Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд - Алег Грушэцкі 3 стр.


 Гатовая?

Дзяўчына толькі згодна кіўнула ў адказ і напружылася ў чаканні. Янка павярнуў крыжык, і па раме пранёсся трэск. Юнак трохі адсунуўся ў бок, ад бяды падалей, і тут жа шкло абсыпалася дробнымі аскепкамі ўніз, знікаючы недзе за рамай люстэрка. Брат падаў руку і дапамог сястры падняцца на куфар. Затым смела рушыў у цемру, што цяпер утварылася на месцы люстра, і знік. Мілана насцярожана ўслухоўвалася ў пустэчу. Было толькі глуха чуваць, як ён недзе выскачыў.

 Ну як там?  хвалявалася дзяўчына.

 Ды нармальна ўсё! Давай сюды!

 Гэта добра! Але ці не холадна там?

 Ды не, падобна што тут лета!

 Лета? Хм! Гэта ўжо файна.

І яна, больш ні хвіліны не вагаючыся, рушыла ўслед за братам. Зехаўшы долу, яна вылецела праз праём і зноў апынулася на той самай паляне, з якой і пачыналіся іх мінулыя падарожжы. Трохі ў баку стаяў Янка, аглядаючы наваколле. Гэтым разам ён не быў у рыцарскіх даспехах, зрэшты, і не браў іх. Але і без таго выглядаў досыць шляхетна яго абутак змяніўся на сафянавыя боты, звычайны швэдар на лёгкі, але прадстаўнічы шляхецкі жупан, падвязаны ядвабным поясам. У такім выглядзе хоць зараз да двара не сорамна. Мілана ўстала, атрэслася, і ацаніла свой выгляд, які таксама перайначыўся як і калісьці ўсё той жа ўпелянд, упрыгожаны залатой вышыўкай, толькі іншага адцення, і цяпер паверх яго звісалі дарагія жамчужныя каралі. Дзяўчына прыгадала, што ў яе на шыі былі сціплыя пацеркі, зусім танныя, так, драбяза. Але ж цяпер! Пра такія яна нават і не марыла. І, вядома ж, давяршала вобраз шыкоўная дыядэма з пералівістымі ў промнях сонца дыяментамі.

 Што ж, годна,  засталася яна задаволенай.  Хаця, для падарожжа можна было лепей застацца і ў тым, у чым былі, падсумавала яна, ужо ведаючы, як нялёгка ў гэтым строі прабірацца скрозь лес.

Затым яна азірнулася навокал. У пары года Янка, напэўна, трохі памыліўся. Холадна не было, але і да лета не надта было падобна. Хутчэй ранняя восень, бо некаторае лісцё пазалацілася ўжо. І спёкі летняй не было, адчувалася лёгкая свежасць.

Паляна выглядала крыху іначай. Гэта была дакладна яна, хіба толькі з цягам часу злёгку зарасла хмызнякамі. Але валун быў па-ранейшаму на сваім месцы. Да яго Мілана адразу і накіравалася. Час адбіўся і на камені бакі пачалі зелянець, месцамі пакрыўшыся імхом. Мілана пільна агледзела валун з усіх бакоў і сумна ўздыхнула:

 Нямашака.

 Ты пра вужаку?

 Пра яго.

 Спадзявалася ўбачыць?

 Хацелася б.

 Так, няблага было б. Ён бы хоць распавёў, што тут ды як. Цікава, чаго нам чакаць гэтым разам? Гэтыя змены краявідаў мяне калі не палохаюць, то прымушаюць думаць усё, што заўгодна.

 Гані дурное з галавы. Усё мусіць быць добра. Усіх злых ведзьмакоў пазбавіліся, цяпер у каралеўстве павінен панаваць мір ды спакой. Весялей, братка!

 Добра, калі так. Але ж колькі нас не было, што ўсё так пазарастала?

Мілана задумалася на хвілінку, разважаючы.

 Ды гадоў дзевяць-дзесяць, мяркую.

 Магчыма. Змянілася ўсё заўважна. Хочацца спадзявацца, што толькі тут.

 Будзем у гэта верыць.

 Што ж, можам нават праверыць. Мяркую, гэтым і зоймемся.

