Французская навела XX стагоддзя - Веркор 16 стр.


— ...Любоў, якая падзяляецца.

Пасля адвярнуўся і, зачыняючы дзверы, сказаў як звычайна:

— Дабранач.

Насталі доўгія веснавыя дні. Цяпер афіцэр прыходзіў да нас, калі ўжо дагарала сонца. Як і зімою, ён насіў шэрыя фланелевыя штаны, але куртку змяніў на лягчэйшую вязаную, а швэдар — на кашулю з адкрытым каўняром. Аднойчы вечарам ён сышоў уніз з кніжкаю ў руках, трымаючы палец між старонак. На твары ў яго была радасная ўсмешка, як у чалавека, што смакуе наперад задавальненне, якое ён з кімсьці зараз падзеліць.

— Я прынёс гэта вам. Старонка з «Макбета». Божа! Як велічна!

Ён разгарнуў кнігу.

— Надыходзіць канец. Магутнасць выслізгвае з Макбетавых рук разам з прыхільнасцю тых, хто ўрэшце ўбачыў яго агідную, пыхлівую сутнасць і расчараваўся ў ім. Дваране, якія абараняюць гонар Шатландыі, чакаюць яго падзення. Адзін з іх апісвае трагічныя прыкметы набліжэння катастрофы...

Ён падняў галаву і засмяяўся. Я здзіўлена падумаў, ці не мае ён на ўвазе таго ж тырана, што і я. Але ён сказаў:

— Ці не праўда, што менавіта гэты неспакой не дае спаць вашаму адміралу Дарлану? Дальбог, я шкадую гэтага чалавека, нягледзячы на пагарду, якую адчуваю да яго, як і вы. Падпарадкоўваюцца яму ўжо не ад любові, а ад страху. Правадыр, ад якога адвярнуліся паплечнікі, — проста вартая жалю марыянетка... Але... але... ці можна было жадаць чаго-небудзь іншага? Хто, як не такі ж змрочны славалюб, як ён, узяў бы на сябе гэтую ролю? А зрабіць гэта трэба было. Нехта павінен, але, нехта павінен быў здрадзіць сваёй радзіме, таму што ні сёння, ні яшчэ доўга Францыя не зможа самахоць кінуцца нам у абдымкі, не страціўшы пачуцця сваёй вартасці. Часам самая брудная зводніца стварае найвыдатнейшы саюз.

Ён імкліва загарнуў кнігу, сунуў яе ў кішэню курткі і неяк машынальна паляпаў па кішэні далонню. На яго доўгім твары з'явілася шчаслівая ўсмешка.

— Павінен папярэдзіць, — сказаў ён, — што мяне не будзе два тыдні. Я еду ў Парыж і радуюся гэтаму. Надышла мая чарга ісці ў адпачынак, і я ўпершыню прабаўлю яго ў Парыжы. Гэта вялікі дзень для мяне. Самы вялікі дзень у чаканні другога, які, я спадзяюся ўсёю душою, абавязкова настане, і калі трэба, я буду чакаць яго гады. Маё сэрца ўмее доўга чакаць. Я думаю, што сустрэну ў Парыжы сяброў, многія з якіх, дбаючы пра стварэнне цудоўнага саюзу нашых двух народаў, прысутнічаюць на перагаворах з вашымі палітычнымі дзеячамі. Такім чынам, я стану маленькім сведкам гэтага вялікага шлюбу... Мушу дадаць, што я шчаслівы за Францыю, раны якой дзякуючы гэтаму загояцца вельмі хутка, але яшчэ больш я радуюся за Германію і за сябе! Ніхто яшчэ так не выйграваў ад добрае справы, як выйграе Германія, вярнуўшы Францыі яе былую веліч і волю! Дабранач.

Мы не бачылі, як ён вярнуўся.

Мы ведалі, што ён тут, бо прысутнасць у доме чужынца пазнаецца па шмат якіх прыкметах, нават тады, калі ён і нябачны. Але многа дзён — больш за тыдзень — мы яго не бачылі.

Ці прызнацца мне? Яго адсутнасць не давала мне спакою. Я думаў пра яго; не ведаю, ці адчуваў я спагаду і хваляванне. Мы не заводзілі гутарку пра яго. Але калі часам мы чулі над сабою ўвечары глухі стук яго няроўных крокаў, то па ўвазе, з якою пачынала вязаць пляменніца, па некаторых ледзь прыкметных рысах, што надавалі яе твару выраз адначасова ўпарты і засяроджаны, я адчуваў, што яна падзяляе мае думкі.

Аднойчы мне прыйшлося пайсці ў камендатуру на нейкі выклік. Калі я запаўняў паперы, Эбрэнак выйшаў са свайго кабінета. Спачатку ён не заўважыў мяне і загаварыў з сяржантам, што сядзеў за столікам каля вялікага люстэрка на сцяне. Я пачуў яго глухі і пявучы голас і, хоць мне ўжо не было чаго рабіць у камендатуры, не ведаю чаму, застаўся — я хваляваўся, нібы чакаў нейкае развязкі. Я ўбачыў у люстэрку яго бледны і змарнелы твар. Вочы яго ўзняліся і сустрэліся з маімі, мы глядзелі адзін на аднаго колькі хвілінак, пасля ён павярнуўся тварам да мяне. Вусны яго растуліліся, ён павольна і лёгка падняў руку і адразу ж яе апусціў. Ледзь прыкметна, не адводзячы ад мяне погляду, пакруціў галавою з нейкай усхваляванай нерашучасцю, нібы казаў сабе «не». Пасля пакланіўся, апусціў вочы і, пакульгваючы, пайшоў у свой кабінет.

Я нічога не сказаў пляменніцы. Але жаночая здагадлівасць — неверагодная. Увесь вечар яна адводзіла вочы ад вязання, кожную хвіліну ўглядалася мне ў твар, быццам спрабавала прачытаць на ім што-небудзь, пакуль я старанна распальваў люльку, з цяжкасцю захоўваючы спакой. Урэшце яна апусціла рукі, робячы выгляд, што стамілася, адклала вязанне. Пацерла пальцамі лоб, быццам адганяла мігрэнь, і сказала мне, пацалаваўшы, што пойдзе спаць. Мне здалося, што ў яе прыгожых шэрых вачах стаяць папрок і сум. Яна пайшла, і я адчуў, што мяне апаноўвае недарэчны гнеў: я сердаваў і на сваю безразважлівасць і на сваю безразважлівую пляменніцу. Што гэта яшчэ за вар'яцтва?! Але адказаць сабе на гэта я не мог. Калі ўжо гэта і было вар'яцтва, то яно мела глыбокія карані.

Толькі праз тры дні пачулі мы зноў знаёмыя няроўныя крокі, якія гэтым разам, бясспрэчна, набліжаліся да нас. Мы якраз канчалі каву. Я ўспомніў раптам той зімовы вечар паўгадавое даўнасці, калі мы ўпершыню пачулі гэтыя крокі, і падумаў, што сёння таксама дождж. Моцны дождж сек з самага ранку. Роўны і настойлівы, ён затапіў усё наўкол і нават жытло напоўніў нейкай халоднай няўтульнасцю. Пляменніца накінула на плечы шаўковую хустку з малюнкам Жана Както: дзесяць рук, поўных унутранай трывогі, млява паказваюць адна на адну. Я саграваў люлькаю пальцы — і гэта быў ліпень!

Ён прайшоў праз пярэдні пакой, пасля зарыпелі прыступкі лесвіцы. Спускаўся ён усё цяжэй і цяжэй, але ж не ваганне адчувалася ў гэтым, а воля чалавека, што рашыўся на вельмі цяжкае выпрабаванне. Пляменніца глядзела на мяне ўвесь гэты час так, быццам нічога не бачыла, быццам на ўсё забылася. Калі рыпнула апошняя прыступка і настала доўгая цішыня, пляменніца адарвала ад мяне вочы, і я ўбачыў, як пацяжэлі яе павекі, як схілілася галава. Урэшце яна стомлена адкінулася на спінку крэсла.

Наўрад ці гэтая цішыня стаяла больш за некалькі хвілінак, але хвіліны гэтыя былі надзвычай доўгія. Мне здавалася, што я бачыў, як чалавек за дзвярыма стаіць з паднятаю рукою і ўсё аддаляе той момант, калі ён адным стукам паставіць на карту сваю будучыню... Урэшце ён пастукаў. У гэтым стуку не было ні лёгкасці вагання, ні раптоўнасці пераадоленай нясмеласці. Ён пастукаў тры разы — выразна, упэўнена і спакойна, быццам адганяў апошнія сумненні. Я чакаў, што, як і раней, ён зараз жа ўвойдзе. Але ён не адчыняў дзвярэй, быццам чакаў, што мы гэта зробім самі, і тады мяне ахапіла неверагоднае хваляванне: супрацьлеглыя, нерашучыя жаданні змяшаліся ў ім з мноствам пытанняў; з кожнаю хвілінай, што імчаліся, як мне здавалася, усё хутчэй і хутчэй, быццам лавіна, адчуванне гэтае рабілася ўсё цяжэйшае, усё больш безвыходнае. Ці трэба адказваць? Адкуль, з якой нагоды гэта перамена? Чаму ў гэты вечар наш кватарант чакаў, што мы ўрэшце парушым маўчанне, стойкасць якога ён так ухваляў да гэтага часу ўсімі сваімі паводзінамі? Што загадвала мне ў гэты вечар — у гэты час — пачуццё годнасці?

