Французская навела XX стагоддзя - Веркор 13 стр.


Лекар выглядаў збянтэжаным. Ад намагання прыгадаць вельмі старое перажыванне зморшчыны на яго гратэскным лобе прарэзаліся яшчэ глыбей.

Ён адарваўся ад сваіх думак, калі манахі пачалі зацята жагнацца. Чужынец падышоў да пракажонага. Сваю любоў і міласэрнасць ён праявіў гвалтам. Рэзкім рухам ён сарваў вэлюм з мурына, і ўсе ўбачылі яго твар, запухлы, вялізны, знявечаны, але галоўнае — чорны, як у дэмана, толькі сінюшныя плямы праказы выдзяляліся на ім. Святы абняў гэтае мярзоцце і прыпаў губамі да яго шчакі.

Абдымкі былі нядоўгія. Тое, як раптоўна яны скончыліся, зусім збіла з тропу прысутных.

Спачатку мурын схапіў аберуч галаву святога і адвёў ад свайго твару, на якім, нягледзячы на зверападобнасць, было напісана чалавечае пачуццё: страх.

Нейкі час ён разглядаў яго, потым, не выпускаючы, павярнуўся ў бок даліны, зрабіўшы неверагодна рэзкі рух, які моцна нагадваў рэфлекс напалоханай жывёліны. Яго ноздры надзімаліся, нібы яму хацелася надыхацца гэтым пахам, які яшчэ ахінаў схілы гары. Пакуль ён так стаяў, страх усё больш акрэсліваўся на яго твары, у яго рысах і вачах чыталіся жах, жудасць і роспач, калі тым жа машынальным рухам ён зноў перавёў позірк на святога.

Тады яго вусны, пакрытыя агіднымі пухірамі, растуліліся. З іх вырваўся крык, ад якога задрыжала ўся Гара Хворых, а ў пракажоных верхняга лепразорыя захаланула кроў. У той самы момант мурын далёка адштурхнуў святога з сілай, якую мог даць толькі смяротны жах. Святы, спатыкаючыся, зрабіў некалькі крокаў назад, зваліўся на зямлю і знерухомеў, нібы зламаная лялька.

Мурын павярнуўся да Жана Маяра і сказаў некалькі слоў на сваёй варварскай мове.

Потым ён павярнуўся і кінуўся бегчы, пасылаючы праклёны небу, пад жалобны акампанемент ляскоткі.

Знікненне мурына быццам бы крыху супакоіла абата. Ён яшчэ раз перажагнаўся і спытаўся ў сябра:

— Што ён сказаў?

Жан Маяр адказаў не адразу. Ён стаяў збялелы. Зморшчыны на яго твары прарэзаліся яшчэ глыбей. Яму здавалася, што абрыўкі ўспамінаў, якія перад тым невыразна ўсплылі ў памяці, пачалі злівацца ў звязанае цэлае, сэнс якога ён быў ужо гатовы раскрыць. Але раней нават, чым ён паспеў зразумець і ясна выказаць разгадку гэтай таямніцы, ён скамянеў ад прадчування жахлівасці свайго адкрыцця. Ад гэтага прадчування ён страціў сваю звычайную спакойнасць. Урэшце ён загаварыў перарывістым голасам:

— Ён сказаў... праўда, я зразумеў толькі адно слова — чорны... Дайце падумаць... Так, чорны. Ён казаў пра нешта чорнае, гэта дакладна, я добра ведаю гэтае слова яго мовы. Ён часта з засмучаным выглядам паўтараў яго мне і біў сябе ў грудзі... Тады ён відавочна меў на ўвазе свой колер... Але цяпер гэта не тое.

Яго разважанні перапыніла новая хваля смуроду. Раптам ён падышоў да чужынца, які ляжаў па-ранейшаму нерухома, і сурова сказаў:

— Ты прыйшоў з горада, як ты нам казаў, і павінен ведаць, што там адбываецца. Спачатку мы думалі, што гэта нейкае вялікае свята, але...

