Беларускiя народныя казкi - Автор неизвестен 12 стр.


Адвячоркам прыбег воўк, ухапiў падсьвiнака i павалок цераз агароды.

Тут сабака як наробiць ляманту, як кiнецца за ваўком…

Пачуў гэта гаспадар, выскачыў з хаты, бачыць: воўк падсьвiнака валачэ цераз агароды, а сабака яго даганяе, адбiрае.

— Туйга! Туйга! — закрычаў гаспадар на ўсю сiлу. — Кусi яго, Лыска!

Воўк тым часам кiнуў падсьвiнака, а сам ходу ў лес.

— Малайчына, Лыска! — пахвалiў гаспадар сабаку, прывёў на кухню i загадаў жонцы кармiць яго.

Жыве Лыска прыпяваючы. А празь месяц зрабiўся такi тлусты, аж шэрсьць блiшчыць. I пра дагавор з ваўком забыўся.

Вось аднойчы сабралiся ў гаспадара госьцi. П'юць, гуляюць, песьнi сьпяваюць. Нямала тут i Лыску перапала — цэлую кучу касьцей пад стол яму накiдалi.

Наеўся Лыска ды выйшаў на двор — у сваю будку. Глядзiць — аж у будцы воўк чакае яго.

— Чаго ты тут? — зьдзiвiўся сабака.

— Па цябе прыйшоў, — адказвае воўк. — Памятаеш наш дагавор з табою?

Спалохаўся сабака — ня хочацца яму на воўчыя зубы трапляць. Вось ён i кажа:

— Ня еш ты мяне, воўк. Я цябе за гэта добра пачастую самаю смачнаю ядою.

— Адкуль-жа ты возьмеш?

— У майго гаспадара госьцi. Там пад сталом поўна касьцей — навет зь мясам. Хадзем!

— Баюся. Яшчэ заб'юць мяне там.

— Ня бойся, не заб'юць, — угаворвае сабака. — Я цябе правяду так, што нiхто i ня ўбачыць.

Згадзiўся воўк i пайшоў за сабакам.

Лыска пакiнуў яго ў сенцах, сам убег у хату, махнуў хвастом i патушыў лучыну.

— Цяпер бяжы пад стол, — паклiкаў ён ваўка. Воўк так i зрабiў.

Сабака накармiў ваўка, навет вiном напаiў. Сядзяць яны сабе пад сталом ды зюкаюць пацiху.

А тым часам госьцi засьпявалi вясёлыя песьнi.

Воўк слухаў, слухаў, ды кажа сабаку:

— Мне таксама сьпяваць хочацца.

— Маўчы лепш, — адказвае сабака.

Воўк памаўчаў крыху ды зноў за сваё:

— Ня вытрымаю, — кажа, — аж язык сьвярбiць, гэтак сьпяваць захацелася.

I зацягнуў на ўсю хату басам:

— Ау-ау!

А сабака таксама ня вытрымаў ды давай падпяваць яму:

— Гаў, гаў! Цяў, цяў!..

Пачулi гэта госьцi, ухапiлi хто качаргу, хто чапялу, набiлi ваўка i выкiнулi яго з хаты разам з сабакам.

Ачухаўся воўк i кажа сабаку:

— Ну i накармiў-жа ты мяне! Я табе не дарую гэтага.

— Сам вiнаваты, — кажа сабака. — Трэба было маўчаць.

— Не, — не згаджаецца воўк, — гэта ты вiнаваты. Навошта ты завёў мяне ў хату?

Спрачалiся яны, спрачалiся, нарэшце воўк кажа:

— Калi так, давай будзем ваяваць: хто каго зваюе, той таго i зьесьць. Зьбiрай сваё войска i прыходзь да мяне ў лес.

— Што-ж, — кажа сабака, — няхай будзе так.

Назаўтра ўзяў ён барана, ката i пеўня сабе ў памочнiкi ды пайшоў на вайну з ваўком.

А воўк запрасiў да сябе ў ваякi мядзьведзя, дзiка i зайца. Сабраў ён сваё войска, выйшаў на ўскраек лесу i чакае.

— Палезь ты, Мiхайла, — кажа ён да мядзьведзя, — на елку ды паглядзi, цi ня iдзе сабака iз сваiм войскам.

Мядзьведзь узьлез на елку, прыгледзеўся i кажа:

— Iдзе!

Назад Дальше