Гронкі гневу - Стейнбек Джон 39 стр.


Выгляд у Эла зрабіўся горды, па-даросламу салідны.

— Відаць, у яе бензаправод забіўся, — прамовіў ён. — Я прадзьму яго.

І бацька таксама заганарыўся:

— Эл у гэтых справах разбіраецца.

— Вось за дапамогу я скажу вам дзякуй. Вялікі дзякуй. Не ўмееш паправіць, проста дзіцём сябе адчуваеш. Калі дабяромся да Каліфорніі, куплю добрую машыну. Яна, можа, псавацца не будзе.

Бацька сказаў:

— Калі дабяромся… Не так і лёгка дабрацца туды.

— Затое Каліфорнія! — сказаў Уілсан. — Я бачыў лісткі — там патрэбны людзі на збор фруктаў, і заробкі добрыя. Толькі падумаць! Фрукты збіраеш у цяні дрэў, прыхваткамі ў рот пакладзеш што-небудзь. Ды там, чорт вазьмі, столькі гэтага дабра — хоць аб'ядайся, ніхто табе слова не скажа. А плаціць будуць добра, купім невялікі ўчастак і яшчэ падрабляць будзем на старане. Я ў заклад, чорт вазьмі, іду, што і двух гадоў не міне, як мы прыдбаем свой участак.

Бацька сказаў:

— Мы бачылі гэтыя лісткі. У мяне адзін нават з сабой ёсць. — Ён выняў кашалёк і дастаў з яго складзены папалам аранжавы рэкламны лісток. Чорныя літары гаварылі: «У Каліфорніі Патрабуюцца Зборшчыкі Гароху. Добрая Плата Круглы Год. Патрэбна 800 Чалавек».

Уілсан з цікавасцю паглядзеў на лісток.

— Ага, ага! Я бачыў такі самы. Акурат як той. А як вы думаеце… васемсот чалавек ужо, можа, набралася?

Бацька сказаў:

— Гэта ж толькі ў адной невялікай частцы Каліфорніі. А Каліфорнія ў нас другі па велічыні штат. Дапусцім, у адным месцы васемсот чалавек і набралася. А там шмат такіх месцаў. Мне ўсё роўна дзе фрукты збіраць. Вы ж самі сказалі, працаваць будзем у цяні дрэў. На такую работу і малыя з ахвотай пойдуць.

Раптам Эл падняўся і падышоў да легкавой машыны.

— Сёння ўжо не адрамантуеш, — сказаў Уілсан.

— Вядома. Заўтра з раніцы вазьмуся.

Том ва ўпор паглядзеў на свайго малодшага брата.

— Я таксама пра гэта падумаў, — сказаў ён.

— Пра што вы там, хлопцы? — запытаўся Ной.

Том з Элам маўчалі, чакаючы, што скажа другі.

— Кажы ты, — нарэшце прамовіў Эл.

— Ну, можа, з гэтага нічога не выйдзе, можа, Эл зусім пра іншае думае. А справа вось якая. У нас перагрузка, а містэр і місіс Уілсан едуць без цяжкага грузу. Калі хто-небудзь з нашых перасядзе да іх, а іхнія лягчэйшыя рэчы мы перакладзём на грузавік, тады ў нас і рысоры будуць цэлыя, і пад'ёмы нам не страшныя. Машынай мы з Элам абодва ўмеем кіраваць, значыць, хто-небудзь з нас павядзе легкавую. На дарозе будзем разам трымацца, і ад гэтага нам усім лепш будзе.

Уілсан ускочыў на ногі.

— Вядома, вядома! Мы будзем толькі радыя. Так і зробім. Ты чула, Сэйры?

— Проста цудоўна, — адказала Сэйры. — А мы не наробім вам лішніх турбот?

— Ну што вы, далібог! — сказаў бацька. — Якія турботы? Наадварот, вы нас выручыце.

Уілсан зноў сеў на зямлю, крыху сумеўшыся.

— Не ведаю, як быць.

— Што, раздумалі?

— Разумееце… У мяне ўсяго даляраў трыццаць засталося, і я не хацеў бы быць вам цяжарам.

Маці сказала:

— Вы і не будзеце нам цяжарам. Будзем дапамагаць адзін аднаму, і разам даедзем да Каліфорніі. Сэйры Ўілсан дапамагла мне прыбраць дзеда… — яна раптам змоўкла. Сувязь паміж тым і другім была ўсім зразумелая.

Загаварыў Эл:

— У легкавую свабодна сядзе шэсць чалавек. Скажам, так: я за рулём, місіс і містэр Уілсаны, Разашарна з Коні і бабка. Вялікія рэчы, лягчэйшыя, перакладзём на грузавік. У дарозе будзем мяняцца месцамі. — Ён гаварыў голасна, радуючыся, што з плячэй зваліўся такі клопат.

Астатнія бянтэжліва ўсміхаліся, апусціўшы вочы долу. Бацька правёў кончыкамі пальцаў па пыле. Сказаў:

— Маці наша марыць пра беленькі домік сярод апельсінавых дрэў. Яна бачыла вялікі такі малюнак у календары.

Сэйры сказала:

— Калі я зноў расхварэюся, вы нас не чакайце, едзьце адны. Мы не хочам быць вам цяжарам.

Маці пільна паглядзела на яе і быццам упершыню ўбачыла яе пакутніцкія вочы і змарнелы, змучаны болем твар. І сказала:

— Нічога, даедзеце, мы пра вас паклапоцімся. Вы ж самі сказалі: ад дапамогі нельга адмаўляцца.

Сэйры глянула на свае маршчыністыя рукі, асветленыя агнём вогнішча.

— Трэба класціся спаць. — Яна ўстала.

— А дзед… як быццам ужо год, як ён памёр, — прамовіла маці.

Назад Дальше