I яшчэ што запомнілася,— як ён, Панамарэнка, раіў Пестраку напісаць пра перажытае ўспаміны.
— Пишу роман,— адказаў Піліп Сямёнавіч.
А той:
— Да что роман! Вы бы что-нибудь вроде «Былого и дум».
Дарэчы, у выдадзеным тады першым томе гісторыі Беларусі, у прадмове да яе «гісторык» Цімох Гарбуноў у пераліку найстарэйшых гарадоў нашай рэснублікі назваў ... Баранавічы.
Потым той самы «ЗІС» даставіў нас дахаты, на ўспакаенне стрывожаных жонак.
А дапамога найпершаму на тым вечары i закончылася.
* * *
У раі ў Адама з Евай, відаць, не магло быць такое заедзі — ноччу i днём,— як у нашым тут расквітнелым, вільготным i цёплым прылясным наднёманскім раі.
* * *
Чытаў перад вайной у нейкага польскага вальнадумца пра аднаго з ксяндзоў, які казаў сваім прыхаджанам:
— Wierz sobie choć w kozła, abyś tylko dziesięcinę płacił! [4]
«Дзесяціна» тая — касцельны налог, які праіснаваў да палавіны XIX стагоддзя.
* * *
Старэнькая артыстка друкуе сваё спрадвечнае фота: сама адвярнуўшыся, валасы даўжэзныя, распушчаныя ледзь не да зямлі. Гэта ўжо не рэкорд красы, a нейкі іншы рэкорд.
Згадалася дамачка ў друскеніцкім санаторыі: багацце светлых валасоў у тоўстых косах, завітых высокай «каронай», на якой бачком i смешна сядзіць недарэчна пацешны капялюшык. А на твары пад тым капялюшыкам на кароне — выразная задаволенасць такою звышкрасой.
* * *
Местачковы калгаснік, добры гаспадар, удачлівы сем'янін. Абое з жонкай сентыментальна шчаслівыя, як «старосветские помещики». Ды вось бяда — ён расхварэўся цяжка. Расказвае мне на чыстым дварэ, на лаўцы пад пышнымі дрэвамі:
— Адно яечка ў мяне ўжо выразалі, будуць, відаць, выразаць i другое яечка.
Жонка, сівенькая i ўвішная, калі прапанавала яму сесці:
— Вось я табе гэта пад попачку падлажу, каб было мякчэй.
Успомніўся Аляксей Кулакоўскі, у якога мы з жонкай гасцявалі ў яго Кулаках, улетку шэсцьдзесят трэцяга.
Пяцідзесяцігадовы, прыкметна важны, ён гаварыў старэнькай маці, ідучы спаць у другую, старую хату ў садзе:
— Мамачка, дзе тут кубачак узяць? Вазьму вадзічкі, можа, захочацца роцік папаласкаць.
I наогул там у ix, на Салігоршчыне, «аўёсік», «хатка», «сонейка»...
* * *
У электрычцы дзед сядзеў насупраць нішто сабе дамачкі i безданаможна, тэарэтычна «прелюбодействовал с нею в сердце своем».
* * *
На трохкутным газончыку каля самай панелі, дзе паблізу i машыны гудуць, i людзі ходзяць, пяць сізых галубоў старанна, увішна штосьці дзёўбаюць. A трохі ўзбоч ад ix — галка, чорная, з шэрай хусткай на гарляку, нешта ўсё вякае ды вякае на ix, крычыць ды лаецца, нечым жа так незадаволеная.
* * *
«Сам у тых багатых гасцях піў ды еў такое смачнае, хваліцца, а няма таго, каб i мне што-небудзь хоць за губою прынёс!..»
* * *
Сустрэўшыся ў міжгароднім аўтобусе, колішнія аднавяскоўцы, баба i дзед, прыкметна радыя сустрэчы, дзеляцца ўспамінамі маладосці. Яна — пра свайго:
— Мы ўжо з ім i цалаваліся...
Стары, перапыняючы яе:
— Можа, i падурэлі ўжо трохі? Яна:
— А што ж!..
I смяюцца абое, ужо бязгрэшныя.
* * *
Праллям-скудзельніцам, што збіраліся, каб весялей працавалася ў гурце, гаспадыня чарговай хаты давала сушаных яблыкаў ці груш — «на сліну».
Падумаць толькі — колькі тое сліны патрэбна было на ўсю зіму прадзення!..
* * *
Здаецца ж, i запісаў ужо гэта калісьці, а яно ўсё памятаецца час ад часу.
