Дзеці і самі прагнулі ўжо як мага хутчэй залезці ў сухую хатнюю адзежу і адагрэцца кубкам духмянай гарбаты. Тым часам на кухні пачулася патрэскванне на патэльні, і пайшоў водар, які бударажыў апетыт. Гэта маці разагравала смажаную бульбачку на скварках. Галодныя з вуліцы, яны падмялі ўсё падчыстую і, падмацаваўшыся і адагрэўшыся, ужо павольна прыняліся за гарачы напой. Стомленасць знікала, і надыходзіў гарманічны супакой. Цяпер можна было і адпачыць, наперадзе яшчэ чакаў насычаны вечар.
А дзеда пайшоў у сваю камору, дзе захоўваў як каштоўныя, так і рэчы, у якіх патрэба была толькі час ад часу. Напрыклад, там ляжала акуратна загорнутая ў тканіну маска казы, сімвал урадлівасці, ладу і дабрабыту ў сямі. Яна была ўжо старая, ён сам яе рабіў калісьці даўно з папе-машэ для сваёй дачкі. Але тая ўжо даўно вырасла і пасля шлюбу зехала з мужам у іншую краіну. Застаўся толькі сын, бацька Янкі з Міланай. Вось для Міланы ён яе і даставаў, вельмі хацела яна быць козачкай на Каляды, адна з галоўных гераінь, як-ніяк. Роля для яе адводзілася вясёлая, што вельмі цешыла дзяўчынку. А для поўнага вобраза кажушок быў недзе прыхаваны, яшчэ больш стары за маску. Не паверыце дзед яшчэ сам яго ў дзяцінстве насіў, бегаў праз сумёты ў ім да школы.
Было нешта і больш значнае ў яго у куце, таксама прыкрытая, стаяла вялікая калядная зорка, з якой хадзілі па вёсцы, галоўны сімвал калядоўшчыкаў. Увогуле, дзеда быў на ўсе рукі майстра, за што яго ў вёсцы ўсе вельмі паважалі і цанілі. Зорка была на кіі, шыкоўная і прыгожая. Янка, найверагодней, з ёй не даў бы рады, бо цяжкаватая была, таму яна прызначалася для таты. А Янка любіў хадзіць з буслом звычайная лялька на палцы галава з даўгой чырвонай дзюбай са штыкецін з вяроўкай, за якую, калі паторгаеш, то дошчачкі стукаліся адна аб адну і выдавалі гук, нібы насамрэч бусел клекатаў. Было нешта і для маці, якая любіла пераўвасабляцца ў цыганку старыя, бабуліны, кажух ды некалькі пярэстых рознакаляровых хустак: і на галаву, і каб падвязацца. Заставалася надзець на шыю каралі, зрабіць яркі макіяж і вобраз гатовы.
У другой палове дня па іх завіталі сябры клікалі за галоўных калядоўшчыкаў. Бо без дзедавай зоркі, што гэта за Каляды? У некаторых хатах таксама захоўваліся зоркі, размаляваныя з фанеры, але іх «гвязда» ў параўнанні, нават з імі ўсімі разам узятымі, была сапраўдным мастацкім творам. А іх бабця мела неверагодны прыгожы ды гучны голас і заўсёды была галоўнай «запявалай», за ёй цягнуліся ўжо і ўсе астатнія. Уласна, ёй роля «бабы» і адводзілася. Адпаведна, яе стары быў «дзедам», чый вобраз увасабляў агульны вобраз продкаў. Менавіта ён узначальваў гурт калядоўшчыкаў і павінен быў весці «казу». На дзядулю быў апрануты стары кажух, які ўжо шмат бачыў, з такой жа паношанай шапкай, яшчэ ўскудлачаны парык і прымацаваная доўгая сівая барада.
Галоўны збор быў на ўскрайку вёскі, адкуль і пачыналі хадзіць па хатах. Там ужо сабралася з дзясятак удзельнікаў, таксама святочна апранутых, і добрая колькасць дзяцей, якія чакалі на ўрачыстасць. Былі і «цыган» з «мядзведзем», яшчэ адна «козачка», «жаўнер» і нават «чорт». Механошам быў іх дзядзька, стрыечны брат бацькі, які жыў на суседняй вуліцы. Чакалі толькі музыкаў, куды ж без іх. Праз некалькі хвілін падцягнуліся і яны, нарэшце можна было пачынаць.
Пасля вясёлых прывітанняў музыкі зайгралі і заспявалі. Зазвычай яны распачыналі з песні на Раство «Учора з вячора»:
Пасля чаго ўсе рушылі з бадзёрай песняй «Ой, дзе ж мы ходзім»:
З ёй яны ўжо і заходзілі на першы двор, што быў па дарозе. У драўлянай хаце жыла шматдзетная сямя. Калядоўшчыкі толькі пачалі праходзіць праз веснічкі, не дайшлі нават да хаты, а дзеці ўжо гуртам высыпалі, як гарох на вуліцу, хто што паспеў начапіць, і весела віталі калядоўшчыкаў. Тым часам настаў час Міланы.
Мілана скакала, не шкадуючы ног, як сапраўдная малая козачка. Ды з такім запалам, што і снег мог пад ёй растапіцца. Але песня скончылася, і яна ўпала на зямлю.
Вох, заквохкаў стары, натанчылася наша козачка, наскакалася, змарылася зусім. Ні жывая, ні мёртвая, ледзьве дыхае. Вой, што ж нам зрабіць, каб яна ачуняла? пытаецца дзед у дзяцей.
Трэба падзьмуць на яе і пашкадаваць, прапанаваў адзін з малых, потым падышоў да Міланы, прысеў да яе на кукішкі і пачаў дзьмуць ды гладзіць па кажуху.
Дзядуля, гледзячы на гэта, з замілаваннем усміхнуўся.
Ну, можна і так. А што яшчэ, як вы думаеце?
Малыя прызадумаліся, паглядаючы на яе задуменнымі вачыма, поўнымі спачування.
Трэба даць кавалак сала, каб каза ўстала, падказала ім маці.
Можна і цукерак! раздаўся жаласлівы голас «казы» праз маску, на што дзеці засмяяліся.
Во, бачыце, якая ў нас козачка-ласуха. А як цукерак зесці, то і на плот зможа ўзлезці! весела прагаварыў стары.
Тут іх бацька выйшаў з хаты, трымаючы ў руках вялікую міску, у якую былі насыпаны ласункі. Дзеці наўзахваткі з гоманам пацягнуліся па цукеркі і пачалі іх пхаць хто ў маску казе, каб тая ачуняла, хто ў рукі. Мілана адразу заварушылася, каб іх узяць, бо цукеркамі яе папросту засыпалі.
Вой, дзеткі, якія вы малайцы! пахваліў іх дзед. Бачыце, козачка, дзякуючы вашым клопатам, адразу ажыла. Дзякуй вам вялікі! Толькі давайце гэта ўсё пакладзём у мех, бо, баюся, яна столькі за раз не зесць, зубы забаляць.
Дзеці засмяяліся і перасыпалі свае падарункі да механошы.
Дзякуй, вам гаспадары! Дабрабыту на двары! Вашай хаце сто гадоў жыць у багацці! Вашы любыя дзеткі няхай растуць, як прыгожыя кветкі! пасыпаліся зычэнні гасцінным гаспадарам і іх малым.
Мусім зараз развітацца, трэба далей у шлях збірацца. Добра нам было ў вас, ды чакаюць далей нас.
Калядоўшчыкі развіталіся і вырушылі з песнямі за брамы да наступнай хаты:
З прыгожай працяглай песняй усёй талакой падышлі да наступных варот. Дзяцей там не было, жылі толькі старыя, самотна. Але можа менавіта таму і былі яны так усцешаныя гасцям, якія ўраз узнялі настрой, бо хацелася і ім, адзінокім, свята, мо і болей, чым іншым.
