— Пачакайце, Галабэр! Але ж хіба гэта прычына, каб мы памянялі рубрыку? І потым, майце на ўвазе, што больш нічога прапанаваць я вам не магу.
І я адвярнуўся ад яго.
Назаўтра ён з'явіўся ў студыю, як пабіты сабака. Убачыўшы мяне, выпрастаў плечы і ўсміхнуўся амаль што з выглядам уласнай перавагі:
— Я не падрыхтаваўся да перадачы. Я вас папярэджваў.
Не ў маім гэта характары, але тут я не вытрымаў і выліў на яго ўвесь свой гнеў. Асабліва абурыла мяне яго ўсмешка. Ведаю, што паводзіў сябе не лепшым чынам, але тады з раўнавагі выбіла мяне вось якая думка: «Выцягнуў нягодніка з гразі, а ён цяпер перада мной нос задзірае».
— Ды вы проста тупіца і гультай, — закрычаў я. — І я разумею, чаму вас адусюль гналі. Ды які дурань даверыць вам сур'ёзную работу?!. Папярэджваю, калі яшчэ раз вы не падрыхтуеце сваю перадачу, можаце адразу шукаць сабе іншае месца. Пры ўсім маім жаданні я вам дапамагчы нічым не змагу: ёсць начальства, а яно з вамі цырымоніцца не будзе. — І дадаў: — Магу сабе ўявіць, як вы надакучылі сваёй жонцы...
У гэты момант з'явіўся Бастар Кітан, мне чамусьці стала сорамна за мае словы, і я змоўк. Галабэр ні слова ў адказ не прамовіў. Ён даседзеў у студыі да самага канца перадачы і пайшоў разам з усімі.
Пасля гэтага скандальнага выпадку Галабэр спраўна вёў сваю рубрыку. Часам ён задумваўся, падшукваў патрэбнае слова, нават запінаўся, але перадача ішла адразу ў эфір, і яму нічога не заставалася рабіць, як выходзіць са становішча самому: разлічваць на дапамогу бясстраснага і строгага Бастара — нашага маўклівага суддзі — было нельга.
Ад нашай былой дружбы з Галабэрам (калі, вядома, гэта можна назваць дружбай) не засталося і следу. Мае пагрозы, напэўна, патушылі тую іскрынку даверу, якая мільгала ў душы Галабэра. Цяпер я быў для яго толькі начальнікам. «Ну і можаш сабе крыўдаваць, — думаў я, — затое ў цябе ёсць работа, а ў канцы месяца сёе-тое знойдзецца і ў касе, каб уратаваць жонку з сынам ад галечы».
Зрэшты, я не раз спрабаваў сабе ўявіць, якая жанчына магла выйсці за такога абармота.
Аднойчы ўвечары ён з'явіўся з рассечанай шчакой — ад скроні да падбародка.
— Ведаеце, няшчасны выпадак, — прамармытаў ён.
— Што вы кажаце?! — з'едліва перапытаў я — такім дурным здалося мне яго тлумачэнне.
— Так, няшчасны выпадак, — адчаканіў ён, нібы даючы клятву.
Пасля гэтага Галабэр увесь час маўчаў, пакуль не падышла яго чарга ісці да мікрафона.
З таго дня ён перастаў галіцца, спадзеючыся, што шчацінне прыкрые рубец на шчацэ. Паступова Галабэр зарос неахайнай жоўта-рудою барадой, і ад гэтага яшчэ больш дзікім здаваўся яго блукаючы позірк. А што да яго перадач, то яны станавіліся ўсё больш і больш недарэчнымі. Урэшце я мусіў сказаць яму пра гэта. Асцярожна падбіраючы словы, каб, крый бог, не пакрыўдзіць чалавека, я далікатна папрасіў яго выказвацца карацей, прасцей, гаварыць толькі пра канкрэтныя рэчы, і галоўнае — ніякіх ідэй. Ідэі — гэта зусім не тое, што патрэбна на радыё. Не помню добра, якія выразы я ўжываў, але чамусьці пасля гэтай размовы я зноў адчуў сябе вінаватым. Адзінае, што ён дазволіў сабе адказаць:
— Я ўлічу вашы парады.
У голасе прагучала такая сляпая пакорлівасць, што я прасякся да яго ціхай нянавісцю.
