Французская навела XX стагоддзя - Веркор 14 стр.


У галаве мільганула: «Імя гучыць не па-нямецку. Нашчадак эмігранта-пратэстанта?»

— Я вельмі вам спачуваю, — павольна дадаў афіцэр.

Апошняе слова нібыта ўпала ў наша маўчанне. Пляменніца зачыніла за афіцэрам дзверы. Яна ўсё яшчэ стаяла каля сцяны і глядзела перад сабою. Я не зварухнуўся з месца. Павольна паставіў пусты кубак на фісгармонію, сашчапіў пальцы і стаў чакаць.

Афіцэр загаварыў зноў:

— Я проста вымушаны быў стаць вашым кватарантам. Іншага выйсця ў гэтых умовах няма. Спадзяюся, што мой ардынарац забяспечыць вам спакой.

Ён стаяў пасярэдзіне пакоя — высачэзны і тонкі. Рукою ён мог бы дастаць да столі.

Галава ў яго была крыху нахілена ўперад, і таму ўражанне было такое, што яна ішла не з шыі, а з грудзей; ён здаваўся згорбленым. Сцёгны і плечы — сухарлявыя. Прыгожы худы твар. Глыбока запалыя вочы, здаецца, блакітныя, цяжка было разгледзець. Зачасаныя назад валасы, бялявыя і шаўкавістыя, мякка блішчалі ў святле люстры.

Маўчанне было, як туман на досвітку — густое і нерухомае, а нашы застылыя постаці рабілі яго яшчэ цяжэйшым, быццам налівалі свінцом. Разгублены, такі ж нерухомы, стаяў і афіцэр. Урэшце я ўбачыў, як на яго вуснах пачала з'яўляцца ўсмешка — сур'ёзная, без намёку на іронію. Ён зрабіў нейкі рух рукою, сэнсу якога я не зразумеў. Вочы яго спыніліся на пляменніцы, што застыла каля сцяны, і я добра разгледзеў яго мужны твар, вялікі тонкі нос. Прыкмеціў, што адзін зуб быў залаты. Урэшце афіцэр адвёў вочы, паглядзеў на полымя ў каміне і сказаў:

— Я вельмі паважаю людзей, якія любяць сваю радзіму. — Потым рэзка падняў галаву і ўгледзеўся ў скульптурку анёла над акном. — Я мог бы падняцца цяпер у свой пакой, але не ведаю як.

Пляменніца адчыніла дзверы на лесвічку і пачала падымацца па прыступках, не гледзячы на афіцэра, нібыта нікога побач з ёю і не было. Немец ішоў следам. Тут я ўбачыў, што адна нага ў яго не згінаецца.

Я пачуў, як яны прайшлі праз пярэдні пакой; крокі афіцэра то гучнелі, то заціхалі. Адныніліся і зачыніліся дзверы. Пляменніца вярнулася, узяла свой кубак і пачала піць каву. Я распаліў люльку. Некалькі хвілін мы маўчалі.

— Дзякуй богу, здаецца, чалавек ён прыстойны, — сказаў я.

Пляменніца паціснула плячыма. Паклала на калені маю вельветавую куртку і пачала латаць локаць.

Раніцай, у снеданне, афіцэр сышоў уніз. У кухню вяла другая лесвіца, і я не ведаю, ці пачуў немец нашы галасы, ці пайшоў так.

— Я добра выспаўся. Спадзяюся, і вы таксама, — сказаў ён і спыніўся ля дзвярэй. Потым з усмешкай агледзеў прасторны пакой. У нас было не дужа багата дроў і яшчэ менш брыкету, таму мы вырашылі перайсці на зіму ў кухню. Я яе перафарбаваў, яшчэ мы ўпрыгожылі яе розным медным і іншым даўнім посудам, перанеслі сюды сёе-тое з мэблі. Ён разглядваў усё з той самай ледзь прыкметнаю ўсмешкаю, і я ўбачыў вузенькую палоску белых зубоў. Яшчэ я ўбачыў, што вочы ў яго не блакітныя, як мне здалося спачатку, а зеленаватыя. Урэшце ён прайшоў праз пакой і адчыніў дзверы ў сад. Ступіў два крокі і павярнуўся да нас, каб паглядзець на доўгі і нізкі дом з цёмным чарапічным дахам, увесь увіты вінаградам. Пасля задаволена ўсміхнуўся.

— Ваш стары мэр абяцаў мне, што я буду жыць у замку, — сказаў ён, углядаючыся ў шыкоўны будынак на ўзгорку, што віднеўся скрозь аголеныя дрэвы. — Я падзякую маім падначаленым за тое, што яны не памыліліся. Гэты замак куды лепшы.

Потым зачыніў за сабою шкляныя дзверы, пакланіўся нам і пайшоў.

Вярнуўся ён вечарам, у той самы час, што і напярэдадні. Мы пілі каву. Ён пастукаўся, але не чакаў, пакуль да дзвярэй падыдзе пляменніца, адчыніў іх сам.

— Баюся, што не ў пару, — сказаў ён. — Калі хочаце, я буду хадзіць праз кухню, тады вы зможаце замыкаць гэты пакой. — Ён падышоў да дзвярэй, спыніўся на хвіліну, агледзеў памяшканне. Урэшце пачціва пакланіўся, сказаў: — Дабранач, — і выйшаў.

Мы так і не замкнулі ні разу пакой. Я не ўпэўнены, што ўсё, што мы тады рабілі, было нам ясна і зразумела. Маўкліва пагадзіўшыся, мы вырашылі нічога ў нашым жыцці не мяняць, ніводнае дэталі — і жылі так, быццам афіцэра не было, нібыта ён быў які прывід. Але магло быць і так, што з гэтым рашэннем зжылося ў маім сэрцы і нейкае іншае пачуццё: я не ўмею, не пакутуючы сам, пакрыўдзіць чалавека, нават ворага.

Даволі доўга — больш за месяц — гэта сцэна паўтаралася штодзень. Афіцэр стукаўся і ўваходзіў, гаварыў пра надвор'е ці яшчэ што, так, што можна было яму не адказваць. Ён заўсёды спыняўся каля дзвярэй, абводзіў поглядам пакой, нас. Лёгкая ўсмешка перадавала задавальненне, якое яму, як мне думаецца, даваў гэты агляд. І так кожны раз: агляд і задавальненне. Ён узіраўся ў твар пляменніцы за вязаннем або шытвом, заўсёды стрыманай і абыякавай, а калі ўрэшце адводзіў вочы, я бачыў у яго ўсмешцы нешта спачувальнае, нейкую пахвалу. Кланяючыся, ён заўсёды казаў: «Дабранач».

Усё нечакана змянілася ў адзін вечар. На дварэ ішоў дождж з невялікім снегам, было страшэнна сыра і холадна. Я падкладаў у камін тоўстыя палены, якія бярог менавіта на такія халады, і неяк непрыкметна пачаў думаць пра афіцэра, уяўляць сабе, як ён ідзе па вуліцы, як зараз увойдзе, увесь заснежаны. Але ён не прыйшоў. Час, калі ён вяртаўся, даўно мінуў, і я злаваў, што не магу прагнаць гэтых думак. Пляменніца засяроджана вязала.

Урэшце пачуліся крокі. Але чамусьці зверху. Па іх няроўным стуку я здагадаўся, што гэта афіцэр. Відаць, ён увайшоў праз другія дзверы, а цяпер спускаўся да нас. Вядома, яму не хацелася, каб мы бачылі яго ў прамоклай форме, таму ён і пераадзеўся.

Крокі па лесвіцы, то цяжкія, то лёгкія, набліжаліся. Дзверы адчыніліся, і афіцэр увайшоў — у цывільным. На ім былі штаны з тоўстай шэрай фланелі і куртка са сталёва-блакітнага цвіду з рудаватымі пражылкамі, шырокая і свабодная; швэдар з тоўстай нябеленай шэрсці хораша прыставаў да яго статнага мускулістага торса. Ва ўсёй яго паставе адчувалася нейкая вытанчаная грэба да таго, што ён насіў.

— Прабачце. Не магу сагрэцца. Прамок дашчэнту, а ў пакоі вельмі холадна. Пагрэюся колькі хвілін каля вашага агню.

Ён грузна прысеў на кукішкі перад камінам, працягнуў да цяпла рукі.

— От добра!.. Добра!.. — прыгаворваў ён задаволена.

