Аднатомнік. Шэсцьсот старонак. I няма ў мяне гэтым разам сумнага адчування, як гэта мала для пяцідзесяці гадоў. Такая паўната душы праяўлена, ва ўсіх жанрах, здаецца, з роўнай сілай, так многа тут для расшыфроўкі ўдумліваму чытачу. Вось перайшоў я да «Чалавека з Малой Багацькаўкі», i няма адчування, што гэта зноў жа перачытванне, а ёсць, як новае i паэтычна мудрае, можа, i нароўні з мастацкай прозай ці з вершамі бачанне жыцця — на сусветны яго размах i агульналюдское паглыбленне.
...Тыя далёкія, на дальнім водшыбе, Чыжоўскія могілкі, дзе ён, Міхась, назаўсёды прылёг каля маленькага сына, адзінага сярод дачок. Хутка ўжо будзе i дзесяць гадоў, калі я маўчаў на яго пахаванні...
I цяпер, памаўчаўшы, можна зноў да яго i Максіма Гарэцкага.
* * *
Сёлета недзе чытаў, што ў Іркуцкай вобласці кожны дзесяты жыхар — беларус. Во як растрэслі нас па імперыі!
Калі прапануюць на дамейкаўскім «круглым стале» ў Карэлічах нешта сказаць пра земляка-юбіляра, можна будзе адштурхнуцца ад таго, што апошнім часам даволі часта паўтараецца: «Куды не трапяць беларусы?!», сказаць, як дзевятнаццатае стагоддзе i палякаў растрэсла па свеце — ад Якуціі да Чылі...
* * *
Добра, хораша, а потым такі чалавек чалавецтва — Растраповіч — кажа, што на Украіну ён са сваёю бандурай не паедзе: «Подожду, пока отдадут Черноморский флот».
Чым не «подбрюшие России» ў Салжаніцына,— пра рэспублікі Сярэдняй Азіі, суверэнныя краіны з многавекавой гісторыяй?..
Ах, вялікія людзі мастацтва,— i чаго вам у папітыку?!
* * *
Пры дарозе ад нашых лецішчаў у пасёлак, на шырозным дубовым пні, неяк жа i зарадзіўшыся, i ўкараніўшыся ў тугой трухлявасці за некалькі гадоў, можна сказаць, што i неўпрыцям для нас, людзей розных узростаў, вырасла на падлетніцу i далей весела расце зусім упэўнена прыгожая бярозка. Можа, нават надзвычай прыгожая, бо як на троне або ў вялізнай кадзі вазона, a іншыя стракаценькія красуні стаяць крыху воддаль чародкай, адна на адну падобныя, мілыя звычайна, а не выключна.
* * *
Прарок Ісаія:
«И оскудеют реки, и каналы Египетские обмелеют и высохнут; камыш и тростник завянут.
...И восплачут рыбаки, и возрыдают все бросающие уду в реку, и ставящие сети в воде впадут в уныние...»
I само па сабе гэта здорава i весела нагадала маіх рыбакоў: Калесніка, Янкоўскага, паэта i акцёра Пятра Ламана, блізкага земляка, брата Мішу калісьці i сына Андрэя цяпер...
* * *
Не так шукаю патрэбнага слова, як яно само ідзе да мяне з запасу напрацаванага за гады шукання i знаходжання, ідзе, як быццам хтосьці шчыра паслужлівы шэпча мне з-за патыліцы: трэба вось так. I я бяру яго, найбольш патрэбнае слова ў любай, неабходнай паслухмянасці.
* * *
«Кніжнік ты!» Або нават яшчэ i «Фарысей!». Так мог бы, не вельмі клапоцячыся, што тут да чаго, вякнуць на мяне адзін з тых нашых, што спакваля дзічэлі ад падзённай службы казённаму сацрэалізму, да таго яшчэ глушачы свае здольнасці або таленты вульгарным дробнаганарарным выпіваннем.