Старыя слухалі, стаіўшы дыханне. А бабуля, не вытрымаўшы, гэтак расчулілася, што нават пусціла па шчацэ слязіну. Бо шчырасць завіталых да іх аднавяскоўцаў-калядоўшчыкаў узрушыла да глыбіні душы, іх галасы зачароўвалі, а на пераапранутых у святочных персанажаў дзяцей немагчыма было глядзець без замілавання. Дзед жа, гаспадар той хаты, нават не дачакаўшыся танцаў «козкі», быў гатовы ўсіх асыпаць пачастункамі. А калі тая яшчэ і сваё заліхвацкае майстэрства выявіла, то не мог спыніцца ў пахвале, а потым нават і на калена апусціўся, каб абняць яе.
У кожную хату яны, зразумела, не заходзілі. Бо так і да раніцы не абышлі б усіх. З большага, завітвалі да тых, хто быў з дзецьмі ці жыў самотна і насамрэч меў у тым патрэбу, каму варта было ўзняць настрой. Зачыняць перад калядоўшчыкамі дзверы было нельга, бо так можна было наклікаць бяду і на дом, і на гаспадарку. І па пэўным часе нават запаснога механошу давялося падключаць, бо першаму ўжо і цяжка несці было столькі тых «падзяк» надавалі. Пад канец вёскі ўсе былі добра стомленыя і з поўнымі мяхамі. Але, нягледзячы на тую стому, ва ўсіх быў святочны бадзёры настрой. Калядоўшчыкі неслі радасць людзям і ў адказ атрымлівалі такі зарад станоўчых эмоцый, што, каб не позні час, калядавалі б і яшчэ. Ды і без таго назбіралі на ўсіх артыстаў з лішкам. Прытым, яны не толькі прымалі пачастункі. Так, у адной з хат жыла ўдава з трыма дзеткамі. Калядоўшчыкі не толькі зладзілі цэлае прадстаўленне для іх, а яшчэ і пабавіліся з малымі, павадзілі з імі карагод, а пад канец і самі абдарылі дзятву падарункамі. Павінна ж быць свята ва ўсіх у такі ўрачысты час. На Раство ўсе чакаюць цудаў. І часам яны здараюцца
Вяртанне ў каралеўства
Па калядным шэсці ўсе дзеці атрымалі ласункі. Асабліва прысмакаў дасталася «козачцы», якая больш за ўсіх працавала. А з іншага здабытку збіраліся зрабіць агульны стол для ўсіх калядоўшчыкаў. Янка з Міланай ісці не планавалі, хоць дзеці там таксама будуць. Яны добра стаміліся і хацелі адпачынку. Ведаючы па мінулых гадах, святочнае застолле працягнецца хіба не да раніцы гуляць на вёсцы ўмеюць. А вось бацькі пойдуць абавязкова, бо вельмі хацелі пабачыцца са сваякамі ды сябрамі. І ўсе абавязкова чакаюць іх бабулю, без якой вечарына нават не ўяўляецца, бо без яе спеваў і свята не свята. Народных песень яна ведае багата, а яе голасам можна заслухацца сябе на радасць. Ну, і куды ж без іх дзеда галоўнага зорканошы. Толькі пераапрануцца варта было і зорку назад у камору прыбраць. Да наступнай Каляды.
Бацька, я ўсё сам прыбяру, ты збірайся, запрапанаваў сын дапамагчы, каб нікога не затрымліваць.
Стары не адразу, але пагадзіўся і даў яму ключы. Зрэшты, яго з жонкай чакалі іншыя калядоўшчыкі. Пазаносіць старыя важкія кажухі, вялікую зорку ды іншае, насамрэч, часу адымала. Каб хутчэй даць рады з усім, далучыліся да бацькі і Янка з Міланай, якой таксама трэба было пакласці на месца сваю маску і футра «казы».
Дзеці ўвайшлі ў невялічкае памяшканне, стаіўшы дыханне. Для іх гэта была не проста камора, а нешта загадкавае, таямнічы пакой. Хоць рэчы трэба было класці ў іншае месца, але, заходзячы, яны ўтаропіліся і не адводзілі вачэй ад старога грувасткага куфра і старадаўняга люстэрка, якое было фактычна сямейнай рэліквіяй. Усё было на сваіх месцах. Яны так заглядзеліся, што ледзьве не ўрэзаліся адзін у аднаго.
