Назаўтра iх ажанiў i загадаў, каб матка пiльнавала, каб часам яны не паўцякалi. А нявеста цiха кажа каралевiчу:
— Мы ўцячом, але паставiм дванаццаць зэдлiкаў, то гэтыя зэдлiкi будуць за мяне адказваць.
Так i зрабiлi, а самi наўцекача. Матка пытае:
— Галена, ты ёсьць?
— Ёсьць.
Так яна пытала дванаццаць разоў, а зэдлiкi адказвалi; запытала трынаццаты раз — цiха, дык яна як крыкне:
— Мужу, уставай — няма!
Тады чараўнiк кажа:
— Бяжы хутчэй, мацi, калi ўпусьцiла, ганi iх.
Мацi зрабiлася цёмнаю хмараю i гонiцца, а дачка тое пачула й кажа:
— Гонiць нас мацi, я стану вялiкiм лесам, а ты маленькаю птушачкаю, толькi ня дайся ёй ухапiць.
Вырас адразу вялiкi лес, а маленькая птушачка лятае ў iм. Пачала баба за птушкаю ганяцца: лятала, лятала, ды не ўхапiла. Вярнулася назад, чараўнiк пытае:
— А што ты бачыла?
— Так i так.
— А чаму ты ня брала, то-ж гэта яны, — ганi баба iзноў.
Баба зноў зрабiлася цёмнаю хмараю i гонiць, а дачка тое пачула й кажа:
— Ну, гонiцца зноў мацi, я зраблюся вялiкаю гарою, зарослаю церняю, а ты будзеш салавейчыкам, толькi ня дайся ёй ухапiць.
I стала адразу вялiкая гара, зарослая церняю, а салавейчык песьню сьпявае. Хмара надыйшла, стала баба за салавейчыкам хадзiць: хадзiла, хадзiла — ня дала рады прадзiраць гэтага церня калючага, завярнулася i паляцела, а яны далей уцякаюць. Прылятае да хаты, а ён:
— А што, бачыла?
— Так i так.
— Чаму ты, дурная баба, ня брала, то-ж гэта яны й былi. Ганi трэйцi раз, як знойдзеш, забiрай.
Узяла баба iз сабою тры гарэхi i зноў гонiць iх, а дачка пачула й кажа:
— Я буду возерам, а ты качуром — ня дайся-ж ты ёй ухапiць.
Прыляцела баба, хадзiла кругом возера i не ўхапiла.
— Ну, ты, — кажа, — мяне не шкадуеш, а я цябе шкадую: на табе, дачка, тры гарэхi, яны табе ў няшчасьцi дапамогуць.
А потым паляцела назад, а яны з гарэхамi — уцякаюць далей. Калi-ж падыйшлi блiзка да дому таго хлапца, яна й кажа:
— Я затрымаюся ў карчме, а ты iдзi дадому, толькi глядзi, каб цябе бацькi не цалавалi, бо ты аба мне зусiм забудзеш.
Ён зайшоў у хату, а бацькi з радасьцi давай яго цалаваць, дык ён i чыста забыўся. Пабыўшы крыху, гавораць яму, каб жанiўся. Дык ён i жэнiцца. Сабралася шмат народу, а чараўнiковая дачка раскусiла азiн гарэх i вынула зь яго сукню, як месяц, убралася й iдзе. А матка каралевiча, як пабачыла яе, пачала бедаваць, што тую пакiне. Клiкнула яна яе да пакою, дала ёй такога вiна, што яна выпiла i заснула. Зьнялi яны тады зь яе тую сукню i схавалi. Прачнулася яна — няма сукнi. Заплакала з гора i пайшла.
Аж на другi вечар зноў зьяжджаюцца госьцi, яна раскусiла другi гарэх, дастала зь яго сукню, як зоркi на небе, убралася i пайшла. Матка яго яе пабачыла, зноў таксама зрабiла. Тая назаўтра прачнулася, але што-ж зробiш? Заплакала зноў i пайшла. Iдзе, аж спатыкае нейкую старую бабу. Тая падыйшла да яе i пытае:
— Чаго ты, доньку, плачаш?
— Так i так; парадзь мне, бабка, што мне рабiць, я яго ад сьмерцi ратавала, а ён мяне забыў, хоць мы ўжо пажанiўшыся былi.
Тады бабка кажа:
— Убярыся ты ў кепскае адзеньне, напiшы лiст, занясi i палажы пад люстэрка, дзе ён чэшацца, а ўвечары ўбярыся i iдзi. — Яна так i зрабiла.
У вечары раскусiла яна гарэх, дастала сукню, як сонца, апранула на сябе i iдзе. А ён, прачытаўшы лiст, успомнiў яе, засмуцiўся моцна, выйшаў на вулiцу i стаў пiльнаваць. Пастаяў крыху, аж бачыць — iдзе. Пацалаваў яе, перапрасiў i йдуць разам да хаты, а людзi дзiвяцца, што гэта за яснасьць такая, аж вiдна, як удзень. Увайшлi, яна пакланiлася бацьком, расказалi, што было i, замест вясельля, зрабiлi толькi вялiкi баль.
На гэты баль i мяне клiкалi, казалi, каб я iм паказаў камэдыю, а я iм сказаў, каб мне далi шкляныя боты, з масла капялюш i папяровы сурдут. Музыка то зайграла, я хацеў пайсьцi танцаваць, але шкадаваў, каб не пабiлiся боты, ськiнуў iх i ўцёк, бо хацеў паказаць дома, што гэта за штука. Iшоў, iшоў, аж ноч занялася, лёг каля каменя начаваць. Дождж як пайшоў, чыста сурдут размок, я схапiўся i далей, а тут сонца як прыгрэла, капялюш растапiўся на галаве. Абуў боты шкляныя i iду, аж спаткнуўся на камень, а яны — дзын-дзын i пабiлiся. Тады я давай ужо йсьцi босы: iшоў, iшоў, прыйшоў на свой пасеў i тутка сеў. Байку вам сказаў, усё роўна як зьвязаў, а тыя ўсё жывуць, мёд вiно п'юць, мне затое, што стуль уцёк — не даюць.
Жылi-былi ў вадной вёсцы стары iз старою. Было ў iх тры сыны.
Слаўныя гэта былi хлопцы й добрыя работнiкi. Але найбольш за ўсё любiлi яны на паляваньне хадзiць.
Ды вось бяда: не шанцавала iм на паляваньнi. Бывала, што цэлы дзень па лесе ходзяць, а на вячэру нiчога i ня прынясуць.
«Вiдаць, зьвялiся зьвяры ў нашых лясох, — думаюць браты, — трэба было-б хiба нам куды-небудзь глыбей у пушчу падацца».
Вось аднаго разу пайшлi яны ўсе трое ў лес. Хадзiлi, з купiны на купiну пераскаквалi, па балотах i мхох адзiн за адным прабiралiся i не заўважылi, як ад дому далёка адыйшлi i з дарогi зьбiлiся.
Глядзяць браты — глухi лес кругом, нi дарожкi нiдзе, нi сьцяжынкi.
— Пойдзем, браты, куды вочы глядзяць, — кажа старэйшы брат.
I падалiся браты-паляўнiчыя проста цераз пушчу…
Доўга яны шлi, i вось прыходзяць, нарэшце, да вялiкага каменя. Iдзе ад таго каменя далей у лес сьцяжынка, а на каменi напiсана: