Я ламаў галаву над усёй гэтай чартаўшчынай, але нічога не мог прыдумаць.
Дык вось, упершыню, можа, за апошнія дзесяць год палац сустракаў гасцей. Запалілі плошкі над уваходам, знялі чахлы з люстраў, вартаўнік на гэты раз ператварыўся ў швейцара, узялі з навакольных хутароў яшчэ тры служанкі. Палац нагадваў нарумяненую бабулю, якая ў апошні раз вырашыла пайсці на баль, успамянуць маладосць і пасля легчы ў магілу.
Не ведаю, ці трэба апісваць гэты шляхецкі з'езд? Добрае і цалкам правільнае апісанне чагосьці падобнага вы знойдзеце ў Хвелькі з Рукшэніц, незаконна забытага нашага паэта. Божа, якія гэта былі вазкі! Старыя, з пакарабачанай скурай, зусім без рысор, з коламі ў сажань вышынёю, але абавязкова з лёкаем на запятках (у «лёкаяў» былі чорныя ад зямлі рукі). Якія гэта былі коні! Расінант здаўся б побач з імі Буцэфалам. Хударлявыя, з ніжняй губой, адвіслай, як чапяля, са з'едзенымі зубамі. Вупраж амаль з вяровак, затое там-сям на ёй блішчаць залатыя бляшкі, якія перакачавалі са збруі «залатога веку».
«Што гэта робіцца на свеце, людзі добрыя? Калісьці адзін пан ехаў на шасці конях, а зараз шэсць паноў на адным кані».
Увесь працэс панскага разарэння ў адной гэтай іранічнай народнай прымаўцы.
Берман-Гацэвіч стаяў за маёй спіною і адпускаў іранічна-далікатныя заўвагі наконт тых, хто прыбываў.
— Гляньце, якая свірэпа (свірэпаю ў беларускай мове ХVІ стагоддзя называлі клячу). На ёй, напэўна, хтосьці з Сасаў ездзіў: заслужаны баявы конь… А гэта паненка, бачыце, як апранулася: проста як фэст на святога Антонія. А вось, бачыце, цыганы.
«Цыганамі» ён назваў сапраўды дзіўную кампанію. На звычайным возе пад'ехаў да пад'езда самы дзіўны хаўрус, які мне даводзілася бачыць. Тут былі і паны, і паненкі, чалавек дзевяць, апранутыя страката і бедна. І сядзелі яны на возе густа, як цыганы. І полаг быў на чатырох палках, як у цыган. Не хапала толькі сабакі, які б бег пад коламі. Гэта быў заняпалы род Грыцкевічавых, якія качавалі з аднаго балю на другі і так, галоўным чынам, харчаваліся. Яны былі дальнімі сваякамі Яноўскіх. І гэта былі нашчадкі «барвянага ўладара»! Божа, за што караеш!!!
Пасля прыехала нейкая пажылая дама ў вельмі багатым колішнім аксамітным уборы, зараз даволі паношаным, у суправаджэнні худога, як бізун, маладога чалавека з яўна халуйскім тварам. Бізун пяшчотна прыціскаў яе локцік.
Яна надушылася такой дрэннай парфумай, што Берман пачаў чхаць, калі яна ўвайшла ў залу. А мне здалося, што замест яе нехта ўнёс у пакой вялікую торбу з удодамі і пакінуў яе тут на радасць акружаючым. Размаўляла дама з самым сапраўдным французскім пранонсам, які, як вядома, захаваўся на зямлі толькі ў двух мясцінах: у салонах Парыжа і ў засценку Кабыляны пад Воршай.
І другія асобы былі дзіўныя. Патрапаныя ці занадта гладкія твары, прагныя вочы, вочы замучаныя, вочы благальныя, вочы з вар'яцінкай. У аднаго франта вочы былі вялізныя і пукатыя, як у саламандры падземных азёр. Я глядзеў на цырымонію знаёмства (некаторыя з гэтых блізкіх суседзяў ніколі не бачыліся і, напэўна, не пабачацца больш — стары палац, можа, упершыню за 18 год бачыў такі наплыў гасцей). З-за дзвярэй гукі дрэнна даляталі да мяне, бо ў зале ўжо дудзела аркестра з васьмі заслужаных інвалідаў Палтаўскай бітвы. Я бачыў замасленыя твары, якія галантна ўсміхаліся, бачыў вусны, якія цягнуліся да рукі гаспадыні. Калі яны нахіляліся, святло падала зверху, і насы здаваліся надзіва доўгімі, а раты праваленымі. Яны бязгучна дрыгалі нагамі, схіляліся, бязгучна гаварылі, і ў іх вырасталі насы, пасля ўсміхаліся і адплывалі далей, а на іх месца плылі ўсё новыя, новыя.