 Зрэшты, нездарма ж мы ізноў тут. Ну што, у дарогу?

 Рушым!

І яны ўжо накіраваліся наперад, але раптам Янка задумаўся.

 Ага, рушым. А куды?

 Насамрэч!  усміхнулася Мілана.  Мо да Пугача, як звычайна?

 З аднаго боку адведаць трэба абавязкова. А што, калі яго не будзе ў сябе?

 Як так?

 Калі ў каралеўстве запанаваў спакой, ён і да замку мог перабрацца. Бадай, у гадах ужо, цяжка жыць аднаму.

 Магчыма, ты маеш рацыю. Хаця, гэта малаверагодна.

 Чаму?

 Ды не пакіне ён сваю бібліятэку, яна для яго найкаштоўнейшы скарб.

 Ну так, лагічна.

 Але і рызыкаваць марна не хацелася б. Шлях да яго няблізкі, а заспеем пугача ці не, насамрэч невядома.

 Вось і я пра тое. І да замка значна бліжэй. Калі там усё добра, мы гэта, мяркую, і здалёк убачым. А там ужо, і чым каралеўства дыхае, даведаемся.

 Згодная, давай зробім па-твойму. А там будзе бачна.

 Тады хадзем?

 Наперад, вандроўнік!

І яны скіраваліся праз лес у бок замка. Дарога не падавалася надта цяжкай, у адрозненні ад паляны, тут не так усё пазарастала. Да таго ж, іх падганяла прага як мага хутчэй убачыць старых знаёмых і жаданне спраўдзіць, ці не адбыліся якія змены за гэты час. Але ў пэўны момант Янка знянацку спыніўся і насцярожыўся. Прыслухалася і Мілана. Аднекуль пучуўся шолах і лёгкае храбусценне галінак. Зусім блізка.

 Злыдні?  выказала здагадку дзяўчына.

Хлопец толькі паціснуў плячыма, і яны хуценька схаваліся за дрэвы. Якое ж было іх здзіўленне, калі з-за хмызняку выбегла сямейка вожыкаў. Дзеці гатовыя былі нават рассмяяцца з таго, што сабе надумалі, але выдаваць сябе не хацелася. Пырхаючы і пасопваючы, купка калючых клубочкаў прашамацела на кароценькіх ножках усяго ў якіх метрах пяці ад іх і знікла ў гушчары лесу.

 А ты ведаеш, што вожык гэта насамрэч пацук, які не пагаліўся,  пажартаваў Янка.

 А чаму не пагаліўся?

 Ясная справа каб котцы не спадабацца і каб тая не зела.

Мілана ўсміхнулася, і яны рушылі наперад. Далейшы шлях пралягаў без здарэнняў. Хіба толькі, на самым ускрайку лесу, калі ўжо пабачыўся прасвет, яны пачулі дзіцячыя галасы. Гэта мясцовыя дзяўчынкі забраліся так далёка ад сваёй вёскі, збіраючы грыбы-ягады. Убачыўшы незнаёмцаў у дарагіх строях яны разгубіліся. Сустрэць у гэтакай глухмені шляхетных асоб яны дакладна не чакалі. Дзяўчыны напачатку выхавана павіталіся, а потым чамусьці вырашылі адысці на адлегласць, і ўвогуле заспяшаліся, відаць у бок сваёй хаты.

 Спужаліся нас, ці што?  дзівілася Мілана.

 Дык не такія ж і страшэнныя мы.

 А з іншага боку незнаёмцаў трэба сцерагчыся, таму ўсё правільна.

Нарэшце яны выбраліся з лесу. Перад імі распасціралася вялізнае поле, за якім удалечыні быў ужо бачны і замак. Яны спыніліся і агледзеліся. На полі не было відаць людзей, што было трохі нечакана. Але не назіралася і ваўкалакаў, як калісьці, і гэта ўжо цешыла ды было добрым знакам. І брат з сястрой смела закрочылі да сваёй мэты.