Ён ускрыкнуў, убачыўшы твар чалавека, які ляжаў на зямлі. Твар святога зрабіўся як у мерцвяка і, здавалася, распадаўся на вачах.

— Абат, гэты чалавек памірае.

— Сапраўды свята! — прашаптаў святы з жудаснай грымасай на твары.

Ён паспрабаваў устаць, але яго галава цяжка ўпала. Ён заплюшчыў вочы і знерухомеў. Жан Маяр, забыўшыся пра ўсё, акрамя сваіх прафесійных абавязкаў, стаў на калені і прыклаў галаву да яго грудзей. Ад гэтага дотыку святы расплюшчыў вочы, яго твар ажыў, дзіўна вышчарыўся. Апошнім намаганнем ён абняў і канвульсіўна прыціснуў лекара да сябе, шэпчучы:

— Брат мой!

Жан Маяр рэзка вырваўся. На яго твары быў такі самы жах, і ноздры раздзімаліся, як у мурына. Ён яшчэ больш збялеў.

— Водар святасці рассеяўся, абат! — закрычаў ён. — Застаўся толькі смурод, такі самы, які далятае з горада. Вядома, праказа так не пахне, не можа пахнуць!

У гэты момант святы перабіў яго. Яго ахапіў магутны прыступ гарачкі, і яе хваравітая энергія раптам вылілася ў бязладны паток слоў:

— Свята, кажаце?.. Ах, якое свята! З шэсцем... шэсцем мёртвых... воз з мерцвякамі ўночы. Гэта я іх вазіў. Ніхто больш не асмельваўся. Я сам скідаў мёртвых, а часам і не зусім яшчэ мёртвых, у магілы. Толькі я ішоў прэч, як ваўкі прыходзілі разграбаць зямлю. Пасля мяне ніхто не асмеліцца хадзіць за возам... Але хіба ўсе людзі не браты?

Ён залямантаваў. Яго нечакана гучны голас разляцеўся над усёй гарой. Упершыню ён шырока раскрыў рот, развёўшы сківіцы, быццам, выканаўшы сваю місію, ён ужо не меў патрэбы стрымлівацца. Стаў відаць яго чорна-сіні, раздуты, як бурдзюк, язык, які яму ўдалося з учарашняга дня нікому не паказаць, і такое самае паднябенне, ад якога ішоў густы смурод.

— Дарагі доктар, мілы доктар, я цябе пазнаў. Калі я захварэў, ты падышоў да мяне на дзесяць крокаў, толькі на дзесяць, у недарэчнай масцы і пракураны ладанам. Гэта ты загадаў забіць мае дзверы, але ты забыўся пра акно і пакінуў нейкія свае парфумы... Ты забараніў усім набліжацца да майго жытла. Ты паставіў на ім белы крыж і напісаў: «Божа, злітуйся з нас».

— Божа, злітуйся з нас, — як рэха, прашаптаў Жан Маяр, якога нібы маланка ўдарыла.

— Ніхто не злітаваўся з мяне; але я не пабаяўся абдымаць пракажоных... і цябе, любы лекар-пракажоны. Кажаш, праказа забівае паволі?.. Ха, ха! А хіба я сам не выдатны лекар, найлепшы лекар?

— Абат, — закрычаў Жан Маяр, які выйшаў са здранцвення, — абат! Ваш святы... Наш святы!..

У парыве лютасці ён кінуўся на гэтага чалавека, які зноў адкінуўся назад і страціў прытомнасць. Некалькімі рэзкімі, ліхаманкавымі рухамі ён задраў да шыі яго доўгую рудую хламіду і сарваў сподняе. Абат убачыў, як ён пахіснуўся і адступіў на крок перад той апошняй жахлівай карцінай, якая яму адкрылася.

Страшныя пухліны, брыдкія плямы агідна чорнага колеру пакрывалі пах святога. Такія самыя злавесныя плямы былі пад пахамі і пачалі з'яўляцца ў іншых мясцінах на целе. Гэтыя плямы, якія былі ўжо вялікія і месцамі зліліся ў адно, пачалі ўбіраць цела ў пахавальны саян.

