікавіла, што новага ў іх дзяцей ды ўнукаў: тата Янкі з Міланай узначаліў новы праект, які меў прынесці яму поспех, калі ўсё пойдзе гладка, а маці атрымала павышэнне і цяпер кіравала цэлым аддзелам. Мілана больш не ганялася за прызнаннем прыгажосці, затое паспяхова выступіла на гарадскім лінгвістычным конкурсе. Янка ж выдатна выявіў сябе на конкурсе па матэматыцы, да таго ж ён цяпер кіраваў скаўцкім атрадам вось дзе прыдаліся яго лідарскія здольнасці.
А ў вас, што цікавага чуваць? пацікавіўся тата ў старых.
Ды што тут новага можа быць? Год пражылі і дзякуй Богу. Адно што на вёсцы ніколі не засумуеш, зямля гэтага не даруе. Гаспадарка шмат клопату патрабуе. Галоўнае, што моладзь вёску не забывае, хоць час ад часу, ды прыязджае. Можа, не ўсе на сталы побыт, большасць, каб толькі пагасціць, але і гэта цешыць. Заўсёды трэба даражыць тым месцам, дзе нарадзіўся, і адкуль твае карані.
Твая праўда, бацька. Цалкам маеш рацыю. Жыць і працаваць можна, дзе заўгодна, хоць у далёкім замежжы, але да роднай зямлі, да бацькаўшчыны, трэба заўсёды зберагаць любоў і пашану.
Ну, і не забывацца пра нас, сваіх бацькоў, падсумаваў, усміхаючыся дзед.
Гэта найперш!
Яны напіліся яшчэ гарбаты з блінамі, якія стары разрэзаў крыж-накрыж, і бабуля прапанавала трошкі паваражыць. Яна сама першай саломінку і выцягнула, роўную, доўгую.
Добры знак, растлумачыла яна, год прынясе здароўе і даўгалецце.
За ёй пацягнула маці, якой дасталася падобная. Мужчыны ў гэтым не ўдзельнічалі яны ўважалі тое за дзявочыя забавы. А Мілана з задавальненнем і нават з вялікай цікаўнасцю далучылася. І з хваляваннем няспешна дастала насычана залацістую саломіну з коласам, поўным зярнятаў.
Вого! нават усклікнула бабця.
Што? прамовілі адначасова Мілана з Янкам, якіх здзівіла такая бурная рэакцыя.
Заможнага жаніха сабе адхопіш!
Тут хлопец не вытрымаў і засмяяўся, пахлопаўшы сястру па плячы.
Смейся. На меншае я нават і не разлічвала, не паддалася юная прыгажуня, ведаючы сабе цану.
За такой непахіснасцю разгубіўся ўжо хутчэй сам Янка. Але потым, ацаніўшы пачуццё гумару Міланы, якая так лёгка асадзіла брата, засмяяліся ўжо і ўсе.
Калядоўшчыкі
Раство атрымалася на славу, нават ноч была такая шчодрая на снег, што зранку немагчыма было выйсці з хаты. Намяло так, што мужчынам спатрэбілася ледзьве не добрая гадзіна, каб хоць з большага разгрэбці. Затое дзецям была пацеха снежныя бабы вырасталі амаль у кожным двары.
Гэта вам не ў вашым горадзе, што растае хутчэй, чым далятае да зямлі, пажартаваў дзед.
І тут цалкам меў рацыю, зімой вёска на снег заўсёды больш багатая.
Пакуль мужчыны прыбіралі ў двары, жанчыны гатавалі сняданак. Дзякуй, па багатай вячэры гэта было няцяжка. Пакуль Янка з Міланай снедалі, праз акно было відаць, як мясцовая дзятва, хто з санкамі, хто на лыжах, кіруюцца ў бок школы там быў прасторны двор, а побач з ім горка. Далучаліся да іх і дзеці, што прыехалі да сваіх родных у вёску, зрэшты, дзеля гэтага з цеснага горада і вырваліся. Гледзячы, з якім задорам ўсе павысыпалі на вуліцу, закарцела і нашым падлеткам. Пахапалі лядзянкі і гайда за снежнымі забавамі!
Бялюткая пушыстая паверхня горкі яшчэ не была ўезджанай, таму снег вылятаў з-пад санак і дошак, нібы пырскі на вадаспадзе бурлівай горнай ракі, што прыводзіла дзятву ў неапісальнае захапленне. А месцамі парабілі на спуску яшчэ і невялічкія трампліны, на якіх з вокрыкамі падскоквалі і нават трошкі праляталі, уяўляючы сябе праўдзівымі майстрамі экстрэмальнага спорту.
Вось каб яшчэ і падёмнік на гару быў Па пэўным часе яны нават трохі стаміліся і прыселі перадыхнуць. Тут яны заўважылі, што на пляцоўцы дзеці пачалі ляпіць снежную крэпасць. Янка заўважыў сярод іх і некалькі сваіх сяброў і пажадаў разам з сястрой далучыцца да будаўніцтва. І раптам яму прыйшла да галавы шалёная задума зляпіць насупраць яе, непадалёк, яшчэ адну, каб мець магчымасць правесці сапраўдныя снежныя баталіі і пабавіцца на славу. Усім такая ідэя прыйшлася даспадобы, да таго ж яны дадаткова паклікалі прыяцеляў, бо справа патрабавала больш удзельнікаў. Дзятва з азартам прынялася катаць камы. Акурат надворе і ўмовы таму спрыялі, снег ляпіўся, і галоўнае яго было багата. Па пэўным часе выраслі сапраўдныя снежныя цытадэлі, фартэцыі з акенцамі-байніцамі і нават з чымсьці падобным да вежаў на мурах крэпасці.