Яны выйшлі на галоўную дарогу і накіраваліся ў бок брамы. Выпадковыя мінакі не звярталі на іх асаблівай увагі, бо здалёк яны маглі нагадваць якіх-небудзь купцоў, што былі тут звыклымі. А можа і выхавана імкнуліся не разглядаць чужаніцаў, бо пільныя позіркі не кожнаму прыемныя. Ды й, калі шчыра, у твар не кожны іх ведаў, хоць і чулі пра іх у каралеўстве, безумоўна ж, усе. Хіба толькі дыядэма Міланы прымушала задумацца, што гэтая юная спадарыня мае вельмі шляхетнае паходжанне.

Брат і сястра дайшлі да моста, які быў узведзены праз раку перад брамай, і тут іх сустрэлі першыя вартавыя. Убачыўшы няпростых падарожнікаў яны ўзрушыліся. А можа нават і пазналі іх. Калі хто з ваяроў прымаў удзел у бітвах, то мог і бачыць уласна герояў каралеўства.

 Ваша Высокасць! Радыя вас вітаць! Ці можам вам чымсьці служыць?

Было відаць, што яны калі не напалохаліся, то не на жарт усхваляваліся. Ніхто, зрэшты, не чакаў такіх высокіх гасцей, не было раней і папярэджанняў.

 Дзень добры!  павіталася Мілана ў адказ.  Мы б хацелі даведацца, а ці ў замку кароль Мацей?

 Так, вядома. У яго ўчора была важная нарада, сёння ён адпачывае.

 А ці можам мы яго пабачыць? Можна яму перадаць, што да яго прыйшлі

 Я ведаю, хто вы,  не даў нават скончыць вартавы.  Каралеўна Мілана і рыцар Янка, нашы высакародныя героі.

 Хм, але ж!  прыемна здзівіліся яны.

 Я зараз жа папрашу, каб даклалі аб вашым прыходзе. Зараз вылучу жаўнера, які вас праводзіць.

Як высветлілася, іх суразмоўца быў старэйшым па званні гэтай змены стражнікаў і хутка ўрэгуляваў усе пытанні. Ён паклікаў некалькі чалавек з ахоўнікаў, што стаялі на іншым канцы моста, бліжэй да брамы, і аддаў ім распараджэнні. Адзін з вартавых пабег дакладаць каралю пра прыбыццё важных гасцей, і яшчэ аднаму было загадана, каб адвёў іх да двара. І Мілана з Янкам, шчаслівыя, што ўсё так добра складаецца, рушылі за ім.

Змрочная і халодная гісторыя

З узрушанымі пачуццямі яны прайшлі скрозь браму і апынуліся на замкавым двары. Знешне тут не надта нешта змянілася, хіба толькі дэкарацыі нішто больш не нагадвала пра колішняе панаванне Семаргала. Але галоўнае, што звяртала на сябе ўвагу гэта насельнікі замка. Цяпер ва ўсіх былі па-сапраўднаму шчаслівыя твары, па якіх было відаць, што яны жывуць свабодна і дыхаюць на поўныя грудзі. А яшчэ значна больш было простага люду, які цяпер адчуваў сябе роўным з заможнымі панамі. Так бывае, калі законы ў краі працуюць для ўсіх аднолькава, і калі яго жыхары ставяцца з павагай адзін да аднаго. Не было больш пагарды і пыхі на тварах вяльможаў, а твар кожнага з мінакоў быў ветлівы і ззяў добразычлівасцю.

Там-сям стаялі лаўкі купцоў і рамеснікаў. Чаго тут толькі не было разнастайныя прысмакі на любы густ, ад якіх разгараўся апетыт, а яшчэ ганчарныя вырабы, кавальскія, ткацкія Мілане нават захацелася таго-сяго набыць, яна падышла да адной гандляркі і намервалася ўжо нешта прымерыць, але брат яе адцягнуў:

 А расплачвацца чым будзеш?

 Я маю грошы.

 Ты яшчэ картку прапануй.

І тут яна апамяталася, што мясцовых грошай у яе і насамрэч няма.

 А-ёечкі, і праўду,  усміхнулася яна.  Ну, не лёс.

І яны пайшлі далей за павадыром. Хутка яны былі перад вялікімі масіўнымі дзвярыма, абабітымі чаканкай ручной работы з медзі сапраўдны твор мастацтва.

 Рыцар Янка і каралеўна Мілана! Да караля!  прамовіў жаўнер да аховы і перад імі расчынілі ўваход.

