Палескія рабінзоны - Янка Мавр 13 стр.


– У зямлі магло папсавацца ад вільгаці, а тут суха, бо бабры будуюць хату ў два паверхі, з якіх верхні заўсёды сухі і ніколі не заліваецца вадой. Акрамя таго, на зямлі кожны раз заставаўся б след, калі закопваць ды выкопваць. Гэта ж вялікае багацце!

– Якая карысць з гэтага? – сумна прамовіў Мірон. – Вось каб гэтыя панчохі можна было есці!

– Пачакай, можа, там яшчэ што ёсць?

Зноў засунуў Віктар руку.

– Ёсць! – крыкнуў ён і выцягнуў новы скрутак.

У ім былі перламутравыя гузікі.

– Ану іх да д'ябла! – вылаяліся хлопцы.

Далей – скрутак тонкага дарагога сукна.

– Ды тут цэлы магазін! – крыкнуў Мірон. – Ану, цягні яшчэ! Можа, кілбасы выцягнеш.

– Пастараюся, – адказаў Віктар і выцягнуў ужо нешта цяжэйшае. Гэта была скрынка, а ў ёй… два рэвальверы!

Радасць ахапіла хлопцаў.

– Во, гэта ўжо іншая рэч!

– Толькі ці ёсць да іх патроны? – сказаў Мірон.

– Знойдуцца! – упэўнена адказаў Віктар і зноў запусціў руку. Але на гэты раз нічога не дастаў.

– Навошта ж тады нам рэвальверы? – сумна прамовіў Мірон.

– Пачакай яшчэ. Пакой бабра часам мае больш за метр ушыркі. Я ж не мог дастаць рукой ва ўсе куты. Трэба пашырыць уваход.

І хлопцы ўзяліся за гэтую працу.

Калі разабралі «столь», дык знайшлі яшчэ скрынку з двума рэвальверамі, некалькі бляшанак з патронамі, зноў скрутак з нейкай замежнай галантарэяй і, нарэшце, чатыры маленькія шасцісценныя каробачкі. Яны былі моцна зроблены з суцэльнага металу і толькі на канцы мелі шрубку.

– Фю-і-і! – засвістаў Віктар. – Тут ужо пахне больш сур'ёзнай справай. Гэта ж піраксілінавыя шашкі!

– Ого! Пакажы! Пакажы! – схіліўся Мірон. – У такім разе тут не проста кантрабанда, а нешта горшае.

– Так, – пацвердзіў Віктар. – Значыцца, нашы «збаўцы» не толькі кантрабандысты, але і дыверсанты. Нездарма мяжа адсюль за кіламетраў трыццаць. А вось яшчэ нейкія паперы.

Хлопцы пачалі разглядаць незразумелыя лісты, напісаныя лацінскімі літарамі, але ніводнага слова не маглі зразумець.

– Відаць, шыфраваныя, – здагадаліся яны.

І, нарэшце, карта Беларусі з рознымі, таксама незразумелымі адзнакамі: крыжыкамі, рыскамі, кружочкамі.

– Тут сапраўдны штаб! – задуменна прамовіў Віктар. – Цяпер я добра разумею, чаму яны хацелі нас загубіць.

– У такім разе і мы арганізуем свой уласны штаб ды абмяркуем, што з усім гэтым багаццем рабіць, – сказаў Мірон.

Пытанне было складанае. Узяць усё сабе – немагчыма. Як цягацца з гэтым дабром, калі невядома яшчэ, як яны самі выкруцяцца з бяды. Знішчыць? Шкада, усё ж такі рэчы каштоўныя. Апрача ўсяго, і тое і другое рызыкоўна: калі бандыты прыйдуць і заўважаць, што склад іх знойдзены, дык адразу здагадаюцца, у чым справа, і пачнецца такое паляванне, ад якога не схаваешся. А хлопцам трэба было ціхенька сачыць, каб выведаць дарогу. Значыцца, у першую чаргу трэба зрабіць так, каб не было відаць, што сховішча знойдзена. А хлопцы ўзялі ды разбурылі хатку.

