Пахнуць па-хатняму грады, сакочуць конікі, стаіць вялікі жнівеньскі месяц, яшчэ не яркі, бо ранні вечар. Бабуля, калі я пацікавіўся, што за кветкі ў яе гародчыку:
— Не ведаю. Ірву, палю, сынок, а яны ўсё растуць. А гэта мак.
І дала мне чырвоную кветку з белаю аблямоўкай на кожным пялёстку.
У чайной літоўскае піва i смачная каўбаса. I нудны, ветлівы сусед, няголены здаравіла, які паволі, шчодра расказвае, як у маленстве маці апаіла яго макам, i вось ён цяпер не можа працаваць на адным месцы больш за тыдзень...
Ноччу сядзеў на ганку гасцініцы, слухаў i думаў, што да ўсёй гэтай ідыліі — з прыродным росквітам i маладымі песнямі ды смехам — не хапае сардэчнай ціхай гітары.
I чаму яна "выйшла з моды"?..
Па дарозе на Браслаў — куток свянцянскай Літвы. З кабіны грузавіка, праз нізкія вербы, відаць прымятае дажджамі жыта, бярозавыя, неакораныя жэрдачкі агароджы, жураўлі без вёдзер, мнагавата абдрыпаных хат. А то — ліпы, белыя вокны, за хатамі будынкі ў шнур, з шырознымі, ледзь не да самай зямлі, стрэхамі. Назвы населеных пунктаў: Калянкішкі,
Гадуцішкі, Каляндрышкі, a паміж імі — прастадушна нашы, беларускія Пузыры.
У кузаве ў нас чарапіца. Дзве пярэднія машыны, з такім жа грузам, адарваліся далёка наперад. Негаваркі, дабрадушны шафёр даволі часта спыняўся, каб падняць на дарозе згубленую тымі чарапічыну. Цярпліва i спакойна. Гаспадар!..
Браслаў, калі пад'язджаеш з захаду, адкрываецца вельмі маляўніча. Над возерам сосны, дахі, замкавая гара, каля яе касцёл, царква. Гарадок чысты, з прахалоднай, утульнай гасцініцай, з аброслай плюшчам i мальвамі чайной, з трыма азёрамі, якія ўсе відаць навокал гарадка з высокай замкавай гары.
Над замчышчам, над касцёлам i царквой узвышаецца помнік "добраму доктару". Пры панах гэты доктар, ужо тым часам амаль легендарны, бясплатна, як кажуць, лячыў беднату, пабудаваў за свой кошт бальніцу, а мог таксама, лайдак, даць дзядзьку некалькі злотых, каб з'ехаць верхам на ім з гары... Помнік пастаўлены па яго запавету, з громаадводам, з горбай жалеза над зямлёй, якое, калі ўдарыць гром, толькі "ляскоча над горадам...".
У рэдакцыі хлопцы далі пачытаць "Гісторыю Браслаўскага павета", аўтар якое i выдавец, польскі настаўнік, энтузіяст-краязнаўпа, засакрэціўся ініцыяламі О. Н. Кніга даволі тоўстая, a фактаў яркіх няшмат. Усё прыблізна такое: у Бідзах калісьці паны бралі з яўрэяў апроч іншага падатку яшчэ i па два кілаграмы перцу, i "вельмі пацяшаліся з гэтага таваpy i яго пастаўшчыкоў". У тых жа Відзах гасцяваў калісьці, у свайго дзядзькі, Адам Міцкевіч, студэнт. Мясцоввія "маскалі", барадатыя стараверы, што аж сюды паўцякалі ад царска-царкоўнага прыгнёту, у 1863 годзе вельмі старанна дапамагалі цару распраўляцца з паўстанцамі... А вось яшчэ адна даволі пацешная дробязь. У браслаўскага калгасніка Сцяпана Рыжага, які — пра што я перад гэтым прачытаў у райгазеце — атрымаў днямі званне лепшага пастуха раёна, калісьці, ажно ў шаснаццатым стагоддзі, быў продак — браслаўскі войт Грэгар Рыжы...
