А жыццё ішло па сваіх законах. Сонца дакранулася да лініі гарызонту і сплюшчылася. Доўгая калона вялікіх чырвоных грузавікоў паказалася на шашы. Машыны ішлі з грукатам, скаланаючы зямлю, а іх вертыкальныя выхлапныя трубы выплёўвалі сіні дым дызельнага паліва. У кабіне сядзеў толькі вадзіцель, яго зменны спаў на ложку, падвешаным пад самым верхам. Грузавікі грукаталі няспынна, пад іх цяжкім поступам увесь дзень і ўсю ноч дрыжэла зямля.
Сям'я з'ядналася ў адно цэлае. Бацька апусціўся на кукішкі, побач з ім прысеў дзядзька Джон. Галавой сям'і цяпер быў бацька. Ной, Том і Эл таксама селі на кукішкі, а прапаведнік апусціўся проста на зямлю і потым лёг, абапёршыся на локаць. Руці і Ўінфілд бадзёра прытупалі з вядром вады, але адразу адчулі нядобрае, запаволілі крок і, паставіўшы вядро на зямлю, ціха падышлі да маці.
Бабка сядзела горда, спакойна, пакуль уся сям'я не сабралася, пакуль на яе не перасталі глядзець, а тады лягла, закрыла твар сагнутай у локці рукой. Чырвонае сонца схавалася, і над зямлёй разлілося мігатлівае сутонне; твары людзей здаваліся зусім светлымі, а вочы паблісквалі, адлюстроўваючы вячэрняе неба. Вечар збіраў святло адусюль — дзе толькі мог.
Бацька сказаў:
— Гэта здарылася ў палатцы містэра Ўілсана.
Дзядзька Джон пацвярджальна кіўнуў галавой:
— Ён уступіў сваю палатку.
— Добрыя, сардэчныя людзі, — ціха прамовіў бацька.
Уілсан стаяў каля сваёй папсаванай машыны, а Сэйры сядзела каля бабкі на матрацы, стараючыся не дакранацца да яе.
Бацька паклікаў:
— Містэр Уілсан!
Уілсан няспешна падышоў да іх і апусціўся на кукішкі. Сэйры таксама падышла і стала каля яго.
Бацька сказаў:
— Мы вам вельмі ўдзячныя, людзі.
— Мы радыя, што хоць чым-небудзь змаглі памагчы вам, — адказаў Уілсан.
— Мы вельмі абавязаныя вам, — сказаў бацька.
— Перад тварам смерці не варта лічыцца, — прамовіў Уілсан, і Сэйры падхапіла:
— Не варта лічыцца.
Эл сказаў:
— Я адрамантую вам машыну… мы з Томам яе адрамантуем. — І Эл адчуў прыліў гордасці, што ён можа заплаціць доўг, які лёг на яго сям'ю.
— Ад дапамогі мы не адмовімся. — Уілсан прызнаў, што прымае такую плату.
— Трэба вырашыць, як нам быць далей, — сказаў бацька. — Ёсць закон: пра нябожчыкаў неабходна паведаміць уладам, а яны возьмуць сорак даляраў для гаспадара пахавальнага бюро або пахаваюць яго як жабрака.
— У нас у сям'і жабракоў ніколі не было, — умяшаўся дзядзька Джон.
Том сказаў:
— Можа, і не тое яшчэ будзе. З зямлі нас раней таксама ніколі не зганялі.
— Мы дрэннага нічога не рабілі, — сказаў бацька. — Нас няма чым папракнуць. Без грошай нічога не бралі, чужой ласкаю ніколі не карысталіся. Калі з Томам здарылася бяда, мы галаву трымалі высока. На яго месцы кожны так зрабіў бы.
— Дык што ж рабіць будзем? — запытаўся дзядзька Джон.
— Зробіш па закону, цела забяруць. У нас усяго паўтары сотні даляраў. Сорак пойдзе на пахаванне, і тады мы не даедзем да Каліфорніі. А не заплаціш, яго пахаваюць як жабрака.
Мужчыны заварушыліся і ўставілі вочы ў зямлю, што цямнела ў іх пад нагамі.
Бацька ціха сказаў:
— Дзед пахаваў свайго бацьку сам, сваімі рукамі, зрабіў усё, як належыць, і сам рыдлёўкаю зрабіў магільны насып. У тыя часы чалавек меў права легчы ў магілу, выкапаную яго сынам, а сын меў права пахаваць свайго бацьку.
— Цяпер законы ўжо не тыя, — сказаў дзядзька Джон.
— Часам цяжка прытрымлівацца закону, — сказаў бацька. — Асабліва калі хочаш, каб усё было па сумленні. Такіх выпадкаў хапае. Калі Флойд хаваўся, як дзікі звер, закон патрабаваў, каб мы выдалі яго, але ніхто не выдаў. Іншы раз даводзіцца абыходзіць закон. Вось я і кажу: я маю права пахаваць роднага бацьку. Хто-небудзь хоча што сказаць?
Прапаведнік прыўзняўся на локці.
— Законы мяняюцца, — сказаў ён, — а людскія патрэбы застаюцца. Ты маеш права рабіць тое, што табе трэба рабіць.
Бацька павярнуўся да дзядзькі Джона:
— Гэта і тваё права, Джон. Ты маеш што-небудзь супраць?
— Нічога, — адказаў дзядзька Джон. — Толькі атрымліваецца так, быццам мы хочам хаваць яго пад сховай начной цемры. Пры жыцці дзед рабіў усё адкрыта.
Крыху прысаромлены, бацька сказаў:
— Гэтак, як ён рабіў, нам цяпер нельга. Трэба даехаць да Каліфорніі, пакуль грошы яшчэ ёсць.
І Том уставіў сваё слова:
— Бываюць выпадкі, калі дзе-небудзь капаюць зямлю, знаходзяць нябожчыка і ўзнімаюць гвалт — забілі чалавека. Нашы ўлады цікавяцца мёртвымі больш, чым жывымі. Пачнуць дазнавацца, хто ён такі і як памёр. Я вось што прапаную: давайце пакладзём у бутэльку запіску і закапаем разам з ім. Там усё будзе сказана — хто ён, як памёр і чаго яго тут пахавалі.
Бацька ў знак згоды паківаў галавой.
— Правільна. Толькі трэба прыгажэй напісаць. І дзеду не так самотна будзе, калі з ім будзе яго імя, а то закапалі — і ляжы адзін, стары, пад зямлёй. У каго-небудзь ёсць яшчэ што сказаць?