Французская навела XX стагоддзя - Веркор 15 стр.


Ён зрабіў два крокі, пакланіўся і, як заўсёды, сказаў, перад тым як выйсці:

— Дабранач.

Я моўчкі дакурыў люльку. Кашлянуўшы, сказаў:

— Можа, бесчалавечна адмаўляць яму ў такой дробязі, як адно слова?..

Пляменніца ўзрушана паглядзела на мяне. Вочы яе блішчалі ад абурэння. Я адчуў, што чырванею.

З гэтага дня яго візіты сталі інакшыя. Цяпер мы вельмі рэдка бачылі яго ў форме. Ён пераадзяваўся, а потым ужо ішоў да нас. Ці рабіў ён так, каб мы не бачылі варожага мундзіра? Ці каб мы забыліся, што ён яго носіць, і прызвычаіліся да кватаранта? Хутчэй за ўсё справа была і ў тым, і ў другім. Ён стукаўся і ўваходзіў, не чакаючы адказу, бо ведаў, што яго не будзе. Рабіў ён гэта вельмі проста і натуральна: прыходзіў пагрэцца каля каміна. Ён і хаваць не спрабаваў зручную ўмоўнасць гэтае заўсёднае падставы.

Прыходзіў ён, праўда, не кожны вечар, але ж не помню, каб хоць раз пайшоў ад нас, не сказаўшы ні слова. Грэючы то рукі, то спіну, ён ціхенька пачынаў сваё пявучае гудзенне. Усе гэтыя доўгія вечары ён вёў няспынны маналог на тэмы, што запаланілі ўсю яго душу: радзіма, музыка, Францыя... Ніводнага разу не спрабаваў ён дамагчыся ад нас адказу, ухвалы ці нават позірку. Ніколі не заставаўся ў нас так доўга, як у першы вечар. Расказваў што-небудзь пакрысе, то падзяляючы думкі маўчаннем, то зліваючы іх у адну няспынную манатонную малітву. То стаяў каля каміна нерухомы, як карыятыда, то, гаворачы, падыходзіў да якой-небудзь рэчы ці малюнка на сцяне. Потым змаўкаў, кланяўся і выходзіў, сказаўшы заўсёднае: «Дабранач».

— У чым розніца між гэтым агнём і тым, што палае ў каміне майго жытла? — сказаў ён у адзін з першых вечароў. — Вядома, і дровы, і полымя, і камін усюды аднолькавыя. Але ж толькі не водсвет гэтага полымя! Бо водсвет яго нясе ў сабе кавалачак душы тых рэчаў, якія полымя асвятляе, людзей, што жывуць яго цяплом, мэблі, сцен, кніг на паліцах...

— Чаму я так люблю гэты пакой? — сказаў ён задуменна. — Не такі ўжо ён прыгожы — выбачайце!.. — Ён засмяяўся. — Я хачу сказаць, што гэта не музей. Пра вашу мэблю ніяк не скажаш, што гэта цуд мастацтва!.. Але ж у гэтага пакоя ёсць душа. Усё гэта жытло — жывое.

Ён стаяў перад паліцамі з кнігамі, з ласкавай лёгкасцю праводзіў пальцамі па пераплётах.

— ...Бальаак, Барэс, Бадлер, Бамаршэ, Буало, Бюфон... Шатабрыян, Карнэль, Дэкарт, Фенелон, Флабэр... Лафантэн, Франс, Гацье, Гюго... Якія мастакі! — сказаў ён,і ўсміхнуўшыся. — А гэта ж усяго толькі некалькі паліц..» Ёсць яшчэ Мальер, Рабле, Расін, Паскаль, Стэндаль, Вальтэр, Мантэнь і ўсе астатнія... — Час ад часу ён здзіўляўся — мусіць, тады, калі сустракаў нечаканае імя.

— Гаворачы пра Англію, перш за ўсё ўспамінаюць Шэкспіра, пра Італію — Дантэ, пра Гішпанію — Сервантэса. Бяруцца за нас — зараз жа кажуць: Гётэ. А потым трэба корпацца ў памяці. А калі гаворка заходзіць пра Францыю? Хто прыгадаецца адразу? Мальер? Расін? Гюго? Вальтэр? Рабле? Хто? Не ведаеш, каго і выбраць.

Ён павярнуўся да нас і дадаў сур'ёзна:

— Але што да музыкі — тут ужо пашукайце ў нас: Бах, Гендэль, Бетховен, Вагнер, Моцарт... Якое імя вы ўспомніце першае? А мы ваюем!.. — сказаў ён сумна. Пасля вярнуўся да каміна і з усмешкаю паглядзеў на пляменніцу. — Але гэтая вайна апошняя! Больш ваяваць мы не будзем: мы з'яднаемся. — Каля вачэй у яго з'явіліся маршчынкі, на шчоках — ямачкі, бліснулі белыя зубы, і ён весела сказаў: — З'яднаемся, — пасля пацвердзіў свае словы лёгкім рухам галавы і дадаў, памаўчаўшы: — Калі мы ўвайшлі ў Сэнт, я быў проста шчаслівы, так добра нас сустракалі. Думаў, што ўсё будзе лёгка. Адно ж пасля зразумеў, што гэта была баязлівасць. — Ён пасур'ёзнеў. — Я стаў пагарджаць гэтымі людзьмі, пачаў баяцца за Францыю. Думаў: няўжо яна так змянілася? Але не! Яна не змянілася! Я зразумеў гэта пазней, і цяпер мяне робіць шчаслівым яе строгі і стрыманы твар.

Ён паглядзеў на мяне, — я адвёў вочы, — потым вакол сябе, і ўрэшце погляд яго зноў спыніўся на бязлітасна абыякавым твары пляменніцы.

— Я шчаслівы, што сустрэў тут старога чалавека з пачуццём годнасці. І маўклівую дзяўчыну. Трэба перамагчы гэтае маўчанне Францыі. Мне гэта люба.

Ён глядзеў на пляменніцу, на яе ўпарты, замкнёны і чысты твар, глядзеў моўчкі, з сур'ёзнаю настойлівасцю, але ў гэтай настойлівасці таілася нейкая ўсмешка. Пляменніца адчувала гэта. Я ўбачыў, як яна пачырванела, між яе бровамі з'явілася маршчынка. Пальцы занадта таропка цягнулі іголку — здавалася, нітка вось-вось парвецца.

— Вядома, — зноў загудзеў ён, — так будзе лепш. Намнога лепш. Мы створым непахісны саюз — саюз, у якім кожны набудзе веліч... Ёсць цудоўная казка для дзяцей, якую чытаў я, чыталі вы, чытаў увесь свет. Не ведаю, як у вас, а ў нас яна называецца «Das Tier und die Schone» — «Страшыдла і Прыгажуня». Бедная Прыгажуня — бяссільная нявольніца Страшыдлы, якое бязлітасна не адпускае яе ад сябе ні на хвіліну... Прыгажуня горда і мужна пераносіць свае пакуты... Але Страшыдла лепшае, чым здаецца. Яно не ведае вытанчаных манер! Яно нязграбнае, прыкрае, проста пачварнае побач з Прыгажуняй. Але ў Страшыдлы ёсць сэрца, у яго ёсць душа, і ў гэтай душы жывуць высокія імкненні. Толькі б Прыгажуня захацела яго зразумець!.. Але ж не, яна гэтага не хоча. Аднак ідуць дні, і яна спакваля пачынае прыкмячаць у вачах ненавіснага турэмшчыка душэўнае святло, штосьці падобнае на малітву і каханне. Яна ўжо не так балюча адчувае на сабе цяжар лапы Страшыдлы, лягчэй пераносіць аковы свайго палону... Яе кранае яго пастаянства. Яна перастае ненавідзець Страшыдлу, падае яму руку — і раптам знікаюць вядзьмарскія чары, пад пачварнаю ўладай якіх быў рыцар... Перад Прыгажуняй рыцар — прыгожы і чысты, лагодны і выхаваны. А кожны пацалунак Прыгажуні аздабляе яго новымі адмысловымі вартасцямі... Найвышэйшае шчасце спадарожнічае іх шлюбу. Дзеці іх, у якіх усё больш прыгажэе суквецце бацькоўскіх талентаў, — самыя цудоўныя з усіх, каго нараджала зямля... Вам даспадобы гэтая казка? Я заўсёды яе любіў. Часта перачытваў. Плакаў над ёю. Асабліва кранала мяне Страшыдла: я так добра разумеў яго пакуты... Нават сёння хвалююся...

Ён змоўк, удыхнуў з усяе сілы паветра і пакланіўся:

— Дабранач.

Аднойчы вечарам, падняўшыся да сябе па тытунь, я пачуў гукі фісгармоніі. Гэта былі «Восьмая прэлюдыя і фуга», якія пляменніца развучвала яшчэ да разгрому. Ноты так і засталіся адкрытыя на той самай старонцы: да гэтага вечара пляменніца не рашалася зноў падысці да фісгармоніі. Музыка выклікала ўва мне і задавальненне і здзіўленне: якая ўнутраная неабходнасць падштурхнула пляменніцу да інструмента?

