...Заўтра Стамбул, пасля якога, як у родны двор, уваходзім у Чорнае мора. Што дзень, то ўсё больш сумую па доме, сню маленькага сына, мару пра цішыню i працу.
Прачнешся, зірнеш у акно — вада... Пішу, узняўся над столікам — вада... Ці не зашмат на свеце вады?..
А найлепш усё-такі ў нас, дзе i трава, i бярозы, i грады пахнуць укропам... Бо тут, на поўдні, асабліва ў Грэцыі, мала дрэў, мала травы, за што мне калісьці, між іншым, не спадабалася кактэбельская распаленая скаварада.
ЗАСЛАНІЎШЫСЯ ЛЁГКАЙ ІМГЛОЙ
Сённяшні дзень учора быў спланаваны так: прачынаюся на Чорным моры і, паснедаўшы, расшыфроўваю блакнотныя іерогліфы, затеваю па свежай памяці турэцкія ўражанні. Але, прачнуўшыся, мы адчулі, што цеплаход стаіць, у вокнах — густая імгла, праз якую ледзь прабівалася бледнае сонца. У імгле рознагалоса, разгублена пераклікаліся гудкі суднаў, якіх там, каля ўвахода з Мармуровага мора ў Залаты рог, мноства. Чуўся бой склянак, стук малатоў...
Праз дзве гадзіны наша "Победа", нарэшце, адчаліла i асцярожна рушыла ў Басфор. Імгла пачала патроху рассейвацца, нечакана блізка i спакваля вырысаваліся сілуэты суднаў i левы, еўрапейскі, бераг. Яшчэ больш сонца i подыхаў ветру, i вось — на палубах запстрык&гхі фотаапараты. Стамбул яшчэ раз паказаў нам сваю маляўнічасць i раскошу, лёгкай імглой засланіўшы ад нашых вачэй учора ўбачаную беднасць, бруд.
Яшчэ раз прайшлі мы каля авіяносца, відаць, флагмана амерыканскай эскадры, якая прыбыла сюды "з візітам дружбы"... Стамбул, бедная, брудная Турцыя на фоне гэтай эскадры — першае i галоўнае ўражанне, якое сёння паўтарылася, каб замацавацца ў памяці. Шэрая турэцкая паліцыя i чыстыя, адкормленыя амерыканскія маракі здаюцца тут галоўным насельніцтвам горада, асабліва ўвечары. Таварышы з нашага консульства расказвалі, што гэтым гасцям — сотням згаладнелых па жанчыне афіцэраў i матросаў муніцыпалітэт выдае бясплатныя білеты ў "начныя ўстановы".
У выніку такое дружбы горад ператвараецца ў вялізную плявацельніцу, a ўсё ж справа застаецца вельмі выгаднай, бо ў рэстаранах, барах, кабарэ асядаюць тысячы долараў.
Калі пакарыстацца шаблонным акрэсленнем, дык яно падыходзіць тут найбольш: Стамбул — горад кантрастаў. З аднаго боку — проста такі казачная раскоша ў старых i новых султанскіх палацах, цудоўныя помнікі архітэктуры — Айя Сафія i Блакітная мячэць, зусім еўрапейскі цэнтр горада вакол плошчы Таксіма, з другога боку — брудныя вуліцы старога горада, бедна апранутыя людзі, адзінаццаць тысяч "кэмалаў" [1] — насільшчыкаў, якія паспяхова канкурыруюць з грузавым транспартам, небывалых памераў прастытуцыя, плюс — усемагутная палка паліцэйскага...
Пасля чысценькай i халодна-непрыступнай Швецыі, багатай i працавітай гандляркі Галандыі, пасля раскошнага, шумнага Парыжа, дзе найбольш, здаецца, ураўнаважаны сілы ў барацьбе новага са старым, пасля чароўнай Італіі, працавітай, вясёлай i сімпатычнай нам, нягледзячы на сілу Ватыкана, на жывучасць сусветнай рэакцыі, якой яшчэ доўга прыйдзецца дагніваць, пасля непаўторнай па прыгажосці сваіх помнікаў Грэцыі,— буржуазная Еўропа паказала нам свае басфорскія задворкі.
