— Прадасі, і сама без нічога застанешся. — У голасе Мэй прагучала нотка нерашучасці.
— Мы галодныя, — сказаў чалавек.
— Дык чаму ж не купіце сандвічаў з катлетамі?
— Мы б радыя купіць гамбургеры, мэм. Ды не можам. Нам трэба абысціся дзесяццю цэнтамі на ўсіх. — І, сумеўшыся, чалавек дадаў: — Грошы зусім канчаюцца.
Мэй сказала:
— За дзесяць цэнтаў буханкі хлеба не купіш. У нас толькі па пятнаццаць.
Ззаду буркнуў Эл:
— Госпадзі, Мэй, дай ім хлеба.
— Да прывозу самім можа не хапіць.
— І няхай не хопіць, чорт з ім, — сказаў Эл і пахмурна глянуў на бульбяную салату, якую ён перамешваў.
Мэй паціснула круглявымі плячамі і азірнулася на шафёраў, нібы кажучы: бачыце, як бывае.
Яна адчыніла дзверы, і чалавек увайшоў, уносячы з сабой пах поту. Следам за ім у бар шмыгнулі хлапчукі і адразу пайшлі да прылаўка з цукеркамі — утаропіліся на іх, але ў вачах у іх не загарэлася ні прага, ні надзея, ні нават жаданне іх пакаштаваць, а было толькі здзіўленне, што ёсць такія рэчы на свеце. Хлопчыкі былі аднаго росту і на адзін твар. Адзін з іх стаяў, паскрэбваючы пальцамі нагі брудную шчыкалатку. Другі раптам нешта шапнуў яму на вуха, і абое ўсунулі рукі ў кішэні, і тонкую сінюю тканіну іх камбінезонаў адтапырылі сціснутыя ў кулакі далоні.
Мэй высунула шуфляду і выняла адтуль буханку хлеба ў васкаванай паперы.
— Вось за пятнаццаць цэнтаў.
Чалавек зноў надзеў капялюш і сказаў усё гэтак жа прыніжана:
— А ці нельга… Можа, вы адрэжаце на дзесяць цэнтаў?
Эл сярдзіта рыкнуў:
— Госпадзі, Мэй! Аддай ім усю.
Чалавек павярнуўся да Эла:
— Не, нам трэба толькі на дзесяць цэнтаў. Даводзіцца ўсё дакладна разлічваць, містэр, інакш не дабяромся да Каліфорніі.
Мэй пакорліва прамовіла:
— Бярыце ўсю за дзесяць цэнтаў.
— Гэта ж як рабаваць вас, мэм.
— Бярыце. Раз Эл сказаў, бярыце. — Яна пусціла па стойцы загорнуты ў васкаваную паперу хлеб. Чалавек дастаў з задняй кішэні скураны капшук, развязаў шнуркі і раскрыў яго. Капшук быў туга набіты сярэбранымі манетамі і залапанымі грашовымі паперкамі.
— Вам, відаць, дзіўна, што я так скуплюся, — выбачлівым тонам сказаў ён. — Але наперадзе ў нас яшчэ тысяча міль дарогі, і невядома, ці дабяромся яшчэ. — Ён пакорпаўся ўказальным пальцам у капшуку, намацаў дзесяціцэнтавую манету і выцягнуў яе. Калі паклаў на стойку, убачыў, што выпадкова прыхапіў яшчэ адзін цэнт. Ён хацеў ужо схаваць яго назад у капшук, але раптам позірк яго ўпаў на хлопчыкаў, што застылі перад прылаўкам з цукеркамі. Ён паволі падышоў да іх, паказаў пальцам на доўгія палачкі ледзянцоў пад шклом у паласатых абгортках. — Гэтыя — цэнт за штуку, мэм?
Мэй нахілілася і глянула пад шкло.
— Якія?
— Вось гэтыя, паласатыя.
Малыя паднялі на яе вочы і перасталі дыхаць — замерлі, крыху раскрыўшы раты і напружыўшы паўголыя цельцы.
— Гэтыя? Не. Яны на цэнт пара.
— Дык дайце дзве штучкі, мэм. — Чалавек беражліва паклаў медную манетку на прылавак. Хлопчыкі ледзь чутна перавялі дух. Мэй дастала два мятныя ледзянцы.
— Бярыце, — сказаў бацька дзецям.
Хлопчыкі нясмела працягнулі рукі, узялі па адной ледзянцовай палачцы і апусцілі ўніз, не кінуўшы на іх позірку. Але зірнулі адзін на аднаго, куточкі іх губ ледзь варухнуліся ад бянтэжлівай усмешкі.
— Дзякуй вам, мэм. — Чалавек узяў бохан і выйшаў за дзверы; хлопчыкі неяк ненатуральна чынна пайшлі следам, і кожны прыціскаў да нагі доўгую цукерку ў абгортцы з чырвонымі палоскамі. А ў машыне яны, як бурундукі, скокнулі з пярэдняга сядзення на самы верх паклажы і зашыліся, як у норку, сярод клункаў.
Чалавек сеў у машыну, завёў матор, і лядашчы «нэш», равучы і выпусціўшы клуб масляністага дыму, уз'ехаў на шашу і пакіраваў на захад.
З бара глядзелі яму ўслед абодва шафёры, Мэй і Эл.
Вялікі Біл павярнуўся да Мэй.
— Такія ледзянцы каштуюць не цэнт за пару, — сказаў ён.
— А табе што? — агрызнулася Мэй.
— Ім цана кожнаму пяць цэнтаў.
— Ну паехалі, — сказаў другі вадзіцель. — А то час трацім.
Абодва палезлі ў кішэню. Біл кінуў на стойку манету, другі шафёр, глянуўшы на яе, зноў палез у кішэню і паклаў сваю манету побач. Потым яны павярнуліся і пайшлі да дзвярэй.
— Бывай, — сказаў Біл.
Мэй аклікнула іх: