Віктар сеў, а Мірон адышоўся крокаў на дваццаць убок. Арэхавыя сцябліны без галля дазвалялі досыць добра бачыць, што робіцца на градзе. А вось як адтуль?
– Ну, як? – нецярпліва запытаўся Віктар.
– Пачакай, – махнуў рукою Мірон і некалькі разоў прайшоўся ўзад і ўперад. Вярнуўшыся назад, ён сказаў: – Калі ведаць ці падазраваць, што там нехта ёсць, то заўважыць можна, а так, мне здаецца, не павінны звярнуць увагі, асабліва калі не рухацца.
– Ну і добра. А калі яны сунуцца, то ў нас жа ёсць чым сустрэць іх, – сказаў Віктар.
Калі скончылі з гэтай справай, пайшлі ўпарадкаваць свой лагер. Трэба было зрабіць усё так, як было раней.
– Раней тут рыба вісела, а цяпер – няма, – заўважыў Віктар.
– Гэта праўда, – задумаўся Мірон. – Дзе ж цяпер яе дастаць? Ты не памятаеш, колькі было?
– Рыбін з пяць. Але не можа быць, каб яны іх лічылі.
– Прыйдзецца тады павесіць некалькі рыбіных галоў і касцей. Можна ж падумаць, што іх птушкі падзяўбалі, жукі, чарвякі з'елі.
І яны пачалі развешваць рыбу.
– Каб хто-небудзь убачыў, што мы робім, – смяяўся Віктар, – то, напэўна, падумаў бы: здурнелі хлопцы.
А калі павесілі рыбныя рэшткі, то прыпомнілі: у будцы ж была яшчэ і палова зайца. Але з ім справа вырашалася прасцей: зайца лёгка мог дакончыць кожны драпежнік.
– Трэба толькі крыху касцей параскідаць навакол.
– А таксама ўбраць лішнія мядзведжыя і казуліны косці, – дадаў Мірон.
Упарадкавалі косці. Потым прыпомнілі яшчэ, што чарапашына павінна валяцца каля будкі, як кінуў яе той бандыт.
Нарэшце ўзяліся за вогнішча.
– Здаецца, прыблізна было гэтак, – казаў Мірон, калі раскладаў галавешкі.
– А я ўсё-такі пазнаў бы, што тут нехта гаспадарыў, – прамовіў Віктар.
– І кожны пазнаў бы, каб тады спецыяльна прыгледзеўся, – усміхнуўся Мірон. – Але дзеля гэтага трэба было ўжо тады ўсё ведаць і прадбачыць.
Цяжэй было вырашыць пытанне з агнём. Пагасіць вогнішча, безумоўна, трэба. Трымаць на сваім назіральным пункце агонь, безумоўна, нельга. Няўжо зусім адмовіцца ад яго?
– Гэта немагчыма! – ускрыкнуў Віктар. – Адмовіцца ад агню, потам і крывёю здабытага, сваімі рукамі выгадаванага, захаваўшага наша жыццё! Я нават збіраўся ўзяць яго з сабой дадому, бо ў нас зусім не такі агонь, горшы.
– Таму, што лёгка здабыты запалкамі, – дадаў Мірон.
Пасля досыць доўгага абмеркавання вынеслі такую пастанову: знайсці такі дзікі куток, куды ніякаму бандыту не было б ахвоты соваць нос, і такі густы, каб і зблізку нельга было заўважыць у ім ні агню, ні дыму. Там і захоўваць агонь. І туды пасля дзённай варты прыходзіць спаць.
Узялі свой гаршчок, палажылі гарачага вуголля і пайшлі. Трымаліся бліжэй да возера, улічваючы, што ў гэты бок бандытам няма сэнсу ісці. Тут былі мясціны, куды і самі хлопцы ні разу не завітвалі. Калі яны зайшлі ў гушчар, Віктар узяў у руку рэвальвер і сказаў:
– У гэтых нетрах можна яшчэ напароцца на якога-небудзь насарога.
А праз хвіліну пачуўся такі тупат і грукат, нібы сапраўды імчыцца насарог. Не паспелі хлопцы апамятацца, як на іх наляцела вялікая рагатая жывёліна. Яна выгіналася, падскаквала і, здавалася, хацела растаптаць нашых герояў.
Мірон кінуўся ўбок, гаршчок вываліўся з яго рук. Віктар падняў рэвальвер, але жывёліна зачапіла яго бокам, і ён паваліўся на зямлю, стрэліўшы ў паветра. А пасля гэтага стрэлу нешта мільганула над галавой і зашуршала з другога боку. Тупат жывёліны зрабіўся раўнамерным і паступова аддаліўся. А праз хвіліну зноў усё было ціха, як і раней.
Хлопцы асцярожна паднялі галовы.
– Што ты бачыў? – запытаўся Віктар.
– Вярблюда.
– Не, без жартаў.
– Мусіць, нейкі алень ці лось, але чамусьці з гарбом.
– А ці ведаеш ты, што мы цяпер зноў заслужылі падзяку ад дзяржавы?
– Завошта?
– За тое, што выратавалі ад смерці лася.
– Якім чынам?
– Гэта быў ніякі не горб, а рысь. Драпежніца ўскочыла ласю на карак і, напэўна, загрызла б яго, каб не мой стрэл.
– Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? – недаверліва спытаў Мірон.
– Хіба доўга зірнуць? Круглая кашэчая галава, кутасікі на вушах ды куртаты хвост – адразу можна пазнаць.
– Але ж, здаецца, і цябе зачапілі?
– Крыху штурханулі, але дарма: не кожнаму трапляецца так блізка пазнаёміцца з ласём.
– Вось табе і насарог! – засмяяўся Мірон.
– Толькі крыху не хапіла! – зарагатаў і Віктар. – Я цяпер ужо не здзіўлюся, калі сустрэнем і слана.
– Але наш гаршчок разляцеўся на кавалкі, – сказаў Мірон, збіраючы вугольчыкі.
– Тады спынімся тут. Калі тут жывуць такія звяры, дык, мусіць, гэта і будзе самае глухое месца.
Пад аховай шыракалапых елак расклалі яны вогнішча і доўга палілі, пакуль не набралася поўная яма жару.
– Заўтра яшчэ дадамо, а сёння пойдзем паспім апошнюю ноч у нашым родным будане.
XXI
Рашучы момант набліжаўся. Хлопцы хоць і храбрыліся, хоць і жартавалі, але кожны адчуваў, як унутры нешта дрыжыць. Ці прыйдуць яны ў гэты дзень? А можа, яны так сабе сказалі? А можа, прыйдуць праз тыдзень, праз месяц?
– Бывае ж на свеце так, што злейшых ворагаў прыходзіцца чакаць, як родных бацькоў! – злаваў Віктар.
– А можа, іх тут аж занадта набярэцца? Можа, у іх тут які бандыцкі з'езд прызначаны? – разважаў Мірон.
Як бы там ні было, а нічога не заставалася, як толькі чакаць.
На світанні пабеглі ў пушчу, падклалі ў свой запасны агонь дроў і са скурамі на плячах пайшлі на новае месца.
Ззаду застаўся асірацелы будан і халоднае вогнішча.
Забраліся ў свой арэшнік, парассцілалі скуры, натыкалі яшчэ сям-там галін, каб больш надзейна схаваць свой прытулак, і пачалі чакаць.
Спачатку ў іх было адчуванне, што бандыты вось-вось павінны з'явіцца. Але міналі гадзіна за гадзінай, усё ціха і спакойна было навакол, і хлопцам пачало ўжо здавацца, што іх «збаўцы» ніколі не прыйдуць.
Каля поўдня Віктар не вытрымаў:
– Чаго нам гэтак сядзець? Тэрмін жа яшчэ заўтра.
Не спадзяваўся і Мірон, што сёння прыйдуць, але ўсё-такі мільгала думка: а што, калі ўжо ідуць?
– Пачакаем яшчэ гадзіны са дзве і тады выйдзем.
Выседзелі гэтыя гадзіны і вылезлі. І неяк несвядома абодва адчулі задавальненне, што бандыты не прыйшлі: усё-ткі далей адсунуўся непрыемны час спаткання. Рэшту дня скарысталі, каб «папасвіцца», хоць і ўвесь час адчувалі сябе трывожна.
