“Нам пара, — сказаў ён. — Выбачайце, але нас чакае больш важная справа.”
Я таксама ўстаў з-за стала, і праз кароткую паўзу чамусьці паціснуў яму руку, пасля чаго яны развіталіся і адразу пайшлі.
Застаўшыся адзін, я пачаў абдумваць нечаканую прапанову, але думкі мае ўвесь час вярталіся да жанчыны, якая назвала сябе Мойрай. Я спрабаваў гадаць пра тое, колькі ёй можа быць гадоў, чым займаецца, яна свабодная, ці ў яе ёсць мужчына, хто ёй гэты маўклівы Платон. Але неўзабаве кінуў гэты пусты за нятак. Урэшце, я нават прыблізна не ведаю, што хочуць тыя госці. Ад мяне, лічу, не варта чакаць якіх слушных аналітычных меркаванняў, бо я наўрад ці дасканала валодаю хоць якім больш-менш адчувальным дарам тэарэтычнага мыслення. Так, у мяне гэтага, на жаль, няма, ёсць хіба што толькі інтуіцыя.
Кажуць, жыццё немагчымае, зыходзячы з сучасных фізікаматэматычных уяўленняў, але яно існуе і ўпарта хавае ад нас свае асноўныя таямніцы. Ці хопіць маіх ведаў, каб дапамагчы тым загадкавым гасцям? Як яны ўвогуле “выйшлі” на мяне?
Таксама праз інтуіцыю? Урэшце — гэта не вялікая , а ўдача, хоць і нечаканая.
Мой старога веку ноўтбук, які перадусім быў даўно мною ўключаны, ціха пераліваўся каляровымі рыбінамі на дысплеі.
Я набраў слова-пароль і пачаў няспешна падарожнічаць сярод шматлікіх блогаў. Па тэме, якая мяне асабліва цікавіла, усе яны, вядома, укараняліся ў Сеціва выключна ананімна. Неўзабаве я натрапіў на тое, што мне і было патрэбна: блог 2412. Як я зразумеў, мне было адрасавана запісанае ў выглядзе старажытнага вярлібра пасланне — звычайны рэйв, няйнакш. Я знайшоў прамое ўпамінанне аб месцы — Новы Эдэм. Урэшце, гэта можна было тлумачыць і адвольна.
Тут, у Новым Эдэме — Апошнім месцы Зямлі,
Дзе ўсё скіравана на самазнішчэнне, Калі давядзецца ўбачыць —
Можна стаць сведкай Чарговага збою ў Праграме, І зразумець,
Што Сусвет не толькі незвычайней, Чым мы ўяўляем,
А яшчэ нашмат больш незвычайны, Чым мы
Нават можам сабе ўявіць.
Ніжэй гэтага зашыфраванага такім дзіўным спосабам тэксту было пазначана буйнымі літарамі: ЧАКАЕМ ВАС У ЭДЭМЕ
Прачытаўшы гэты цьмяны і незразумелы для любага звычайнага наведвальніка Сеціва псеўдапаэтычны рэбус, я задумаўся і прыйшоў, урэшце, да высновы, што стварыць яго і закінуць у Сеціва магла хоць бы і нядаўняя госця Мойра; пасля чаго пачаў ператасоўваць магчымыя варыянты таго, што можа адбывацца цяпер у паселішчы пад назвай Новы Эдэм.
Чарговы збой у Праграме? — разважаў я. — Што менавіта яны, мае сённяшнія госці, маюць на ўвазе? Нават намёкі на Праграму былі забароненыя. Але, калі б гэта быў звычайны, шараговы збой, хіба звярталіся б яны па дапамогу? Бадай, сапраўды, запіс той з’явы, якая распачалася ў паселішчы, нечакана можа прынесці неблагія грошы? Таемныя арганізацыі, колькасць якіх, нягледзячы на арышты, не памяншалася, як я ведаў, ахвотна куплялі і трансліравалі праз Сеціва такія, адчувальна расхістваючыя сістэму, сенсацыйныя стужкі. Урэшце, я вырашыў збольшага сабрацца і чакаць званка, як і было дамоўлена з маімі работадаўцамі; кінуў у дарожную сумку запасную кашулю, шорты, бейсболку, упакоўку лёзаў, каб галіцца, лёгкую партатыўную відэакамеру, флэшкудубль з асобнымі распрацоўкамі бацькі, якую, падумаўшы, старанна зашыў за каўнер кашулі, і яшчэ сёе-тое з дробязей — у мяне амаль нічога не было, і я не збіраўся затрымлівацца тут, у Мегаполісе, больш чым на некалькі дзён, бо калі б мяне злавілі з пратэрмінаванай карткай, то скіравалі б у лагер.