На лузе над возерам садзіцца паштовы самалёт. Увечары стукае недзе маторка. Потым — ноч. Месячная дарожка, на якую так добра глядзець з гары, пад ціхую гутарку з добрымі хлопцам!.
I нечым не нашым, цвілым патыхае ад слоў, што адзін мясцовы дзеяч, калі ў лазні не хапіла дроў, загадаў спусціць на вуліцы дзве ліпы...
1955
УСМЕШКА
Толькі што адшумела навальніца, i па вуліцы вёскі бягуць вясёлыя мутныя раўчукі.
Я стаю каля варот бацькоўскага двара, i мне вельмі хочацца зняць свае модныя туфлі, прайсціся па быстрай дажджавой вадзе, памясіцв нагамі цёплую, пухкую гразь...
Мяркуючы па тым, што я яшчэ не зрабіў гэтага, a толькі раздумваю — я ўжо даўно не малы. Ды я не адчуваю чамусьці ні цяжару гадоў, ні адказнасці за свае паводзіны: я проста рад, можа, нават не менш, чым рады бываюць у такі час малыя.
На захадзе з-за хмар выглянула сонца.
З узгорку ўніз па вуліцы ідзе белы, зусім сухі i чысты бычок, а на бычку сядзіць гадоў пяцішасці дзяўчынка, што таксама не была пад дажджом.
Бычок ідзе паволі, нават салідна, упарта i горда несучы наперад свой шырокі пародзісты лоб з тупымі шэрымі рожкамі.
Дзяўчынка сядзіць на бычку не так, як хлопцы, а бокам, спіной да мяне, нібы знарок схаваўшы свой твар, напэўна, шчасліва i смешна сур'ёзны, свае, вядома ж, загарэлыя ножкі.
Сонца прасвечвае цераз мокрае, бліскучае лісце бяроз, i на мелкай гразі, нядаўна затупанай слядамі каровіных капытоў, на гаманлівай вадзе i на шэрых штакетах за раўчуком ляжыць рухавая сетка ценю. Калі бычок са сваёй амазонкай уваходзіць у гэты цень, па ix гуляюць сонечныя зайчыкі.
На ўсходзе, куды накіравалася, яшчэ не ўсё аддаўшы, цёмна-сіняя хмара, красуецца вясёлка. Пад вялізную арку яе ідзе вясковая вуліца, а па вуліцы, нібы ў краіну казачнай радасці, едзе светлагаловая дзяўчвінка, гулліва пастукваючы пятамі па баку свайго верхавіка.
Трохі воддаль за імі ідзе, таксама босы, бацька дзяўчынкі. Ідзе i ўсміхаецца, бо думае, відаць, што дзіця — заўсёды дзіця, заўседы радасць, ці хлопец гэта, ці дзеўка.
Але дзяўчынка тым часам праехала міма мяне i там, дзе шумлівы, пеністы раўчук ад плота разліўся на сярэдзіну вуліцы, пачала раптам з'язджаць з хрыбта свайго бычка i, пакуль я сабраўся бегчы ёй на дапамогу, з'ехала i шлёпнулася, села ў мелкую ваду!..
Пакуль мы з бацькам малое падбеглі туды, паспела адбыцца самае цікавае, самае вясёлае ў гэтай гісторыі.
Белы бычок прыгнуў лабастую галаву, наблізіў вільготную казытлівую пысу да твару свае сяброўкі i панюхаў яго, a дзяўчынка працягнула загарэлыя рукі, узялася за рогі бычка, адкінула назад светлавалосую галаву і, смеючыся, устала.
— Ой, татачка! — гаварыла яна i, не могучы дакончыць, звонка смяялася i паўтарала:— Ой, татачка! Ой!
І мы смяяліся ўтраіх,— так весела, так непаўторна молада, што я не вытрымаў больш і... прачнуўся.
1956
СУСТРЭЧА І РАЗЛУКА
Вялікая, брукаваная плошча ў мястэчку. Позняя раніца. Спёка. Рэпрадуктар грыміць ca слупа — перадае бясконцы нарыс пра жніво. А слухаць няма каму. Калгаснікі ў полі. Малыя — хто на пашы, хто каля возера. Толькі тры курыцы ходзяць на плошчы ды каля ганка зачыненага сельмага, дзе некалькі разоў на дзень спыняецца аўтобус, проста на санцапёку сядзіць дзядок. Доўга сядзіць, бо спяшацца няма куды...