Па завяршэнні дзеці самі былі задаволеныя сваёй працай, бо ніколі раней нічога падобнага ў іх не атрымлівалася. А прычынай поспеху быў азарт Янкі, які літаральна кіраваў будоўляй са сваёй камандай. Пры гэтым іх будучыя сапернікі, не жадаючы ні ў чым саступаць, прыкладалі ўсе намаганні, каб не выглядаць горш. Таму ў выніку і паўсталі адна насупраць адной дзве пярліны дзіцячага снежнага дойлідства. Убачыўшы і ацаніўшы ўвачавідкі вынікі сваіх высілкаў напачатку дзеці нават не хацелі пачынаць снежны бой. Многія пажадалі захаваць гэты цуд на памяць, дасталі свае тэлефоны і зрабілі памятныя здымкі бастыёнаў і сябе на іх фоне, пакуль ўся гэтая прыгажосць яшчэ не пацярпела зруйнавання. І толькі потым пачалі рыхтавацца да бою назапашваць як мага болей снежак.
Знянацку ў бок Янкі паляцеў першы камяк гэта праціўнік без папярэджання вырашыў распачаць бой першым. А за ім і яшчэ цэлы залп. Не зусім сумленна, але часам гэтак і ў жыцці трэба заўсёды быць напагатове да нечаканых удараў. І тут завязалася сапраўдная баталія. Снежкі паляцелі, нібы малыя пушачныя ядры, са свістам разразаючы паветра. І таксама эфектна ўразаліся ў сцены снежнай крэпасці, быццам, выбухаючы і разрываючыся на кавалкі снегу, як сапраўдныя снарады пры ўдары аб мур каменнай фартэцыі. Даставалася як абаронцам, гэтак і тым, хто нападае, камусьці трапным ударам ужо нават збіла шапку.
Гэта біла па ваярах Янкі не толькі фізічна, гэта падрывала іх маральны дух. Бой напраўду яшчэ не пачаўся, а перавага ўжо была на баку праціўніка. Трэба было нешта прыдумаць, каб пераламіць сітуацыю. І ў галаве хутка саспеў план, хоць і рызыкоўны. Снежныя ўмацаванні знаходзіліся побач з вясковай школай, будынак якой быў невялікі, па гарадскіх мерках. Янка прапанаваў спрытнейшым хлопцам аббегчы школу, каб зайсці да непрыяцеля з тылу. А сам ён, разам з Міланай і астатнімі, застаўся трымаць абарону, ды яшчэ і ўзмацніў абстрэл, каб адцягнуць усю ўвагу на сябе. Гэта змяншала на пэўны час сілы, але магло даць шанец.
Адасланых хлопцаў калі хто раптам і заўважыў, то хутчэй палічыў, што тыя вырашылі пакінуць поле бітвы. А насамрэч яны панесліся на ўсю моц, прыхапіўшы яшчэ па дарозе і сяброў, і ўжо праз пару хвілін былі за спінамі непрыяцеля. Нарабіўшы дарогай як мага больш снежак, яны пачалі закідваць ужо не прыкрытага саперніка. Гэта ж паслужыла і сігналам да агульнай атакі. Янка ўзняў сваю залогу[1], і ўсе дружна рынуліся ў бой. Цяпер праціўнікі былі ў разгубленасці, і ім заставалася толькі хавацца і прыкрывацца альбо ганебна бегчы з-пад абстрэлу. І ўжо хутка перамога была за камандай Янкі. Дзеці радасна ўсклікалі, цешыліся і абдымаліся.
Праўда, пры нападзе дасталося і фартэцыі. І не толькі ад снежак. Хтосьці наскочыў на яе пры атацы, хтосьці наваліўся, абараняючыся, ці зачапіў, уцякаючы ад кідкоў. Але з большага сцены вытрымалі. Тое, што вытрымала, спаборнікі пакінулі на забаву малым, якія ўвесь час з захапленнем назіралі за шаленствам старэйшых і чакалі, калі і ім можна будзе пабавіцца ўнутры.
Перамога ж была хутчэй умоўнай, потым усе дружна пайшлі далей гуляць. А на вечар дамовіліся сустрэцца, пайсці калядаваць па дварах. Усе прамоклі ды прытаміліся, але былі вясёлыя і ў добрым гуморы. Нарэшце па-сапраўднаму адчулі прывабнасць зімы і асалоду ад вакацый. За пацехамі мінула добрая палова дня, і дзеці пацягнуліся па хатах да гарачага абеду, адагрэцца і хоць трохі адпачыць.
Маці, калі ўбачыла Янку з Міланай, хацела, як кажуць, і плакаць, і смяяцца. Перад ёй стаялі двое пакрытых снежнай коркай дзяцей з чырвонымі ад марозу тварамі, але з вачыма, поўнымі бадзёрасці і задору.
А, матухна! На вас не інакш, як снегавікі напалі і качалі вас па ўсіх сумётах, пажартавала яна. Распранацца на парозе, вопратку адразу ў ванную, і сушыцца! скамандавала жанчына. Потым мыць рукі, і чакаю вас на кухні! Зараз што-небудзь гарачае згатую, не хапала, каб вы яшчэ прастылі ў першы ж дзень.