Я паглядзеў на пляменніцу, каб знайсці ў яе вачах ухвалу альбо які іншы знак, але яна сама глядзела на клямку. Глядзела тым нечалавечым пільным позіркам, які ўжо аднойчы ўразіў мяне — быццам нічога іншага і не бачыла, быццам на ўсё забылася. Яна была вельмі бледная. Потым я прыкмеціў, як растуліліся яе вусны і агалілася ў пакутнай грымасе тонкая лінія зубоў. Якімі ж простымі здаліся мне мае ваганні ў параўнанні з гэтай душэўнай драмай, што раскрылася так раптоўна. Я страціў апошнюю сілу. У гэты момант пачуліся два новыя ўдары — толькі два, два слабыя таропкія ўдары, — і пляменніца сказала:

— Ён зараз пойдзе...

Сказала ціха, з такім адчаем, што я не стаў больш чакаць і выразна сказаў:

— Уваходзьце, васпане.

Чаму я дадаў гэтае «васпане»? Каб падкрэсліць, што запрашаю чалавека, а не варожага афіцэра? Ці, наадварот, каб паказаць, што я ведаю, хто стукае, і звяртаюся таму менавіта да яго? Не ведаю. Няважна. Але ўсё ж такі я гэта сказаў, і ён увайшоў.

Я думаў, што ўбачу яго ў цывільным, але ён быў у мундзіры. Я сказаў бы нават, што адчуванне было такое, быццам ён быў у мундзіры неяк больш, чым калі-небудзь раней: я мушу дадаць гэтым тое, што мне здалося, нібыта на гэты раз ён надзеў форму таму, што вырашыў вымусіць нас звярнуць на яго ўвагу. Ён расчыніў дзверы да самае сцяны і спыніўся на парозе — такі высачэзны і важны, што я ўжо пачаў быў сумнявацца, ці ён гэта перада мною. Я ўпершыню прыкмеціў, як падобны ён на аднаго славутага акцёра. Ён стаяў так некалькі хвілінак, — расставіўшы трохі ногі, апусціўшы рукі, — маўклівы і самавіты. Здавалася, што на твары яго, халодным і неверагодна абыякавым, не засталося ніякага пачуцця.

Але я сядзеў у глыбокім крэсле і добра бачыў яго левую руку. Я так і не змог адарваць ад яе вачэй, так хвалявала мяне відовішча гэтае рукі, якая выкрывала ўвесь фальш яго позы...

Я зразумеў у той дзень, што назіральнаму чалавеку рукі могуць расказаць не менш за твар, калі не больш, бо яны не так падуладныя волі. Пальцы гэтай рукі згіналіся і разгіналіся, сціскаліся і расціскаліся, міміка іх была надзвычай выразная, у той час як твар і цела заставаліся напружліва нерухомыя.

Потым вочы яго, здалося, аджылі, затрымаліся на імгненне на мне — бліскучыя вочы з шырока раскрытымі і нерухомымі павекамі, стомленымі і набрынялымі, як у чалавека, што даўно не спаў. Мне здалося, што мяне цікуе сокал. Але позірк яго спыніўся на пляменніцы і ўжо не пакідаў яе больш.

Урэшце рука яго замерла, пальцы расшчапіліся, упіліся ў далонь, і ён разявіў рот з прыдыханнем, падобным на гук, з якім вылятае з бутэлькі корак. Голас у яго быў яшчэ глушэйшы, чым звычайна:

— Я мушу сказаць вам нешта важнае.

Пляменніца сядзела насупраць яго, апусціўшы галаву. Яна намотвала на пальцы шэрсць з клубка, які, размотваючыся, круціўся па канапе. Мусіць, толькі гэтая, без ніякага сэнсу работа была яшчэ ёй па сіле і памагала ўтойваць пачуцці.

Афіцэр загаварыў зноў — здавалася, ён рабіў намаганні, якія каштавалі яму ці не жыцця:

— Усё, што я гаварыў гэтыя паўгода, усё, што чулі сцены гэтага пакоя... — ён удыхнуў паветра, як астматык, і затрымаў на момант дыханне... — трэба... — ён выдыхнуў, — трэба забыць.

Дзяўчына павольна апусціла рукі, і яны так і засталіся вісець нерухома, як лодкі, выкінутыя на пясок. Пасля гэтак жа павольна падняла галаву і тады ўпершыню — упершыню! — паглядзела на афіцэра сваімі сумнымі вачыма.

Ён сказаў так ціха, амаль прашаптаў, што я ледзьве яго пачуў:

— Oh, welch ein Licht!*

* О, якое святло! (ням.)

І нібыта напраўду вочы яго не маглі перанесці гэтага святла — ён прыкрыў іх рукою. На дзве хвілінкі. Потым адвёў руку, але павекі яго былі апушчаныя, і больш ужо ён вачэй не ўзнімаў — утаропіўся ў падлогу...

Вусны яго расстуліліся, і ён вельмі глуха сказаў:

— Я бачыў гэтых пераможцаў.

Пасля, праз некалькі хвілін, дадаў яшчэ цішэй:

— Я гаварыў з імі.

І ўрэшце шэптам, з горкаю маруднасцю:

— Яны смяяліся з мяне.

Назад Дальше