Лекар брыдка вылаяўся. Ён увесь калаціўся ад лютасці. Павярнуўшыся да сябра, ён закрычаў, паказваючы пальцам на злавесныя знакі:

— Пошасць, у сто разоў больш заразная і ў тысячу разоў страшнейшая за праказу, абат! Хвароба, ад якой паміраюць за пяць дзён! ЧОРНАЯ ЧУМА!

Памяці забітага паэта Сэн-Поль-Ру

Да таго, як з'явіўся ён, немцы не раз прыглядаліся да нашага жытла. Перш за ўсё салдатня: два белабрысыя пехацінцы, адзін — няўклюдны, худзенечкі, другі — каржакаваты, з рукамі каменячоса. Яны агледзелі жытло з усіх бакоў. Пазней з няўклюдным пехацінцам прыйшоў унтэр-афіцэр. Яны загаварылі са мною на мове, якую, відаць, лічылі французскаю. Я не зразумеў ніводнага слова, але правёў іх па свабодных пакоях. Здалося, што немцам яны прыйшліся даспадобы.

Назаўтра раніцай у сад уехала адкрытая ваенная машына, шэрая і вялізная. Шафёр і худы салдат, малады і вясёлы, выгрузілі з яе дзве скрыні і велізарны пак, загорнуты ў брызент, і ўцягнулі ўсё гэта ў гасцёўню. Машына кудысьці паехала, а праз некалькі гадзін я пачуў на дварэ конскі тупат. Былі гэта тры кавалерысты. Адзін злез з каня і пайшоў да старой мураванай будыніны, дзе была мая майстэрня. Потым вярнуўся, і немцы павялі туды коней. Пазней я ўбачыў, што яны прывязалі коней да скабы, якую замацавалі ў дзірцы паміж камянямі ў сцяне.

Прайшло яшчэ два дні, і нічога новага не адбылося. Больш я не бачыў нікога. Кавалерысты выходзілі з коньмі на золку, вярталіся ўвечары і клаліся спаць у каморы пад лесвіцай, куды нацягалі сабе саломы.

На трэці дзень раніцай вярнулася ваенная машына. Вясёлы салдат узваліў на плечы вялікі куфэрак і занёс яго ў гасцёўню. Потым узяў свой мяшок і паклаў яго ў суседнім пакоі. Сышоў уніз і на правільнай французскай мове загадаў маёй пляменніцы прынесці пасцельную бялізну.

Калі пачуўся стук, адчыняць дзверы пайшла пляменніца. Як звычайна, яна толькі што падала мне кубак кавы, якую я п'ю перад сном. Я сядзеў у самым куце, далёка ад лямпы. Дзверы адгэтуль выходзяць у сад, а ўздоўж усяго дома цягнецца выкладзены пліткаю тратуар. Мы пачулі стук абцасаў па тратуары. Пляменніца паглядзела на мяне і паставіла кубак. Я трымаў свой у руках.

Было цёмна, не вельмі холадна. Леташні лістапад увогуле не быў халодны. Я ўбачыў велізарны сілуэт, плоскую фуражку, плашч, накінуты на плечы нібыта палярына.

Пляменніца моўчкі адчыніла дзверы. Стала, прыціснуўшыся да сцяны, апусціла вочы. Я ж маленькімі глыткамі піў каву.

— Прабачце, — сказаў чалавек у дзвярах і пачціва схіліў галаву.

Здавалася, ён спрабаваў зразумець наша маўчанне. Пастаяўшы крыху, афіцэр увайшоў.

Плашч саслізнуў яму на руку. Ён аддаў нам чэсць і зняў фуражку. Павярнуўся да пляменніцы, элегантна пакланіўся ёй, амаль няўлоўна ўсміхнуўся. Пасля з прыкметнай павагай пакланіўся мне.

— Мяне завуць Вернер фон Эбрэнак.

Назад Дальше