Ён паглядзеў на мяне і тройчы ледзь прыкметна пакруціў галавою. Потым заплюшчыў вочы і сказаў:
— Яны сказалі мне: «Хіба вы не зразумелі, што мы іх дурым?» Вось, яны сказалі менавіта так: «Wir рrеllеn sіе». Яны рагаталі. «Вы, вядома, не думаеце, што мы, бы дурні, дазволім аднавіцца Францыі каля нашай мяжы? Га?» Весела ляпалі мяне па спіне, смеючыся ў твар: «Мы не музыканты!»
На апошніх словах у голасе пачулася пагарда. Я не зразумеў, што ён хацеў перадаць гэтым: альбо тон суайчыннікаў, альбо свае пачуцці да іх.
— Тады я пачаў пераконваць іх — захоплена і доўга. А яны ўсё прыцмоквалі языкамі: «Палітыка — гэта не летуценні паэта. Дзеля чаго, вы думаеце, вялі мы вайну? Дзеля іх старога маршала? — І зноў я чуў іх смех. — Мы не вар'яты, не пустадомкі, і як ужо нам выпала нагода знішчыць Францыю, то мы яе знішчым. І не толькі адну яе моц, але і яе душу. Душу асабліва. Менавіта ў ёй — найвялікшая пагроза. Вось дзе зараз наша галоўная праца, і не трэба ашукваць сябе, галубок! Мы толькі разбэсцім душу нашымі ўсмешкамі і цырымонным абыходжаннем. Нам трэба зрабіць з краіны пакорлівую служанку».
Эбрэнак змоўк. Здавалася, ён задыхаўся. Ён з такою сілаю сціскаў сківіцы, што я ўбачыў, як на шчоках у яго ўсхадзіліся жаўлакі, а на скроні пульсавала жылка, пукатая і звілістая, як чарвяк. Раптам уся скура на яго твары заварушылася, быццам ад нейкага ўнутранага дрыжання — як возера пасля лёгкага ветрыку, як пенка на малацэ, што закіпае. Ён угледзеўся ў вялікія сумныя вочы пляменніцы і сказаў ціха, невыразна, пакутліва:
— Надзеі няма, — і яшчэ цішэй, яшчэ глушэй, яшчэ больш марудна, быццам спапяляў сябе гэтым страшным прызнаннем: — Няма надзеі. Надзеі няма. — І раптам нечакана высокім і моцным голасам, надзіва ясным і звонкім, як ражок гарніста, як крык: — Надзеі няма!
Запала маўчанне.
Мне здалося, што ён смяецца. На яго напружаным ілбе склаліся глыбокія барозны. Вусны ў яго дрыжалі — ліхаманкавыя і бяскроўныя вусны хворага.
— Яны сердавалі і лаялі мяне: «Вось бачыце! Бачыце, як вы яе любіце! Вось яна, вялікая пагроза! Але мы вызвалім Эўропу ад гэтай чумы! Мы вынішчым гэту атруту!» Яны мне ўсё растлумачылі... О, яны нічога не ўтаілі ад мяне! Яны хваляць вашых пісьменнікаў, і ў гэты ж час — у Бельгіі, у Галандыі, ва ўсіх краінах, занятых нашымі войскамі, яны ўжо паставілі загароды. Ніводнае французскае кнігі не прапусцяць праз мяжу, нічога, апроч тэхнічных выданняў, падручнікаў па якой-небудзь дыёптрыцы ці інструкцый па цэментаванні... Ніводнага літаратурнага твора. Ніводнага!
Вочы яго блукалі па пакоі і натыкаліся на куты, што спалоханыя птушкі ўначы. Урэшце, ён, здалося, супакоіўся — пасля позірку на цёмныя кніжныя паліцы, дзе выстраіліся ў рад Расін, Рансар, Русо. Не адрываючы вачэй ад кніг, ён зноў загаварыў захопленым, поўным роспачы голасам:
— Нічога, нічога, нікога! — І як быццам мы яшчэ не зразумелі, не змералі ўсёй жахлівасці пагрозы: — Не толькі вашых сучаснікаў! Не толькі вашых Пегі, Прусаў, Бергсанаў... Але і ўсіх астатніх! Усіх! Усіх! Усіх!