– Што ж мы з табой нарабілі? – сумна сказаў Віктар. – Зноў памылка! Калі ж будзе канец ім? Цяпер зноў прыйдзецца будаваць хату!

– Відаць, прыйдзецца, – адказаў Мірон такім тонам, нібы ён адзін быў у гэтым вінаваты. – Але спачатку зробім вось што: возьмем два рэвальверы, насыплем у скрынкі пяску і паставім назад; гэтак жа зробім і з патронамі; барахло пакінем усё цалкам, а паперы возьмем з сабой, бо яны замінаць не будуць. Калі мы выратуемся, тады даставім каму належыць каштоўныя паперы. А хатку нам усё ж прыйдзецца аднаўляць. Кожны раз новыя здарэнні, таму і нельга ўсяго прадугледзець.

Віктар згадзіўся з гэтым планам, толькі ўнёс адну папраўку: узяць усе чатыры рэвальверы.

– Гэта ні ў якім разе не пашкодзіць, а можа, і спатрэбіцца, – дадаў ён.

Мірон не пярэчыў.

Пачалі ўпарадкаваць рэчы.

Калі з адной бляшанкі выбралі патроны, Мірон сказаў:

– А бляшанку адну трэба ўзяць сабе. Яна можа служыць замест гаршка.

– Правільна! Тады не трэба будзе больш важдацца з гэтым праклятым чарап'ём.

У апошні момант, калі пачалі былі закладваць гняздо, заўважылі ў галлі новую рэч. Гэта быў кінжал у ножнах. Гэтая знаходка ўсцешыла хлопцаў больш, як усё папярэдняе.

– Гэты нож нібы спецыяльна пакладзены для нас! Яны, можа, так сабе, на кожны выпадак, сунулі яго, а для нас якое шчасце! – цешыўся Мірон.

– Дай Бог ім здароўя на тым свеце! – прамовіў Віктар.

Калі ўпарадкавалі рэчы, пачалі рамантаваць хатку. Трэба было зрабіць акурат так, як было раней, а гэта аказалася вельмі нялёгкай справай. Сувязь між галлём была парушана; выходзіла звычайная куча ламачча, а не бабровая хатка.

– Ах, каб на цябе ліха! – злаваў Віктар. – Ніколі не думаў, што давядзецца будаваць бабру хату.

– Ды яшчэ акурат так, як яны, – дадаў Мірон. – Не, гэтак нікуды не варта! Разбурай зноў. Няма чаго спяшацца. Рызыкоўна. Трэба прыгледзецца, як яны будуюць, і пачаць спачатку, па галінцы.

– Вось не было яшчэ бяды! – бурчаў Віктар. – Гэтак увесь дзень патрацім.

– Але ад гэтай працы залежыць нашае жыццё, – сурова сказаў Мірон.

– Эх, каб можна было папрасіць баброў, каб яны самі дабудавалі, – уздыхнуў Віктар.

І, набраўшыся цярплівасці, хлопцы ўзяліся за працу павольна, метадычна. Некалькі разоў пачыналі спачатку, адыходзілі, прыглядаліся, зноў папраўлялі. Адным словам, сапраўды патрацілі бадай увесь дзень, пакуль зрабілі так, як было спачатку.

«Дадому» вярталіся ўзброеныя да зубоў. З аднаго боку – рэвальвер, з другога – рэвальвер, ды яшчэ кінжал у дадатак.

– Вось калі дапамаглі нашы ваенныя заняткі ў гуртку! – казаў Мірон. – Без гэтага не толькі не ведалі б ніякіх там піраксілінаў, але і рэвальвера не ўмелі б у руках трымаць.

– А цяпер толькі давай сюды бандытаў, – усіх перастраляю! – храбрыўся Віктар. – Хай бы цяпер трапіўся які звер.

– Ну-ну! З рэвальверам на паляванне не ходзяць. Ці пацэліш ты хоць вунь у тое дрэва?

– Ану, давай! – з запалам крыкнуў Віктар.

Стрэлілі яны па тры разы, а трапіў толькі адзін раз Мірон. Віктар аж пачырванеў ад сораму.

– Давай яшчэ! – гарачыўся ён.