Э-гэй! Прачніцеся! вярнуў бацька сваіх зачараваных летуценнікаў у рэчаіснасць.
А потым паглядзеў на тую сцяну і прызнаўся:
Шчыра кажучы, мяне таксама ў дзяцінстве заварожвала гэтае люстра. Нешта ў ім ёсць, гэта нават цяжка перадаць на словах. Кажуць, што старажытныя люстэркі хаваюць у сябе шмат таямніц. Падумаць толькі, колькі нашых продкаў стаяла перад ім, глядзелася ў яго са сваімі думкамі, разважаннямі. Ёсць у гэтым нешта загадкавае, можа нават містычнае. Калі ўглядаешся ў гэтую бясконцасць Нездарма ж, напэўна, люстры лічаць парталамі ў іншыя вымярэнні.
Напэўна, пагадзіўся Янка. А табе дзеда нічога пра яго не распавядаў?
Не. Ды я неяк і сам не пытаў у яго. Прызнацца, колькі памятаю, яно заўсёды вісела ў каморы, а пускаць ён сюды нікога не любіць. Для яго гэта скарбніца, уласная тэрыторыя, дзе іншым знаходзіцца не пажадана. Амаль sancta sanctorum святая святых, як кажуць на лаціне. Хаця, па мне, дык нічога тут настолькі каштоўнага нямашака. Хіба, у куфры можа нешта і хавае. Ды наўрад ці ў нашага дзядулі ёсць штосьці насамрэч важнае
А калі дарагое сэрцу? Нешта асабістае, выказала здагадку Мілана.
Хо, гэтага тут з лішкам, усміхнуўся бацька, акінуўшы жэстам пажыткі.
Тут і напраўду, чаго толькі не было. І, зразумела, з большага дарагое да сэрца старога.
Бацька ўсё акуратна расклаў, асабліва далікатна абыходзячыся з каляднай зоркай, а Мілана тым часам клапатліва загортвала маску казы ў хустку, каб тая захавалася для наступных свят і яшчэ не на адзін год.
Добра, вы тут самі дапрыбірайцеся, а ў мяне таксама ўжо няма часу, апамятаўся бацька. Усе ўжо, напэўна, сабраліся, толькі я дагэтуль не. Як усё пакладзеце на месца, замкніце дзверы. Ключ аддасцё дзядулю, прамовіў ён спешна, агледзеўся па баках і хутка выйшаў.
Дзеці ўсё закончылі і сабраліся да дзвярэй. Але не маглі не затрымацца.
Бацька як у ваду глядзеў, менавіта партал.
Можа ён ведае што?
Наўрад ці. Ты ж чуў, дзеда ніколі тату не распавядаў пра люстэрка і не надта сюды пускаў.
Дык і з намі, лічы, тое ж.
Але з намі іншая гісторыя.
Ну так, маеш рацыю, сястрычка.
Яны выйшлі і замкнулі камору. Дарослыя ўжо акурат апраналіся.
Тата, на ключ, працягнуў руку Янка.
Вой, я ж кажу, аддай дзеду.
Тут акурат ён і выйшаў, было відаць, што спяшаецца.
Дзядуля!
Потым, мае даражэнькія. Зараз галоўнае нічога не забыцца.
Але
Так, дзеці, умяшалася маці. Мы будзем вельмі позна. Ежа на стале на кухні. Калі што яшчэ пажадаеце у лядоўні. Гарбату, мяркую, самі зробіце.
Так, не хвалюйся.
Да ночы не сядзіце. Яшчэ колькі часу і кладзіцеся, нас не чакайце.
Добра.
Дарослыя хутка сабраліся і адправіліся ў госці. Да ўсяго астатняга ім ужо не было справы.
Так. Усе сышлі. Мы адны. Ключы у нас, шматзначна ўсміхаючыся прамовіў Янка.
Нават і не думай.
А што там думаць? Мы толькі туды і назад. Праведаем сваіх сяброў і дадому.
Маці што сказала? Паесці і спаць.
Але Янка не супакойваўся. За сталом ён ізноў падняў гэтую тэму, але сястра была непахіснай у сваёй цвёрдасці.
Я таксама хачу туды трапіць. Але я не хачу падстаўляцца. Невядома, калі бацькі вернуцца. А што, калі раней, а нас не будзе? Уяўляеш сабе?
Ну глядзі сама. А там напэўна нехта некага чакае, пачаў Янка хадзіць кругом ды навокала.
Хто каго?
Каралевіч там быў адзін, падбухторваў яе брат. Ужо вельмі на цябе ён вока паклаў. А нехта яшчэ і саломінку на багатага жаніха выцягнуў
Вой, вой, надта ён мне патрэбны, аднеквалася дзяўчына, а сама тым часам знянацку пачырванела. Ды й, бадай, вырас ён ужо. Не забывайся, час там па-іншаму бяжыць.
Значыцца, і Цмок ужо вырас. Мо ўжо і лятаць здольны.
Вох, а вось яго б спаткаць я б насамрэч хацела.
Ды і Пугач там напэўна па нам засумаваў.
Усё, хопіць! Мяне гэтым не возьмеш. Будзе больш зручны момант, тады абавязкова наведаем. А зараз не будзем выпрабоўваць лёс. Вакацыі яшчэ доўгія, знойдзем час.
Час можа і знойдзем, але ці знойдзем ключы? Паразважай сама. Зараз яны ў нас, потым іх дзядуля забярэ не знойдзеш. І бацькі самі сказалі будуць вельмі позна. А гэта значыць, што можа і наогул дзесьці раніцай. І то добра, калі так. Думай.
Далей Мілана ела моўчкі. Падобна, што яе брат меў рацыю. Яго аргументы гучалі даволі пераканаўча. Абставіны склаліся вельмі спрыяльна. І калі яшчэ выпадзе такі шанец, каб усё так выгодна супала, насамрэч не вядома. Ці будзе ён наогул?
Ну добра, я згодная! здалася нарэшце яна.
Брат адразу ж узбадзёрыўся і акрыяў! Акурат і падмацаваліся на дарогу.
Тады не будзем губляць часу!
Не будзьма!
Яны хутка накіраваліся ў пакой збіраць рэчы, і менш чым праз пяць хвілін былі ўжо гатовыя. Праз плячо ў Янкі вісеў бінокль, у кішэнях ляжалі крэсіва і ліхтарык, а ў руках ён трымаў «ключы ад партала» драўляныя крыжык і падкову. У Міланы на шыі вісеў чароўнай прыгажосці кулончык, а ў валасах бліскала дыядэма. Ды так па дробязі сяго-таго прыхапілі перакусіць, бінт, усялякае ж у дарозе можа здарыцца. Адзінае што, у пярэднім пакоі яны задумаліся: а што апранаць?
Як думаеш, а там зараз таксама зіма? разгубілася ў апошнюю хвіліну Мілана.
Па мне, дык там, здаецца, зімы наогул ніколі не бывае.
Можа, нам папросту шанцавала?
Магчыма і так. Зробім вось што курткі апранаць не будзем, а як і там будзе зіма, то папросту вернемся па іх.
Згодная.
На тым і сышліся. Падрыхтаваўшыся да чарговага падарожжа, Янка ўставіў ключ у дзверы каморы.
Хвалюешся? спытаў ён сястру.
У адказ яна толькі ўсміхнулася і адмоўна паматала галавой. Безумоўна ж, яны хваляваліся абое. Папросту не хацелі гэта паказваць. Дзверы адчыніліся, хлопец ўвайшоў і запаліў святло. За ім прайшла і сястра.
Ну што, хто першы? усміхаючыся, спытаў брат.
Вядома ж ты! Мог і не пытацца. Ключы ж ад партала ў цябе.
Ну так.
Янка ўзлез на куфар і правёў па раме люстэрка.
Нават дрыжыкі па руцэ пабеглі.
Давай ужо, смялей! падбадзёрвала Мілана.
Хлопец уставіў крыжык у герб, і па пакоі прабегся лёгкі ветрык. Брат з сястрой нават спалохана азірнуліся, але прыгадалі, што так было і ў мінулыя разы, і супакоіліся. Пасля таго, як была прымацаваная і падкова, крыжык выехаў на шрубе са шчыта.