Пасля павярнуўся да агню спінаю, абхапіў калена рукамі. Пачакаўшы яшчэ крыху, загаварыў:

— Ну, гэта яшчэ нічога. Зіма ў Францыі мяккая. А ў нас яна вельмі суровая. Лясы ў нас сасновыя, густыя, узімку снегу на іх — процьма. А тут і дрэвы нейкія пяшчотныя, і снег на іх, што тыя карункі. Наша прырода — усё роўна як дужы, прысадзісты бык, створаны для барацьбы за выжыванне. А ваша — дух, узнёслая паэтычная думка.

Акцэнт у Эбрэнака быў лёгкі, прыкметны хіба што на цвёрдых зычных, голас — даволі глухі, амаль без тэмбру, так што гаворка яго нагадвала нейкае пявучае гудзенне.

Ён устаў, паставіў локаць на камінную палічку, прыціснуўся лобам да рукі. Гэты немец быў такі высокі, што яму прыходзілася нахіляцца нават там, дзе я і блізка не даставаў галавою.

Ён стаяў так даволі доўга — маўклівы і нерухомы. Пляменніца механічна вязала. Яна не глянула ў яго бок ні разу. Я курыў, седзячы ў ёмкім крэсле, і думаў, што нішто не можа парушыць нашага гнятучага маўчання, адно чакаў, калі ўжо афіцэр адкланяецца і пойдзе.

Але пявучае глухое гудзенне пачулася зноў, і дзіўна, адно ж здавалася, яно не парушала маўчання, а ці не ўзнікала з яго.

— Я заўсёды любіў Францыю, — сказаў ён, не зважаючы на нашу абыякавасць. — Заўсёды. У мінулую вайну я быў яшчэ маленькі, і пра тое, што я думаў тады, успамінаць не варта. Але потым я любіў яе заўсёды. Толькі здалёку, нібыта прынцэсу Мару.

— Праз бацьку, — дадаў ён задуменна, потым засунуў рукі ў кішэні курткі і прытуліўся да каміна. Час ад часу ён павольна цёрся аб карніз патыліцаю, — у гэты момант ён нагадваў мне аленя. Побач з ім стаяла крэсла, трэба толькі было зрабіць адзін крок. Але ён застаўся на месцы. Да апошняга дня ён так і не сеў у гэтае крэсла — ні разу. Мы яго сесці не запрашалі, ён жа ніколі не рабіў таго, што магло падацца фамільярнасцю.

— Праз бацьку, — паўтарыў ён. — Ён быў сапраўдны патрыёт. Паражэнне стала для яго асабістым горам. І ўсё ж ён любіў вашу краіну, Брыяна, верыў у Веймарскую рэспубліку, у тое, што Брыян з'яднае Гермянію і Францыю ў адну непарушную сям'ю, верыў, што сонца ўрэшце ўзыдзе над Эўропай... Яго энтузіязму хапіла б на многіх...

Расказваючы, Эбрэнак не зводзіў вачэй з пляменніцы. Але глядзеў на яе не як мужчына на жанчыну, а так, як глядзяць на статую. Ды яна і была статуя. Жывая, а ўсё-такі статуя.

— Але Брыяна перамаглі. Бацька зразумеў, што ў вас гаспадараць людзі, падобныя на Вэндэля, Анры Бардо, старога маршала Пэтэна — уся гэта пражэрлівая буржуазія. Тады ён і сказаў мне, што я змагу ступіць на зямлю Францыі толькі ў касцы і ботах. Я быў вымушаны паклясціся яму ў гэтым, таму што ён быў пры смерці. І вось да вайны я аб'ездзіў усю Эўропу, апроч Францыі.

Немец усміхнуўся і дадаў:

— Я ж музыкант.

З каміна выпала палена, вакол рассыпалася вуголле. Немец нагнуўся, падабраў яго, пасля загаварыў зноў:

— Кампазітар. У музыцы ўсё маё жыццё, і ці не дзіўна, што я салдат?.. І ўсё ж я не шкадую, што ідзе гэтая вайна. Я веру, што яна — пачатак вялікіх спраў...

Ён выпрастаўся, выняў рукі з кішэняў і, не апускаючы іх, дадаў:

— Прабачце мне: можа быць, я чымсьці вас параніў. Але ж я веру, усім сэрцам веру ў тое, што вам сказаў. Я веру ў гэта ад любові да вашае краіны. Вайна стане пачаткам вялікіх спраў і для Германіі і для Францыі. Як і бацька, я перакананы, што над Эўропаю будзе свяціць сонца.

Назад Дальше