Беларускiя народныя казкi - Автор неизвестен 27 стр.


— А ты, — пытаецца пан бедняка, — адгадаў?

— Адгадаў, пане: няма нiчога сыцей за зямлю, бо яна ўсiх кормiць; няма нiчога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а засьнеш дык i забудзешся; i няма нiчога шпарчэй за людзкiя думкi, бо сам ты яшчэ тут, а думкi ўжо далёка-далёка…

Правiльна адгадаў бядняк! Прышлося пану прысудзiць яму карову.

— Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкi? — пытаецца пан у бедняка.

— Мая дачка-сямiгодка.

Зьдзiвiўся пан: ня можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкi! I захацелася яму паглядзець на разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полi быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямiгодка.

— Дзяўчына, — пытаецца пан, — да чаго мне коней прывязаць?

Паглядзела дзяўчынка на санi i калёсы, што стаялi на дварэ, i кажа:

— Можаш да зiмы прывязаць, а можаш i да лета.

Пан i вочы вылупiў: як гэта можна коней прывязаць да зiмы або да лета? Сьмяеццца, вiдаць, зь яго гэтае дзяўчо?

— Ну, хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс, — растлумачыла дзяўчынка.

Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. Ня гонар гэта пану. Дачуюцца людзi, што яна разумнейшая за пана, тады хоць з маёнтку ўцякай.

Пагаварыў пан зь дзяўчынкай i паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго прыйшоў.

Прыйшоў увечары бядняк да пана.

— Нiчога, — кажа пан, — разумная твая дачка. Але я ўсё-ж разумнейшы.

Даў пан бедняку рэшата яек.

— На, — кажа, — занясi дачцы i скажы, каб яна пасадзiла на iх квактуху i вывела мне да заўтра куранят на сьнеданьне. А ня зробiць гэтага — загадаю бiзуноў даць.

Прыйшоў бацька дахаты засмучаны. Сеў на лаве i плача.

— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.

— Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку.

— Якую?

Бацька паказаў дачцы рэшата зь яйкамi.

— Сказаў, каб ты на гэтыя яйкi квактуху пасадзiла i вывела куранят да заўтра яму на сьнеданьне. Хiба-ж гэта можна зрабiць?

Дачка падумала i кажа:

— Нiчога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкi, пячы яечню на вячэру.

Ранiцай дачка кажа бацьку:

— На табе, тата, гаршчок, iдзi да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў i ўзараў, проса пасеяў, зжаў i змалацiў ды ў гэты гаршчок насыпаў куранят кармiць.

Пайшоў бацька да пана, падаў яму гаршчок i сказаў усё, як дачка загадала.

Пан паскуб вусы, паморшчыўся i кажа:

— Разумная твая дачка, ды я ўсё-ж разумнейшы!

Узяў ён тры сьцяблiнкi лёну, падаў бедняку:

— Скажы дачцы, каб яна да заўтра гэты лён сьцерла, спрала i выткала i пашыла мне зь яго кашулю.

Вярнуўся бацька дахаты засмучаны. Дачка пытаецца:

— Што сказаў табе пан?

Падаў бацька ёй тры сьцяблiнкi лёну i разказаў, што пан загадаў.

— Нiчога, — адказвае дачка, — кладзiся, тата, спаць, заўтра што-небудзь прыдумаем.

Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкi i кажа:

— Занясi пану i папрасi — няхай ён iх пасадзiць, за адну ноч вырасьцiць i зробiць снасьць для кроснаў, каб было на чым палатно яму для кашулi выткаць.

Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкi i сказаў, як дачка навучыла.

Пачырванеў пан i кажа:

— Разумная твая дачка — нiчога ня скажаш. Ды я ўсё-ж разумнейшы! Перадай-жа ты ёй, каб яна да мяне нi пехатою прыйшла, нi на канi прыехала, ня голая i не адзетая i каб падарунак мне прынесла, а я каб ня мог яго прыняць. Калi зробiць усё гэта, то вазьму яе за дачку — вырасьце, панi будзе! А ня зробiць — дрэнна ёй будзе…

Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучаны.

— Ну, што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка.

— Ды вось, дачушка, нарабiла ты сваiмi адгадкамi бяды i нам i сабе…

Назад Дальше