А я ў гэтай пажыццёвай «кніжнасці» выратавальна бачу, адчуваю повязь са светам народнага i агульналюдскога слова. У захапленні словам іншых акумуліруючы i сябе, у сабе абуджаючы творчую сілу. Як i цяпер, у богведама якога далёкага i сілай таленту блізкага прарока i паэта Ісаіі.
Захапляюся i думаю, як жа з такім магутным тэкстам спраўляецца наш нястомна ўсмешлівы, таленавіты руплівец Сёмуха.
Вывучэнне Талмуда, Карана, другіх i трэціх свяшчэнных тамоў... Ёсць што раскопваць, вышукваць,— столькі нявывераных імёнаў, геаграфічных назваў, гістарычных вузлоў i тут, у Ісаіі. Яны ў сваёй пераважнай большасці ідуць у мяне пакорна, моўчкі міма ды міма, а я як быццам i не бяднею ад гэтага, бо галоўнае — мудрасць, красу — бяру ў дастатковасці.
* * *
«Ни вола его, ни осла его...»
Той здаравіла ў вялым спакоі брыдзе, валачэ, што прычэпяць, а гэты, меншы, i rapy, здаецца, панясе, пад ёю тупаючы ножкамі. Значна пазней будуць у мяне вослікі крымскія, югаслаўскія, балгарскія, а найперш былі яны ў Душанбэ (тады, у канцы 1947-га, у Сталінабадзе), калі Павел Нілін смяшыў нас на вуліцы сваімі папрокамі здаравенным вершнікам у паласатых халатах:
«Что ж ты уселся? Да пожалел бы ты бедную животину!»
Вершнікі не разумелі чужога жартаўніка, дзве ix нагі спакойна віселі з-пад крысся амаль да самай зямлі, а спераду i ззаду за імі тупацелі ножкі пацешна танчэйшыя. Мы едзем, мы ідзём, мы не спяшаемся, мы паспеем! I вось вам спрадвечна палесцінскае прарочае блаславенне:
«Блаженны вы, сеющие при всех водах и посылающие туда вола и осла».
...У тым самым Сталінабадзе, на ўрачыстым прыёме кожнаму з гасцей з розных рэспублікаў было прапанавана прывесці ў тосце нейкую мудрасць з роднага фальклору. Я з ходу нічога іншага не прыдумаў, як працытаваць Крапіву:
«Каб Сонца засланідь — вушэй асліных мала».
Прынялося!.. Вельмі ў мясцовым каларыце, з мноствам руплівых тупалаў, якімі мы цешыліся, як экзотыкай. Нават ногі спусціўшы да самай зямлі...
* * *
Каму гэта дадзена — ведаць, што не старэе, што застанецца? Вунь як яно ў Ісаіі, сына Амосава, выблісквае з рытарычнай нудоты часовага, калісьці важнага — тое, што хвалюе i сёння:
«Скажет ли глина горшечнику: «что ты делаешь» и твое дело скажет ли о тебе: «у него нет рук»?
Горе тому, кто говорит отцу: «зачем ты произвел меня на свет?», а матери: «зачем ты родила меня?»
Зрэшты, многа чаго хацелася б не толькі адзначыць на полі, але i выпісаць, як быццам у дзіцячай радасці патрымаць у руках тое, што ўсцешыла вочы зводдаль.
* * *
Галава-галоўка ў некаторых жанчын — як вельмі рэдкая асаблівасць, прынамсі, мною ўбачаная, галоўка, што неяк па-птушынаму міла паварочваецца над усёй спакойнай, паўнацэннай постаццю то ў адзін, то ў другі бок — трохі ў здзіўленні, а то i ў згодзе з тым, што адбываецца, а перш за ўсё — з цёплай, вельмі нейкай утульнай усмешкай.
* * *
Гарадская бомжыстая кошка з сучаснай ментальнасцю мацярынства. Унізе зрабілі ёй логава, а яна сваю чацвёрку кацянят раз-пораз разносіць па адным пад дзверы на другім паверсе, каля каторых ёсць дыванчыкі. Занясуць ёй зноў малых наніз, а яна неўзабаве назад разнясе.