Позірк яго яшчэ раз з роспаччу і пяшчотаю слізгануў па пераплётах, што мякка блішчалі ў цемнаце.
— Яны патушаць агонь назаўжды! — крыкнуў ён. — Эўропу больш не асвеціць гэтае святло! — і глыбокім, цяжкім голасам, працягла, як усхваляваную жалобу, сказаў толькі два словы, што знайшлі ў маіх грудзях нечаканы і надзвычайны водгук:
— Nеvеr mоrе!*
* Болей ніколі! (англ.)
Зноў, у які ўжо раз, настала маўчанне, але ж якое яно было цяпер змрочнае і напружлівае! Раней у хвіліны цішыні я бачыў пад спакойнаю паверхняю вады хваляванне падводнага жыцця, сутычку марскіх жыхароў, іх затоеных пачуццяў, супрацьлеглых жаданняў і думак. Але за сённяшнім маўчаннем не было нічога, апроч жахлівай прыгнечанасці...
Урэшце голас яго тужліва і ціха парушыў цішыню:
— У мяне быў сябар. Мой брат. Мы разам вучыліся. Жылі ў адным пакоі ў Штутгарце, у Нюрнбергу. Мы нічога не рабілі адзін без аднаго. Я іграў яму свае творы, ён чытаў мне свае паэмы. Ён быў чуллівы і рамантычны. Але ён пакінуў мяне. Гэта ён няспынна пісаў мне з Мюнхена, каб я далучыўся да іх, гэта менавіта яго бачыў я ў Парыжы з новымі сябрамі. Ведалі б вы, што яны з яго зрабілі!
Ён павольна пакруціў галавою, нібыта з пакутай адмаўляўся слухаць чыюсьці просьбу.
— Ён быў самы няўрымслівы! У ім ужываліся і лютасць і смех. То глядзеў на мяне гарачымі вачыма і крычаў: «Гэта атрута! Трэба выпусціць атруту з жывёліны!» То тыкаў мяне ў грудзі пальцам: «Яны цяпер да смерці напалоханыя, ха-ха! Дрыжаць за свае кішэні і жыццё — за свой гандаль і прыбыткі. Толькі пра гэта і думаюць! А тых, хто з'яўляецца рэдкім выключэннем, мы падманем ліслівасцю, ха-ха!.. Гэта зусім не цяжка!» Ён смяяўся, твар яго ружавеў: «Мы купім іх душу за сачавічную поліўку».
Эбрэнак перавёў дыханне:
— Я ім сказаў: «Ці разумееце вы, што робіце? Ці разумееце?!» А ён мне адказаў: «Ты думаеш, гэта нас засмуціць? Наша рашучасць іншага гарту!» Я спытаў: «Значыць, вы закрыеце гэту труну? Назаўсёды?» Ён адказаў: «Гэта пытанне жыцця і смерці. Каб перамагчы, дастаткова сілы, каб уладарыць — не! Мы добра ведаем, што ніякая армія не можа ўтрымаць уладу».
«Але ж не такою цаною! — закрычаў я. — Не цаною забойства духу!» — «Дух ніколі не памірае, — сказаў ён, — дух многае бачыў. Ён узнікае з свайго ж попелу. Мы павінны будаваць на тысячагоддзі наперад. Але спачатку трэба зруйнаваць». Я глядзеў на яго. Я ўглядаўся ў яго ясныя вочы. Ён быў шчыры, і гэта страшней за ўсё.
Вочы яго шырока раскрыліся, нібыта пры ім адбывалася гнюснае забойства.
