Гронкі гневу - Стейнбек Джон 41 стр.


— Тыдзень таму.

Яго напарнік кідае пяціцэнтавік у адтуліну прайгравальніка, глядзіць, як выслізгвае пласцінка і кладзецца на дыск. Голас Бінга Кросбі — чыстае золата. «Зноў залаціцца пляж, і хвалі плешчуць глуха… Ты — у скронях боль, але не скруха…» А Вялікі Біл напявае на вушка Мэй: «Ты ў скрынях соль, але не шлюха…»

Мэй смяецца.

— А хто гэта з табой, Біл? Ён першы раз на гэтым маршруце?

Напарнік Біла апускае пяць цэнтаў у аўтамат, выйграе чатыры жэтоны і зноў кідае іх у шчыліну. Падыходзіць да стойкі.

— Што ж вам падаць? — пытаецца Мэй.

— Ну, па кубку кавы. А тарты якія?

— З бананавым крэмам, з ананасным крэмам, шакаладны, ну і яблычны.

— Давай яблычны… Чакай… а вунь той, вялікі і пышны, з чым?

Мэй падымае торт, нюхае.

— Бананавы.

— Адрэж кавалак, ды не шкадуй.

Шафёр, што каля аўтамата, кажа:

— Рэж два.

— Наце вам два. Што-небудзь такое новенькае чуў, Біл?

— Ага, вось паслухай.

— Ты пры даме не вельмі…

— Ды тут нічога такога. Вучань спазніўся ў школу. Настаўніца пытаецца: «Чаму спазніўся?» Хлопчык адказвае: «Я вадзіў цялушку да быка». Настаўніца кажа: «Няўжо твой бацька сам не мог справіцца?» А малы ёй: «Вядома ж, мог, толькі дзе яму цягацца з быком».

Мэй вішчыць ад смеху, ледзь не хрыпне. Эл акуратна рэжа цыбулю, узнімае на іх позірк, усміхаецца і зноў апускае вочы. Вадзіцелі грузавікоў — гэта людзі! Кожны з іх пакіне Мэй па чвэрці даляра. Пятнаццаць цэнтаў за торт і каву і дзесяць — «чаявыя». І не чапляюцца да яе.

Сядзяць на высокіх табурэтах, п'юць каву, з кубкаў вытыркаюцца лыжачкі. Гутараць пра свае справы. Эл скрабе патэльню, слухае, але заўваг не робіць ніякіх. Бінг Кросбі раптам змаўкае. Дыск апускаецца, і пласцінка зноў займае сваё месца сярод іншых пласцінак. Ліловае святло гасне. Пяціцэнтавік, што прывёў увесь гэты механізм у дзеянне, прымусіў Кросбі спяваць, а аркестр яму акампанаваць, саслізгвае з кантактаў і падае ў манетнік. Манета гэтая, у адрозненне ад мноства іншых, сапраўды папрацавала, вымусіла аўтамат падпарадкавацца сабе.

З клапана кававаркі выбіваецца пара. Кампрэсар халадзільніка пачынае ціха гусці, потым сціхае. Электрычны вентылятар у куце паволі паварочваецца з боку ў бок, абвяваючы пакой цёплым ветрыкам. Па шашы № 66 з шумам праносяцца аўтамашыны.

— У нас незадоўга перад вамі машына з Масачусетса спынялася, — сказала Мэй.

Вялікі Біл абхапіў кубак зверху далонню так, што лыжачка тырчыць у яго паміж вялікім і ўказальным пальцамі. Ён шумна ўцягнуў у рот каву разам з паветрам, каб астудзіць яе.

— Паездзіла б ты цяпер па шэсцьдзесят шостай. Машыны з усёй краіны. Усе на Захад ідуць. Раней ніколі гэтулькі машын не бачыў. Сярод іх такія трапляюцца прыгажуні!

— Сёння раніцай мы бачылі аварыю, — сказаў яго зменны. — Вялікая машына — «кадзілак», зроблены, відаць, па спецыяльным заказе, прыгожы такі. Нізкая пасадка, крэмавы колер. На грузавік наляцеў. Радыятар умяла проста ў вадзіцеля. Гнаў пад дзевяноста міль. Рулявой калонкай наскрозь прапарола, курчыўся, як жаба на круку. Была шык, а не машына, адна любата. А цяпер што — хоць задарма бяры. Адзін ехаў, без нікога.