– Калі ты гэтак будзеш гарачыцца, дык ніколі не патрапіш, – павучальна сказаў Мірон. – Гэта табе не стрэльба. Каб з рэвальвера навучыцца страляць на далёкай адлегласці, трэба доўга практыкавацца. А нам хопіць і гэтага. У бандыта зблізку трапім.

– Але ж трэба папрактыкавацца, патронаў хапае, – настойваў Віктар.

– Я баюся, што нашы стрэлы могуць пачуць гэтыя самыя бандыты. Хто іх ведае, дзе яны жывуць, дзе бадзяюцца! Можа, блізка.

Гэтая заўвага пераканала Віктара.

Хоць сённяшні дзень быў і зусім галодным, але хлопцы паляглі спаць у самым бадзёрым настроі. Ім здавалася, што з рэвальверамі ім галадаць болей ужо не прыйдзецца.

Калі яны паляглі, Віктар сказаў:

– Ведаеш што? Цяпер я ўжо разумею, чаму баброў гэтых шануюць, берагуць, бароняць. Яны ж надзвычай карысныя для чалавека! Гэта ж яны нас выратавалі тады ад смерці! Яны цяпер нам і зброю далі.

– Застаецца толькі папрасіць іх, каб вывелі нас адсюль, – адказаў Мірон пазяхаючы.

XIX

Прачнуліся яны з такім пачуццём, нібы ліхія гадзіны ўжо скончыліся. Цяпер і зброя ў іх была, і дасканалы нож, і добрая пасудзіна. Можна было ўжо сапраўдны абед згатаваць. А як жа яны знудзіліся па гатаванай страве! Усё было добра, толькі… не было чаго гатаваць. Другі дзень яны нічога не елі.

Але настрой быў бадзёры і вясёлы.

– Цяпер ужо малая бяда! – казаў Віктар. – Ідзём на паляванне!

З рэвальверамі ў руках яны пайшлі ў лес. Прабадзяліся гадзіну, другую, а страляць не было ў каго. Скакалі па дрэвах вавёркі, але не пра такую дзічыну думалі паляўнічыя, ды каб і падумалі, – з рэвальвера не застрэлілі б. Бачылі на дрэве яшчэ адну жывёлу, якую Мірон палічыў за гарнастая, але Віктар растлумачыў, што гэта куніца.

– Бачыш, яна куды большая, колер цямнейшы, на шыі жоўтая пляма, морда вастрэйшая, – адным словам, падабенства мала.

Каля балота спудзілі качак, але таксама страляць не было чаго і думаць. Недзе далёка мільгануў заяц. А нашы паляўнічыя толькі лыпалі вачыма, гледзячы на гэтую дзічыну.

– Вось табе і зброя! – злосна зірнуў Віктар на свой рэвальвер.

– А ты што думаў? – сказаў Мірон. – У такіх выпадках і са стрэльбы не надта трапіш.

– Пойдзем да дубоў, можа, зноў дзіка ўбачым, як тады. Калі пусціць у яго дождж куляў з абодвух рэвальвераў, дык можна і забіць.

– Рызыкоўная справа, – пакруціў галавою Мірон.

– Усё-такі лепш, як з голаду пухнуць.

Але не так лёгка ўбачыць дзіка, як хацелася. Хоць і меў гэты кут права называцца звярыным, але не на кожным кроку можна было стрэць звяроў. Тым болей што абодва астравы складалі разам вельмі значную прастору, на якой усім хапала месца. Нават да гэтага часу заставалася яшчэ, прынамсі, палова плошчы, якой хлопцы не наведвалі.

Нарэшце нашы паляўнічыя павінны былі вярнуцца да сваёй «пашы». Са зброяй у руках яны сталі збіраць шчаўе, грыбы, аер і іншую спажыву. Злавілі яшчэ дзвюх жаб.

– Гэта ж сорам! – абураўся Віктар. – З рэвальверамі лавіць жаб.

– Ніякага сораму тут няма, – спакойна прамовіў Мірон, – калі нават адзін паэт пісаў:

Выйшаў я на сенажаць

Ды з нагана ў жабу – бац!

– Мусіць, ён таксама быў галодны, як і мы, – засмяяўся Віктар.