* * *
Столькі за век нагаварылася, што хочаш нешта, хай сабе i дарэчы, расказаць, а боязна: відаць, я ўжо гэта расказваў?..
Так i з запісваннем, толькі адказнасць большая.
* * *
Марыя Кіпель, настаўніца, жонка Яўхіма i маці Вітаўта, ва ўспамінах пра свой пакутніцкі шлях жонкі «ворага народа» добрым, удзячным словам згадвае Міхася Лынькова, які дапамагаў ёй выжыць, як ні небяспечна гэта было для яго, члена партыі i наогул чалавека «свайго часу», чым некаторыя спрабуюць апраўдваць свае, не надта каб годныя паводзіны ў той цяжкі час.
Прыемна было гэта прачытаць пра Міхася Ціханавіча ў «Крыніцы», падумаць пра тое, чаму жыць у народнай памяці.
* * *
Апрыкрыла ўжо скардзіцца на тое, што не пішацца, бо невядома ж, колькі каму з нас трэба, пасапраўднаму трэба напісаць.
* * *
Даўка ў роце, нават у горле ад сказанага глупства. А потым i помніцца будзе прыкра... Дадам i прафесійнага: варта было тое глупства ляпнуць міжволі, каб знайсці гэтае «даўка» як удалае слова.
* * *
Адзін «бэнээфавец», a другі «грамадавец», у розны час ды не змаўляючыся, абодва цёпла i ўдзячна згадваюць Валодзю Караткевіча, дзякуючы якому яны адчулі сябе беларусамі.
А Валодзем называюць яго не яны, а я.
* * *
Ад сшытка — да кнігі, i зноў мудрае ў найпрасцейшай падачы: яму, Талстому, пішуць пра цяжкую заблытанасць у нейчым жыцці, а ён:
«Если бы я был моложе, я бы сейчас сказал, что это происходит от того-то и того-то. Теперь же я прямо скажу, что не знаю». («Цяпер» — калі яму ішоў восемдзесят другі.)
Няхай сабе я i «вязень цытатаў», як пісаў у «Крыніцы» таленавіта-вясёлы Леанід Дранько-Майсюк, але выпішу яшчэ i гэта:
«Напрашивается художественная работа, но ей надо заниматься мне только тогда, когда она так же неустранима, как кашель». Эх, каб пакашляць!..
* * *
Ілюстрацыя ў польскай кнізе: капліца ў віленскай Вострай Браме. Як урачыста, з якой пашанай трэба тут трымацца, як трымаюцца — на малюнку — некалькі чалавек.
A ў памяці ажыла статная, румяная красуня камсамолка з карэльскай групы турыстаў, з-за нешматлікасці далучанай да нашай, беларускай. Кастрычнік пяцьдзесят шостага, Стамбул. Як тая красуня прагрэсіўна гыгыкнула, бліснуўшы беленькімі буйнымі зубамі за спакусліва сакавітымі вуснамі, гледзячы на тое, як у раскошна-велічнай Айя-Сафіі на вялізным дыване моляцца старыя туркі.
Ясыр, ятаганы, галеры, гарэм (для паланянак — у лепшым выпадку) — гэта згадалася цяпер, а можа, i тады, калі я, за яе спалохана, абурыўся такім наіўным хамствам.