Не так гэта ўсё проста, не так легка ўкладаецца ў схему — іхняе "дагніванне" i наша "недалёкая" перамога!
Многа поту, многа крыві чакае нас на шляху да перамогі святла над цемрай.
Непакояць, хвалююць, трывожаць венгерскія падзеі...
Многа намаганняў патрэбна сёння, круты паварот да Леніна, як першакрыніцы, новыя формы барацьбы i працы, бязлітасная шчырасць у прызнанні сваіх памылак, каб даць народу так неабходны зарад рэвалюцыйнай энергіі, маральнай чысціні, веры ў святое, гордае званне чалавека, які жыве, урэшце, для таго, каб быць шчаслівым сёння, i не шчасцем мешчаніна, не сытым шчасцем адзінак i груп, а светлым, чыстым шчасцем Чалавека.
Няшмат я ведаю, няшмат магу, але рабіць сваё я мушу, буду i хачу, бо толькі ў гэтым увесь той адзіны сэнс жыцця, тое, ні з чым не параўнанае шчасце, якім жылі лепшыя людзі Зямлі, што i мяне непакоіць, радуе, вядзе ўжо цэлых дваццаць пяць год, пачынаючы ад юнадкай тугі i пошукаў, ад першых пакут i першых радасцей.
1956
БЕЗ АЛЕБАРДЫ
На ўскраіне мястэчка, дзе брукаваная шаша ўздымаецца на доўгі мост, пад вербамі — цянёк.
Апоўдні мы, як спелыя грушы з патрывожанага галля, асыпаліся на гарачы перон з падножак прыгараднага цягніка i — цэлыя тры кіламетры — спяшаліся сюды з дурной міжвольнай думкай, што іменна ў гэты час, пакуль мы валачэмся, пад вербамі чакае нас машына...
А цяпер вось сядзім i чакаем самі.
За дзве бясконцыя гадзіны прайшло шэсць спадарожных машын, але ніводная з ix не спынілася, колькі мы ні махалі рукамі. Няўжо гэта шафёры, гады, настолькі разбагацелі?! Мог бы чалавек ca злосці падумаць i так, каб не было відавочным другое. Гэта другое — участковы міліцыянер, які моўчкі i важна ходзіць перад нашымі вачыма — то з ценю, то ў цень,— пільнуючы тут нейкага парадку.
Вось зноў ідзе трохтонка. Да таго ж пустая, з лаўкамі!.. Мы, пасажыры, якіх чамусьці называюць "гаўрыкамі", зноў устаём i з упартай надзеяй уздымаем рукі. Зноў дарэмна!.. Зноў хочацца крыкнуць: "Едзь, няхай табе палопаюць пакрышкі!" Потым зноў пачынаеш прытомнець, вяртаецца думка: шафёры баяцца міліцыі. Пачынаеш, седзячы або лежачы на траве абочыны, вадзіць вачыма за пыльнымі ботамі ўчастковага.
Сёння нас, "гаўрыкаў", няшмат... Зрэшты, мяне толькі i можна назваць гэтым пачэсным імем, бо рэшта пасажыраў — жанчыны: дзве маладзіцы, бабуля з унучкай i дзяўчына з чамаданчыкам, відаць, студэнтка. Па абавязку найбольш адказнага "гаўрыка" мне трэба было б падысці да міліцыянера i сказаць: "Чаго вы, таварыш, хочаце ад нас? І ездзілі людзі, i будуць ездзіць у кузавах, пакуль i тут не пойдзе аўтобус. Ідзіце вы, браток, ды паглядзіце парадку там, дзе трэба". Але на мяне чамусьці напала цяга да пасіўнага сузірання, ніяк не дазваляючы творча ўмяшацца ў жыццё. Прасцей: я i не вельмі спяшаюся, i зусім не ахвотна займацца з гэтым, здаецца, трошкі падсамагоненым служаком. А нервы ўсё ж такі гудуць, як тэлеграфныя драты, над галавою...
Не нервуецца, відаць, толькі адна пасажырка. Ційая бялявая дзяўчына, якая здаецца мне студэнткай-завочніцай, сядзіць на сваім чамаданчыку i запоем чытае. Кніга як быццам знаёмая мне — ці не тыя самыя сінія вокладкі?.. Што ж, i я, відаць, супакоіўся б над гэтымі заўсёды свежымі, вясёлымі старонкамі...