Прахадзілі ўвесь дзень, а прынеслі дадому толькі адны грыбы. Але затое згатавалі іх па-гаспадарску: у бляшанцы, з вадой, з соллю. А замест лыжак скарысталі тыя гліняныя чарапкі, што калісьці ляпілі.

Так пражылі яны яшчэ пяць дзён. Як на смех, гэтыя дні, калі таварышы былі добра ўзброены, былі для іх самымі цяжкімі за ўвесь час жыцця на востраве. Яны нават дайшлі да таго, што адважыліся пакаштаваць хрушчоў. Пасля жаб гэта было ўжо не страшна…

Нарэшце хлопцы зноў парашылі забіць бабра і пайшлі да іх паселішча. Але проста забіць ці злавіць не было магчымасці, а разбураць другую хатку яны не адважыліся: добра, каб напэўна злавілі, дзеля гэтага яшчэ можна папрацаваць, а калі не?… Тады давялося б дарэмна не толькі разбураць, але і зноў папраўляць хатку, бо пакідаць слядоў па вядомай прычыне нельга было. У дадатак да ўсяго, хлопцы прыпомнілі, што і наогул нядобра было б крыўдзіць сваіх сапраўдных дабрадзеяў.

І яны зноў пайшлі бадзяцца.

З кожным днём хлопцы слабелі ўсё болей і болей. Разам з гэтым псаваўся і ўвесь іх настрой. Часта ў іх наогул ніякага настрою не было – ні добрага, ні кепскага, – а так, нейкая абыякавасць.

Ім здавалася, што яны гэтак усё сваё жыццё бадзяюцца і будуць век бадзяцца; яны забываліся на свой дом, на тое, што павінны прыйсці бандыты і надыходзіць рашучы момант.

Нарэшце аднаго разу Віктар заўважыў, што ўвечары ён чамусьці пачаў дрэнна бачыць. Дзівіўся, цёр вочы – нічога не памагала.

– Што гэта такое можа быць? – ламаў ён галаву.

– Гэта, мусіць, курыная слепата, – сказаў Мірон. – Яна бывае тады, калі чалавек марнее ад дрэннага харчавання.

Яны ўжо і хадзіць не мелі ахвоты. Часам па некалькі гадзін ляжалі нерухома.

Аднаго разу яны гэтак ляжалі пад кустом на палянцы і мутнымі вачыма пазіралі навакол. А дзень быў ясны, прыгожы. Уверсе шчабяталі птушкі, унізе гулі розныя мухі, жукі, мільгалі матылі.

Раптам па-за кустамі ціхенька хруснула. Уздрыгануліся хлопцы, азірнуліся: у кустах стаіць казуля, зграбная, прыгожая. Задраўшы галаву з невялікімі рагамі, на якіх было па два атожылкі, яна скубла маладыя парасткі, і на шыі яе відаць была белая пляма. Кожны момант яна азіралася, уздрыгвала і была гатова знікнуць.

Умомант ад млявасці ў хлопцаў і следу не засталося. Яны захваляваліся, напружыліся. Кожны з іх добра ведаў, што ад гэтага можа залежаць іхняе жыццё і што яны маглі страляць цяпер з падпоры, а гэта была ўжо зусім іншая справа.

– Асцярожней, асцярожней! – шаптаў Віктар, бо памятаў, як Мірон у той раз зачапіўся і паляцеў. Але Мірон сам добра разумеў адказнасць моманту.

– Цаляй добра, не спяшайся! – даваў загады Віктар. – Страляць па камандзе.

Віктар даў досыць часу, каб прыцэліцца, і шапнуў:

– Плі!

Грымнулі стрэлы, падскочыла казуля і кінулася ў лес. Наткнулася на дрэва, захісталася.

Хлопцы ў бяспамяцці ўскочылі і кінуліся за ёю. Казуля хісталася і спатыкалася, але бегла наперад; хлопцы ледзь паспявалі за ёй. Звалілася яна, ускочыла, зноў пабегла. Зноў звалілася.

Хлопцы былі побач ужо і скончылі яе пакуты адзіным стрэлам. З якой радасцю глядзелі яны на першы вынік свайго «сапраўднага» палявання!