Унутры былі шырокія парадныя мармуровыя сходы, якія вялі да троннай залы, якая таксама знаходзілася за дзвярыма, але ужо з дрэва, вельмі прыгожа распісанымі рознымі карцінамі, інакш і не скажаш.

 Рыцар Янка і каралеўна Мілана!  ізноў абвясцілі іх, але ўжо ўрачыста, і запрасілі ўвайсці.

У зале, на пэўным узвышшы, на раскошным троне велічна сядзеў кароль Мацей. Збоку стаяў даўгі стол, відаць, для баляванняў ці для прыёму высокіх гасцей, за якім сядзелі некалькі слынных рыцараў, сярод якіх дзеці адразу пазналі Мікалая, Рыгора і Прылепу. Здзіўляла толькі, што не было Вярнігары.

Юнакі паважліва схілілі галовы і накіраваліся да караля. Але той, нібы забыўшыся пра ўсе нормы прыдворнага этыкету, ускочыў з месца і сам хутка накіраваўся да іх.

 Да ліха ўсе цырымоніі!  усклікнуў ён узрушана.  Як жа я рады вас бачыць! Дайце ж я вас абдыму!

Дзеці нават трохі разгубіліся. А да іх ужо падарваліся і рыцары з-за стала, усцешаныя сустрэчы.

 Чаму ж вы без папярэджання? Я б учыніў сапраўдны баль у гонар вашага прыбыцця.

 Дык мы хутчэй так, праведаць,  усё ніяк не маглі адысці юнакі ад гэтак гарачай сустрэчы.

 Адно толькі ваша зяўленне для нас ужо свята!

Пасля караля дазволілі сябе расчуліцца і рыцары, кожны з якіх меў за гонар паціснуць руку Янку і схіліцца перад прыгажуняй Міланай, іх сапраўднымі героямі, якія ўжо некалькі разоў ратавалі каралеўства ад бяды.

 З якой жа мэтай ці з якой нагоды вы да нас завіталі? Ці можам вам чымсьці дапамагчы?

 Сумавалі па вас. Вось і вырашылі выправіцца ў шлях.

 І гэта правільна! Нам таксама вельмі вас не ставала. Гэта ж колькі мы не бачыліся? Гадоў дзесяць?

 Недзе так.

 Хм,  падзівіўся Мацей, аглядаючы Янку і Мілану, якія за такі час амаль не змяніліся. Хаця ў яго самога і валасоў сівых пабольшала, ды і рыцары, што тут прысутнічалі, былі ўжо не такімі маладымі. Але нічога не сказаў. Ды што гэта я?!  раптам спахапіўся кароль.  Вы ж з дарогі, пэўна, галодныя?

 Не без таго.

 Я ўжо распарадзіўся, зараз нам пададуць абед. Спадзяюся, вы не адмовіце нам у сціплым застоллі?

 Гэта з радасцю,  усміхнуўся Янка, страўнік якога даўно ўжо прасіў падсілкавання.

Усе расселіся, і па хуткім часе на стале зявіліся разнастайныя стравы. Наглядзеўшыся на гандлярскіх лаўках на прысмакі, яны гатовыя былі зесці ўсё, што прынеслі і папрасіць дабаўкі. Хаця стол і без таго быў багаты нават для рыцараў, што за ім сядзелі.

 Даўно мы ў вас не былі, пачаў размову Янка.  Дарогаю мы заўважылі, наколькі змяніліся твары ў мясцовых жыхароў. Бачна, што яны нарэшце адчуваюць сябе вольнымі і шчаслівымі.

 Так, мы прыклалі ўсе намаганні, каб народу жылося добра. Шмат чаго давялося змяніць, шмат чаго збудаваць, але тое прынесла свой плён. Калі народ шчаслівы, то і ўладар можа спаць спакойна,  усміхнуўся Мацей.  Калі кіруеш народам, найперш пра ягоны дабрабыт і трэба дбаць. Добра будзе жыць ён добра будзе і табе.

 Каб усе кіраўнікі так думалі. Вашаму народу з вамі пашанцавала.

 Спадзяюся. Зрэшты, ён таго варты, пасля столькіх гадоў прыгнёту і барацьбы за волю.

