Гронкі гневу - Стейнбек Джон 36 стр.


Усе маўчалі.

Бацька павярнуўся да маці:

— Ты ўбярэш яго?

— Убяру, — адказала маці. — А хто вячэру згатуе?

— Я прыгатую вячэру, — сказала Сэйры Ўілсан. — Мы з вашай старэйшай дачкой усё зробім.

— Вялікі дзякуй. Ты, Ной, пайдзі дастань з якой бачуркі свініны. Яна як след яшчэ не прасалілася, але есці можна.

— А ў нас ёсць паўмяшка бульбы, — сказала Сэйры.

— Дай мне дзве манеты па паўдаляра, — папрасіла маці ў бацькі; той пакапаўся ў кішэні і падаў ёй срэбра.

Маці адшукала таз, наліла ў яго вады і панесла ў палатку. Там было амаль зусім цёмна. Сэйры ўвайшла следам, запаліла свечку, прыткнула яе на скрынку і пакінула маці адну. Маці паглядзела на нябожчыка, і ў яе сціснулася сэрца. Яна адарвала палоску ад свайго фартуха і падвязала дзеду ніжнюю сківіцу. Выпрастала яму ногі, склала рукі на грудзях. Потым апусціла яго павекі і паклала на іх па сярэбранай манеце, зашпіліла яму кашулю і абмыла твар.

Сэйры зазірнула ў палатку:

— Можа, чым дапамагчы?

Маці паволі падняла галаву.

— Зайдзіце, — сказала яна. — Хацела б з вамі пагаварыць.

— Старэйшая дачка ў вас упраўная, — сказала Сэйры. — Колькі ўжо бульбы абабрала! Дык кажыце, што трэба рабіць?

— Я хацела абмыць яго, ды вось няма ў што пераапрануць. А коўдра ваша цяпер сапсаваная. Мёртвы дух нічым з яе не вытравіш. Памятаю, у нас сабака панюхаў матрац, на якім памерла мая маці, і аж затросся і пачаў гыркаць, хоць два гады прайшло пасля яе смерці. Мы загорнем яго ў вашу коўдру, а вам аддадзім другую, у нас ёсць.

Сэйры сказала:

— Навошта вы так гаворыце. Мы памагаем вам ад шчырага сэрца. У мяне ўжо даўно не было… так спакойна на душы. У людзей ёсць такая патрэба — памагаць адзін аднаму.

Маці кіўнула галавой.

— Ёсць, — адказала яна і доўга глядзела на зарослы шчэццю стары твар з падвязанай сківіцай і сярэбранымі вачніцамі, якія паблісквалі пры святле свечкі. — Так ён сам на сябе не падобны, — сказала яна. — Трэба закруціць яго з галавой.

— Ваша старая добра трымалася.

— Яна зусім старэнькая. Магчыма, і не разумее толкам, што здарылася. І, можа, не хутка зразумее. Акрамя таго, гонар нам не дазваляе адчайвацца. Бывала, мой бацька казаў: «Зламацца кожны можа. А каб саўладаць з сабой, трэба быць чалавекам». У любых выпадках мы не паддаёмся адчаю. — Маці акуратна захутала ногі і плечы нябожчыка, закінула адзін ражок коўдры яму на галаву, як капюшон, і насунула на твар. Сэйры падала ёй некалькі вялікіх ангельскіх шпілек, і яна старанна і акуратна зашпіліла з усіх бакоў гэты доўгі пакунак. Нарэшце паднялася з кален. — Пахаванне будзе прыстойнае, — сказала яна. — З намі едзе прапаведнік, ён адпяе яго, і сям'я ўся ў зборы. — Яна пахіснулася. Сэйры падскочыла да яе, не дала ёй упасці. — На хаду засынаю… — сумелася маці. — Не, нічога, пройдзе. Перад ад'ездам нам шмат давялося пакруціцца.

— Выйдзем на паветра, — сказала Сэйры.

— Ага, я ўсё, што трэба, зрабіла.

Сэйры задзьмула свечку, і жанчыны выйшлі з палаткі.

На дне неглыбокага яра ярка гарэла вогнішча. Том убіў у зямлю калкі, падвесіў на дроце два кацялкі, і вада цяпер у іх бурна кіпела, з-пад накрывак выбівалася пара. Ружа Сарона стаяла на каленях крыху ўбаку ад гарачага полымя з доўгай лыжкай у руцэ. Убачыўшы, што маці выйшла з палаткі, яна паднялася і падышла да яе.

— Ма, — сказала яна, — хачу ў цябе пра нешта спытацца.

— Зноў спалохалася? — запыталася маці. — Дзевяць месяцаў без гора не пражывеш, даражэнькая.

— А дзіцяці не пашкодзіць?

Маці адказала:

— Ёсць такая прымаўка: «Дзіця, што ў смутку родзіцца, у жыцці са шчасцем водзіцца». Здаецца, так, місіс Уілсан?

— Чула такую, — адказала Сэйры. — А яшчэ я ведаю і другую: «У залішняй радасці радзіцца, увесь свой век смуціцца».

— У мяне ўсё ўсярэдзіне падскочыла ад страху, — сказала Ружа Сарона.

— Ад весялосці ў нас нічога не скача, — прамовіла маці. — Ты лепш глядзі кацялкі.

Мужчыны сабраліся на краі светлага круга ад вогнішча. З прылад у іх была рыдлёўка і матыка. Бацька адмераў месца для магілы — восем футаў у даўжыню і тры футы ў шырыню. Працавалі па чарзе. Бацька ўскопваў зямлю матыкай, а дзядзька Джон адкідаў яе ўбок рыдлёўкай. Потым крышыў зямлю Эл, а выграбаў Том. Тады крышыў Ной, выграбаў Коні. Работа ішла без перапынку, і магіла рабілася ўсё глыбейшай. Рыдлёўка за рыдлёўкай вылятала адтуль зямля. Стоячы па плечы ў прамавугольнай яме, Том запытаўся:

— На якую глыбіню капаць, та?

— Глыбей. Яшчэ футы на два. Ты вылазь, Том, пайдзі напішы тую запіску.

Том вылез, і яго месца заняў Ной. Том падышоў да маці, якая падтрымлівала агонь.

— У нас, ма, ёсць папера і пяро?

Маці пакруціла галавой:

— Н-не. Што іншае, а гэтага з сабой не ўзялі. — Яна глянула на Сэйры, і маленькая жанчына паспешліва пайшла ў палатку. Вярнулася яна з Бібліяй у руках і напалову спісаным алоўкам.

— Вось, — сказала яна. — Тут, у пачатку, ёсць чыстая старонка. Напішы на ёй і вырві. — Сэйры падала Біблію і аловак Тому.

Том сеў каля вогнішча. Ён засяроджана прыплюшчыў вочы і нарэшце няспешна вывеў буйнымі выразнымі літарамі на чыстай частцы старонкі: «Тут спачывае Ўільям Джэймс Джоўд, памёр ад удару зусім старым. Радня закапала яго тут, бо не было грошай на пахаванне. Яго ніхто не забіваў. З ім здарыўся ўдар, і ён памёр». — Том адняў аловак ад паперы. — Паслухай, ма, — сказаў Том і паволі прачытаў услых напісанае.

— Што ж, гучыць нядрэнна, — ухваліла маці. — А ты яшчэ што-небудзь і набожнае падабраў бы з Пісання. Пагартай Біблію, пашукай якое выслоўе.

— Трэба, каб карацей, — сказаў Том. — А то месца амаль не засталося.

Назад Дальше