Або:
Чуваць астрожнай брамы
на ўсю краіну грук.
Не ратавала i дата «1929», i «в. Рудаўка» (на Слонімшчыне). Не падыходзіла i назва кнігі — ca шляхамі i кратамі. Што за намёкі?..
У маім «Лазунку» — скажам як для пастскрыптума — Хаіму была не спадабалася мянушка героя апавядання — Цыган. «Парушэнне савецкай дружбы народаў». Пільнасць — дык пільнасць!..
* * *
Позна ўвечары па радыё — Уладзімір Караткевіч, запісы, з 1981-га i 1964-га.
Адчуванне несмяротнасці — яго i справы, якой ён служыў i служыць. Пры таленце — i эрудыцыя, i адназначнасць нацыянальнага i агульналюдскага. Пры чалавечай абаяльнасці, так жыва памятнай, яшчэ i ачышчанай светлай памяццю ад неістотнага.
* * *
Том прозы Яна Райніса.
Нешта не змог адразу ўчытацца ў яго афарызмы, было нават нуднавата, i думалася, што нехта ж таксама нудзіцца над маімі запісамі, чытаючы ix па абавязку. А сёння пайшло лепш, асабліва там, дзе менш разважанняў, а больш паэзіі. Скажам такое, што i перакладзем:
«Белая кветка i белы снег—прырода здольная зрабіць прыгожымі i жыццё, i смерць».
«Яблыня i чаромха.
Чаромха: «Да мяне маладыя дзяўчаты прыходзяць гуляць i весяліцца».
Яблыня: «Да мяне сіротка прыходзіць паплакаць».
Хоць прыгожай у яго бывае i глыбокая строгасць думкі:
«Мы з'яўляемся часцінкамі, вырванымі з вечнасці; пасля смерці нас ізноў прыме вечнасць».
I вастрыня — да ўсмешкі:
«Дзвюх рэчаў я не разумею: як можна быць дурнем i як можна сумаваць? Ці гэта адно i тое ж?»
Ну, i яшчэ было б што працытаваць.
...У дзённіку ён цытуе Гётэ. А мне паласнула па сэрцы светла-сонечным ветразем Райнісавага «Пут, вейні!», што неаднойчы, разам з латышскімі сябрамі, радавала i мяне. Паласнула па сэрцы i мудрым уздыхам нямецкага генія на сусветнай вяршыні:
Warte nur balde
Ruhest du auch!
[
5
]
Гэта мне, асабліва глыбокае auch, радасна помніцца з палону, не памятаю ўжо, дзе i як прачытанае ў арыгінале, упершыню. Верш гэты я ведаў да таго, толькі ў слабейшым — i ў Лермантава! — перакладзе.
...Закончыў дзённік. Чым ён, аўтрр, бліжэй да стаpacui, тым цікавей чытаецца. Колькі блізкага! Стаць выпісваць тое, што адкрэслівалася, чытаючы,— будзе залішне многа. A ўсё ж:
«Мы павінны шукаць паэзію глыбей, на дне прозы...»
«Я заўсёды казаў: найглыбей разумеюць любоў i дружба; нянавісць блізарукая i востра заўважае толькi тое, што ляжыць на паверхні».
«У нас не прынята пісаць мемуары, успаміны, біяграфіі, i многа тых, што ўмеюць пісаць, проста не ведаюць, на што выкарыстаць свой свабодны час, i трацяць яго, займаючыся эпігонствам тады, калі жыццё, сапраўднае, непрыдуманае жыццё, прапануе столькі паэзіі i безліч падзеяў, i такіх цудоўных, такіх значных».
* * *
Жыва згадалася, як на вясковай вуліцы, пачаўшы з уступнага нюх-нюх ды гаў-гаў, сабакі сталі чагосьці ашчэрвацца, збівацца ў звар'яцелую куламесу, чортведама адкуль так хутка назбягаўшыся.