 Дарэчы, за гэты час, спадзяемся, больш ніякіх спроб напасці на каралеўства не было?

 Пасля таго, як апошнім двум захопнікам задалі чосу, іншым ахвочым нават думаць пра гэта перахацелася,  узрушыўся рыцар Мікола, прыгадваючы слаўныя часы недалёкай мінуўшчыны.

 Так, дыхту далі ім добрага,  пагадзіўся Рыгор.

 Гэта файна,  адобрыў тое Янка.  А як зараз у вашых суседзяў справы?

 Вы пра караля Сэнмура?

 Караля?

 Так, цяпер ён кароль у каралеўстве Вагорыя. І ў іх, на жаль, усё не так добра, калі не сказаць болей усё даволі кепска.

 Але што такога магло здарыцца?

 Віной усяму залішняе захапленне Семаргала чарадзействам. Кажуць, ён валодаў нейкай кнігай замоў, таму і быў такі магутны. Падобна, што ён знайшоў у ёй, як пры дапамозе свайго чарадзейскага кія выклікаць не толькі спусташальны агонь, але і як здабываць яго з нетраў зямлі, яшчэ больш страшны і знішчальны. Ён прыняў усе меры перасцярогі адправіўся ў горы, падалей ад забудоў, каб ніводнай жывой душы не было навокал. Але не разлічыў ён, якая скрышальная, разбуральная моц можа хавацца ў тым заклёне.

 Што ж там за заклён такі быў?

 Што за ён не ведаю. Але вядома, што намерыўся Семаргал выклікаць вогненную кроў зямлі.

Дзеці пераглянуліся паміж сабой.

 Напэўна, размова пра магму, як пры вывяржэнні вулкана,  выказаў Янка шэптам сваю здагадку Мілане.

 Вынік яго чарадзейства адчулі нават мы,  працягваў Мацей.  Зямля тады здрыганулася так, што скалыхнула месцамі і землі нашага каралеўства. Горы расчыніліся, і з расколіны хлынула нешта падобнае на расплаўленае ў пячы жалеза, якое сваім агнём жэрла ўсё на сваім шляху: дрэвы хутка ператвараліся ў попел, будовы не вытрымлівалі і ахопліваліся полымем, усё жывое адразу знікала. Гэта быў сапраўдны кашмар, жах, якога ніхто ніколі ў жыцці не бачыў. Але самае страшнае ён ніяк не мог спыніць гэтай бяды, бо цалкам не ведаў, як. Усё ягонае каралеўства апынулася пад пагрозаю, і прычынай таму быў толькі ён сам, яго небяспечнае захапленне. І калі ён асэнсаваў гэта, было ўжо позна спусташальная плынь, хай і не хутка, але вынішчыла добрую частку зямель.

 Як жа Семаргал даў рады?

 У тым і бяда, што даць рады з гэтым нават ён, з усімі сваімі ведамі і моцай, не мог. Каб уратаваць сваё каралеўства ён быў вымушаны звярнуцца да панны Маразанны. Вох, каб вы яе ведалі! Яшчэ больш злосная і бязлітасная вядзьмарка, чым сам Семаргал. Нават ён яе пабойваўся. Але не меў ён тады выйсця, хоць і невядома цяпер, што тады было б лепей. Каб ведаў ён, да чаго гэта прывядзе, мо і не звяртаўся б да яе.

 Такая страшная?

 Хутчэй магутная! Семаргалу агонь падуладны, а Маразанна ўсё, што пажадае у лёд ператварае. Што там казаць нават агонь у сілах калі не замарозіць, дык пагасіць сваім холадам. І сэрца ў яе, кажуць, ледзяное. А Волх, пагатоў, наогул ёй не раўня, і побач з ёй не стаяў. Яго магчымасці так, дзіцячыя забавы. Бо Маразанна не папросту вецер магла выклікаць, а такі ўраганны віхор, што рукі-ногі павыкручвае, ды шыі ўсім зломіць.

 Як жа яму собіла з ёй звязацца?

 Нездарма ж кажуць як топішся, то і за вострую касу схопішся. Падобна, што не бачыў ён іншага выйсця ў той момант, вось і быў вымушаны дамаўляцца. Толькі дамова апынулася тая не танная.

Назад Дальше