* * *
Сёння ў нашай чатырохмеснай палаце начуем толькі ўдвух. «Я из охраны КГБ». Так назваўся сусед, калі мы знаёміліся. Бездапаможна цыбаты, заядлы курэц, адна за адной у туалеце, хоць у самога «сасуды» ды глаўкома, i так, i так курэнне вельмі не рэкамендуецца. Неяк раней, таксама сам-насам, ён мне расказваў, як суправаджаў вайсковыя транспарты— яшчэ ў Карэю, калі там была вайна поўначы з поўднем, i трэба было пераапранацца ў іхнюю форму, потым у Венгрыю, «на усмирение контрреволюции», відаць, i ў Чэхаславакію, пра што ён на мае пытанне прамаўчаў А сёння, пасля доўгага маўчання ў цемры, седзячы на ложку са спушчанымі цыбамі, сусед раптам загаварыў пра тое, як гэта цяжка сядзець у адзіночцы... Мне адразу згадаўся Рафаіл Сяржант, заходнебеларускі падпольшчык з яго дзесяццю гадамі адзіночкі, а за ім яшчэ страшнейшае: сляпая i глухая «адзіночка» старэнькай Зоські Верас перад яе няспешным адыходам... А курэц мой перайшоў на іншае: як ён адзін толькі раз за трыццаць гадоў службы ў ахове суправаджаў чалавека, асуджанага, на смерць, i пацяшаў яго ў «варанку», што гэта яны едуць яшчэ раз да следчага. «А там дзверы ў тупы калідорчык, такая камера-тупік, у якую ўпускаюць, а там такое ўстройства — аўтаматы такія з усіх бакоў, што пасякуць чалавека адразу...»
«I з гэтага людзі ядуць свой хлеб»,— падумалася ледзь не ў дрыжыках ад жаху...
* * *
Акуратнасць бальнічнай «гаспадаркі» — добра засланы ложак, чыста ў тумбачцы. Згадалася «гаспадарка» лагерная, у палоне, што складалася ў мяне з адной брызентавай торбы ад «хобатнага» супрацьгаза, у якім пісьмы з дому, Евангелле, якім мяне блаславіла маці, блакнот, брытва з памазком i кавалачкам эрзац-мыла, ніткі з іголкай...
Згадалася ўсё гэта, калі чытаў у «Полымі» старонкі Танкавага дзённіка. У падмаскоўным цэкоўскім санаторыі Максімаў супалатнік здзіўляўся, як гэта выдатны беларускі паэт так акуратна засцілае свой ложак. А паэт адказаў, што навучылі гэтаму — на Лукішках...
* * *
Нервовая слязлівасць, да якое мяне давяла бальніца, дома, здаецца, ужо прайшла. А вось узяўся за ігру цымбаліста Янкеля ў «Пане Тадэвушы» i — адразу слёзы. Ды гэта ўжо ад захаплення, адзнака найвышэйшага, найчысцейшага настрою.
Успомніўся трыумф Аркадзя Астрамецкага ў Варшаве, у верасні 1955-га, на Дэкадзе нашай культуры ў ПНР, калі зала апладзіравала стоячы, а Танк усцешыў сяброў-палякаў ледзь не воклічам з месца:
— Ten by się ośmielił zagrać przy Jankielu!
Ha ўвазе маючы сказанае ў Міцкевіча крышку раней:
Było cymbalistów wielu,
Ale żaden z nich nie śmiał zagrać przy Jankielu.
Цяпер, ведаючы пра яўрэйскае, па маці, паходжанне вялікага паэта, ігра старога Янкеля ўспрымаецца яшчэ інакш.
* * *
I такое днямі падумалася: якая ж кніга будзе ў мяне як чытача апошняй — значнае штосьці або i так сабе?..
А чытаю значнае. У «Скарынічы» (выпуск 3) — «Навальніца» М. М. Улашчыка. Пасля пазначанага ў канцы: «На гэтым рукапіс абрываецца» выразна ўявіў старога, якім бачыў яго, здаецца, апошні раз, у Каралішчавічах. Магутнага чорным памерам паліто, то сур'ёзна, нават нібы панура маўклівага дзеда, то няспешна, талкова гаваркога, каля ганачка ў вераснёўскім прысмерку. Гэта быў верасень восемдзесят трэцяга, канец месяца, мяркуючы па тым, што мы прыехалі групай сяброў ушанаваць мілую Ніну Мацяш з 40-годдзем. Дачытаўшы яго незакончаную аповесць, я падумаў, што, можа, якраз ад гэтага рукапісу ён, наш паважаны Мікалай Мікалаевіч, i выйшаў на гоман перад ганкам, зрабіўшы перапынак у сваёй працавітай самоце? Стан такі ведаю з павагай.