Вечар у пісьменніцкім Доме творчасці «Каралішчавічы», з танцамі на сямейным застоллі. У кракавяку — статная дзеўка з кухоннай абслугі. З-за недахопу кавалераў, а то i проста так па-сястрынску танцавала яна з меншанькай сястрой. Абедзве вельмі падобныя, аднолькава чарнявыя ды мілавідныя, аднолькава адзетыя, у аднолькавых гумовых боціках. Старэйшая, ужо зусім нявеста, i малая, як лялька пры ёй. I так жа яна ўдаленька ды сур'ёзна стараецца рабіць усё у тым кракавяку, як старэйшая. I выходзіць жа ў яе — ці не лепш, чым у старэйшай. Прынамсі — для мяне.
Гучыць, тупаціць, радуецца той кракавяк!.. Гадоў ужо добра за трыццаць.
* * *
«Забег — як агню пазычыць». Каб запалак, дык, чаго добрага, i пасядзеў бы ці пастаяў, пагаварыў, а то ж агню, жару бярэ,— трэба несці як найхутчэй.
* * *
У часопісе «Спадчына» — выбар прыказак, зроблены славутым уніяцкім архімандрытам i літаратарам Львом Гарошкам. «Рэлігійны элемент у беларускай народнай творчасці». Бяруся чытаць з зямляцкай цікавасцю: ён жа з вёскі, за два кіламетры ад маёй.
Сярод знаёмага i ў большасці набожнага — трохі жывейшага:
«Набожны, як жыд падарожны».
Тут успомніўся той балагула, што вёз Івана Фёдаравіча Шпоньку i ў далёкай дарозе «шабашил по субботам».
А тут айцец Лёва i зграшыў, нібы калісьці ў родных Трашчычах:
«Набожны, як конь святога Юр'я: святы Юры да касцёла, а конь да кабылы».
«Бог любіць праведніка, а чорт ябедніка».
Ну, а гэта цікавае, «ябедником» сваім хутчэй не наша, а рускае.
* * *
Калі нехта вельмі ж улягаў за нейчай дачкой, не надта каб i прыгожай, у вёсцы казалі: — Во, недзе іхнюю мазку лізнуў!.. Мазка — ад мазаць — кавалачак скваркі, якім, пякучы аладкі, падмазваюць апаноўку, скавараду. У Тлумачальным слоўніку мазкі тое няма.
* * *
Гаспадыня рупліва пытаецца ў суседа-печніка, які робіць ім печ:
— Колькі ж, Адолька, табе яец на яечню?
— Калі будуць плаваць, то тры, а як не будуць, то пяць.
Плаваць, вядома ж, у сале ці ў масле.
ДЗЕВЯНОСТА ЧАЦВЁРТЫ
Чытаў другі том Багдановіча, прозу, пераважна рускую. Успаміналася руская проза Шаўчэнкі,— тое самае адчуванне, што i над старонкамі Максіма Адамавіча,— a ці поўнасцю гэта ягоны, толькі ягоны голас? I ў нашым, i ва ўкраінскім варыянце пра рускамоўнае можна сказаць, што яно — толькі тое, што «приложится» да галоўнага.
У апавяданні «Экзамен» — такі самы «слон», як у маім «Сяргеі». У нашай школе ён, значыцца, быў не самымі прыдуманы, а з гімназічных традыцыяў. I ў Турцы, i ў вёсках былі ж рускія гімназісты ў нядаўнім мінулым, у тым ліку i сярод нашых настаўнікаў.
I не перастаеш здзіўляцца, які ён ранні ў сваёй таленавітасці i эрудыцыі.
Чытаючы ягонае пра Шаўчэнку, успамінаў Максіма Рыльскага, як ён, i ў сваім напісаным, i ў гутарцы са мною, высока ставіў гэтыя артыкулы. А там, дзе ён пра Валадзімера Самійленку я ўспомніў свой салдацка-нявольніцкі блакнот з вершам i гэтага паэта, выпісаным, ужо не прыпомню адкуль. Бо толькі пад упісанай у той патаемны блакнот (простым алоўкам) цудоўнай малітвай палонных запарожцаў: «Ой, визволи, Боже, нас, біднйих невільників» памечана: «Грушевский, «Ілюстрована Історыя Украіни».
...З Самійленкам памяць мяне падвяла: верш «Я не боюсь тюрми i ката» належыць не яму, а нейкаму О. Я. Верниволоду, якога ў украінскім энцыклапедычным слоўніку, на жаль, няма.
A Самійленкава, згадаўшы далёка-першае светлае ўражанне, ажно выпісаць хочацца, хоць толькі першую i аношнюю строфы.
Бачив я усяки перли
i коштовні самоцвіти,
але есть одна перлина,
що з усіх найкраца в сьвіти.