Дзяўчына з кнігай зацікавіла i ўчастковага. Што за яна — i не ўстае, i не хвалюецца, як усе іншыя, не просіцца, нібы ёй i ехаць нікуды не трэба? А да таго яшчэ — нішто сабе... нават, можна сказаць... Ён падышоў, пераступіў з нагі на нагу i спытаўся:
— Чытаеце?
Дзяўчына ўзняла ад кнігі позірк, спакойна паглядзела на міліцыянера i зноў апусціла блакітныя, як мне зводдаль здалося, i разумныя вочы.
— А што вы, грамадзяначка, чытаеце?
— Гэта — Шолам-Алейхем,— адказала дзяўчына i неяк вельмі ж спакойна, адкрыта гледзячы хлопцу ў вочы, дадала: — Вялікі яўрэйскі пісьменнік.
Рыжы зусім нечакана гыкнуў блазенскім смехам. Гыкнуў i азірнуўся: ніхто не падтрымаў?.. Дзяўчына з недаўменнем паціснула вострым! плечыкамі пад квяцістай сукенкай i зноў апусціла вочы на кнігу. Тады ўчастковы, каб узняць сваю годнасць гаспадара тутэйшых мясцін i даволі цікавага маладога чалавека, зусім сур'ёзна, нават вельмі важна заключыў:
— Што ж, яўрэі — яны нішто сабе, яны наогул здорава апісваюць...
На гэты раз я выбухаю смехам.
Няхай даруе мне наша міліцыя! Каб не было ніякіх нездаровых падазрэнняў, я гатоў неадкладна ўключыцца ў конкурс па напісанні высокамастацкіх твораў пра скромных i гераічных вартаўнікоў грамадскага парадку. Калі трэба,— вазьміце з мяне тры рублі штрафу, аднак дайце ж i пасмяяцца! Дазвольце мне паверыць, што мой знаёмы не прыдумаў, калі... Ах, чорт вазьмі, машына! Не, павярнула ўлева, уздоўж ракі... Дык мой знаёмы, малады вясковы настаўнік, расказваў, як ён прасіў на вяселле свайго ўчастковага.
Я яго так сабе — не то ад радасці, не то пасуседску прашу, а ён пытаецца:
"Жэнішся?"
"Жанюся, Іван Маісаравіч".
"Ну што ж, не супярэчу... Можа, нават i зайду..."
A ці не гэтага вось рыжага прасіў мой знаёмы? ЦІ не быў ён i сёння на дармовай чарцы?..
І яшчэ адно пытанне: а што, каб такому даць паласатую будку i алебарду? Здаецца, было б да твару.
1957
ЗАГАДКА
Напярэдадні вайны хлопец з Дона стаяў дазорам на Бугу. Пасля, пад націскам ворага, ён адступаў, уведаў бяздонную горыч разгрому i палону. Уцёк з-за калючага дроту i прыпыніўся ў самай звычайнай беларускай вёсцы. Небагатыя ціхія людзі, з якіх i ён нядаўна пасмейваўся: "Бульба дробненькая, але многа!.." Яны накармілі яго i прыгрэлі. Разам з імі ён узяў неўзабаве вінтоўку, стаў партызанам. Разам з імі рабіў ён тое, што — збоку відней — i Радзіма, i ўвесь прагрэсіўны свет пачалі пасля называць гераізмам. Тут на гарачую кроў яго раны лягла халаднаватая чысціня палатна. "Кужэльненькага", як гаварыла беларуская маці, нястомная работніца, што плакала над ім. Замест ягонай — богведама, ці жывой? — мамані ў далёкай, таксама дзесьці зганьбаванай фашыстамі станіцы... Тут ён адчуў каханне — наша дзяўчына палюбіла яго, пайшла з ім з роднае хаты ў сцюдзёную пушчу...
Пасля — перамога! I ён не вярнуўся дахаты, на Дон. Хлопец нібы толькі цяпер заўважыў, як ён прырос да гэтай слаўнай лясной старонкі, як пасябраваў з людзьмі, якія памаглі яму выканаць святы абавязак савецкага чалавека. Вось ужо трынаццаць год узапар ездзіць ён у госці на ўсход, да роднага берага, да родных душ, i вяртаецца адтуль у Беларусь з тым самым дзіўным пачуццём — з дому едзе дадому, з радзімы цягне яго на радзіму... Дзве ix стала, ці што?..