На другі дзень ён не прыйшоў на работу ў прызначаны час. Я нават падумаў, што ён увогуле больш сюды ніколі не пакажацца. Але тут адчыніліся дзверы, і ў рэдакцыю, ледзьве дыхаючы, убег Галабэр. Нельга было губляць ні секунды. Літаратурная супрацоўніца акурат прыкончвала аднаго ангельскага раманіста, і столькі злосці было ў яе голасе, што лепшага слова, чым «прыкончыць», тут і не прыдумаеш. Я падштурхнуў Галабэра ў студыю:
— Ваша чарга. І галоўнае, не забывайцеся пра тое, што я вам учора казаў: прастата, праўдзівасць, выразнасць...
Век помніць буду тое, што давялося мне пачуць праз некалькі хвілін.
Для пачатку, бегучы да мікрафона, ён перакуліў крэсла. Да мяне данёсся страшэнны грукат. Потым ён усеўся, дастаў з кішэні свае запісы, і ў дынаміку пачулася шамаценне паперы. І так і гэтак круціў ён свае нататкі, нібы развучыўся чытаць, і ўсё разгублена паўтараў: «Дарагая, мілая мадам... дарагая, мілая мадам...»
Я глянуў на Бастара Кітана. Той спакойна сачыў за сваімі стрэлкамі, быццам усё ішло нармальна. Як толькі Галабэр вымаўляў сваё «Дарагая, мілая мадам...», стрэлка ўзроўню гуку ўздрыгвала, а потым зноў падала да нуля.
Нарэшце ён рашыўся:
— Дарагая, мілая мадам, ад мяне патрабуюць, каб я гаварыў з вамі проста, але жыццё маё зусім няпростае. Сёння я раскажу вам, правільней, павінен быў расказаць пра адзін парыжскі судовы працэс, які, напэўна, вас усіх зацікавіць. Гэта вельмі хвалюючая гісторыя, калі так можна сказаць... Сёння пасля абеду я заняў сваё месца ў ложы прэсы ў трынаццатай зале пасяджэнняў, дзе, як вядома, заслухоўваюцца крымінальныя справы. Працэс ішоў пад старшынствам месьё Жэрара, пра дабрыню якога па горадзе ходзяць легенды. Праз акуляры ён, як заўсёды, паглядваў у залу сваімі добрымі і адначасна хітраватымі вачыма, за што і атрымаў прозвішча новага Саламона*, калі так можна сказаць... Раптам устае адна прыгожая маладая жанчына са страшэнна бледным тварам і ідзе проста да... калі так можна сказаць... ідзе... калі можна так... Ды што я буду выдумляць? Не быў я на гэтым працэсе. Шэф пасылаў мяне, а я туды не змог пайсці. Перашкодзілі мне. Брыжыта перашкодзіла. Сёння ў яе зноў быў прыпадак, і яна не захацела нікуды адпускаць мяне. Яна ўбіла сабе ў галаву, што ў мяне завялася палюбоўніца. Я ніяк не мог вырвацца з дому. Калі мяне выганяць з работы, не будзе чым заплаціць за пансіён, і тады нашага сына адправяць дамоў. Хлопчыку давядзецца жыць разам з намі, у гэтым пекле. Я спрабаваў вылезці праз акно. Вышыні я не баюся. Але ніяк не мог адкрыць зашчапку, і пакуль я з ёю поркаўся, Брыжыта накінулася на мяне і выхапіла мой кашалёк. Яна дастала адтуль дзве асігнацыі па тысячы франкаў — гэта ўсё, што я меў, — і парвала іх на дробныя кавалачкі. «Вось цяпер-то ты нікуды не паедзеш», — крычала яна. У адчаі я ўдарыў яе. Яна ўпала, а я тым часам выскачыў праз акно і ўцёк. Спадзяваўся даехаць у Парыж на спадарожнай, але ніхто не ўзяў мяне. Чорт яго ведае, можа, гэта мая барада наводзіць страх на людзей... Як так атрымалася, што я ўдарыў яе? Яна ж ні ў чым не вінаватая. Але ў той момант я сам не ведаў, што раблю. У нас і так было мала грошай, а яны ж так патрэбныя... Перш-наперш для сына, каб трымаць яго ў пансіёне. Навошта яму бачыць, як мы жывём... У рэшце рэшт пайшоў я пехатой. Дарога не блізкая — добрых 15 