Я расплюшчыў вочы: перада мной стаяў епіскап Турб'е! Ад жудасці я задыхнуўся і ледзь здолеў прашаптаць:
— А-а-а, хіба вы не нябожчык?!
— Так яно і ёсць, сын мой, — горка прамовіў епіскап. — Мне патрэбна твая дапамога.
— Монсеньёр, — у адчаі заенчыў я, — я столькі адпакутаваў з вашай ласкі! Не ўблытвайце мяне ў вашы справы! Малю вас!
Тады ён папрасіў мяне дараваць яму, што я ахвотна і зрабіў. Ён хацеў, каб я вярнуўся ў Тулузу і сустрэўся там з адной знакамітай дамай, імя якой я не хацеў бы называць. Даме гэтай мне трэба было перадаць, каб яна пры зручнай нагодзе зайшла ў епіскапскі дом і ў адным патаемным месцы, якое падрабязна было мне апісана, узяла пэўную суму грошай на выхаванне сына, якога яна мела... ад епіскапа... Ніколі не ўзнікала ў мяне жадання выканаць гэтае даручэнне. Ад цяжкай хваробы паміраю я ў гэтым прыветным доме і дзякую богу, што не ерэтыком, а шчырым каталіком адыходжу ў свет лепшы...»
На гэтым споведзь абрываецца. Пергамент, на якім яна была запісана, быў надзейна схаваны. Пра гэта паклапаціўся бедны вясковы святар, які ў цяжкую гадзіну даў Жану прытулак у сваім доме. Я сказаў: бедны. Гэта не зусім так. Справа ў тым, што бедным ён ужо не доўга заставаўся. Ён сам выканаў тое, што даручалася Жану. Але толькі напалову. Свяшчэннік (мы ведаем нават яго прозвішча: Сары) наведаў епіскапскі дом у Тулузе і забраў з тайніка грошы, прызначаныя на выхаванне незаконнанароджанага сына Турб'е. За тыя грошы ён купіў сабе ў хуткім часе сан епіскапа. Шмат хто лічыць, што такім чынам сам бог аддзячыў яму за дабрачыннасць і любоў да бліжняга. Можа, яно і так... А яшчэ праз некалькі гадоў атрымаў ён пасаду галоўнага абвінаваўцы ў судзе Святой інквізіцыі...
Афіцэрам было забаронена хадзіць вечарам па баявых пазіцыях.
Лейтэнант Сэрваль закончыў агляд сваіх фарпостаў і выйшаў з адзінокага закінутага хутарка, дзе размясцілася група сяржанта Дэршо.
— Халера! Як хутка цямнее, — сказаў Сэрваль.
— Я паклічу колькі чалавек. Яны правядуць вас, — прапанаваў сяржант.
— Не, не, Дэршо. Не трэба. Ужо тры ночы ніхто з вас не спаў. Людзі стаміліся. Я вярнуся адзін.
— Гэта небяспечна, лейтэнант. Тут столькі патрулёў, — настойваў Дэршо.
— Не хвалюйцеся, сяржант. Дарогу я ведаю. Яшчэ трохі відно. І потым, у мяне кольт...
Прывычным рухам ён паляпаў па кабуры.
Стаяла цёмная студзеньская ноч, і толькі ад снегу адбіваліся цьмяныя водбліскі. Сэрваль накінуў на гімнасцёрку кажушок і пайшоў па канаве, што цягнулася ўздоўж дарогі. Ісці было хоць і цяжэй, чым па дарозе, затое не так чутна была хада.
«Два кіламетры — дробязь, — думаў ён. — А байцам давялося б адмераць усе чатыры...»
Кожны раз, калі пад яго ботамі патрэсквалі камякі змерзлай травы, афіцэр міжволі ўздрыгваў. Ісці па цаліку ды ў такой цемры было няпроста.
«За букам будзе хатка, за хаткай — белы слуп, за ім — паварот...»
Сэрваль бачыў, як з цемры памалу набліжаліся да яго гэтыя знаёмыя арыенціры.
Паварот быў самаю небяспечнаю мясцінаю на гэтым маршруце. Ужо многа разоў былі там сутычкі з патрулямі. Сэрваль на хвіліну спыніўся, агледзеўся.