Заставаліся толькі кнігі, якія я перадусім, старанна запакаваў, каб не распазналі, што гэта такое, і здаў у камеру заховаўння пад шыфравы замок. Па магчымасці я вырашыў потым забраць іх з сабой.
Задушлівая спёка, між тым, вельмі марудна пайшла на спад, хоць сонца ўжо даўно схавалася за вэлюмам смогу на даляглядзе. Я б з задавальненнем прыняў душ, але вады ў кранах, як амаль заўсёды, у гэтым квартале не было, хіба што заставаліся нязначныя яе рэшткі ў маім зліўным бачку на балконе — вынік даўнішняга кароткага дажджу. Я абдаўся імі з конаўкі, адчуўшы ня-значную палёгку, выключыў і зноў апынуўся на канапе.
Ці меў рацыю бацька, — доўжыў я сваю думку, — калі ўдасканальваў, адпаведна з часам, на першы погляд вар’яцкія ці ўвогуле фантастычныя ідэі і распрацоўкі папярэднікаў? Дарэчы, ён быў не адзіны ў сваім імкненні абясшкодзіць сістэму падману, якая цяпер, пасля яўных і вытан-чаных, быццам другасных злачынстваў, усталявалася ў нашай краіне. Хіба не выклікае цьмяныя, часам неакрэсленыя падазрэнні пастаянная прага ўціску на самых разумных, здаровых, паўнавартых, якіх у адпаведныя гадзіны “ікс” пачынаюць брутальна нішчыць, і тады, як адзначалі старажытныя назіральнікі, “гільяціны працуюць нібы швейныя машынкі, адсякаючы галовы выбарча самым высокім, светлавалосым, блакітнавокім, гожым асобінам”? І хіба не крэда ўсіх служкаў зацені мінулага і цяперашняга часу — “здай разумных і тады сам будзеш вольны”?
А паколькі гэтыя спрадвечныя і непераможныя інстынкты, уласцівыя “людзям-ценям”, паста-янна ўступалі ў супярэчнасць з іх асноўнымі намаганнямі ў ходзе тэхналагічнага працэсу, скіраванымі на стварэнне прыярытэтных умоў у матэрыяльным баку свайго ўласнага жыцця, то, нягледзячы на адносна паспяховую тактыку пераманьвання навукоўцаў і стварэнню, услед за іншымі дзяржавамі, індустрыі трансмогаў — дапаможных блокаў асацыіраваных вобразаў па якой прафесіі ці галіне навукі, — усе гэтыя высілкі не давалі значных вынікаў. Марнымі былі і паімкненні ўладаў у дасягненні сваёй асноўнай мэты — стварэнні тэхналогіі пераносу фокусу “Я” свядомасці на камп’ютэрны носьбіт і дасягнення такім чынам бессмяротнасці. Ідэя ўваскрашэння і вечнага жыцця, якая калісьці ў старажытныя часы дала штуршок глабальнай метафізічнай мутацыі — хрысціянству, зноў паўставала перад чалавецтвам, толькі ў новай афарбоўцы. Але нешта цьмянае і дагэтуль нявыкрасленае ўвесь час бунтавала супраць яе, і прычынай таму былі не толькі няйнакш як закладзены генетычна самазнішчальны ўціск “людзей-ценяў”, а і шматлікія экалагічныя і тэхнагалічныя катастрофы, якія разпораз адкідвалі наша людства ў славутыя “цемру і скрыгат зубоў”. З меркаванняў бацькі я ўвогуле ведаў, што вынік тут адзін — менавіта пустата, бо, як ён лічыў у сваіх распрацоўках: “Сімуляцыя можа быць імгненна знішчана ці прыпынена”. І калі гэта адбудзецца — то ў глабальным маштабе.