1957
КАРАВАЙ
Мядзельшчына. Жніво. У ціхай, сонечнай вёсцы над возерам спыніўся "Масквіч". Тры дачныя мужы, што вярнуліся з горада, яшчэ як быццам не нацешыліся сваей кампаніяй — закурваюць, стоячы каля машыны.
Раптам — з-за ўзгорка пачуўся незвычайны шолах, бабскі гвалт. Курцы хацелі кінуцца туды, як на пажар, але тут з акна хаты, насупраць якое яны стаялі, пачуўся прыглушаны гол ас:
— Уцякайце, таварышы! Хавайцеся! Будзе бяда!..
Пакуль яны не верылі, з-за ўзгорка паказалася чарада баб i дзевак. Крык, стук качалкаю па вядры, абрыўкі песень, рогат, віск...
Стары, што папярэджваў дачнікаў, знік у акне.
Убачыўшы машыну, жанчыны загалёкалі i рынуліся да яе. Дачныя мужы паспелі ўскочыць у свой "Масквіч" i зачыніцца. Жанкі абляпілі машыну з усіх бакоў, пачалі выманьваць пасажыраў выйсці.
— Тэмпературу пагляджу! — крычала адна, трымаючы, як стэтаскоп, чарку на доўгай ножцы.
— Дабром просім — выходзь! — крычала другая, з намалёванымі вугалем вусамі.
— Бабкі, ану — перакінем! — прыйшла нарэшце шчаслівая думка.
І бабкі сталі пераварочваць "Масквіч". Магло б, вядома, i такое здарыцца, але ж яны паляпіліся з усіх бакоў, пяліся, галёкалі наўвесь свет, а машына толькі нрьшаднімалася, як жук, які лянуецца ўзлятаць. І бабкі спакваля ашляхлі. Яны пастукалі кулакамі па шыбах, па кузаве — каб ты лопнуў! — "доктарка" пагразіла ў акно:
— Ну, гады, ваша шчасце!..
I вось чарада, зноў з ваяўнічым крыкам, падалася па вуліцы далей.
Зноў адчынілася акно, i дзед, што папярэджваў дачнікаў, растлумачыў:
— Сёння, таварышы, чацвер. Дык гэта бабы каравай сабраліся пячы. Стася Хрыпунова ў нядзелю замуж ідзе. Тая, што ў крайняй ад пошты хаце. Выпілі трохі, халера, бушуюць. Сёння яны маюць права на ўсё. Могуць мужчинам рабіць, што захочуць. І порткі з вас, выбачайце, цягнулі б, i крапівы туды напхалі б, i пяску насыпалі б!.. Абычай. Банда. Мужчины нашы ўсе — хто куды!..
ЗНОЎ ДОМА
Здаецца, упершыню адчуваў сябе так радасна i лёгка тут... хачу сказаць — дома, бо ў родных мясцінах, пра якія мне хочацца пісаць, пра якія я пачынаю думаць — абы ўзяўся за пяро. Няма ўжо тут таго ныцця, як раней, як быццам ужо цалкам закончыўся працэс сацыялізацыі вёскі, людзі прывыклі да новага, кажучы мовай Талстога — усё перавярнулася i легла на сваё месца. Гавораць землякі адкрыта, калюча, але не варожа. Як быццам закончился ўжо, завершаны першы этап барацьбы за хлеб. Цяпер няма тут яго, кажуць, толькі ў гультаёў. Пачынаецца новы, ужо не першы этап барацьбы за культуру. Плануюцца ды будуюцца клубы, школы, дарогі...
Адно, калі ласка, без лакіроўкі! За культуру ў нас трэба нарэшце пачынаць змагацца пасапраўднаму, трэба нават біць у званы!..
Найбольш, здаецца часамі, актуальная праблема ў многіх — "дзе дастаць дражджэй?". Самагонка, "Сталічная", нават каньяк. П'юць вельмі многа.
У мястэчку перад "забягалаўкай" наглядаў сварку настаўніцкай пары.