Пра гэта гаварылася проста: сабакі кусаюцца. Хоць i не часта такое бывала. Тым больш цікава паглядзець. Хто нагадзіўся адразу, хто потым, ажно подбегам. А нарэшце ўжо нехта прынясе вядро вады, пляхне ў гэтае разгалёканне, у гэты слепа-куслівы вір — i цуд працверазення адбываецца. A калі два ці тры вядры — дык i яшчэ хутчэй. Ваякі, i пераможцы, i пераможаныя, у чым не разабрацца, пад рогат людзей разбягаюцца — мокрыя, нават як быццам прысаромлена, хоць некаторыя яшчэ i агрызаюцца, немаведама на каго.
Чым бы гэта падобным ды як бы гэта пляхнуць на тыя нашыя чалавечыя «гарачыя кропкі», дзе вірыць, крывавіцца ў адчайным брэху сляпая, палітычна зсабачаная нянавісць?..
* * *
Заўтра будзе тэлеперадача пра Алеся Адамовіча, якую мне ў камандзіроўцы, чаго добрага, не ўдасца паглядзець. Тая перадача, ад удзелу ў якой я адмовіўся. У сувязі з чым згадалася даўняе, вясковае: адна цётка вунь як «хораша галасіла» па сваім, а другой «як заняло ад гора...».
А сёння, зноў жа ў сувязі з Алесем, з казённай гучнасцю i народнай шматлюднасцю — i ў Мінску, i ў Глушы — яго пахаванне, успомнілася пачутае ў свой час, што за труною Юрыя Казакова ішло... трынаццаць чалавек.
...З адным з маладзейшых сяброў даўгавата ішлі з выступлення ў музеі Купалы пехатой, цікава гамонячы пасля даўгаватай разлукі. Між іншым, i пра тое, што раскідацца нам, беларусам, Міцкевічамі ды Дастаеўскімі зразумела было тады, калі не было ім, геніям, дзе i як праявіцца ў сваім народзе. А сёння ж ёсць i родны дом, i родная мова, i грэх яно — талентам ісці супраць такой жыццёвасці...
* * *
Абараняючыся ад п'яніц у нашым літаратурным асяроддзі, я меў права на катэгарычнасць, рэзкасць, нават грубасць, да выкідання нахабы са свайго дома ўключна. Мне трэба было i сёння трэба ратаваць сябе ад ix умяшання ў мае жыццё, ад такіх перашкодаў. Тым больш што ў такіх «несчастненьких» бывае аж занадта самалюбавання, не глыбока схаванай задаволенасці сваёй выключнасцю, таленавітасцю, правам на асаблівую ўвагу, ласку, яшчэ на бутэльку, пасля на пахмелку, на ўсмешку пагарды да тваёй гасціннай прастаты, дурнаватай наіўнасці... Я парываў нават з таленавітымі, a ўжо пра нікчэмнасцей i гаварыць не варта. Тут дазваляецца, як сродак самаабароны, i гордасць чыстаты, цвярозасці.
* * *
У польскіх Татрах, над возерам «Morskie око», у трупе маладых, вясёлых турыстаў — маладзенькая, прыгожа-мілая манашка. Так жа яна старалася быць як усе, i так не пасавалі да манаскага ўбору яе wdzięki — жаноцкая краса, якія i строгая вопратка не магла схаваць. Не скажаш: «белая варона», бо для такое назвы яна залішне прыгожая. A ці адчувала яно, тое быстрае, румянае дзяўчо, сваю асуджанасць быць не як усе — без шчасця кахання, мацярынства?..
Помніцца ca жніўня семдзесят пятага.
* * *
Сюжэт:
Зайшла да яго сама. А ён цяпер, праз пятнаццаць гадоў, успамінае, думае, чаму ж не пасадзіў яе на шырокім падваконні вялізнага санаторнага акна,— каб ім зручней было глядзець з сёмага паверха на прыцярушаныя беллю верхавіны соснаў i снежную пену прыбою на марскім беразе, каб зручней было пачаць там іхняе шчасце — з пацалункаў...