Назбіралі крыху грыбоў і пайшлі «на кухню», як казаў Віктар. Там згатавалі свае грыбы, павячэралі і засталіся нанач каля вогнішча.
Ледзь золак яны былі ўжо на сваім назіральным пункце. Зноў пачалося нуднае і напружанае чаканне. Зноў ішлі гадзіна за гадзінай, а ніхто не з'яўляўся. Цяпер яны ўжо не адважыліся пакінуць сваё месца сярод дня і даседзелі да вечара.
– Ах, каб хутчэй перастралялі гэтых бандытаў! – сказаў Віктар, вылазячы з засады.
– Што ты гаворыш?! – з жартаўлівым жахам крыкнуў Мірон. – Калі іх цяпер расстраляюць, то мы павінны будзем сядзець да зімы!
– Выбачай, забыўся, – засмяяўся Віктар. – Хай тады крыху пачакаюць. Але ж гэткае сядзенне горш за самую цяжкую працу! Пойдзем хоць чаю пап'ём. Вось, кажуць, бруснічнік можна ўжываць замест чаю.
– Гэта будзе вельмі дарэчы, – згадзіўся Мірон, і яны пачалі збіраць бруснічнік.
Але праз некалькі хвілін Мірон прыпыніўся і пачаў уважліва разглядаць сабраныя ім расліны.
– Слухай! – прамовіў ён нарэшце. – Гэта ж не бруснічнік!
– Чаму?
– Бачыш, вось з ніжняга боку ліста выціснута сетка, не такая, як у бруснічніку, ды і сцябло святлейшае.
– Па гэткіх дробных адзнаках судзіць нельга, – недаверліва сказаў Віктар.
– Шкада, што ён яшчэ не цвіце, тады можна было б знайсці маленькую розніцу ў кветках. А каб былі ягады, тады ўжо зусім нельга было б памыліцца. Ягады ўсярэдзіне маюць нібы муку, таму і завецца гэтая расліна мучніцай. Яна вельмі каштоўная і дае розныя лекі, чорную фарбу і дубільны матэрыял для апрацоўкі скур.
– Калі так, я цяпер гатоў шчыра шанаваць цябе і тваю батаніку. Вось каб напіліся гэткага чаю! Пэўна, здубянелі б. Давай лепш наломім малінніку. Гэта будзе карысней.
– Можна знайсці і сапраўднага бруснічніку.
– А няхай яго ліха возьме! Зноў натрапіш на якую мучніцу. Давай лепш простага малінніку.
Вярнуліся на сваю «кухню», выпілі чаю, згатаванага ў бляшанцы.
– Добры чай! – пахваліў Мірон. – Шкада толькі, што мёду болей няма.
– Гэта яшчэ паўбяды, – сказаў Віктар, – але вось мяса наша пачынае псавацца, хоць і печанае. Заўтра яшчэ сяк-так. А паслязаўтра будзе ўжо зусім дрэннае.
– А сушанае?
– Сушанае ўсярэдзіне не высахла.
– А ты не цягай заўсёды за сабой, а павесь тут.
Зноў правялі ноч каля вогнішча.
Трэці дзень прайшоў гэтак жа, як і папярэднія два, толькі напружанасць так змарыла іх, што абодва паснулі як забітыя. Спалі смачна да самага вечара.
Першы прачнуўся Мірон. Схамянуўся, ускочыў, нават спачатку не пазнаў, дзе ён і што з ім. Віктар хроп так, што чуваць было па ўсім лесе.
– Гэй ты, вартаўнік! – штурхануў яго пад бок Мірон.
– Га? Што? – усхапіўся той.
– Ці ведаеш ты, што хроп на ўвесь лес? Нашы госці на тым баку балота пачулі.
– А ты?
– І я таксама спаў. Гэта ж вар'яцтва! Нас маглі зарэзаць, як куранят.
– Я баюся, што яны, праклятыя, ніколі не прыйдуць, – пазяхаючы прамовіў Віктар.
– А ўсё-такі рызыкаваць нельга. Другі раз будзем спаць па чарзе.