Але іграла не яна. Пляменніца, як заўсёды, вязала на сваім звычайным месцы. Позірк яе сустрэўся з маім, яна нешта хацела сказаць мне вачыма, але што — я не зразумеў. Я разглядваў высокую постаць каля інструмента, галаву, якая над ім схілілася, доўгія рукі. Тонкія, нервовыя пальцы дакраналіся да клавішаў, нібыта жывыя істоты.

Ён сыграў толькі прэлюдыю. Устаў, падышоў да каміна.

— Што можа быць вышэй за гэтую музыку? — сказаў ён глуха і ціха. — Вышэй?.. Не, гэта не тое слова, не тое... Яна па-за чалавекам, па-за яго істотаю. Яна раскрывае, не, вымушае ўгадваць... не, прадчуваць... прадчуваць, што ж гэта такое — прырода... загадкавая прырода душы чалавечае... Так: прырода, боская і недаступная розуму... Не, гэта музыка не чалавечая.

Ён надоўга змоўк, пасур'ёзнеў, задуменна пакусваў вусны.

— Бах... Ён мог быць толькі немцам. Гэта ёсць у характары нашае зямлі: штосьці нечалавечае. Я хачу сказаць — далёкае чалавеку... Я люблю гэтую музыку, абагаўляю яе, яна напаўняе мяне, жыве ўва мне, нібыта бог, але... Але яна не мая. Я хацеў бы стварыць музыку, блізкую чалавеку: гэта таксама шлях да праўды. Гэта мой шлях. Я не хацеў бы, не мог бы ісці іншым шляхам. Цяпер я гэта ведаю... Ведаю цвёрда. З якога часу? З таго, як жыву тут.

Ён павярнуўся да нас спінаю. Моцна ўхапіўся за палічку каміна і глядзеў на агонь між сваіх рук, нібы праз пруты кратаў. Голас яго пацішэў, паглушэў:

— Цяпер я не магу без Францыі. Але ж я патрабую многага: я хачу, каб яна мяне прыняла. І не як чужынца — вандроўніка ці пераможцу. Не. Гэтыя ад яе не атрымаюць нічога, яна ім нічога не дасць... Багацце яе, велізарнае багацце не захопіш. Трэба, каб яна сама аддала яго са сваім малаком, сама, як маці, прыгарнула да грудзей... Я добра разумею, што гэта залежыць ад нас... Але і ад яе таксама. Трэба, каб яна згадзілася зразумець нашу прагу, згадзілася яе спатоліць... згадзілася з'яднацца з намі.

— А мне, — ён выпрастаўся, голас яго пазванчэў, — мне трэба тут жыць. Жыць доўга. У такім жытле, як гэта. Жыць, як сыну такое вёскі... Мне гэта трэба...

Ён змоўк. Павярнуўся ўрэшце да нас. Ён глядзеў на пляменніцу і ўсміхаўся, але ўсміхаліся яго вусны, толькі не вочы.

— Перашкоды будуць пераадолены, — сказаў ён. — Шчырасць заўжды пераадольвае перашкоды. Дабранач.

Я не магу прыпомніць цяпер усё тое, што пачулі мы ад яго за гэтыя сто з лішкам зімовых вечароў. Але тэма не мянялася ніколі. Гэта была доўгая рапсодыя яго адкрыцця Францыі: любові да яе здалёку, да таго, як ён спазнаў яе, і любові, якая спела ў ім з кожным днём з таго часу, як лёс, на шчасце, прывёў яго сюды. Дальбог, я яго паважаў. Паважаў за тое, што ён не страціў цярпення. За тое, што яго ні разу не спакусіла жаданне разбіць гэтае няўмольнае маўчанне якім-небудзь злым словам... Наадварот, калі, бывала, маўчанне, як цяжкі газ, запаўняла наш пакой, кожны куточак, здавалася, што з нас траіх лягчэй за ўсіх дыхалася, вядома, яму. Тады ён глядзеў на пляменніцу, выказваючы тую асаблівую ўхвалу — адначасова і сур'ёзную і іранічную, — якую мы прыкмецілі на яго твары яшчэ ў першы дзень, а я бачыў, як мітусіцца душа пляменніцы ў турме, якую яна сама сабе збудавала, і самай першай прыкметай яе хвалявання было лёгкае дрыжанне пальцаў. І калі ўрэшце Вернер фон Эбрэнак мякка і спакойна парушаў гэта маўчанне сваім ціхім пявучым гудзеннем, здавалася, што і мне дыхаць было ўжо лягчэй. Ён часта расказваў пра сябе:

— Наша жытло стаіць у лесе; там я нарадзіўся, хадзіў у школу. Я нікуды не выязджаў да тае пары, пакуль не паехаў у Мюнхен здаваць экзамены, а потым у Зальцбург — вучыцца музыцы. Вярнуўшыся адтуль, я стаў дамаседам. Я не любіў вялікіх гарадоў. Ні Лондан, ні Вена, ні Рым, ні Варшава, ні нямецкія гарады не спадабаліся мне... Я толькі вельмі любіў Прагу — ніводзін горад не мае такой душы — і асабліва — Нюрнберг. Кожнаму немцу гэта горад, дзе растае яго сэрца: там ён знаходзіць дарагія яму прывіды, там кожны камень захоўвае памяць пра тых, хто быў гонарам старое Германіі. Я думаю, што французы адчуваюць тое ж самае перад Шартрскім саборам: блізкасць продкаў, вытанчанасць іх душы, веліч веры, высакароднасць. Лёс прывёў мяне ў Шартр. Як я там расхваляваўся, калі ўбачыў, як над спелай збажыной у блакіце далёкае смугі ўзнікае гэты сабор-прывід! Я ўяўляў сабе пачуцці тых людзей, што калісьці сцякаліся да яго пехатою, конна, на калёсах... У думках ішоў з імі, перажываў тыя ж пачуцці, што і яны, і любіў гэтых людзей... І як хацелася мне быць ім братам!..

Твар яго стаў змрочны.

— Вядома, цяжка чуць такія словы ад чалавека, які прыехаў у Шартр у браніраванай машыне... Аднак гэта праўда. Столькі супярэчнасцей поўніцца ў душы ў немца, нават у самага лепшага! І як бы ёй хацеў, каб яго вылечылі ад гэтае хваробы... — Ён зноў ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Твар яго пасвятлеў.

— У суседнім з нашым маёнтку, — гаварыў Эбрэнак, — жыве дзяўчына, вельмі прыгожая і лагодная. Мой бацька быў бы шчаслівы, калі б я ажаніўся з ёю. Калі ён памёр, мы былі амаль заручаныя, нам нават дазвалялі гуляць удваіх і падоўгу.

Пляменніца парвала нітку. Ён спыніўся. Вушка было надта маленькае, і дзяўчына доўга не магла ўцягнуць нітку ў іголку.

— Аднойчы мы гулялі з ёю ў лесе. Хараство было незвычайнае: зайцы, вавёркі, птушкі, усялякія краскі — нарцысы, гіяцынты, амарылісы... Ад радасці яна расчырванелася. «Я шчаслівая, Вернер! Як я люблю гэтыя боскія дарункі!..»

Я таксама быў шчаслівы. Мы прылеглі на моху сярод папараці і моўчкі любаваліся лесам. Раптам яна закрычала: «Маленькая дрэнь, брыдкі камар, ён укусіў мяне ў падбародак! — Пасля ўзмахнула рукою. — Я злавіла аднаго, Вернер! Глядзіце, як я зараз яго пакараю! Я адарву яму ножкі — адну, цяпер другую...» — і зрабіла гэта... На шчасце, у яе было багата жаніхоў. Сумленне мяне не мучыла. З таго часу я пачаў баяцца нямецкіх дзяўчат.

Ён задуменна паглядзеў на свае далоні і сказаў:

— Такія ж і нашы палітыкі. Вось чаму я ніколі не хацеў лезці ў палітыку, нягледзячы на маіх таварышаў, якія ў лістах заклікалі мяне далучыцца да іх гуртаванняў. Не, я заўсёды быў дамаседам. Вядома, гэта не павялічвала поспеху маёй музыкі, але што такое поспех у параўнанні са спакойным сумленнем?! Я перакананы, што мае сябры змагаюцца разам з фюрэрам за самыя вялікія і высакародныя ідэі. Але ж я перакананы і ў тым, што яны здольныя адрываць камарам ножкі. Так заўсёды ў немцаў, калі яны застаюцца ў поўнай адзіноце: тады гэта проста непазбежна. А хто больш адзінокі, як не людзі, што становяцца гаспадарамі зямлі? На шчасце, цяпер яны ўжо не адзінокія: яны ў Францыі. Гэта краіна іх вылечыць. І скажу вам: немцы гэта ведаюць. Веліч і чысціня Францыі будуць ім лекамі.

Ён пайшоў да дзвярэй і ціха сказаў, нібыта сабе:

— На гэта патрэбная любоў...

Ён спыніўся на імгненне і азірнуўся. Паглядзеў на пляменніцу, якая схілілася над вязаннем, на яе кволую, бледную шыю з завіткамі валасоў колеру цёмнага чырвонага дрэва, спакойна і рашуча дадаў:

Назад Дальше