Ён гэтага не зрабіў, каб быць вышэй, адпаведней свайму паважанаму ўзросту. І вось успамінае з безнадзейным шкадаваннем.
Хоць, можа, i яшчэ раз зрабіў бы таксама.
* * *
Васіль Казачэнка, здаецца, нават пісаў пра гэта, а што расказваў у кіеўскай ці маскоўскай кампаніі, дык гэта ўжо мне памятаецца добра. Як у пяцьдзесят сёмым годзе, калі ён з жонкай гасцяваў у нас на Нарачы, мы вярталіся вясёлай грамадой з возера ў Купу, а насустрач нам — вясковы статак, на пашу. Маладая карова раптам кінулася на мяне, а я, на шчасце, удала хапіў яе за рогі. Патрымаў, так крутануў, што яна аж мукнула і, выпушчаная з рук, нават адбеглася.
«Приятно вспомнить молодость»,— сказаў пасля доўгай, трывожнай паўзы таварыш Сталін, калі закончыўся прагляд фільма «Незабываемый девятнадцатый», у якім яго — штосьці незадоўга да канца — паказалі народу на падножцы бронецягніка, з шаблюкай i «міт а шпорэс»...
* * *
Песні Высоцкага на выбар слухаліся лепш, чым чыталіся ў кнізе, спачатку нават у самвыдацкай недазволенасці. Успомнілася, як у партызанскім лесе, куды ў апошнія месяцы акупацыі газеты з Масквы траплялі на пяты-шосты дзень, фельетоны Эрэнбурга мы чыталі з жывой цікавасцю, а потым, у Мінску, купіў я кнігу з імi, i вельмі хутка яны апрыкралі сваёю аднастайнасцю. Адзін «отставной козы барабанщик» паўтараўся бясконца, як i іншыя банальнасці славутага вастраслова.
* * *
Беднасць наша, кволы пачатак, калі i пераклад апавядання Гаршына «Сігнал» строга ўлічваецца гісторыяй літаратуры.
* * *
У «Хаджы-Мураце» Мікалай Першы ўспамінае плечы Нялідавай, а айцец Сергій у аднайменнай аповесці — плечы ўдавы, з якою жыў да сватаўства i манаства.
Дались ему эти плечи!..— скажам пра паважанага, вельмі патрабавальнага аўтара.
* * *
Можа, гэта таксама тэма — блакноты з адрасамі, тэлефонамі, прозвішчамі, заданнямі для самога сябе, падлікамі заробленага, спісамі падораных табою кніг?.. Элегічна расшыфроўваць сёе-тое, з вобразамі людзей, значнейшымі сустрэчамі, знаёмствамі, разрывам!. Як дапаможнік да фрагментаў перажытага, успамінаў...
* * *
Сякера пад лаўкай! — Скарупкаў двухтомны «Słownik frazeologiczny», які так доўга чакаў маёй пільнейшай увагі. Гартаю першы том, спыняючыся на больш цікавым.
I падумалася, што таксама, як камусьці будзе шкада назаўсёды расставацца з прыродай, музыкай, кнігамі, так другому з багаццем роднага слова...
Тут мова — чужая, а адчуванне ў мяне — як свая. Настолькі ведаю яе, зжыўшыся з ёю за семдзесят гадоў, пачаўшы з elementarza.
A колькі ў нашых фальклорах блізкага! Скажам, такое: «Bieda w zagrodzie, gdzie krowa wołu bodzie», пра што ў маім Загоры гаварылася так: «На чорта тая дамова, дзе вала бадзе карова». I пагарда тая самая ў кароў да валоў, як быццам гэта яны самі вінаваты ў тым, што не быкі. Або такое: «Dogadza jej, jak ksiądz Magdusi». I прыклад: зімой айцец пробашч загадваў ёй хадзіць басанож, а на лета купіў чаравікі. Змалку памятаю іншае, загорскае растлумачэнне. Ксёндз пробашч памірае, a ахмістрыня Магдуся абвязала яму, як на паратунак, горла хусткай з цёртым цёплым макам. I пытаюцца тыя, што сабраліся каля ложка, каму ж айцец адпісвае сваё дабро. А ён толькі з прыплачам: «Мак дусі!.. Мак ду-сі-і!..» I выйшла пры сведках, што ён, пры светлым розуме, усё пакідае Магдзе. Было ў мяне i іншае, скарамнейшае растлумачэнне. Калі наш здаравенны чырвоны певень пераможна саскочыў з курыцы, сусед, што быў якраз на нашым дварэ, пануры дзядзька Ёсіп, сказаў майму бацьку пры мне, шасцігадовым смаркачу, яшчэ ўсё нявопытна гарадскім: «Во дагадзіў, як ксёндз Магдусі!..»