Потым сюды падыходзіць другі. Таксама з вёскі, ехаць кудысьці сабраўся. Сівы, прыгорблены, з кульбай.
— Здаецца, Тодар Яцына? Здароў, калі так!
Той, што сядзіць, прыгледзеўся.
— Ты, Стасевіч? А бо-о-о!.. Сядай, браток, ды хоць, як людзі, пагаворым...
Старыя вітаюцца за руку, садзяцца побач i пачынаюць выясняць, колькі ж гэта гадоў яны не бачыліся. Нешта так будзе — ці ўсе пятнаццаць, ці толькі чатырнаццаць...
Яшчэ i да палавіны гэтай тэмы не дабраліся, калі на плошчу, нібы нечакана, выкаціў i спыніўся гарачы, запылены аўтобус.
— Паставы? Гэта мой!.. А ты, браток, куды?
— Я ў Вільню. Мой гадзіны праз дзве, а то i больш...
— Ну, дык бывай, Яцына! Дасць Бог — сустрэнемся, пагаворым.
Гул матора — уцёк. Пыл спакваля аблёг. На плошчы зноў цішыня.
Толькі нарыс па радыё... Ён таксама, здаецца, разлічаны на стагоддзе.
1956
КАР'ЕРА
Здаравенны хлапчына, якога з маленства, дзеля смеху, называлі Пётр Пятровіч, пры буржуазной Польшчы пяць год сядзеў у турме "за камуну", у вайну быў у партызанах, а пасля вызвалення — з вельмі лёгкай рукі мясцовага начальства — узышоў на цярністую сцежку кіраўнічай працы.
Амаль непісьменнага хлопца прызначылі спачатку кіраўніком раённай канторы дзяржбанка, пасля загадчыкам нарыхтоўчай канторы, пасля старшынёй сельсавета i нарэшце старшынёй сельпо.
Кіруючы банкам, Пётр Пятровіч толькі падпісваў паперкі, што яму ні падсоўвалі, вельмі цьмяна ўяўляючы змест пераважнай большасці дакументаў.
— Што ты мне тутака плявузгаеш! — грымеў ён на бухгалтара.— Я падпісаў — усё. А мала табе раз — другі раз падпішу!..
У нарыхтоўчай канторы ён сам, i вельмі ахвотна, быў часамі грузчыкам, памагаў сваім хлопцам.
Як старшыня сельсавета, пабіў аднаго дэпутата. Слухалі на бюро райкама.
— Ну, я ж усё ж такі яго начальнік,— апраўдваўся Пётр Пятровіч.— Усе мы ўжо сабраліся, сядзім, яго чакаем. Раз я паслаў па яго, другі раз — не ідзе. Пайшоў я сам. Сядзіць, гад, ды зацірку мурзае. Ну, узяў я тую міску ды надзеў яму на галаву. Падумаеш — так ужо абрамізіў!..
У сельпо Пётр Пятровіч вельмі хутка замурзаўся сам.
Не так замурзаўся самахоць, як замурзалі памагатыя.
І вось ён памёр недзе ў турме ці ў лагеры. Падпольшчык, партызан, дый хлопец, урэшце, нядрэнны, калі б яго не ўздымаць без патрэбы i меры...
A маці, якой "Бог смерці шкадуе", увесь свой век пакутніца пры такім сыне, ідзе цяпер за дваццаць кіламетраў у райцэнтр, каб, можа, пенсію якую за Пятра далі...
1956
ГАСПАДАРЫ
У клубе добрага калгаса сход. У будзень, але святочны. Больш за сто цётак i дзяўчат атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі — за лён, якім славіцца гэты куток Наднямоння.
