— Гэта я і сам бачу.
— Я жыву за горадам. Калі мая работа заканчваецца, электрычкі ўжо не ходзяць. Пакой у гатэлі мне не па кішэні, вось я і чакаю тут першай электрычкі.
— А новай работы вы сабе не падшукалі?
— Не.
— Дрэнь вашы справы...
— Ды куды ўжо горш, — пагадзіўся ён і зручней прымасціўся ў крэсле. — Усяго вам добрага, — горка ўсміхнуўся ён. — Я так перахваляваўся, што не магу заснуць.
Я запрасіў яго выпіць па шкляначцы, і мы рушылі ў адзіны бар, які быў адчынены ў гэтым квартале ў такі позні час. Акрамя нас, у бары сядзелі некалькі вадзіцеляў грузавікоў ды нейкі ціхі п'яніца. Новы беспрацоўны расказаў мне пра сваё жыццё. Быў ён з тых журналістаў, хто прыносіць няшчасце. У рэшце рэшт паверыў у гэта і я. Бываюць такія людзі: варта толькі ўзяць іх на работу, і праз два-тры месяцы газету ці часопіс закрываюць. Мой новы спадарожнік меў непасрэднае дачыненне да ўсіх парыжскіх выданняў, якія закрыліся ў апошнія дзесяць гадоў. Зрэдку яму давалі мізэрную кампенсацыю, а найчасцей ён заставаўся ні з чым.
Я паспрабаваў прыкінуць, ці нельга было б падшукаць які-небудзь занятак майму новаму знаёмаму ў нас на радыё. Але нейкае цьмянае нядобрае прадчуванне стрымлівала мяне. Як-ніяк я меў справу з чалавекам, які стаў жывым увасабленнем бяды і няшчасця. А можа, прычынай маёй насцярожанасці быў яго непрыемны выгляд? Я ўжо гаварыў пра малапрывабную знешнасць гэтага бедака. А тут яшчэ гэтая яго лёкайская ўсмешачка! Я заўважаў у ім нейкае амаль няўлоўнае адхіленне ад нормы, якое, бадай, можна растлумачыць яго заўсёднымі няўдачамі, — зрэшты, і ад такога тлумачэння яно не рабілася менш агідным.
Галава ў мяне разбалелася, думкі блыталіся. Непрыемнае, трывожнае пачуццё ахапіла ўсю маю істоту, і я пачынаў ясней і ясней усведамляць, што ў маіх адносінах да такіх людзей, як Галабэр, было штосьці фарысейскае. Вось так нечакана адкрыў я для сябе яшчэ адну істотную рысу, а можа, і самы галоўны недахоп маёй натуры.
— Самае сумнае, — працягваў мой субяседнік, — што я не адзін. У мяне жонка і дванаццацігадовы сын. Дзякуй богу, хлопчык жыве ў пансіёне і не бачыць усяго гэтага.
І тут Галабэр дастаў з кішэні шпільку і пачаў засяроджана калупацца ў зубах...
Мы развіталіся, а мне ўсё больш было не па сабе ад думкі, што я ў нечым вінаваты перад гэтым чалавекам.
У наступную ноч, скончыўшы перадачу, я зноў убачыў яго ў холе. Ён сядзеў у тым самым крэсле і на гэты раз спаў глыбокім сном. Мяне гэта так здзівіла, што я адразу пабудзіў яго. Ён незадаволена расплюшчыў сваё адзінае вока.
— Добры вечар, — павітаўся я. — Што вы тут робіце?
Ён выціснуў з сябе ўхмылачку і адказаў:
— Ну што ж, так і быць, вам я магу ўсё расказаць. Мая жонка страшэнна раззлавалася, калі пачула, што я зноў страціў работу. Мы пасварыліся, і яна выгнала мяне з дому. Мне не было куды падацца, і я зайшоў сюды.
— Але ж вы ні ў чым не вінаваты, — разгублена сказаў я.