І гэты дзень мінуў. І другі. І яшчэ адзін. І яшчэ…
Хлопцам было вельмі цяжка цярпець. Мяса псавалася ўсё болей і болей. А «пасвіцца» ўдзень не было як: трэба было сядзець і пільнаваць. Калі нават вылазілі да баброў па ваду, то ўсё здавалася, што вось зараз іх заўважаць. Адна ўцеха ды ратунак ад гнілога мяса – гарачы чай уночы.
З кожным днём напружанасць узмацнялася; ад кожнага трэску і шолаху хлопцы ўздрыгвалі, нібы ад электрычнай іскры. Гэтае безупыннае напружанне так знервавала хлопцаў, што яны зусім страцілі сон, зрабіліся панурымі і злоснымі. Усё гэта, разам з дрэнным харчаваннем і сядзеннем на месцы, аслабіла іх так, што ў іх часам кружылася галава, цямнела ў вачах, дрыжалі ногі. Папярэднія дні здаваліся ім ужо шчаслівымі ў параўнанні з цяперашнімі.
Часам хлопцам пачынала здавацца, што бандыты ўжо блізка. Яны нават чулі тупат ног і галасы. А праз хвіліну выяўляўся падман і прыходзіла перакананне, што сядзяць яны тут дарэмна, што ніхто і не думае сюды ісці.
– А можа, іх ужо злавілі і пасадзілі ў турму? – сумна казаў Віктар.
– Усё можа быць, – уздыхаў Мірон.
Мусіць, сваякі бандытаў гэтак не баяліся за іхняе жыццё, як нашы хлопцы.
– Але ж павінен хто-небудзь прыйсці па тавар? – разважаў Мірон. – Не могуць жа яны пакінуць сваё дабро.
– Могуць прыйсці і ўзімку, і на другі год, – адказаў Віктар. – А калі іх злавілі ўсіх, дык могуць і ніколі не прыйсці.
Пачуўся хруст. Хлопцы зноў напружыліся, зноў з'явілася надзея. Але гэта праціскаўся праз зараснік дзік. Цераз палянку было відаць, як ён спакойна і павольна капашыўся ў балоце.
– Вось добра было б стрэліць у яго! – заблішчаў вачыма Віктар. – Напэўна трапілі б. І мяса свежае было б.
Засвярбелі рукі і ў Мірона. Што будзе, калі кантрабандысты не прыйдуць? Тады давядзецца яшчэ горш галадаць, а між тым яны могуць зараз назапасіць мяса.
Але нарэшце ён пачаў даводзіць Віктару, што гэта будзе надта рызыкоўна:
– Ці можам мы напэўна сказаць, што яны не прыйдуць? Не. Ну, а калі прыйдуць, то мы загінем напэўна. І стрэл могуць пачуць, і сляды не паспеем знішчыць.
Дзік тым часам схаваўся за дрэвамі.
А ўначы, каля вогнішча, як яны шкадавалі, што не выкарысталі магчымасці! Яны паспелі б ужо разабраць і схаваць дзіка, былі б забяспечаны свежым мясам. А цяпер што будзе?
– Ох, ужо гэтая разумная асцярожнасць! – са злоснай насмешкаю сказаў Віктар.
Мірон засаромеўся. Ён адчуваў, што перамудрыў. Але каб абараніць сябе, перайшоў у наступ:
– А скажы шчыра: ці мог ты паручыцца, што яны сёння ані ў якім разе не прыйдуць?
– Вядома, паручыцца ніхто не можа, але…
– Пачакай. Значыць, можна было думаць, што яны прыйдуць?
– Ну, можна.
– А ты ведаеш, чым пагражала гэтая магчымасць?
– Ну, ведаю.
– Дык вось што: маленькая магчымасць загінуць – сур'ёзней за вялікую магчымасць пад'есці.
– Але ж у нас ёсць рэвальверы! – не здаваўся Віктар.
– А можа, там будзе дзесяць стрэльбаў? Рэвальверы спатрэбяцца тады, калі не будзе чаго іншага рабіць.
Віктар замаўчаў.
XXII
Так яны правялі ў чаканні чатыры дні. І гэтыя дні здаваліся ім самымі доўгімі і пакутнымі за ўвесь час іх жыцця на востраве. Яны праходзілі ў бяздзейнасці, а гэта і ёсць самая горшая пакута для жывога чалавека. На працягу дня яны, вядома, выходзілі са сваёй засады, але асцярожна, тулячыся ды азіраючыся, каб іх не маглі ўбачыць здалёк.
Такі напружаны перапынак быў не лепш за сядзенне і чаканне.
Пад вечар ішлі начаваць у пушчу да свайго вогнішча, спалі зусім не так добра, як у будане, а раніцою вярталіся на сваю «службу». І ўсё часцей задавалі сабе пытанні: «А што, калі яны зусім не прыйдуць? Або прыйдуць праз многа тыдняў? Няўжо ўвесь гэты час так сядзець? Неўзабаве скончацца рэшткі сушанага мяса, а тады што?»
У такім настроі прыйшлі яны на варту і ў пяты дзень раніцою. А праз паўгадзіны пачулі нейкі тупат.
Ішоў ён з таго боку, адкуль павінны былі з'явіцца «госці». У хлопцаў моцна-моцна закалаціліся сэрцы. Тупат набліжаўся, цяжкі, глухі; часам чуўся гучны трэск вялікай галіны. Але бачыць, хто ідзе, нельга было.
– Або атрад бандытаў, або слон! – прашаптаў Віктар.
Вось ужо нешта мільгае між дрэў, вялікае, чырвонае. Усё выразней, выразней…
– Зубр! – у адзін голас крыкнулі хлопцы.
Нейкі ўрачысты настрой ахапіў таварышаў. Яны бачылі жывога зубра, якіх у межах Савецкай Беларусі ўжо няма*. Перад 1914 годам у Белавежскай пушчы было яшчэ 400 зуброў, але за час вайны з іх засталося ўсяго толькі каля 20, ды і тых немцы вывезлі да сябе.
* Падзеі адбываюцца ў канцы 20-х гадоў XX стагоддзя.
– Якім жа чынам ён трапіў сюды? – дзівіўся Мірон.
– А ты не памятаеш, як некалькі часу назад пісалі ў нашых газетах, што ў нас бачылі аднаго зубра? Кажуць, што ён перабег да нас з Польшчы. Белавежскую пушчу польскія паны прадалі англічанам, і тыя сякуць і вывозяць лес. Трэба думаць, што немцы не паспелі вылавіць усіх зуброў да апошняга. Мусіць, хоць адзін застаўся. І вось цяпер, калі пачалі высякаць яго родную пушчу, ён і ўцёк да нас, дзе лес гэтак не нішчаць.
– Я гэта чытаў, але пасля таго больш нічога не было чуваць аб ім.
– І вось ён перад табою. Не дзіва, што яго тут ніхто не бачыў.
Магутны звер ішоў неяк трывожна. То спыніцца, то пачне нагамі рыць зямлю, то схіліць сваю галаву і пачне сапці. Плечы яго здаваліся нейкай скалой, за якой хавалася рэшта цела. Горб не толькі не шкодзіў, але, здавалася, упрыгожваў яго. Хлопцы ўявілі сабе, як павінен быў адчуваць сябе гэты зубр, адзін, без сям'і і таварышаў, далёка ад сваёй радзімы.
– Апошні зубр! – прашаптаў Мірон.
– Апошні! – адгукнуўся Віктар.
Раптам грымнуў стрэл!…
Зубр кінуўся ўбок, стаў на дыбы і зваліўся пярэднімі нагамі на калені. У гэты момант разлёгся другі стрэл…
Зубр паспрабаваў быў устаць, але захістаўся і ціха паваліўся на бок, нібы вялікі падсечаны дуб…
Хлопцы сядзелі, як скамянелыя. Яны не бачылі яшчэ людзей, але добра ведалі, хто гэта з'явіўся. Аднак уражанне ад смерці зубра было такое моцнае, што на момант яны зусім забыліся пра становішча, у якім самі знаходзяцца. Яны перажывалі гэтае забойства, як забойства чалавека.
– Падлюгі! – хацеў быў ускочыць Віктар, але Мірон моцна ўхапіў таварыша за руку і прымусіў сесці.