Гронкі гневу - Стейнбек Джон 38 стр.


— Нічога не зробіш, — сказаў Том. — Яго адразу адкапаюць, і нас абвінавацяць у парушэнні закону. Ты ведаеш, што мне будзе, калі я пераступлю закон.

— Правільна, — пагадзіўся бацька. — Я зусім забыўся. — Ён узяў у Джона рыдлёўку і зраўняў магілу. — Ледзь зіма, і праваліцца, — сказаў ён.

— Нічога не зробіш, — сказаў Том. — Да зімы мы будзем далёка. Утапчы добра, а зверху мы чаго-небудзь накідаем.

Калі свініна і бульба зварыліся, абедзве сям'і селі вячэраць вакол вогнішча. Усе елі моўчкі, пазіраючы на агонь. Уілсан запусціў зубы ў кавалак мяса і задаволена ўздыхнуў.

— Цудоўная свініна, — сказаў ён.

— У нас былі дзве свінкі, — паясніў бацька, — і мы вырашылі іх з'есці. За іх нічога не давалі. Вось крыху асвоімся з дарогай, маці спячэ хлеба, тады адно задавальненне — едзеш сабе, пазіраеш па баках, а ў грузавіку ў цябе яшчэ і дзве бачуркі свініны. Колькі часу вы ўжо ў дарозе?

Уілсан прачысціў языком зубы і глынуў.

— Нам не пашчасціла, — адказаў ён. — Трэці ўжо тыдзень, як мы паехалі з дому.

— Божа літасцівы! А мы мяркуем за дзесяць дзён дабрацца да Каліфорніі, а то і хутчэй.

У гутарку ўмяшаўся Эл:

— Не, та, наўрад ці. З такім грузам мы, можа, і ніколі не дабяромся. Асабліва калі давядзецца ехаць праз горы.

Вакол вогнішча запанавала цішыня. Галовы ва ўсіх апусціліся, і агонь асвятляў ім толькі валасы і лоб. Над невысокім купалам святла скупа паблісквалі летнія зоркі, дзённая спёка памалу спадала. На сваім матрацы, убаку ад вогнішча, ціха захныкала бабка, нібы шчанюк заскавытаў. Твары ўсіх павярнуліся ў той бок.

Маці сказала:

— Разашарна, будзь разумненькай, ідзі паляжы з бабкай. Яе цяпер нельга пакідаць адну. Яна ўжо ўсё зразумела.

Ружа Сарона паднялася на ногі, пайшла да матраца і лягла побач са старой, і да вогнішча данесліся няясныя гукі іх галасоў. Ружа Сарона і бабка перашэптваліся, лежачы на матрацы.

Ной сказаў:

— Дзіўна неяк — дзеда няма, а быццам нічога не здарылася. Смутку мне не прыбавілася.

— Гэта ўсё адно, — сказаў Кейсі. — Зямля ваша і дзед — адно непадзельнае.

Эл сказаў:

— Вельмі крыўдна за яго. Памятаеце, ён гаварыў, што там будзе рабіць, як ён вінаградныя гронкі аб галаву будзе расціскаць, каб усю бараду сокам заліло, і ўсякае такое.

Кейсі сказаў:

— Гэта ён так, дурыўся. Думаю, ён усё разумеў. Дзед ваш памёр не сёння. Ён памёр, як толькі вы яго з месца знялі.

— Ты гэта напэўна ведаеш? — усклікнуў бацька.

— Ну, не зусім так. Дыхаць ён дыхаў, але жыцця ў ім ужо не было. Дзед і зямля ваша — адно цэлае, і ён гэта разумеў.

Дзядзька Джон запытаўся:

— А ты ведаў, што ён памірае?

— Так, — адказаў Кейсі. — Ведаў.

Джон утаропіўся на прапаведніка, і ў вачах у яго рос жах.

— І нікому не сказаў?

— А якая карысць?

— Мы… мы зрабілі б што-небудзь.

— Што?

— Ну што-небудзь, але…

— Не, — сказаў Кейсі, — зрабіць вы не змаглі б нічога. Ваш шлях быў вызначаны, а дзеду з вамі было не па дарозе. Ён і не мучыўся. Хіба, можа, толькі раніцай, у першыя хвіліны. Ён астаўся з зямлёй. Не мог яе кінуць.

Дзядзька Джон глыбока ўздыхнуў.

Уілсан сказаў:

— А нам прыйшлося майго брата кінуць. — Усе павярнуліся да яго. — У нас з ім былі ўчасткі-саракоўкі побач. Ён старэйшы за мяне. Машыны ніхто з нас ніколі не вадзіў. І вось мы прадалі ўсё, што ў нас было. Уіл купіў сабе машыну, і да яго прыставілі нейкага падлетка — вучыць кіраваць. За дзень перад ад'ездам Уіл з цёткай Міні паехалі папрактыкавацца. Раптам перад Уілам калдобіна, ён як гаркне: «Тпру!» — і як дасць задні ход. Урэзаўся ў агароджу. Зноў крыкнуў: «Тпру, каб на цябе!» — тупнуў нагой па педалі газу і перакуліўся ў канаву. І застаўся ён ні з чым: ні на продаж нічога, ні машыны. Але ж, дзякуй богу, сам вінаваты. І так узлаваўся, з сябе аж выходзіць, з намі ехаць не захацеў — сядзіць, лаецца апошнімі словамі.

— Што ж ён будзе рабіць?

— Каб я ведаў. Чалавек зусім крануўся ад злосці. А нам чакаць няможна. У нас толькі восемдзесят даляраў на ўсю дарогу. Не сядзець жа нам і чакаць, пакуль і тыя разыдуцца. Але дарога ўжо амаль усе іх з'ела. Не праехалі і сотні міль, зуб у заднім мосце паляцеў, а рамонт абышоўся трыццаць даляраў. А там спатрэбілася пакрышка, і запальная свечка трэснула, а яшчэ Сэйры занядужала. Давялося прыпыніцца, вось ужо дзесяць дзён стаім. А цяпер машына, няхай яна спрахне, зноў паламалася, а грошай ужо — кот наплакаў. Проста не ведаю, калі мы дабяромся да гэтай Каліфорніі. Трэба рамантаваць, а я ў гэтым нічога не кемлю.

Эл дзелавіта запытаўся:

— Што з машынай?

— Ды проста ісці не хоча. Завядзецца, чхне разок — і заглухне. Праз момант зноў завядзецца, і перш чым паспееш тармазы адпусціць, зноў як мёртвая.

— Матор працуе хвіліну і глухне?

— Ага, так. Прыбаўлю газу, усё роўна не ідзе. Чым далей, тым усё горш, а вось цяпер зусім ужо не запускаецца.

Назад Дальше