Смешнавата-ўзварушлівы шык. Людзі гэтыя лепш умеюць працаваць, чым браць узнагароды. Кожная, каго выклічуць, выходзіць з-паміж радоў на праход, няёмка ўсміхаючыся, ідзе да стала прэзідыума i загадзя трымае руку, каб падаць яе старшыні райсавета, "так, як i ўсе", ківае галавой i кажа "дзякуй". Дзяўчаты не надта прызвычаены пастукваць высокімі абцасікамі святочных туфляў. Медалі ўсе начэпліваюць адразу ж, толькі сеўшы, i радасна, як дзеці, усміхаюцца.
Сухенькая, смяшлівая бабка:
— Ну вось, счас i я ўкрашу сваю грудзь!..
Ідзе, a ўсе дабрадушна смяюцца.
Выступаючы, большасць стараецца гаварыць, як i бабка, культурна: "клімацічаскія ўсловія нам не дазволілі..."
Толькі адна кабеціна — пасля даведаўся: жыве ўдавой, сын, лейтэнант, у арміі, дачка, студэнтка, у Мінску — гаварыла коратка i пасвойму:
— Семсот пукоў абабілі, а пяцьсот яшчэ не. Але абаб'ём i гэты. Што я тут буду болей гаварыць! Стараемся, як толькі можам, бо трэба.
Пасля сходу, вядома, танцы. I льнаводкі, i маладыя настаўніцы мятуць польку— не наглядзішся.
1956
ЗВАЛІЎСЯ ВЫСТУПАК
Дарога Ратэрдам — Амстэрдам.
Раўніна. Багаты лес: дубы, вязы, платаны, клёны, ліпы... Парнікі i адкрытыя грады. Прыгожыя домікі, ветракі, касцёлы, зноў ветракі... На сакавіта-зялёных паплавах чорнапярэстыя каровы. Вада не ўмяшчаецца ў незлічоных канавах, блішчыць нават на раллі. Раскошная аўтастрада. Абапал — вузкія, простыя палявыя дарогі, таксама асфальт у прысадах. Сонечны дзень...
Сонечны дзень у дажджлівай, пахмурнай Галандыі!.. У сярэднім ён тут бывае адзін раз на тыдзень. Цяпер, у кастрычніку, гэта зусім незвычайна, як дарагі падарунак.
А дзень — адзін, праездам, дзень у краіне, пра якую ты столькі ведаў здалёк i як быццам не ведаў нічога?..
Вось i настрой таму таксама сонечны.
Успамінаю маленства, стары рускі часопіс "Маяк", апавяданне пра падарожжа блізнятак Кіта i Кэт. Першае падарожжа з дзедам да мора.
Малыя сядзелі на нейкім мастку, потым у Кэт зваліўся ў ваду драўляны выступак. А за выступкам — абое блізнят. Дзядуля дастаў ix, засыпаў па шыю ў пясок, каб не змерзлі, пакуль высахне вопратка...
Прайшло больш трыццаці гадоў. А мне — з акна турысцкага аўтобуса — толькі i хочацца глядзець на далягляд, шукаць вачыма паласу, мусіць, недалёкага мора, а на беразе яго — мілыя мордачкі Кіта i Кэт. Яшчэ ўсё над пірамідкамі пяшчотна цёплага пяску...
1956
ПРОЦЬМА ЦУДОЎНЫХ КАДРАЎ
Учора сонца ўзышло над пустыннымі, голымі горамі Грэцыі. Порт Пірэй.
Упершыню за ўвесь наш шлях убачылі ваенныя караблі. 'Тлядзі ты,— падумалася адразу,— малая, слабая краіна, а вось жа наяршылася гарматамі i кулямётамі кацераў!.."
Адзін з ix уранні назойліва, як восеньская муха, кружыў вакол нашай белай красуні "Победы" a ўвечары другі... ці, можа, i той самы, шмаргануўся, як дэльфін, аб наш борт.
Засталі тут шэры амерыканскі "Gen. Alexander", які стаяў у Неапалі. Таксама, як i там, ён тут адразу адчаліў. Шмат амерыканскіх ваенных маракоў — белыя, негры, мулаты...
