Беларускiя народныя казкi - Автор неизвестен 14 стр.


— Ну, у мяне iншая справа. Там у мяне дзядзькi, бацькi, дзяды, браты жывуць. Усе па слову скажуць, мне i павераць. Вось каб ты набраў сотнi тры сьветак, тады можна сьмела iсьцi.

Як пакоцiцца заяц, як наробiць крыку на ўвесь лес:

— Дзядзькi, бацькi, дзяды, браты, бяжыце сюды!

Тут, як бачыш, з усiх бакоў пасыпалiся зайцы.

Назьбягалася iх цэлая чарада.

Прывёў кот Максiм зайцоў да царскiх палацаў. Бачыць — на дварэ вялiкi хлеў стаiць. Ён i кажа зайцам:

— Пачакайце вы ў гэтым хляве. Скончыцца мой суд, тады я вашу скаргу падам цару.

Зайцы паскакалi ў хлеў, а кот — бразь! — ды i зачынiў iх там на засаўку.

Iдзе ён да царскiх палацаў, падскокваючы, у лапкi плешчучы.

Узыходзiць на ганак, стукае ў дзьверы:

— Адчынiце!

Адчынiў яму салдат-вартавы.

— Чаго трэба? — пытаецца.

— Пакажы, дзе цар жыве.

Салдат паказаў.

Увайшоў кот Максiм у вялiкi пакой, а там цар сядзiць.

— Добры дзень, ваша вялiчаства-вымператарства!

— Добры дзень, каток! — адказвае цар. — Што скажаш?

— Ды вось прыслаў табе мой гаспадар пан Марцiн Глiнскi-Папялiнскi гасьцiнчыка.

— Дзе-ж той гасьцiнчык?

— У хляве.

Прыйшоў цар у хлеў, паглядзеў, а там поўна зайцоў, як зачынiць.

— Мусiць, дужа багаты твой гаспадар, калi гэтулькi зайцоў прыслаў? дзiвiцца цар. — Мусiць, у яго яшчэ больш ёсьць.

— Ён, панок-царок, такi багаты, што дай ты рады. Усяго ў яго многа, няма толькi гаспадынi ў пакоях. Прыслаў мяне тваю дачку сватаць.

Павёў цар ката ў палацы, накармiў, напаiў, ды яшчэ i на дарогу ў торбу даў. А пра дачку змаўчаў.

Вярнуўся кот Максiм дахаты. А яго гаспадар ледзьве дыхае: усе катовы запасы даўно паеў.

Разьвязаў кот торбу, дастаў адтуль усё, што з дарогi засталося, i пачаў кармiць гаспадара.

Акрыяў сяк-так пан Глiнскi-Папялiнскi ды пытаецца ў ката:

— Ну, што табе цар сказаў?

— Нiчога цiкавага, — кажа кот.

— Дык iдзi яшчэ раз да цара. Толькi нанасi мне больш яды ў запас.

Нанасiў кот яму яды, а сам зноў пайшоў да цара.

Прыходзiць у лес, а тут насустрач яму воўк:

— Куды iдзеш, кот?

— Да цара.

— Чаго?

— На суд.

I расказаў ваўку, на якi суд ён iдзе. Воўк кажа:

— Дык i я пайду з табою! Мяне таксама часта дарэмна лаяць.

— Аднаму табе суд не паверыць, — кажа кот.

— А ты чаму адзiн iдзеш?

— Што ты параўняўся зы мною. Мяне ўся царская радня ведае, а ад цябе навет сабакi ўцякаюць, калi дзе ўбачаць. У мяне там дзядзькi, бацькi, дзяды, браты…

— Дык што-ж мне рабiць?

Зьбяры сотнi тры сьветак, тады павераць.

Назад Дальше