Блізкае ў мовах, у народнай творчасці — не для таго каб тузацца ды папракаць адны адных сваёй вышэйшасцю, а каб думаць пра нармальную суседскую роднасць дзвюх славянскіх моў.
Двойчы было зайздросна:
Біблейскае «плач и скрежет зубовный» палякі, пры ўсёй сваёй ультра катал i цкай набожнасці, з народным перцам дапаўняюць так: «Płacz, zgrzytanie zębów i tarcie dupą o podłogę».
Гэтага ў пана Станіслава Скарупкі чамусьці няма, памятаю з пачутага ў войску.
«Gdzie Rzym, gdzie Krym» ідзе ў яго як польскае. A ўкраінцы дадалі канчатак: «а де попова грэчка» — i загучала па-іншаму. Народныя папраўкі.
Przygruchać — прыбуркаваць дзяўчыну, як голуб галубку. Хораша!
I тое, што яны тую частку іхняй паліцыі, якая ў гады акупацыі служыла гітлераўцам, польскаю не называюць, а па колеру яшчэ даваеннай формы — granatową, сіняй,— policja granatowa, з належнай пагардай.
Нам бы сваіх «бобікаў» не толькі па колеры шуцманскіх неданоскаў, у якія ix апранулі «вызваліцелі», называць чорнымі, але i па запрададзеных ворагу душах.
* * *
У маладой, прыгожанькай салісткі народна-акадэмічнага хору, з якою я гутарыў у Таварыстве дружбы, муж пчаляр, а мёд цяпер — трыццаць тысяч рублёў за кілаграм, жыць можна. Так яна прастадушна расказвае, упершыню са мною сустрэўшыся.
Пра сяброўку сваю, таксама салістку, што стаяла воддаль у чародцы гасцей, мая суразмоўніца сказала са спачуваннем, што ёй, сяброўцы, значна цяжэй. Адна, без мужа, i сын, а зарплата сто дваццаць тысяч,— «на хлебе з чаем цяжка, ведаеце, спяваць». А яшчэ ж трэба i прытанцоўваць, i, як казаў мне аднойчы знаёмы дырыжор, «забяспечваць усмешку».
Так падумалася, калі яны, кожная па сабе, выступал! неўзабаве ў канцэрце, такія небудзённа мілыя ў нацыянальных касцюмах.
* * *
Выжываць — гэта любой цаною, а жыць — гэта ўсё-такі менш ці больш сумленна.
Прызвычаіўшыся «выжываць» на брудных літаратурных спекуляцыях, пры сваіх «мерседэсах», «снікерсах», каньяках, ці будуць яны калі-небудзь — маладыя ўсё ж дачакаюцца нармальнага часу! — не выжываць па прывычцы ды вопыце, а жыць па-чалавечы?..
* * *
Жыццё — у няспынным пазнаванні таго, што адразу не ахоліш розумам, не завучыш на ўсю глыбіню, шырыню.
Адчуў гэта ярчэй, чым гэта пішучы цяпер, учора перад сном, калі слухаў па радыё нейкага сур'ёзнага ўмельца, майстра сваёй справы.