Тым не менш, тэма вынаходніцтва і паўсюднага ўкаранення тэхналогіі бессмяротнасці свядомасці ўвесь час мусіравалася ў сродках інфармацыі. Улады пераконвалі насельніцтва ў тым, што наша цывілізацыя з’яўляецца безумоўна базавай, яе далейшы росквіт — наперадзе, а ідэі Сімуляцыі не толькі замоўчваліся, а і пры малейшым напамінку жорстка пераследаваліся. Хоць у асобныхпрывіліяваных кварталах Мегаполіса адносна высокі ўзровень жыцця штучна падтрымліваўся, то ў шматлікіх паселішчах ці прамыслова-сельскагаспадарчых кластарах ён нагадваў сярэднявечча, альбо, у лепшых выпадках, мінулае стагоддзе на яго пачатку.
Я прыгадаў закінутае ў Сеціва запрашэнне ў Новы Эдэм. Што ж, я бываў раней у такіх месцах, жыццё дастаткова кідала мяне па свеце, я ведаў пра іх праўду — магчыма, не ўсю, а нейкую яе частку, і тым больш ненавідзеў ману. Я зноў абдумаў усё і канчаткова вырашыў прыняць пра-панову сваіх нядаўніх гасцей.
Так часта бывае: здаецца, ужо край і няма паратунку, але нечакана прыходзіць выйсце, і... жыццё працягваецца.
empty 2.
Прайшлі амаль суткі, але былыя мае наведвальнікі не прыходзілі. Час ішоў, і зноў наступіў вечар. Сутонела.
Я збольшага павячэраў штучным бутэрбродам, падобным на мыла, а потым дацягнуўся да пульта і ўключыў уманціраваны ў сцяну тэлевізар — яго старадаўнюю мадэль. З экрана зазыўна заўсміхаліся напаўаголеныя юрлівыя прыгажуні, трансвестыты і педэрасты, напамажаныя ка-ментатары бралі інтэрв’ю ў заўсёды задаволеных жыццём людзей, часам прапаноўваліся карцінкі нейкіх тэхналагічных распрацовак, падлічваліся сумы прыбыткаў.
Потым экран надоўга захапіў футуролаг — штучна малажавы чалавек сярэдняга веку, з паголе-ным чэрапам і густой чорнай барадой.
“Пераадолець смерць, — вяшчаў ён, — гэта адыёзная, нечуваная задача, якую раней чалавек не мог перад сабой паставіць, але гэта задача бачыцца вырашальнай сёння. Ёсць праблемная тэо-рыя і не спыняецца практыка, ёй заняты тысячы навукоўцаў. Цяпер замест марных дыскусій мы прапануем дакладную тэхналогію бессмяротнасці свядомасці. Гэта тэхналогія адразу зменіць усё наша жыццё. Знікнуць нацыянальнасць і яе атрыбут — мова... ”
Адначасова з гэтымі слоўнымі ванітамі, якія вяла ўспрымаў мой слых, вочы міжволі машынальна выхоплівалі змест амаль незаўважнага бягучага радка ў ніжняй частцы дысплея.
“Чарговы храм — напаўразбураны старажытны помнік хрысціянства — узарваны невядомымі экстрэмістамі ўноч з 21 чэрвеня гэтага года...” “Матч на першынство свету па баях без правіл па версіі АСП паміж чэмпіёнам Еўрабіі Алі Ду-ганам і першай пальчаткай Чайнаросі Лі Джунсянавым закончыўся перамогай Лі Джунсянава. Алі Дуган памёр праз тры гадзіны пасля заканчэння паядынку”.
“Каля 31-га паселішча раней арыштаваныя на месцы злачынства шукальнікі вады, якія прабурылі ноччу свідравіну і спрабавалі назбіраць вадкасці ў невялікую цыстэрну, прызналіся і далі паказанні”.
“Адзіная пакуль што бессмяротная істота на Зямлі — мядуза, якая здольная амалоджваць сябе бясконца” ”…Галоўнае для нас — перанос фокуса “Я” свядомасці на камп’ютарнае асяроддзе, — прадракаў далей футуролаг. — Як жа такое вырашаецца? А вось як: сама ўласцівасць памяці заключаецца ў тым, што яна пастаянна абнаўляецца, і прыкладна дзевяноста адсоткаў вобразаў перыядычна актыўна выкарыстоўваюцца праз асацыятыўныя сувязі паміж імі, зноўку нібы перазапісваючыся. Калі дапаўняльныя блокі памяці стануць таксама ўдзельнічаць у гэтым працэсе, то за кароткі тэрмін блокі будуць утрымліваць каля дзевяноста адсоткаў вобразаў з памяці свядомасці. А калі чалавек будзе жыць з гэтымі блокамі памяці пяць ці дзесяць гадоў, то яны будуць утрымліваць практычна сто адсоткаў вобразаў, якіх назапасілі за мінулы перыяд жыцця. Пытанне пераносу фокуса “Я” свядомасці вырашаецца такім чынам “само сабой”, бо смерць цела і мозгу не наносяць страты свядомасці, памяць якой і фокус “Я” па-ранейшаму паўнавартасна функцыяніруюць у дапаўняльных блоках памяці. Але вось душа? Як быць з ёй? — пытаюцца многія. Адразу скажу вам адказна: яна не матэрыяльная рэч, а значыць, яе няма… Замест яе мы маем фокус “Я” нашай свядомасці”.