— Канешне. Ды ведаеце, у яе з нервамі не ўсё ў парадку. Як-ніяк столькі адпакутавала... Ну, а цяпер вось ёй чамусьці здалося, што я спецыяльна нешта раблю, каб мяне звальнялі з работы... Вось і ўсё, — недарэчна ўсміхнуўся ён.
Ад гэтай жахлівай усмешкі я ажно здрыгануўся. Я ўявіў сабе, як пад градам жончыных папрокаў Галабэр вось так усміхаецца. А гэта, напэўна, прыводзіць у яшчэ большую лютасць і без таго нервовую асобу. Такія сямейныя сцэны, відаць, даўно сталі для яго настолькі звычайнымі, што без іх ён і не ўяўляе сабе нармальнага жыцця. Выкаваў сабе ахоўную браню і сустракае цяпер жончыны наскокі, можа, нават з нейкай патаемнай асалодай.
Доўга я думаў, сумняваўся, ці не занадта шмат на сябе бяру, а ўсё ж такі паабяцаў, што паспрабую пашукаць яму якую-небудзь работу, і папрасіў зайсці на наступны дзень.
— Можаце так і перадаць жонцы: я зраблю ўсё, каб дапамагчы вам.
Галабэр прызнаўся, што ў яго няма нават ста франкаў, каб даехаць дамоў. Пакуль я прыкідваў, як лепш даць яму грошай, каб пры гэтым не пакрыўдзіць чалавека, ён сказаў:
— Прашу вас, не судзіце строга маю жонку. Яна не такая ўжо і дрэнная. Толькі што трохі нервовая, але гэта ў яе ад хваробы. Калісьці гэта была цудоўная дзяўчына. Зрэшты, і цяпер яна вельмі прыгожая.
Атрымлівалася, што і прычынай жончынай хваробы быў гэты цыклоп.
Я прапанаваў яму грошы. Ён узяў іх без усялякіх цырымоній. Штодзённая нястача забівае сарамлівасць. Я шчыра хацеў дапамагчы Галабэру, але раптам мне стала вельмі няёмка: я ж даў яму грошы іменна пасля слоў аб прыгажосці ягонай жонкі...
Буду расказваць карацей і не спыняю ўвагу чытача на тым, як мне ўсё ж такі ўдалося ўгаварыць назаўтра дырэкцыю, што мне патрэбен новы супрацоўнік. Я павінен быў прыдумаць і пераканаць у гэтым дырэкцыю, чаго ж не хапае маёй перадачы для далёкіх астравіцян, і не знайшоў нічога лепшага, чым жаночая рубрыка.
Трэба было мець неверагодную фантазію, каб хоць на секунду ўявіць, як гэты бадзяга будзе нешта плесці пра капрызы парыжскай моды. Вось ён у сваім зашмальцаваным касцюме сядзіць перад мікрафонам — адно вока заплюшчана, твар за ноч зарос цёмным шчаціннем, — а дзесьці там, на другім канцы свету, зграбныя крэолачкі, бестурботна пагойдваючы ножкай, слухаюць яго меркаванні пра апошнія знаходкі парыжскага заканадаўцы мод Балянсьяга. У рэшце рэшт, суцяшаў я сябе, яны ж яго бачыць не будуць. Тады я не ведаў яшчэ, што нас яны да таго ж і не чуюць.
Рэкамендуючы адміністрацыі Галабэра, я найбольш націскаў на тое, што ў яго прыгожая жонка, а значыць, і сам ён не па чутках ведае, што такое хараство, мода, элегантнасць, сучаснасць і г.д.
Такім чынам мая перадача ўзбагацілася жаночай рубрыкай. Не скажу, што мой новы калега з асаблівым бляскам рабіў сваю справу, але ён вельмі стараўся, бо свята верыў ва ўсемагутнасць слова. Пачынаў Галабэр заўсёды так: «Дарагая, мілая мадам...» Гэтая бяздарная фраза за час перадачы па два-тры разы злятала з малакрасамоўных вуснаў Галабэра і мела такі ашаламляльны эфект, што я нават не спрабаваў прасіць яго зняць гэты пусты трафарэт. Цяпер кожную ноч даводзілася мне быць сведкам непаўторнага спектакля: Галабэр не проста чытаў сваё выступленне, а дэкламаваў, суправаджаючы кожнае слова самымі непрадказальнымі жэстамі і грымасамі.