Ён, між іншым, расказваў, што вярблюды ў пустынных краінах спакойна жуюць — з'ядаюць розных кобраў ды іншую поскудзь атрутную, якая баіцца вярблюдаў настолькі, што i паху поўсці іхняй асцерагаецца. Дзецям там вяжуць з прадзіва вярблюджай поўсці насілачкі, абвязачкі на рукі, на шыю — ад змей. Ніколі гэтага за ўсё жыццё не чуў, не чытаў такога, i яно ўражае з сілай першаадкрыцця, такою моцнай, ьк у маленстве бывала.
I шчасце тут у самім пазнаванні, няспынным i ўсямерным, бо тут жа i элінскае «я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю», тут i біблейска-юдзейскае «ў многім веданні многа тугі», i іншае падобнае, з мудрасці іншых народаў, эпох.
У самавукаў яно яшчэ i без грунтоўнага ўступу да пажыццёвага пазнавання, што дае сістэматычная вучоба, своечасовая, у маленстве ды юнацтве. Аднак паэзіі, шчасця адкрыццяў, магчыма, i не менш у ix, чым у тых, каму ў пару пашанцавала.
* * *
Зноў Гогаль. Тое, што само па сабе з маленства запамінаецца назаўсёды. Выйшаў пасля работы ў парк, i на хаду, у ціхай самоде згадаўся Жавакін: «...Дай-ка, думаю себе, пойду. Погода же показалась хорошею, по дороге везде травка». Хоць яна толькі яшчэ паказваецца. A ўсё ж лягчэй на стомленай душы.
* * *
Братэрства...
У паломніцкіх нататках Мікалая Крыштофа Радзівіла [6], чытаючы пра сярэднявечнае марское i сухапутнае зверства — ад Ерусаліма Да Рыма, а потым па радыё слухаючы пра мярзоцце «дзедаўшчыны», пра крывавую тузаніну ў Закаўказзі, на Паміры, у былой Югаславіі, пра тэрарызм ужо i ў Маскве, пра разбой i гвалт i ў «лагоднай», «сінявокай», «спрадвеку талерантнай» Беларусі,— страшна i часам проста не верыцца, што калі-небудзь i ў нас, i ў суседзяў, i наогул на свеце можа стаць лепш...
* * *
Скула на клубе. Ляжу каторы дзень. Няма апетыту. Маці падала гарачай чышчанай бульбы i кавалак тлустага селядца, яшчэ смачнейшага ад таго, што (у газеце нядаўна чытаў) такое любіць сама Грэта Гарба!.. А на завяршэнне шчасця гэтай беспрацоўнай волі, пасля малацьбы цапамі, паездак у пушчу па дровы — «Давід Каперфільд», над некаторымі старонкамі якога ажно заплакаць можна ад захаплення.
Успомнілася гэта, юначае, вясковае, чытаючы Бунта, «Белую лошадь».
Пісаць пацягнула ад сказа:
«Как молод он был тогда, как восхитительна была даже болезнь!»
* * *
— Немцы тыя ў хату зайшлі з паліцаямі, a ў мяне малая ў калысцы. Дык яны кажуць, што мы такіх каля Слоніма ўверх падкідалі ды на штых! Перадрыжала я ўся, Божа мой!.. A ўжо калі яны ішлі ад нас, дык адзін, што ззаду ішоў, i кажа: «I кляйна твая будзе жыць, i ман [7] твой вернецца з вайны...»
Бабуля з пасёлка Даманава на Берасцейшчыне расказвае радыёкарэспандэнтцы пра сваё доўгае, нялёгкае жыццё. Як «цар у бежанства пагнаў», як там гаравалі, як потым вярнуліся, a ў ix быў фронт i нічога не засталрся, як памерлі i мама, i тата, які сказаў, што ёй, найменшай, будзе найгорш. I было так, пакуль не ўзяла яе за няньку адна добрая жанчына. «Я ёй трох сыноў выгадавала, i яны мяне не цёткай звалі пасля, а мамай». I сваім дзецям рада бабуля, i ўнукам, асабліва аднаму з ix, што як прыедзе, дык i ў лазню яе правядзе, i ў хаце так глядзіць.