«Скарыніча» мне прывезлі ад Каўкі з Масквы, а з канца чэрвеня да палавіны лістапада ў Скарынаўскім цэнгры ляжала, чакаючы мяне, другая кніга, таксама ад Аляксея Канстанцінавіча: «Русь — Літва — Беларусь». Дзякуючы яму пісьмом, я пісаў, як гэта ў нашым шалёным часе хораша — шчыра-прыязная гутарка разумна дарослых дзяцей розных народаў, тут — рускага, украінскага, польскага, якім ёсць што сказаць пра вялікага сына Беларусі. Упершыню так кажу пра яго, шматпакутнага, непераможна працавітага, па-народнаму мудрага, таленавітага чалавека, з якім i мне пашчасціла сустрэцца ў жыцці, у абодвух пад канец яго. Належна разумець значэнне гэтага чалавека прыходзіцца ўжо наўздагон.
Падобнае адчулася праз некалькі дзён у падоранай Зінаю Мажэйка кнізе «Белорусская этномузыкология», чытаючы пра Генадзя Цітовіча. Побач стаяў у кнізе аргыкул пра Шырму, аднак падумалася, што пра Рыгора Раманавіча я ведаю дастаткова, i пачаў з Генадзя Іванавіча, каб заглянуць i на другі бок медаля ў таго, хто бываў такім весела-«брахлівым» на нашых сяброўскіх сустрэчах. Побач былі таксама велічныя вобразы яго папярэднікаў — Янчука, Федароўскага, Кольберга, Машынскага, у якасці дастойных сведак i яго, Генадзевай, значнасці.
* * *
Дачытаў «Дочь» Аляксандры Львоўны Талстой. Не толькі магутная, але i паслядоўная на сваім жанчына. I ўспомнілася, як у пяцьдзесят другім годзе хтосьці з наведвальнікаў Яснай Паляны спытаўся ў экскурсаводи пра гэтую дачку Льва Мікалаевіча i атрымаў адказ, што «это имя не упоминается здесь по просьбе родных великого писателя...». Хоць ты скажы, што па просьбе i яго самога,— як ілгаць, дык ілгаць!..
Усё ж такі, як цвёрда трэба было верыць у сваё i як далека наперад бачыць, каб сёння можна было i друкаваць такое ў Pacii, i не здзіўляцца гэтаму, як першаадкрыццю. Веры тут больш, чым бачання.
* * *
Юхан Смуул i Георг Отс не прызнаюцца маладой Эстоніяй, бо «пры Саветах яны былі ў заслугах». Шкада ix, крыўдна за ix не толькі як эстонцаў, патрыётаў, але i як мастакоў, што так нямала зрабілі для ўсіх людзей.
Успамінаецца, з якой прыемнасцю чытаў я ў вёсцы Смуулаву «Лядовую кнігу», a ў дарозе на Далёкі Усход ягоныя вершы, як я заўсёды любіў слухаць мужнага душою Отса.
Маладая Беларусь таксама нямала мудрагеліла, а пра эстонцаў можна было думаць, што яны разумнейшыя.
* * *
Тры паэты з трох розных пакаленняў. Імёнаў ix не назаву, думаючы пра кроўную крыўду ў адказ. А ва ўсіх ix аднолькавая ўпэўненасць, што слова з рыфмай, вузкім слупочкам само па сабе ўжо мае незвычайную сілу i значнасць, якія забяспечаць яму... прынамсі, даўгалецце, а то i вечнасць. Булава ў нашых ранцах муляе да самага канца. Старэйшага за мяне i маладзейшага прачытаў можна сказаць, па даўнім знаёмстве, a зусім маладога — з думкай: а можа, я i памыляюся наконт яго несапраўднасці. Ды вось ад усіх трох вялікіх газетных падборак дыханула амаль аднолькавай нудой, i як быццам упершыню падумалася, як бязлітасна бяздумна многа ў нас такой, умоўна кажучы, паэзіі, як невядома, куды з ёю падзецца!..