Эл падымае вочы ад пліты:

— А з грузавіком што?

— Божа мой, які там грузавік! Проста машына з адрэзаным верхам, набітая ўсялякім кухонным начыннем — пліта, рондалі, а яшчэ матрацы, дзеці, куры. Ну ведаеце ж — на Захад едуць. «Кадзілак» прамчаўся паўз нас з хуткасцю мо дзевяноста міль, — абагнуў на двух колах, а насустрач машына. Ён — убок, а тут грузавічок гэты. Урэзаўся ў яго на ўсім хаду. Вадзіцель п'яны быў, ці што. Коўдры, куры, дзеці — усё ўзляцела ў паветра. Аднаго малога забіла, проста раздушыла. Жудаснае відовішча. Мы пад'ехалі. Чалавек, што вёў грузавік, стаіць як укапаны, пазірае на сынка мёртвага. Ні слова з яго не выцягнулі. Маўчыць, як знямеў. Мноства людзей на шашы — цэлымі сем'ямі на Захад едуць. І з кожным днём іх усё больш і больш. Адкуль яны толькі бяруцца?

— Лепш спытайцеся — куды едуць? — сказала Мэй. — Бывае, заязджаюць да нас па бензін і, акрамя яго, нічога не купляюць. Кажуць, яны на руку не чыстыя. Але ў нас нідзе нічога лішняга не валяецца. Нас не абкрадалі.

Жуючы на поўны рот торт, Вялікі Біл глянуў праз зацягнутае сеткай акно на шашу.

— Ну вось, прывязвай сваё дабро мацней. Здаецца, едуць сюды.

З шашы стомлена збочыў «нэш» выпуску 1926 года. Задняе сядзенне ў яго было высока завалена мяхамі, рондалямі і патэльнямі, а на самым версе, амаль упіраючыся макаўкамі ў дах, сядзелі два хлопчыкі. На даху ляжалі прывязаныя да яго матрац і палатка, слупкі ад яе былі прымацаваны да падножкі. Машына пад'ехала да бензінавых помпаў і спынілася. З кабіны вылез цёмнавалосы чалавек з вострым скуластым і насатым тварам. Абодва малыя ссунуліся з паклажы на зямлю.

Мэй абагнула стойку і стала ў дзвярах. На чалавеку былі шэрыя шарсцяныя штаны і сіняя кашуля, пацямнелая ад поту на спіне і пад пахамі. На хлопчыках — камбінезоны на голае цела, патрапаныя, залатаныя. Валасы ў малых былі светлыя, стрыжаныя «пад вожык» і тырчалі, як шчаціна. Твары ў брудных плямах. Дзеці адразу пабеглі да лужыны пад водаправодным шлангам і засунулі пальцы босых ног у гразь.

Чалавек запытаўся:

— У вас можна вады ўзяць, мэм?

Цень нездавальнення мільгануў на твары Мэй.

— Пэўна ж, налівайце, — адказала яна і ціха кінула цераз плячо: — Я пасачу за шлангам. — Яна глядзела, як чалавек няспешна адкручваў каўпачок радыятара і ўсунуў у адтуліну наканечнік шланга.

Бялявая жанчына, што сядзела ў кабіне, сказала:

— Спытайся, можа, тут дадуць.

Чалавек выняў шланг з радыятара і прыкруціў каўпачок. Хлопчыкі ўзялі з рук бацькі шланг, павярнулі яго наканечнікам угору і пачалі прагна піць. Чалавек зняў з галавы цёмны запэцканы капялюш, падышоў да драцяных дзвярэй бара і стаў перад імі з нейкім дзіўным, прыніжаным выглядам.

— Ці не прадасце нам буханку хлеба, мэм?

Мэй адказала:

— Тут не бакалейная крама. Хлеб у нас ідзе на сандвічы.

— Ведаю, мэм. — У яго прыніжанасці адчувалася ўпартасць. — Нам трэба хлеб, а да крамаў, кажуць, ехаць яшчэ і ехаць.

Назад Дальше