– Як я адразу не здагадаўся! — ускрыкнуў Расолька. Ну, вядома ж, гэта былі тыя самыя добраахвотнікі, што самахоць жылі ў забруджалых Чарнобылем раёнах, скупленых за валюту замежнікамі. Замежнікі прыязджалі раз на год і рабілі нейкія свае доследы і замярэнні — увесь астатні час каланісты маглі жыць, як ім заўгодна. Расолька ведаў пра гэта не з прэсы і не з тэлебачання — так, з розных чутак, выпадковых расказаў...
– Дык што там у вас за арцель? — усхвалявана пачаў распытваць ён. — Талстоўская мо якая?
– Ну, нешта такое, — адказаў Кепка, — беларускі варыянт. Галоўнае, ніхто не чапае — у нас свае законы.
Вёска, родная мова, беларуская вопратка, зямля, коні, хаты... Расольку даўно ўжо адбіла ахвоту нават думаць пра вёску, нават марыць пра яе; ён горш чым зубны боль ненавідзеў самыя словы накшталт «фермерства», ды «арэнда», не разумеючы, што яны азначаюць, не верачы ні на грам людзям, якія гэтыя словы пішуць ці прамаўляюць. Вёску ён пахаваў у сваёй душы назаўсёды. I раптоўна даведацца, што ёсць людзі, якія не разважаюць, не заклікаюць, а проста робяць, проста жывуць — свядомыя вяскоўцы!..
— Дык што, Яўген Сцяпанавіч, ідзяце да нас? — азваўся Чыгуначнік. — А зрэшты, у вас і выбару вялікага няма. Глядзіце, —ён падсунуў руку са сваім «компасам» Расольку пад нос.
Фасфарычны эялёны цыферблат свяціўся прыгожа і ясна, як дзіцячая камп'ютэрная цацка-гульня, што даюць напракат у самалётах, каб бавіць час.
— Мы можам навесці гэтую штуку на любога вашага вучня, на вас...
I сапраўды, Яўген Сцяпанавіч убачыў на цыфербллце ваду, выспачку і сябе збоку, які глядзіць у гадзіннік.
— А зараз... — Чыгуначнік націснуў на рожкі з боку цыферблата і адначасова павярнуў абадок.
Цыферблат засвяціўся яшчэ больш ярка, і Расолька ўбачыў нейкую кавярню, Мішу Міхліна і Джынсавага. Яны размаўлялі як у мультфільмах, як на пласцінцы з пабольшанай хуткасцю.
– Ён пра ўсё здагадаўся, — пішчаў Міша. — Ён аддаў ім сшытак і расказаў ім усё; Кладка абяцаў мне адкруціць галаву.
– Усё правільна, — таксама пішчаў і журналіст, — толькі не Росаль здагадаўся, а “чарнобыльцы” перадалі. Я ж табе казаў — пакуль не падсядзе іхні гадзіннік, нам няма чаго і рыпацца. Але ўпэўнены, што яны ўжо нічога не бачаць... Учора... меў шчасце прымаць іх у сябе на кватэры...
– Білі?
– Не, абрабавалі... але не важна; галоўнае, я заўважыў, які яркі цыферблат. А гэта значыць — скора капцы, я ж трохі ведаю сістэму гэтага японца... Ну, ты гатоў на заўтра?
– Баюся, ніхто не падтрымае.
– I не трэба! Хлопчык, ты не ведаеш, што такое прэса...
Выява пачала раптоўна цямнець, расплывацца; цыферблат матава засвяціўся, нібы экран толькі што выключанага тэлевізара.
— Ну, вось, — сказаў Чыгуначнік. — Засталося на хвіліну, не больш, якраз паглядзець, што яны заўтра ўтвораць.
Не было яшчэ і васьмі раніцы, як да ўвахода ў двор Гімназіі Новага Тыпу нумар X падышоў хлопчык, з нейкімі прыладаміі, якія нагадвалі складзеныя ў футарал вуды і сачок. Хлопчык выбраў месца — трохі з боку ад увахода, насупраць прыпынку цераз вуліцу, разабраў прылады і прымацаваў да агароджы плакат. Потым падаслаў на выступ агароджы посцілачку і прысеў.
Галадоўка!
Пратэстую супраць дыктату і заклікаю
ўсіх дэмкратычна настроеных
людзей падтрымаць мяне!
Ніжэй ішоў тэкст на англійскай мове.