Нічога падазронага.
Зноў пайшоў. Спераду ў яго вісеў кольт. Кабура на ўсякі выпадак адшпіленая.
Сэрваль вельмі любіў гэты буйнакаліберны пісталет. Ім карыстаўся яго бацька яшчэ ў мінулую вайну. Можа, праўда, грувасткі і зацяжкі...
«Калі ты пацэліш хоць бы ў руку, чалавек упадзе ад страшэннага болю, — тлумачыў маёр Сэрваль, аддаючы кольт сыну. — Беражы яго. Ён двойчы выратаваў мяне. Вярніся з ім, як гэта зрабіў калісьці я. Гэта ўсё, чаго я табе жадаю».
Сэрваль на хаду паклаў руку на шурпатую рукаяць пісталета.
Паварот застаўся ззаду. Не варта было так хутка ісці і баяцца.
Цяпер перад сабою Сэрваль бачыў плот. За плотам павінна быць разбураная сцяна.
За некалькі метраў да сцяны лейтэнант упаў на зямлю і выхапіў пісталет.
Злева ад яго бліснуў праменьчык электрычнага ліхтарыка. Гэтага было дастаткова: «Варожы патруль». Сэрваль здзівіўся, што прашаптаў гэтыя два словы, быццам папярэджваючы некага, хто быў за ім.
Паспрабаваў вызначыць дыстанцыю: каля ста метраў. Патруль не мог заўважыць яго, бо за паваротам хаваў яго плот. Ён перачакае колькі хвілін, а потым зноў пойдзе. Абы толькі гэты патруль.
Зноў бліснуў ліхтарык. На гэты раз ужо бліжэй. Патруль, відаць, ішоў якраз на яго. Колькі ж там чалавек? З цяжкасцю ўдалося разгледзець, што па полі рухаліся тры чалавечыя постаці. Тры згорбленыя цені ішлі адна за адной. Яшчэ пучок святла. Непадалёку ад дарогі, адразу за сцяной, стаяла сіласная вежа. Патруль і выйдзе недзе адтуль. Сэрваль, лежачы ў канаве, думаў, што яго не заўважаць: аўчына ў снезе.
«Перавага ў таго, хто стрэліць першы», — сказаў сам сабе Сэрваль.
Ён, нібы драпежнік, які вось-вось нападзе на сваю ахвяру, увесь сціснуўся ў кулак.
У цвёрдым поступе ценяў адбылося нейкае замяшанне. Потым — зноў упэўненыя крокі. Патруль знік за сцяною.
Цяпер уся Сэрвалева ўвага была скіравана на сцяну. Ён чуў, як білася яго сэрца, хоць страху не было.
«Адны людзі баяцца толькі спачатку, другім страшна ў час самога здарэння, да трэціх страх прыходзіць аж тады, калі ўсё ўжо адбылося. Да апошніх належу і я».
Ва ўсякім разе, ён быў упэўнены, што зможа ўлажыць гэтых трох. Абы... абы толькі не з'явіўся новы патруль, каб агледзець сцяну з другога боку. А такі варыянт таксама мог быць. Сэрвалю вельмі карцела азірнуцца. Аднак адзіны рух мог выдаць яго, і ён глыбей загробся ботамі ў снег, каб патруль не згледзеў на падэшвах плешак ад цвікоў.
Метраў за 30 ад яго зноў з'явілася постаць. Цяпер ужо добра былі відаць плечы, каска. Постаць зрабіла рух рукой і падалася ўніз па схіле. Тут жа да яе далучыліся яшчэ дзве.
Патруль праставаў да яго канавы. Снег парыпваў пад ботамі ў людзей.
«Ну, я ім! Я ім зараз пакажу!»
З гэтага моманту Сэрваль ужо не думаў, што можа з'явіцца другі патруль; ім завалодала прадчуванне паядынку. Добры стралок, ён усё прыкідваў свае шанцы:
«Іх трое. У мяне 9 куль. Плюс элемент нечаканасці».
У постацяў нешта бразнула. Сэрваль здрыгануўся.
«Дурань!» — падумаў ён абыякава.