— Яны зробяць тое, пра што гавораць! — закрычаў ён, быццам баяўся, што мы яму не паверылі. — Метадычна і настойліва! Я ведаю гэтых раз'юшаных д'яблаў!
Ён страсянуў галавой, як сабака, у якога баліць вуха. Праз яго сціснутыя зубы вырваўся нейкі гук, нудны і гарачы, як стогн падманутага каханка.
Ён не зварухнуўся. Па-ранейшаму напружліва і нерухома стаяў каля дзвярэй з апушчанымі кулакамі, нібыта пальцы яго былі налітыя свінцом. Ён быў бледны, але не васковаю бледнасцю, а нейкаю шэравата-зямлістаю, як старая тынкаваная сцяна.
Я ўбачыў, як ён павольна нахіліўся, узняў руку, пасля сціснуў пальцы і патрос кулаком — вочы яго напоўніліся нейкай шалёнай энергіяй. Вусны яго растуліліся, і мне здалося, што вось зараз ён кіне нам нейкі кліч — ці не да паўстання?! Але мы не пачулі нічога. Ён сціснуў рот, заплюшчыў вочы, выпрастаўся і ўзняў рукі да твару, робячы нейкія дзіўныя рухі, якія прыгадалі мне фігуры з культавых яванскіх скокаў. Пасля прыкрыў далонямі скроні і лоб, сціснуў павекі выцягнутымі мезенцамі.
— Яны мне сказалі: «Гэта наша права і абавязак!» Наш абавязак! Шчаслівы той, хто так лёгка і ўпэўнена знаходзіць шлях да свайго абавязку!
Ён апусціў рукі.
— На ростанях вам кажуць: «Ідзіце вось гэтай дарогай». — Ён пакруціў галавою. — А ты бачыш, што дарога гэтая вядзе не да светлых вяршыняў, а ўніз, у злавесную лагчыну, у душную цемру змрочнага лесу!.. О божа! Пакажы мне, дзе мой абавязак!
Ён сказаў, амаль крыкнуў:
— Гэтая барацьба — вялікая бітва між тым, што адыходзіць, і тым, што жыве вечна!
Ён пільна і тужліва ўгледзеўся ў драўлянага анёла над акном. Натхнёна ўсміхаючыся, той выпраменьваў нябесны спакой.
Раптам позірк яго, здалося, памякчэў. Цела расслабілася. Ён апусціў на нейкі момант вочы, потым зноў глянуў. «Я скарыстаў сваё права, — сказаў ён проста. — Папрасіў дазволу далучыцца да баявой дывізіі. Мне зрабілі ўрэшце гэтую ласку. Заўтра я ад'язджаю».
І ўдакладніў:
— У пекла.
Мне здалося, што на вуснах у яго мільганула нешта накшталт прывіднай усмешкі.
Рука паказвала на ўсход — у бок абшараў палёў, да будучы хлеб узыдзе на трупах.
Я падумаў: «Вось і ён падпарадкаваўся. Адзінае, што яны ўмеюць рабіць. Яны ўсе падпарадкоўваюцца. Нават гэты».
Мне стала балюча, калі я зірнуў на твар пляменніцы. Ён быў бледны, як у мерцвяка. Вусны яе, падобныя на бакі апалавай вазы, растуліліся, і твар застыў у трагічнай нерухомасці грэчаскіх масак. Я ўбачыў, як на лобе ў яе пырснулі — так, не з'явіліся, а менавіта пырснулі — кропелькі поту.
Я не ведаю, ці ўбачыў гэта Вернер фон Эбрэнак. Зрэнкі, здалося, злучыліся са зрэнкамі дзяўчыны нейкай нябачнай напружлівай ніццю. Немагчыма было ўявіць, што гэтая ніць зараз жа парвецца. Эбрэнак схапіўся адною рукою за клямку і сказаў:
— Дабранач.
Голас у яго быў вельмі невыразны.