Як толькі нашы аўтобусы спыніліся каля Акропаля, энтээсаўцы — члены антысавецкай арганізацыі, пераважна з былых гітлераўскіх прыслужнікаў — пачалі раскідаць свае лістоўкі. Адзін так перастарйўся, што кінуў у акно аўтобуса пачак лістовак у металічным клямары i падбіў вока нашай турыстцы. Прадстаўнік круіза заявіў пратэст: "Здыму экскурсію! Сто чалавек паліцыі не можа абараніць нас ад хуліганаў". Грэкі, прадстаўнікі турыстычнага бюро, пачалі апраўдвацца, што гэта — "нашы"... Заклапочаны, ветлівы перакладчык пацешна завіхаўся: "Успокойтесь, господа, тех троих хулиганов полиция арестовала, их там будут пороть..."
Пасля наша насцярожанасць рассеялася. Бо нідзе не прымалі нас так гасцінна. Абед у рэстаране "Паля Гітоня" нечакана ператварыўся ў свята грэчаскай i савецкай песні. Рэстаран арыгінальны. Блакітная шкляная столь стварае поўную ілюзію вячэрняга неба, асабліва калі выключаецца свягло старадаўніх вулічных ліхтароў. Сцены вялікай залы размалёваны пад сцены дамоў, што акружаюць квадратную плошчу. Вокны з разнымі аканіцамі асветлены з сярэдзіны. Балкончыкі i вінаград на сценах дамоў яшчэ больш узмацняюць падабенства залы да нейкай сярэдневяковай рыначнай плошчы. Аркестр, трыо спевакоў з гітарамі, саліст i чароўная Майя Малайя. Наогул тут больш, чым у іншых краінах, прыгожых жанчын. Выконваліся народныя "песні гор", "маленьких стэпаў" i "гарадскія народныя песні", у многім падобныя да грузінскіх. Моцнае, духмянае віно. Над сталамі ляталі каляровыя шары i стужкі серпанціну. У адказ на песні гаспадароў наша турысцкая маса даволі ўдала, а галоўнае весела, пад баян, праспявала дзве рускія песні. Цікава выступіў наш пасол, пра якога Катаеў казаў нам з Танкам пасля, што гэта "дыпламат новага тыпу", ходзіць i ездзіць у людзі без усякай аховы, шчыра, жыва i ўмела працуючы для справы міру.
Дарэчы, калі мы ноччу гулялі з Максімам па вуліцах Афінаў, шафёры затрымлівалі нас на стаянках: "Товарищ, Маруську? Товарищ, такси?" A пачуўшы адмоўны адказ, смяяліся: "Миру — мир!" Удзень студэнты, вясёлыя хлопцы i мілыя, прыгожыя дзяўчаты, здымаліся з намі на фоне атычных руінаў, прасілі значкі, аўтографы i, з цяжкасцю гаворачы па-англійску, перакідваліся словамі пароля: "Ленін — добра, Сталін — не!"
Прыгожа тут вельмі. Кажучы мовай фатографаў (большасць турыстаў на гэтым памешана) — процьма цудоўных кадраў. Велічная краса старадаўняга мармуру, безліч маляўнічай керамікі ў музеях. Непаўторная панарама горных схілаў, пакрытых рознакаляровымі палацамі, дамамі, домікамі, кожны трэці з якіх здаецца творам мастацтва. На скалах (гід: "Якія мы называем узгоркамі") узвышаюцца класічныя руіны, што так красамоўна, так таямніча гавораць пра сілу чалавечага генія.
Уносячы ў гэтую антыку элемент сялянскай шэрай солі, рагаталі з Максімам з таго, якую "страляніну" ўздымалі на гэтых горах старадаўнія грэкі, без дапамогі машын варочаючы i цягаючы мармуровае шматпуддзе. Смешна гэта, але ж i не зусім дарэчы,— усюды столькі гаворкі пра багоў ды герояў, а пра тых, што будавалі, пра тыя хоць бы косці рабочага люду, на якіх узвышаецца ўся гэтая краса — ніхто ані слова. Гідам гэта, відаць, не прызначана, а мы, у большасці сваёй, запісваем ix траскучую, надаедлівую балбатню, нібы прыехаўшы сюды ліквідаваць сваю непісьменнасць.