кіламетраў, але гадзіны за 3, думаў, зайду. Што і казаць: гэта ж смеху варта — цягнуцца пешшу, у той час калі ёсць электрычкі, аўтобусы, таксі!.. Ішоў я, ішоў і ніяк не мог супакоіцца. А тут бачу: не паспяваю на перадачу. Ну, думаю, цяпер-то я палячу з работы. «Божа, — хацелася мне крыкнуць, — за што на мяне такое насланнё?!» Бывае, часам і ў мяне з'яўляюцца думкі, якія прыносяць спакой і суцяшэнне. І мне падумалася: рана ці позна яна памрэ — і я ўсёй душой жадаю, каб яна памерла, — гэтая жанчына, якую я з такой цяжкасцю заваяваў, так кахаў, так песціў... Але тут жа я спыніў сябе: а што, калі я памру першы?.. Дык якая мне карысць — спадзявацца на яе смерць... Я пакуль што яшчэ не дадумаўся да забойства, але ў тыя хвіліны, калі яе вочы наліваюцца не то злосцю, не то вар'яцтвам, я па-сапраўднаму ненавіджу яе... Прыпадкі ў яе становяцца ўсё цяжэйшыя, асабліва з таго часу, як я перайшоў на радыё. Калі яна бачыць, як я рыхтуюся да перадачы і пішу тэкст выступлення, яна шалее. Неяк яна прачытала першы сказ майго выступлення: «Дарагая, мілая мадам...» і адразу падумала, што я пішу любоўнае пісьмо сваёй каханцы. Другім разам, калі яна застала мяне за работай, яна накінулася на мяне з нажом. Я паспеў прыкрыцца локцем, і лязо распаласавала мне толькі правую шчаку. Таму я цяпер і не галюся, а мая барада перапалохала сёння ўсіх шафёраў. Скончылася тым, што дома я больш нічога не пішу. Іду сабе на авеню Мантэня, саджуся на лаўку і крэмзаю свае перадачы. Сёй-той з прахожых аглядваецца на мяне, асабліва паліцэйскія. «Цікава: валацуга, а бач, нешта творыць!» — відаць, думаюць яны. Але, на шчасце, у Парыжы жывуць абыякавыя людзі: праходзяць сабе міма і хоць бы вокам на лаўку маю павярнулі. На ўсё ім напляваць. Але ж я-то іх бачу, і яны перашкаджаюць мне засяродзіцца. Думка збіваецца, я пачынаю блытацца ў доўгіх сказах, а мой шэф патрабуе, каб я гаварыў як мага прасцей. На мяне нападае страх, што я страчу работу, і тады адзінае, што мне прыходзіць у галаву, — гэта кінуцца пад машыны, якія сваім дымам і шумам паралізуюць мой мозг. Найчасцей я так незадаволены сваім тэкстам і так баюся застацца без работы, што мне проста неабходна парэпеціраваць, пачытаць сваё выступленне ўголас. Тады я іду ў якую-небудзь вялікую кавярню на Елісейскіх палях, зачыняюся ў туалеце і чытаю сваю пісаніну, быццам перад мікрафонам. А каб ніхто не пачуў, я ўвесь час спускаю ваду. Аднойчы нейкі нецярплівы кліент пачаў біць нагамі ў дзверы... Так і не супакоіўшыся, я звычайна бадзяюся па вуліцах, сам сабе паўтараю сваё выступленне і чакаю чатырох гадзін раніцы. Але сягоння мне давялося адмераць 15 кіламетраў пехатой, нідзе я не паспеў пабыць і нічога я не запісаў... А мне так хочацца працаваць, так хочацца, каб не адпраўлялі дамоў майго Тамаса, каб ён толькі не бачыў нашага пекла... іменна пекла — нічога лепшага, чым гэтае старое, зацёртае слова, я не знаходжу. Бо хіба інакш можна назваць наша жыццё, калі адна бяда змяняецца другой, калі на кожным кроку нас падсцерагае новая небяспека і кожную гадзіну, кожную секунду мы задыхаемся ад нервовых стрэсаў... І так будзе заўсёды, пакуль не памрэ яна або я... Але ж мы яшчэ маладыя, здаровыя, і таму канца гэтаму пеклу няма, няма, няма...
* Саламон (970-931 да н.э.), цар Ізраіля, вядомы сваёй выключнай мудрасцю.
Разоў дваццаць я збіраўся націснуць на кнопку і адключыць эфір — гэта потым лёгка было б растлумачыць тэхнічнымі прычынамі — аднак алімпійскі спакой гукааператара, які незалежна і абыякава пазіраў на стрэлкі прыбораў, кожны раз спыняў мяне. Калі Галабэр змоўк, я не ведаў, што рабіць і што казаць... Крыху апамятаўшыся, я даў аператару знак уключыць запіс канцоўкі перадачы. Пасля гэтага мы патушылі ў студыі святло і пайшлі дамоў, а знясілены, ушчэнт разбіты Галабэр застаўся сядзець перад мікрафонам, абхапіўшы галаву рукамі.
На другі дзень ён не прыйшоў, і больш мы яго не бачылі. А праз некалькі дзён да мяне завітаў інспектар паліцыі. Я акурат пачынаў засынаць. Інспектар і паведаміў мне аб смерці майго супрацоўніка... Бедалага, на гэты раз не змог ён ухіліцца ад нажа...
Доўга не выходзіў у мяне з галавы гэты выпадак... Што ж, думаў я, прынамсі, хоць адзін раз у жыцці чалавеку ўдалося выкласці ўсё, што гадамі ад'ядала душу і цяжкім грузам ляжала на сэрцы. А ці быў у гэтым які сэнс? Не, вядома. А зрэшты, хто ведае, можа, там, на далёкім востраве, за тысячы кіламетраў, знайшлася хоць адна чалавечая істота, якая не засталася раўнадушнай да гэтай перадсмяротнай споведзі Галабэра...
Пазней я даведаўся, што ніхто так і не пачуў нашай перадачы і голас Галабэра назаўсёды згубіўся ў эфіры. А колькі яшчэ такіх няшчасных, як ён, паміраюць з адчайным крыкам аб спагадзе і дапамозе, але свет — глухі, і малітвы іх разбіваюцца аб сцяну абыякавага маўчання...
12 верасня 1322 года манах Сікрэ, сакратар суда Святой інквізіцыі горада Тулузы, вёў пратакол допыту Жана Цісрана. Справа была самая звычайная, калі не сказаць дробная. Пра гэта сведчыла і спакойная абстаноўка, якая панавала на працэсе. Праўда, Жан Цісран абвінавачваўся ў даволі рэдкім злачынстве, аднак здзейснена яно было без умяшання сатаны, і таму, напэўна, галоўны абвінаваўца епіскап Турб'е — хударлявы суровы чалавек не надта багатага, але надзвычай вострага розуму — лагодна, амаль што па-бацькоўску вёў допыт. Такую лагоднасць у наш час зрэдку дазваляюць сабе камісары паліцыі, калі маюць справу з маладымі неспрактыкаванымі злачынцамі. Падобна было на тое, што змірыўся са сваёй няшчаснай доляй і Жан Цісран, які ўсё жыццё быў парабкам і наймаўся на службу да заможных людзей. Вось якія паказанні ён даў на судзе:
— Перад самым вялікаднем з волі боскай і міласці пробашча царквы св. Эцьена быў я прыняты на службу. Занятак мой быў вельмі просты: штодня пасля вячэрняй службы павінен я быў прыбраць, падмесці і памыць падлогу ў царкве. Неяк апоўначы, калі ўсе ўжо даўно разышліся, я заўважыў каля калоны чалавека ў багатай дарагой вопратцы. Ён паказаў мне знакам падысці бліжэй. Я падышоў, асвяціў ліхтаром яго твар і не паверыў сваім вачам: перада мной стаяў пан Гіём Даві — знатны купец, у якога я калісьці служыў. Усю маю істоту ахапіў жудасны страх, бо я добра ведаў, што пан Гіём Даві паўгода таму назад памёр. Я ўпаў на калені і пачаў маліцца, ні на секунду не сумняваючыся, што перада мной прывід нябожчыка.
Ён ціхенька папрасіў мяне ўстаць і сказаў вось гэтыя словы:
«Дарагі Жан, перад табой здань мая, якая вярнулася з таго свету, каб папрасіць цябе зрабіць мне адну паслугу. Незадоўга да маёй смерці я пазычыў чатыры залатыя экю ў свайго дваюраднага брата Арно, якога ты добра ведаеш. Не паспеў я вярнуць гэты доўг. Таму прашу цябе: сёння ж зайдзі ў мой дом. Там, у матрацы на маім ложку, ты знойдзеш кашалёк. Вазьмі яго і занясі Арно. Папрасі ў яго прабачэння за такую затрымку і перадай, што я яму вельмі ўдзячны».