Відібрать і не зможе
ніяка злоба несита,
есть вона — сльоза сьвятая,
за нещасний люд пролита.
Наколькі тут у мяне ўсё па-ўкраінску — не магу сказаць, перапісваю, як было калісьці выпісана аднекуль. I сапраўды калісьці, бо ў верасні 1940 года, перад адпраўкай ca шталага на поўначы ў шталаг на поўдні «Вяліканямеччыны».
А пра шчасце выпадковасцей, пра шляхі i сустрэчы з агульным у сапраўдным слове, можа, сказана трохі ў падтэксце?
* * *
Разоў колькі, гледзячы на паліцы кніжнай шафы, думалася, што мініяцюру «Сувенір» мне можна было б у пераліку мілых дробязей i дапоўніць. Сказаць пра драўлянага Швейка, у маршы, з доўгай абвіслай люлькай, прывезенага з Прагі Караткевічам; пра чарачку, вытачаную з аленяга рога i прысланую з Рагачова Валодзевым дзядзькам па маме, байдуномпаляўнічым ды ўжо зусім нямоглым Ігарам Васільевічам Грынкевічам; пра маленькую саву з горнага крышталю, падараваную Вашакам Жыдліцкім да майго 70-годдзя; пра два збаночкі з чорнай гліны, у розны час прывезеныя Васілём Сёмухам з яго роднай Пружаншчыны; нават пра неяк памалечы прыемную шэрую качку, якую я, як беларуска-канадскі «прэзідэнт», атрымаў ад кагосьці з адтулешніх гасцей...
Заглянуў у «Сувенір», i ясна стала, што туды ўсё пералічанае не кладзецца, бо напамінкі гэтыя не з падарожжаў — яны да мяне трапілі іншым спосабам.
* * *
Слухаючы выступленне таго ці іншага з нашых высокіх i найвышэйшых начальнікаў, не раз думал ася:
Ім нібыта здаецца — усё тое, што зроблена i робіцца (развал, інфляцыя) —не яны зрабілі i робяць, а само па сабе зрабілася, робіцца далей... Яны толькі канстатуюць гэта, паведамляюць пра яго, як пра нейкую верхнюю волю, вышэйшую яшчэ i за ix.
* * *
У пачатку 1960-га ў дакладзе на пісьменніцкім пленуме я шчыра хваліў Панчанку, пачаўшы з выдатнага верша «Белыя яблыні». А потым Бярозкін трохі крывіўся, што я «перабраў», i сказаў ён такое, што вось i прыгадалася над старонкамі «Высокага берага»:
«У Пімена зашмат бывае газетнай філасофіі».
Хоць бы такі вось зрыў:
Паміж эпох
Невыразных i шэрых,
Сярод пакутнікаў i герояў
У Беларусі было найвялікшых трое:
Каліноўскі,
Купала,
Машэраў.
I я быў удараны недарэчнай трагедыяй смерці Пятра Міронавіча, у якога таксама ж было i людскае, але каб ажно так параўноўваць!..
I пра другое думалася, чытаючы:
Гэта ж таксама — у Панчанкі — дзённік старога, нямоглага чалавека, толькі што рыфмаваны ды сямтам залішне «публіцыстычны». Аднак ніхто не скажа яму, паэту, што гэта трэба пакінуць «на усмотрение потомков», як часамі гаворыцца, а то i пішацца пра мае запісы.
* * *
Салжаніцын, «Зэки как нация». Пра той жахлівы свет.
I патыхнула раптам з далёкай вясны саракавога года маёто Афрыкай, убачанай, адчутай толькі так — вялікім, экзатычным светам палонных мараканцаў у гітлераўскім «шталагу». Свет — з ix шынельнацюрбаннай вопраткай, з тлумным бадзяннем па ўбітым лагерным жвіры, стамлёным ляжаннем у спёку проста абы-дзе, але з настаўленым каўняром французскага шыняля, з ix кавэнчаннем каля кухні, з гнюсным пахам-смуродам яды не надта далека ад кухні i дзярма з адкрытых «лятрынаў».
Палез у слоўнік: «Latrine — отхожее место, выгребная яма». Як быццам я i прадбачыў гэтую, падкрэсленую ў слоўніку, «выгребную», каб жыва, смуродна ўбачыць-адчуць, як з-пад карытаў для змывання посуду тыя бедныя, ці не найбольш за ўсіх палонных нецярпячыя афрыканцы, выграбаюць рукаMi штосьці там, што можна ў рот — яшчэ раз...