“Кніга — самая шкодная рэч для грамадства. Яна слепіць вочы, атрафіруе слых, псуе мову, служыць распаўсюджваннем зжыўшых сябе ідэй і варожых намераў, абгрунтоўваючы пошук так званай Ісціны. Але што ёсць Ісціна? Ісціна — гэта мана. Здавайце кнігі службам бяспекі, знішчайце іх”.
“Віленій Магабва, жыхар 52-га квартала Мегаполіса разрэзаў з дапамогай электрычнай пілы свайго былога сужыцеля, а цела па частках вывез на звалку. Злачынца арыштаваны…” ”…Да гэтага часу, — прадракаў, між тым далей футуролаг, — галоўнай якасцю нацыянальнай прыналежнасці з’яўлялася мова. Менавіта яна дзяліла чалавецтва на народы. Але навошта нам цяпер асобная мова? Мы прапануем вам трансмог агульнай іншаземнай мовы. Падключаючы такі трансмог да сваёй сядомасці, вы імгненна пачнеце гаварыць на іншаземнай мове, як на роднай. Хто як хоча, той так і будзе гаварыць. Гэта адрыне ўсе нацыянальныя адрозненні паміж людзьмі. Моўныя трансмогі — бомба, якая ўзарве наш свет. У самы кароткі час адбудзецца нечуваная інтэграцыя чалавецтва ў адзіную супольнасць. Любы чалавек, выкарыстоўваючы трансмог любой мовы народаў свету, здолее стаць на нейкі час “свядомасцю іншай нацыянальнасці”, прыняўшы гэтую новую мову ў якасці другой роднай. Знікне ўсялякая ксенафобія. Далоў ксенафобскую прапаганду!” “Чарговы касмічны апарат класа “вояджэр”, які быў запушчаны некалькі гадоў таму з паверхні Месяца, як толькі вылецеў за межы Сонечнай сістэмы, перастаў выходзіць на сувязь з Зямлёй, паўтарыўшы тым самым лёс сваіх папярэднікаў”.
“Толькі што адбыўся замах на былога сакратара ідэалагічнага аддзела Партыі Бессмяротнасці Ёхана Цынка, які вяртаўся дамоў у квартал 240. Яго машына была абстраляна з аўтаматычнай зброі злачынцам, які знаходзіўся ў прыпаркаваным непадалёку пазадарожніку. Атакаваны чальцамі службы бяспекі нападаўшы быў забіты. Забіты два ахоўнікі. Ёхан Цынк не пацярпеў”.
“Так, — працягваў з экрана барадаты гаварун, — тысячы фанатыкаў-нацыяналістаў захочуць пасля смерці сваёй біямасы заставацца ў межах сваёй краіны і сваёй мовы, працягваючы слу-жыць нацыяналісцкай ідэі. Але, як мы ведаем, іх мала. Яшчэ менш тых, хто ўвогуле адвяргае бессмяротнасць, жадаючы жыць, як і раней, гаворачы пра нейкую ілжэнавуковую Сімуляцыю. Дык не, мы верым у новую тэхналогію. Бессмяротнасць патрэбна грамадству, каб тут і заўсёды жылі ўсе: вашы бацька, маці, бабуля, дзед, вашы дзеці. І менавіта новыя тэхналогіі дадуць нам усё гэта”.
“Выстава архідэй — таямнічых і загадкавых кветак, якія распаўсюдзіліся паўсюль, акрамя Ан-тарктыды, учора адкрылася ў Мегаполісе. Нягледзячы на катаклізмы, што прымусілі планету да разбуральных змен, — гэтыя кветкі незвычайна размножыліся, а іх здольнасць змяняць не столькі сябе, колькі свет, які іх акаляе, выклікае містычную вусціш”.