Ен, п'яны, яшчэ ўсё рваўся да чаркі i груба лаяўся — прывычна ўжо, нават здаволены сабой.
Яна крычала, як звяглівая баба, выварочваючы "перад усёй грамадскасцю" хатні, сямейны бруд.
А дзве дзяўчынкі, што за чатыры кіламетры прыйшлі сюды па сшыткі, прагна прыглядаліся, прыслухоўваліся да гэтай "педагагічнай дыскусіі"...
Былы падпольшчык, адукаваны, сімпатычны рабацяга, таксама настаўнік, зусім сур'ёзна даводзіў мне, што алкаголь... карысны.
У старшыні калгаса, перадавога, раструбленага на ўвесь свет, нос сіні i ў цяпле. Прыкмета сімвала веры.
Спіс гэты можна прадоўжыць, хапіла б толькі ахвоты.
Трэба штосьці рабіць!.. А я яшчэ думаю: ці варта даць месца гэтай балючай i вельмі сучаснай праблеме ў артыкуле, які мяне прасілі напісаць пра новае ў вёсцы...
Як здорава мы прывучаны загладжваць!..
1957
АСТРАВОК
На хутары, дзе садок, i гарод, i навокал, як мора, калгаснае жыта, бачыў жывы прататып казачнага Іванькі-прастака.
Дужы, рахманы дзяцюк. З гонарам расказвае, што ён усё-ўсё ўмее рабіць. Хоць i робіць толькі тое, што не патрабуе трохі большай кемлівасці: не косіць, але падае на воз, не коле дроў, але валочыць вёдрамі ваду ca студні, якая больш за кіламетр ад хутара, у вёсцы... Малодшы брат, гаспадар, вазіў летась яблыкі прадаваць — з Наваградчыны ў Маскву — i купіў яму шапку, якой вельмі ж хацелася — салдацкую, з чырвоным аколышкам. Яна вісіць на сцяне, любоўна загорнутая ў маміну хусту.
Увечары "дурань" зняў яе са сцяны, разгарнуў i надзеў аберуч — як карону.
— Куды ты, Іване? — пытаецца цярплівая i ціхая жанчына — маці.
— У кіно.
— Позна, сынок, яно там недзе ўжо канчаецца.
— А пад канец яшчэ цікавей.
Ды з такой жа дзіцячай усмешкай адказвае!..
— Малому дарогу саступіць,— кажуць пра хлопца сямейнікі.
I шкадуюць яго ўсе — i брат, i братавая, i сястра-школьніца, i дзед.
Дзед — цікавы i сам. Яму ўжо за дзевяноста. Накрыўшыся старой цыратай ад дажджу, пасе ў зялёным яры дзве каровы i жменьку авец. І вельмі рад, што вось ізноў, як людзі, бачыць. Бо толькі нядаўна яму знялі катаракту.
— Як на свет нарадзіўся, сынок! — расказвае ён мне, неяк надзіва молада смеючыся.— А тыя разы, сляпым быўшы, дзяржу дзве каровы на павадах, а малыя толькі камандуюць: "Дзеду, лявей! Дзеду, правей!.."
Дзед есць зацірку толькі з хлебам i злуецца на ўнукаву жонку, калі зацірка рэдкая:
— Сама, відаць, хадзіла па ваду!..
Увечары выпіў з намі — цэлую шклянку самагону — i пачаў успамінаць. Ну, спачатку — бліжэйшае. Як ён на ўнукавым вяселлі "ўзяў" трошкі не літар i нават яшчэ "барыню" паскакаў. Як сын яго, Лёўка, насіў у млыне на другі наверх па два шасціпудовыя мяхі зараз, узяўшы пад пахі, а потым — булава, царства яму нябеснае, напіўшыся п'яны, прастудзіўся за ноч у канаве i памёр... Пасля гэтых успамінаў, цікавых, але звычайных, ідуць такія, ад якіх ажно неяк трошкі вусцішна. Што памятае жывы чалавек!.. У другой палавіне дваццатага веку — успамінае пра турэцкую вайну!.. Праўда, на Шыпцы сам ён не быў — па пашы бегаў яшчэ, але ж палонных туркаў бачыў многа. У графскім маёнтку.