* * *
Днямі па тэлефоне пачуў сяброўскае пра Салжаніцына: чаго ён вяртаецца? Каб яго тут абакралі, забілі якія-небудзь «лица кавказской национальности» або свае, айчынныя ўмельцы, у якіх таксама спосабаў дастаткова?.. Пра Горкага ён піша, што таму ў Сарэнта не хапала славы i грошай, i ён вярнуўся, каб праз некалькі гадоў быць знішчаным. У крайняй, няхай сабе i справядлівай, азлобленасці Аляксандра супраць Аляксея настальгія нібыта не бярэцца ў разлік. А сам што, засумаваў? Ці ўсё ўжо там напісаў, што хацеў напісаць? Ці славы яму тут сусветнай i грошай дадасца? А з вялікім запасам ехаць цяпер сюды якраз i вельмі небяспечна. Будзе ахова? А на каго ў гэтым надзея?..
Неяк па тэлевізары паказалі будаўніцтва ягонага дома. Не, будаўніцтва схавана за шчыльным парканам, вышэйшым, чым калісьці ў Вфты, пра што ў свой час многа шумелі, або ў Шолахава, што я сам бачыў. I гэты, трэці, паркан, па тэлевізары, падказаў мне сумненні, нават трывогу...
* * *
Чытаючы ў першым ну мары зноў выпісанага «Нового мира» (пасля звыш двухмільённага тыражу — 53 тысячы!..) «Изгнание из рая» невядомага дагэтуль Аляксандра Меліхава, упершыню — пасля такога разумовага напружання i сардэчнай увагі да горкай тэмы «Муштука i папкі» — падумаў, што той загадкава-злавесны М. (Маршак), які прадаў, загубіў нашага Валодзю, толькі праз чатыры-тры гады мог, вельмі верагодна, загінуць у белацаркоўскім геце. Страшнай смерцю, разам з усёй сям'ёй, з усім светам...
I гэта была вялікая несправядлівасць.
Толькі гэта?..
* * *
Незнаемы, нават нячуты дактарант прапануе анкету:
«I. Як Вы адносіцеся да сучасных грамадска-сацыяльных пераўтварэнняў? Што Вы прьшаеде ў ix, што не прымаеце?
Што ў сённяшнім літаратурным жыцці рэспублікі Вас асабліва хвалюе?»
Гэта ў яго «ўводнае» i «на ўсякі выпадак», ці што, бо да тэмы дысертацыі мае аддаленае дачыненне. Тэма — заходнебеларуская літаратура «з вышыні сённяшняга дня».
Сказаў чалавеку, калі ён яшчэ i пазваніў мне, што, столькі напісаўшы пра Купалу, Коласа, Танка, Таўлая i іншых, зусім няма ахвоты паўтарацца. A ў падтэксце — для яго патрэбы, каб менш было яму шукаць ды думаць самому.
А што да толькі аднаго ўступнага пункта, які нават «на ўсякі выпадак», каб я сур'ёзна да яго паставіўся, дык, можа, i ў мяне была б амаль што дысертацыя?.. Працаваць на яшчэ аднаго сухара — няўжо гэта абавязкова?
* * *
Заблытанасць, пераблытанасць межаў можа мець i, на жаль, мае процьму падстаў для духоўнай i крывавай беспрасветнай варажнечы, але ж яна i падказвае думку пра тое, што найбольш разумным i сучасным i радыкальна-перспектыўным павінна быць мірнае вырашэнне гэтых праклятых межавых пытанняў.
У гэтым сэнсе ёсць свае заслугі ў Гарбачова: i берлінская сцяна, i Афганістан, i вывад войскаў з «братніх» краінаў, i скарачэнне ўзбраенняў. У мітусні i калатнечы адмоўнага пра гэта злабадзённа забываецца, а выплыве яно, устаткуецца ў гісторыі чалавецтва пасля. Скажам, як XX з'езд КПСС — заслуга Хрушчова.
* * *
У тым, што Таўлай за паўгода пакут у бальніцы не дачакаўся нават карэктуры сваёй першай кнігі, вінавацім Клімковіча, злоснага за Валянцінаў слушна разгромны артыкул на яго «Лясное возера». А на таўлаеўскім вечары Вялюгін нагадаў, як рукапіс Таўлаевых «Шляхоў i кратаў» (потым не зусім дарэчы, як для першай кнігі, «Выбранае») быў вернуты Валянціну на дапрацоўку з чырвонаалоўкавымі паметамі Хаіма Мальцінскага. Ужо нават i Вялюгін не памятае, кім ён, Хаім, працаваў тады ў выдавецтве, аднак жа ён чытаў рукапісы i лёс ix у значнай меры вырашаў. У тым адхіленым рукапісе Анатоль бачыў чырвоныя «птушкі» ў такіх месцах:
...і ўсё ў ярме народ,
i над шляхамі — краты.