Акрамя мяне і Галабэра, у нашай рэдакцыі былі яшчэ два чалавекі: пануры, змрочны тып, адданы прыслужнік урада (ён працаваў палітычным каментатарам), і адна дама, якая вяла літаратурныя агляды. Гэтая дама ніколі не разлучалася са сваёй вуалеткай, нават тады, калі выступала перад мікрафонам. Ах, як хацелася ёй схаваць ледзь прыкметныя вусікі, якімі няўмольны час упрыгожваў яе тварык! А была ж пара, калі гэты тварык мог натхніць самога Райнера Марыя Рыльке*, а разам з ім і аднаго з заснавальнікаў дадаізму**, які так заўчасна пакінуў гэты свет у шчаслівыя дваццатыя гады...
* Райнер Марыя Рыльке — выдатны аўстрыйскі паэт (1875-1826).
** Дадаізм — ад фр. dada — конік — на мове маленькіх дзяцей. Напрамак у літаратуры і мастацтве, які ўзнік у 1916 г. у Швейцарыі. З 1919 г. цэнтрам дадаізму становіцца Парыж. Сваю асноўную задачу дадаісты бачылі ў татальным адмаўленні ад традыцыйных форм выяўлення.
Усе астатнія абавязкі ў рэдакцыі ляжалі на мне. Палітычны каментатар і літаратурная супрацоўніца адбарабаньвалі перад мікрафонам свой тэкст і спяшаліся дамоў. Мне здаецца, што яны нават ніколі не заўважалі Галабэра.
Я зусім забыўся: у той час з намі працаваў гукааператар — малады бледнатвары чалавек з бясколернымі вачыма, якога я сам сабе назваў Бастар Кітан*. Зрэшты, быў ён, бадай, яшчэ больш бледны і халодны, чым сам Бастар Кітан, і было б дакладней назваць яго статуяй вядомага коміка.
* Бастар Кітан (1896-1966) — амерыканскі акцёр, сцэнарыст і рэжысёр, адзін з вядомых комікаў нямога кіно.
У нашай мышалоўцы-студыі панавалі строгія, я нават сказаў бы, манастырскія парадкі і норавы. Ад аператара мы чулі толькі тры словы: «Прывітанне», «Да пабачэння» і «Запіс», — на большае, здавалася, гэты чалавек быў няздатны. І ніхто з нас ніколі не бачыў на яго твары хоць якіх-небудзь прыкмет весялосці ці журбы. Але варта толькі было нашаму новаму супрацоўніку вымавіць: «Дарагая, мілая мадам...», як Бастар, не адрываючыся ад свайго пульта, ледзь чутна кудахкаў. Такая нечаканая выява пачуццяў, якая ішла ад гэтай каменнай істоты, прыносіла мне асаблівае задавальненне. І гэта было як узнагарода за маю дабрачыннасць.
Так прайшоў тыдзень. Неяк увечары Галабэр падышоў да мяне і ціха папрасіў:
— А ці нельга было б змяніць маю рубрыку. Ды не... не таму, што яна мне не падабаецца... Проста гэта немагчыма...
Ён яшчэ нешта шчабятаў і шчабятаў, нібы стараўся адцягнуць той момант, калі загавару я і пекану яму як след.
— Гэта чаму — немагчыма?
— Вы ведаеце... мая жонка... — Тут ён запнуўся, і я пастараўся падбадзёрыць яго. — Ну... жонцы не падабаецца, — сказаў ён.
— Што не падабаецца?
— Мая рубрыка.
Гэтага толькі і не хапала! Цяпер гэты сукін сын уявіў сябе непрызнаным геніем! Што ж, мне ўсё гэта знаёма. Кожны няўдачлівы муж лічыць сябе Моцартам.