“Адказнасць за чарговы выбух на адным з заводаў Еўрабіі па вытворчасці вадкага паліва на ва-дародзе ўзяла на сябе экстрэмісцкая арганізацыя імя Міколы Тэслы”.
Пасля ўсялякіх слоўных ванітаў і працяглай рэкламы, мусіў транслявацца чарговы серыял, што і адбылося. Дарэчы, падобныя серыялы, бясконца паказваліся па ўсіх каналах і карысталіся, як ні дзіўна, вялікай папулярнасцю. Іх проста абажалі. Старыжытныя сур’ёзныя стужкі (за выняткам некаторых, таемна запампаваных у Сеціва) былі спаленыя, а новых фільмаў такога кшталту ствараць не было магчымасці з-за пераследу і адпаведнага пакарання. І калі па адзіночцы маг-чыма нехта і пісаў, як кажуць, у стол, то пачаць здымаць нешта — гэта значыць, адразу патрапіць на арышт, потым на ідэалагічную камісію і, як вынікам , у лагер. Збіраючыся з якой нагоды разам, асабліва па святах, “працаробы” спявалі песні з тых серыялаў. Героямі песняў былі ўплывовы крымінальнік, шлюха, валацуга, альбо дробны злодзей.
Адзіны старажытны шматсерыйны фільм, які часта дэманстраваўся па тэлеглядзе, быў “Горац”, у якім апявалася тэма бессмяротнасці. Праўда, стужка была абцяжараная бясконцымі ідэалагічнымі і прапагандысцкімі ўстаўкамі.
Я пагасіў экран, але прайшло яшчэ шмат часу, пакуль я здолеў заснуць.
Усё гэта прафанацыя і звыклая нахабная хлусня, меркаваў я. Без старасці і смерці жыццё губляе сэнс, і наўрад ці якія спробы, нават з самымі прасунутымі тэхналогіямі, здолеюць прадоўжыць жыццё асобнага індывіда да неакрэслена вялікага тэрміну. Шэраг тэхналагічных і экалагічных катастроф, які завяршыўся так званымі
Вялікімі Падзеямі, адрынуў чалавецтва назад, пад кан-чатковую ўладу “людзей-ценяў”, і калі я бачу на вуліцах псеўдалюдзей, якія рухаюцца каля па-мыйных скрыняў і ўжо на карачках, то пра якую будучыню можа ісці гаворка? Хіба не сведчыць сам за сябе старажытны прыклад з антыбіётыкамі, якія выратавалі мільёны хворых, а прыгаварылі да смерці мільярды, бо зрабілі нашу імунную сістэму няздольнай супрацьстаяць інфекцыям. Пакуль гэтая імунная сістэма адпачывала на падушцы з антыбіётыкаў, мікробы, бактэрыі і вірусы апантана ўдасканальваліся, ствараючы новыя штамы, якім было ўжо пляваць на тыя антыбіётыкі, якія мы вырасцілі ў лабараторыях. Яны іх спажывалі і “качалі” з іх энергію. Звычайна скураны грыбок пранікае зараз і ў лёгкія, і ў косці, і ў мозг, і нават ад яго мы не можам абараніцца. Між тым, у сродках масавай інфармацыі разглагольствуюць пра так званага “чалавека магутнага”, у якога ўсе нейроны галаўнога мозгу будуць паспяхова, спачатку часткова, а потым поўнасцю замяняцца мікрачыпамі, а тулава будзе стальным, і што гэты кібарг якраз прыме ў сябе фокус “Я” нашай свядомасці і стане бессмяротным. Яшчэ далей, сцвярджалі дзяржаўныя балбатуны, мы ўсе, верагодна, пяройдзем з часткова біялагічных форм у інтэлектуальныя, у своеасаблівыя хвалевыя субстанцыі.
Бессмяротнасць — гэта спосаб заплюшчыць вочы і не глядзець у бездань, — меркаваў я. — Па распрацоўцы бацькі я ведаю, што перанос свядомасці, на яго погляд, увогуле немагчымы з прычыны квантавай прыроды мозгу. Да таго ж, свядомасць не можа пераносіцца двойчы, калі мы існуем у Сімуляцыі, а шматлікія доказы ўвесь час сведчаць менавіта пра апошняе.