Гэта было — як у жахлівым сне.
Яны выскаляліся, як выхадцы з магілы, цалавалі руку (і мне здавалася, што яны смокчуць з яе кроў), бязгучна адплывалі далей. А яна, такая чыстая ў сваім белым адкрытым плацці, толькі чырванела часам спіною, калі занадта палка прыпадаў да яе рукі які-небудзь наваяўлены донжуан у абцягненых панталонах. Гэтыя пацалункі, як мне здавалася, пэцкалі яе руку чымсьці ліпучым і нячыстым.
І толькі тут я зразумеў, якая яна, уласна кажучы, самотная не толькі ў сваім доме, але і сярод гэтай хеўры.
«Што гэта мне нагадвае? — падумаў я. — Ага, пушкінская Тацяна сярод пачвар у шалашы. Абклалі небараку, як лань пад час палявання».
Тут амаль што не было чыстых позіркаў, але затое якія былі прозвішчы! Мне ўсё здавалася, што я сяджу ў архівах і чытаю старажытныя акты якога-небудзь Пінскага копнага суда.
— Пан Сава Матфеевіч Стахоўскі з сынамі, — агалошваў лёкай.
— Пані Агата Юр'еўна Фалендыш-Хобалева з мужам і сябрам дома.
— Пан Якуб Барбарэ-Гарабурда.
— Пан Мацей Мустафавіч Асановіч.
— Пані Ганна Аўрамовіч-Басяцкая з дачкою.
А Берман стаяў за маёй спіною і адпускаў заўвагі. Ён упершыню за гэтыя дні спадабаўся мне, столькі злосці было ў яго выказваннях, такімі палючымі вачыма сустракаў ён кожнага новага госця, і асабліва маладых.
Але вось у вачах яго прамільгнула нешта такое незразумелае, што я мімаволі глянуў у той бок, і… вочы мае палезлі на лоб, такое дзіўнае відовішча я пабачыў. У залу на сходах каціўся чалавек, менавіта каціўся, іначай гэта нельга было назваць. Быў гэты чалавек пад сажань ростам, прыблізна як я, але ў ягоную вопратку ўлезла б трое Андрэяў Беларэцкіх. Агромністы жывот, ногі ў сцёгнах, як кумпякі, нязмерна шырокія грудзі, далоні, як цэбры. Рэдка здаралася мне бачыць такога волата. Але самае дзіўнае было не гэта. На чалавеку была вопратка, якую зараз можна пабачыць толькі ў музеі: чырвоныя боты на высокіх абцасах з падкоўкамі (такія празываліся ў нашых продкаў кабцямі), абцягнутыя порткі з каразеі — тонкага сукна. Жупан на грудзях і жываце — жупан з вішнёвага з золатам сукна — вось-вось пагражаў луснуць. Паверх яго чалавек нацягнуў чугу, старажытную беларускую верхнюю вопратку. Чуга вісела вольна, прыгожымі складкамі, уся пералівалася зялёнымі, залатымі і чорнымі візерункамі і была перавязана амаль пад пахамі турэцкім пасам вясёлкавых колераў.
І над усім гэтым сядзела дзіўна маленькая для гэтай тушы галава са шчокамі такімі надутымі, быццам гэты чалавек вось-вось збіраўся пырснуць са смеху. Доўгія шэрыя валасы ззаду рабілі галаву правільна круглай, маленькія шэрыя вочкі смяяліся, сівыя вусы віселі да сярэдзіны грудзей. Вонкавы выгляд у чалавека быў самы мірны, і толькі на левай руцэ вісеў карбач — плецены кароткі бізун са срэбным дротам ля канца. Словам, сабакар, правінцыяльны мядзведзь, весялун і п'яніца — гэта адразу было бачна.