Казуля ляжала на баку, выцягнуўшы тонкія ногі.

– Самец! – сказаў Віктар. – Самкі не маюць рагоў.

Цяпер іх ужо не палохала далейшая праца: яны мелі дасканалы нож. Мігам разабралі жывёліну і ўрачыста вярнуліся дадому з мясам і скурай.

Зажылі нашыя героі «па-людску». Нават страву маглі згатаваць у бляшанцы ад патронаў. Ажылі хлопцы, павесялелі. Прайшла ў Віктара і курыная слепата. І ўжо не абыякавымі вачыма глядзелі яны навакол і на сваю будучыню.

XX

Нарэшце надышоў час, калі трэба было распачынаць падрыхтоўку: надаць жыллю акурат такі выгляд, які яно мела раней, калі былі тут бандыты, агонь загасіць, а самім выбраць другое месца, дзе яны будуць сядзець і чакаць. Месца гэтае павінна быць не на віду і разам з тым такое, адкуль добра сачыць за ворагамі. Вядома, увесь гэты час раскладаць агню ім будзе нельга. Значыцца, трэба назапасіць смажанага мяса.

Па іх меркаваннях, два тыдні павінны былі скончыцца паслязаўтра, але гэта не значыла, што бандыты акурат прыйдуць у гэты дзень. Яны маглі з'явіцца і раней, а больш магчыма, што пазней. Невядома, колькі часу прыйдзецца сядзець і пільнаваць. А як быць з агнём?

– Пойдзем спачатку знойдзем сабе месца для назірання, а там пабачым, што рабіць, – пастанавілі хлопцы і пайшлі на другі востраў.

Востраў быў вялікі. Калі спыніцца каля берага, то будзеш бачыць толькі гэтую частку, а бандыты могуць перабрацца зусім у іншым месцы. Калі выбраць назіральны пункт у глыбіні вострава, дык наогул берага не будзеш бачыць.

– Нельга спадзявацца, – разважаў Мірон, – што мы акурат убачым, кудой яны прыходзяць, і ўцячом, пакінуўшы іх тут. Трэба меркаваць, што мы раней убачым іх тут, будзем сачыць, як яны пойдуць назад, і выберамся ўжо следам за імі. Таму я прапаную выбраць месца як мага бліжэй да бабровых хатак, куды яны, безумоўна, павінны прыйсці.

– Я ўпэўнены, – казаў Віктар, – што яны пераходзяць у тым месцы, дзе мы заўважылі нібы кладку. Толькі мы не ведаем, як гэта яны робяць. Калі там пільнаваць, мы гэта ўбачым.

– Але яно рызыкоўна, – не згаджаўся Мірон. – А што, калі не там? Тады яны могуць прыйсці і нават пайсці, а мы нічога і ведаць не будзем. А бадзяцца па лесе небяспечна: яны могуць раней заўважыць нас, як мы іх.

Віктару ўсё здавалася, што праход павінен быць там. Але, з другога боку, і разважанні Мірона былі слушныя. І Віктар пакуль што згадзіўся з ім.

На тым беразе, каля якога стаяла бабровая хатка, пачыналася высокая сухая града. Спачатку яна была вузкая і ішла ўздоўж бабровай ручаіны, а потым пашыралася і гублялася ў глыбіні вострава. На ёй рос прыгожы бор з рэдкімі стройнымі соснамі, а па баках ішлі зараснікі алешыны, арэшніку.

– Калі схавацца ў гэтым арэшніку, вось за той купінай, – казаў Мірон, – дык мы будзем бачыць усю гэтую граду. Яны абавязкова павінны прайсці па ёй, калі пойдуць да свайго склада.

– Месца добрае, – сказаў і Віктар. – Нам нават зручна будзе ісці па хмызняку за імі ўслед, бо па чыстым бары было б рызыкоўна.

Тут і вырашылі зрабіць назіральны пункт. Было крыху вільготна на зямлі, але хлопцы мелі дзве скуры.

– Давай зробім рэпетыцыю, – сказаў Віктар. – Я тут сяду, а ты прайдзіся па градзе і паглядзі, ці можна заўважыць.

Назад Дальше