Я паабяцаў пану Гіёму, што зраблю ўсё, як ён прасіў. Трохі пасмялеўшы, запытаўся ў яго, ці даводзілася яму сустракаць на тым свеце анёлаў і д'яблаў. Ён неяк жаласна паглядзеў на мяне, нічога не адказаў і знік з маіх вачэй. Больш я яго ніколі не бачыў.
— А ці ведаеш ты, сын мой, — з усмешкай спытаўся епіскап Турб'е (ох, як добра я сабе ўяўляю гэтую паблажлівую епіскапскую ўхмылачку), — ці ведаеш ты, сын мой, што не ў каталіцкім гэта звычаі — сустракацца з нябожчыкамі? Маці наша царква вучыць, што месца нябожчыкаў дзе? Або пекла, або чысцец, або рай. Ніякіх прывідаў і зданяў нябожчыкаў мы не прызнаём, а значыць, бачанні твае, сын мой, ерэтычныя.
З пакорлівай наіўнасцю, уласцівай беднякам, Жан стаў прасіцца:
— Няхай бог бароніць мяне ад ерасі, монсеньёр! Усё жыццё быў я адданы царкве. І цалкам пагаджаюся з вамі, што бачанні мае не да твару сапраўднаму каталіку. Прашу вас, монсеньёр, лічыце, што ніякіх бачанняў у мяне не было.
— Але ж, — зноў загаварыў епіскап Турб'е, — пан Арно засведчыў нам, што нябожчык Даві быў вінаваты яму чатыры залатыя экю, якія ты яму і вярнуў. Якім жа чынам даведаўся ты, што Гіём Даві пазычыў гэтыя грошы ў Арно?
— Монсеньёр, я пра гэты доўг нічога не ведаў. Ды і як мог я пра гэта ведаць, калі ўжо два гады не служу ў Гіёма Даві?!
...На гэтым пратакол допыту Жана Цісрана заканчваецца. Хутчэй за ўсё інквізітар стаміўся ад шчырых прызнанняў сваёй ахвяры, спыніў усе размовы і засудзіў бедака на дзесяць гадоў ссылкі.
Жан мусіў пакінуць горад і стаў бадзягам. Сляды гэтага чалавека згубіліся б канчаткова, калі б яго не падабраў адзін вясковы святар. Жан ужо гатоў быў памерці з голаду і холаду. Гэты святар прыняў споведзь бадзягі і палічыў яго душэўныя пакуты такімі надзвычайнымі, што апісаў іх на пергаменце. Вось што гаворыцца ў гэтым дакуменце, які нядаўна быў знойдзены ў руінах адной пірэнейскай царквы археолагам Жэрменам Солісам:
«Я, Жан Цісран, прызнаюся, што ў 1322 годзе ў царкве святога Эцьена бачыў прывід майго былога гаспадара, нябожчыка Гіёма Даві. За тое, што я з хрысціянскае міласэрнасці згадзіўся выканаць адну невялікую просьбу вышэйпамянёнага прывіда, мяне судзілі, прызналі ерэтыком і епіскап Турб'е выслаў мяне з Тулузы. Без грошай, без харчу, без добрай вопраткі доўга бадзяўся я па краіне і нарэшце дайшоў аж да міжземнаморскага ўзбярэжжа. Тут і заспела мяне зіма. Чаго я нацярпеўся, колькі гора хлебануў — аднаму богу вядома. Як не хацелася мне паміраць на чужыне! Шмат перадумаў я, доўга сумняваўся і такі адважыўся парушыць закон ды вярнуцца ў Тулузу. І вось па дарозе ў родныя мясціны даведаўся я, што некалькі месяцаў таму назад епіскап Турб'е аддаў богу душу. Скажу шчыра: навіна гэтая мяне зусім не засмуціла. Я нават падумаў тады, што сам лёс нарэшце ўсміхнуўся мне, і смялей рушыў дамоў. Ды дарога была не блізкая. А галодны, зняможаны, я ўжо ледзьве валок ногі. Ох, як няпроста было дапрасіцца ў людзей хоць лустачку хлеба! Аднаго разу спыніўся я вечарам на начлег у нейкай пустой аўчарні. Сеў на парозе, загараваў, задумаўся і раптам бачу: ідзе да мяне высокі хударлявы чалавек у мантыі, вышытай золатам. Баючыся, што перада мной зноў прывід, я заплюшчыў вочы, каб, не дай божа, яшчэ раз не ўпасці ў ерась. І тут пачуўся знаёмы лагодны голас:
— Жан Цісран, паглядзі на мяне, я не зраблю табе нічога благога.