Хутчэй за ўсё рэзананс з гэтай акцыі нейкі быў бы — ужо на прыпынку людзі падыходзілі бліжэй да бардзюра, узіраліся, але ў гэты самы момант праходзілі побач з галадоўшчыкам школьнікі, і між іх — Кладка з Аленаю. Кладка спыніўся і прабег вокам па плакаце. Міхлін (а гэта быў, вядома, ён) заварушыўся:
— Далучайцеся, хлопцы! Падпісвайце ліст пратэсту!
Кладка перадаў Алене сумку з падручнікамі, схапіў Мішку за плечы, перавярнуў і даў моцнага кухталя. Плакат уміг быў разламаны і выкінуты ў бліжэйшую сметніцу.
— Трэба папрасіць, каб яго перавялі ад нас куды-небудзь, — раіла Лена, калі Міхліна з двух бакоў узялі пад рукі — на ўсялякі выпадак.
Вёў ён сябе надзіва спакойна, нават весела, быццам ніяк не шкадаваў, што яго не падтрымалі і справа яго не выгарэла.
Ніхто: ні людзі, сведкі інцыдэнту, ні школьнікі — не маглі бачыць, як чалавек у цёмных акулярах і ў джынеавай куртцы, што глядзеў на ўсё гэта з акна суседняга дома, ліхаманкава выцягнуў з фотаапарата плёнку, запіхнуў яе ў шкарпэтку, а на яе месца ўставіў іншую. Потым зусім ужо спакойна зашпіліў футарал, не спяшаючыся, выйшаў з кватэры і ўнізе, на лесвічнай пляцоўцы, убачыў Расольку, Чыгуначніка, Кепку і Валю.
Джынсавы кісла пасміхнуўся:
— А, спадары маралісты! Здаюся без бою, ведаючы пра вашыя лапкі. Але ж і свінні вы, шаноўныя. Калі ўчора ўламаліся да мяне на кватэру і я грузіў вас свежай рыбкаю і «Экстраю», вы ж абяцалі мяне больш не чапаць.
Ён паволі спускаўся ўніз. Чыгуначяік ступіў насустрач, моўчкі вырваў з яго рук фотаапарат, дастаў плёнку і засвяціў. Калі б Джынсавы быў без цёмных акуляраў, яму не ўдалося б схаваць тую радасць, што бліснула ў яго вачах.
— Сорамна, спадар японец, — сказаў ён Чыгуначніку радасна. — Мог бы купацца ў золаце, піць халоднае піва ў офісе пад Токіо і загараць ва Гаваях, а ты, як прахадзімец, колеш дзецям языкі, адбіраеш чужыя дэфіцытныя плёнкі, запрагаеш карослівага каня і калупаешся ў радыяцыйным дзярме... А ты, — да Раоолькі, — дабраўся ўжо да дзяцей? Пашкадавалі цябе два разы... А маглі...
Што маглі, так і засталося тайнаю. Расолька, прыўзняўшыся трохі (ён быў ніжэйшы за Джынсавага), моцнай і рэзкай аплявухаю збіў з яго джынсавую шапку. Джынсавы не пакрыўдзіўся, нагнуўся і падабраў яе.
— У Японіі, якую ты згадваеш, — смеючыся, сказаў Чыгуначнік, — за такія штукі не поўху, а паклалі б табе пальцы на калодку і патрушчылі б такім інструментам накшталт бязмена. Там з гэтым, браце, строга – дэмакратыя.
-- Да пабачэння, — сказаў Джынсавы.
-- Ну не —бачымся мы, спадзяюся, у апошні раз. Больш мы не з'явімся ў гэтым горадзе, ва ўсялякім разе, пакуль ты ім кіруеш...
Каля электрычкі было не прабіцца. Уся школа прыйшла праводзіць дырэктара з настаўніцай. У тамбуры размаўляў Чыгуначнік з Кладкам, каля вагона Валя абдымала Алену і шаптала ёй нешта на вуха...
— Варта было ўсё пачынаць, — бурчэў Кладка, — калі мала таго, што самі з'язджаеце, дык яшчэ звозіце людзей, на якіх усё магло б трымацца...
– Супраць Прэсавічаў, дарагі хлопчык, мы — нішто. 3 любой касмічнай тэхнікай і з любой мараллю.
– Дык тады што? Толькі адно?
– Толькі адно. Жыць тут, хадзіць у школу, у «гіміназіі», «коледжы», слухаць, глядзець, запамінаць і ве-даць, што ўсё хлусня, фальш, падман, і ўратаваць можа толькі зямля. Якой б яна ні была.
– Я цяпер хачу з вамі.