Яшчэ ля дзвярэй ён зарагатаў такім густым і вясёлым басам, што я мімаволі ўсміхнуўся. Ён ішоў, і людзі расступаліся перад ім, адказвалі такімі вясёлымі ўсмешкамі, якія толькі маглі з'явіцца на гэтых кіслых тварах, тварах людзей з касты, якая выраджаецца. Чалавека, відаць, любілі.
«Нарэшце хоць адзін прадстаўнік старога добрага веку, — падумаў я. — Не вырадак, не вар'ят, які можа пайсці на гераізм, і на злачынства. Добры просты волат. І як ён сакавіта, прыгожа гаворыць па-беларуску!»
Не здзіўляйцеся апошняй думцы. Хоць сярод дробнай шляхты тады размаўлялі па-беларуску, шляхта таго парадку, да якога, відаць, належаў гэты пан, мовы не ведала: сярод гасцей не больш як які дзесятак размаўляў на мове Марцінкевіча і Каратынскага, астатнія на дзіўнай сумесі польскіх, расейскіх і беларускіх слоў.
А гэты размаўляў як якая-небудзь вясковая бабуля-свацця. Трапныя словы, жарты, прымаўкі так і сыпаліся з яго языка, пакуль ён праходзіў ад дзвярэй да верхняй залы. Прызнаюся, ён адразу вельмі падкупіў мяне гэтым. Ён быў такі каларытны, што я не адразу заўважыў яго спадарожніка, хоць ён таксама быў варты ўвагі. Уявіце сабе маладога чалавека, высокага, вельмі добра складзенага, апранутага па апошняй модзе, рэдкай у гэтай глушы. Ён быў бы зусім прыгожы, каб не надзвычайная бледнасць твару, хударлявага, з праваленымі шчокамі, і каб не выраз нейкай невытлумачальнай зласлівасці, якая не сыходзіла з яго вуснаў. Найбольш вартымі ўвагі на гэтым жоўчным прыгожым твары былі вялікія чорныя вочы з вадкім бляскам, але такія безжыццёвыя, што рабілася ніякава. Напэўна, менавіта такія былі ў Лазара, калі ён уваскрэснуў, але захаваў у вачах успаміны.
Між тым волат дайшоў да лёкая, які, падслепаваты і глухі, не заўважыў гасцей, і раптоўна таргануў яго за плячо. Той драмаў на нагах, але тут раптам усхапіўся, і, разгледзеўшы гасцей, заўсміхаўся на поўны рот, і гаркнуў:
— Вельмішаноўны пан-айцец Грынь Дубатоўк! Пан Алесь Варона!
— Вечар добры, панове, — заракатаў Дубатоўк. — Што гэта вы сумныя, як мышы пад шапкай? Нічога, мы зараз вас узвесялім. Бачыш, Варона, паненкі якія! Зарана я, браце, нарадзіўся. У-ух, прыгажунечкі-красулечкі!
Ён прайшоў праз натоўп (Варона спыніўся ля нейкай паненкі) і наблізіўся да Надзеі Яноўскай. Вочы яго сталі маленькімі і запраменіліся смехам.
— Дзень-вечар добры, донечка! — І гучна цмокнуў яе ў лоб, як стрэліў. Пасля адступіў. — А якая ж ты ў мяне стала зграбная, прыгожая! Ляжаць усёй Беларусі ля тваіх ножак. І няхай на мне на тым свеце Люцыпар смалу возіць, калі я, стары грахаводнік, праз месяц не буду піць на тваім вяселлі гарэлку з твайго туфліка. Толькі нешта вочкі сумненькія. Нічога, зараз развесялю.
І ён з чароўнай мядзведжай грацыяй крутануўся на абцасах.
— Антон, душа цёмная! Грышка, Пятрусь! Халера вас там схапіла, ці што?
З'явіліся Антон, Грышка і Пятрусь, згінаючыся пад цяжарам нейкіх вялізных пакункаў.
— Ну, разявакі-салапякі, кладзіце ўсё да ног гаспадыні. Разгортвай! Э-э, пэцкаль, у цябе што, рукі са… спіны растуць. Трымай, донька.
Перад Яноўскай ляжаў на падлозе вялізны пушысты кілім.
— Трымай, доня. Дзедаўскі яшчэ, але зусім неўжываны. Пакладзеш у спальні. У цябе там дзьме, а ногі ва ўсіх Яноўскіх былі нямоцныя. Будзе табе цёпла. Дарэмна ты ўсе ж, Надзейка, да мяне не пераехала два гады таму. Умаляў яе — не згадзілася. Ну, добра, зараз позна ўжо, вялікая стала. І мне лягчэй будзе, хай яго да д'ябла, гэтае апякунства.
— Прабачце, дзядзечка, — ціха сказала Яноўская, кранутая ўвагай апекуна. — Вы ведаеце, я хацела быць тут, дзе бацька… бацька.
— Ну-ну-ну, — няўмела сказаў Дубатоўк. — Пакінь. Я і сам да цябе амаль не ездзіў, ведаў, што будзеш хвалявацца. Сябры мы былі з Раманам. Нічога, донька, мы, вядома, людзі зямныя, хварэем на абжорства, п'яныя, але ж Бог павінен разбірацца ў душах. А калі ён разбіраецца, дык Раман хоць мінаў часцей царкву, а не карчму, даўно ўжо на небе анёлаў слухае ды глядзіць у вочы сваёй небарацы жонцы, а маёй стрыечнай сястры. Бог — ён таксама не дурань. Галоўнае — сумленне, а дзірка ў роце, куды чарка просіцца, апошняя справа. І глядзяць яны з неба на цябе, і не шкадуе маці, што смерцю сваёй дала табе жыццё: бач, якая ты каралеўна стала. Хутка і замуж, з рук апекуна на ласкавыя ды моцныя рукі мужа. Думаеш?
— Раней не думала, цяпер не ведаю, — раптам сказала пані Яноўская.
— Ну-ну, — пасур'ёзнеў Дубатоўк. — Але… абы чалавек добры. Не спяшайся вельмі. А зараз трымай яшчэ. Вось тут стары наш убор, сапраўдны, не якая-небудзь падробка. Пасля пойдзеш пераапранешся перад танцамі. Няма чаго гэту сучасную свірапяціцу насіць.
— Ён наўрад ці падыдзе, сапсуе выгляд, — лісліва пад'ехала нейкая дробная шляхцянка.
— А ты маўчы, каханая. Я ведаю, што раблю, — буркнуў Дубатоўк. — Ну, Надзейка, і нарэшце вось яшчэ апошняе. Доўга я думаў, ці падараваць гэта, але карыстацца чужым дабром не прывык. Гэта тваё, а сярод гэтых тваіх партрэтаў няма аднаго. Не павінен шэраг продкаў перарывацца. Ты сама ведаеш, бо ты старажытнейшага амаль ва ўсёй губерні роду.
На падлозе, вызвалены ад лёгкай белай ткані, стаяў вельмі стары партрэт такой незвычайнай, відаць, італьянскай работы, якой амаль не знойдзеш у беларускай іканаграфіі пачатку ХVІІ стагоддзя. Не было пляскатай сцяны за спіною, не вісеў на ёй герб. Было акно, адчыненае на вячэрнія балоты, быў змрочны дзень над імі, і быў мужчына, які сядзеў спіною да ўсяго гэтага. Няпэўнае блакітна-шэрае святло лілося на яго хударлявы твар, на моцна сплеценыя пальцы рук, на чорную з золатам вопратку.
І твар гэтага мужчыны быў жывейшы, ніж у жывога, і такі дзіўны, жорсткі і змрочны, што можна было спалохацца. Цені ляглі ў вачаніцах, і здавалася, нават жылка калацілася на павеках. І ў ім было радавое падабенства з тварам гаспадыні, але ўсё тое, што было ў Яноўскай прыемна і люба, тут было агідна. Вераломства, розум, хваравітая вар'яцінка чыталіся ў гэтым ганарлівым роце, уладнасць да закасцянеласці, непамяркоўнасць да фанатызму, жорсткасць да садызму. Я зрабіў два крокі ўбок — вялізныя, усё да дна разумеючыя ў тваёй душы вочы пасунуліся за мною і зноў глядзелі мне ў твар. Нехта ўздыхнуў.
— Раман Стары, — прыглушана адказаў Дубатоўк, але я сам зразумеў ужо, хто гэта такі, так правільна я яго ўявіў па словах легенды. Я здагадваўся, што гэта віноўнік радавога праклёну яшчэ і таму, што твар гаспадыні няўлоўна збялеў і яна ледзь прыкметна хіснулася.
Невядома, чым скончылася б гэтая нямая сцэна, але тут нехта моўчкі і непачціва штурхнуў мяне ў грудзі. Я пахіснуўся. Гэта Варона прабіўся праз натоўп і, імкнучыся прайсці да гаспадыні, адштурхнуў мяне. Ён спакойна ішоў далей, не папрасіўшы прабачэння, нават не павярнуўшыся ў мой бок, быццам на маім месцы стаяў нежывы прадмет.
Я паходзіў са звычайных інтэлігентаў, якія выслужвалі з пакалення ў пакаленне асабістае шляхецтва, былі вучонымі, інжынерамі — плебеямі з пункту гледжання гэтага пыхатага шляхцюка, у якога продак быў даездчыкам у багатага магната-забойцы. Мне часта даводзілася абараняць сваю годнасць перад такімі, і зараз увесь мой «плебейскі» гонар устаў на дыбкі.
— Пане, — голасна сказаў я. — Вы лічыце, што гэта годна сапраўднага двараніна — штурхнуць чалавека і не папрасіць у яго прабачэння?
Ён павярнуўся:
— Вы мне гэта?
— Вам, — спакойна адказаў я. — Сапраўдны шляхціц — гэта джэнтльмен.
Ён падышоў да мяне і з цікаўнасцю пачаў разглядаць.
— Гм, — спакойна сказаў ён. — Хто ж гэта будзе вучыць шляхціца правілам далікатнасці?
— Не ведаю, — спакойна і з'едліва адазваўся я. — Ва ўсякім разе, не вы. Неадукаваны ксёндз не павінен вучыць іншых лаціне.
Я праз яго плячо бачыў твар Надзеі Яноўскай і з радасцю заўважыў, што наша сварка адцягнула яе ўвагу ад партрэта. Фарба з'явілася на яе абліччы, а ў вачах штосьці падобнае на трывогу і жах.
— Выбірайце выразы, — працадзіў Варона.
— Чаму? І, галоўнае, з кім? Далікатны чалавек ведае, што ў кампаніі ветлівых трэба быць ветлівым, а ў кампаніі грубіянаў вышэйшая далікатнасць — плаціць ім той самай манетай.
Відаць, Варона не звык атрымліваць адпор ва ўсёй ваколіцы. Я ведаў такіх ганарыстых індыкоў. Ён здзівіўся, але пасля павярнуўся, кінуў позірк на гаспадыню, зноў павярнуўся да мяне, і ў вачах яго плесканулася каламутная ярасць.
— А вы ведаеце, з кім размаўляеце?
— З кім? З Панам Богам?
Я пабачыў, як поруч з гаспадыняй з'явіўся зацікаўлены твар Дубатоўка. Варона пачынаў кіпець.
— Вы размаўляеце са мною, з чалавекам, які звык драць за вушы розных парвеню.
— А вы не спыталі, можа, нейкія там парвеню часам могуць самі надраць вушы? І не падыходзьце, іначай, папярэджваю вас, ніводзін шляхціц не атрымае такой абразы дзеяннем, як вы ад мяне.
— Хамская бойка на кулакі! — выбухнуў ён.
— Што зробіш? — халодна заўважыў я. — Мне здаралася сустракаць дваран, на якіх іншае не дзейнічала. Яны не былі хамамі, іхнія продкі былі заслужанымі псарамі, даездчыкамі, альфонсамі ва ўдовых магнатак.
Я перахапіў яго руку і трымаў ля яго бока як абцугамі.
— Ну…
— Ах ты! — працадзіў ён.
— Панове, панове, супакойцеся! — з невымоўнай трывогай выкрыкнула Яноўская. — Пан Беларэцкі, не трэба, не трэба! Пан Варона, саромцеся!
Твар яе быў такі благальны.
Відаць, і Дубатоўк зразумеў, што час умяшацца. Ён падышоў, стаў між нас і паклаў на плячо Вароны цяжкую руку. Твар яго наліўся крывёй.
— Шчанюк! — выкрыкнуў ён. — І гэта беларус, гэта жыхар яноўскага наваколля, гэта шляхціц?! Так абразіць госця! Сорам маёй сівізне. Ты што, не бачыш, з кім завёўся? Гэта табе не нашы блазны з курынымі душонкамі, гэта не кураня, гэта — мужчына. І ён табе хутка абарве вусы. Вы дваранін, судар?