Гісторыя хваробы - Андрэй Федарэнка 3 стр.


Калі гэтае будучае жыццё будаваць такімі метадамі, як іншыя, пазіраючы на іх, робячы, як яны, і ведаючы наперад, што ніколі ў мяне так не атрымаецца — дык нават калі нейкім цудам тое будучае жыццё і пабудуецца, пакуты мае не акупяць яго. Але тады што — паміраць? І не будзе пакут: ні пазнейшых, ад натуральнай смерці, ні цяперашніх — ад шматлікіх балючых парыванняў «быць, як усе», у прыватнасці, зрабіць тое, што Сяргей.

Усё — лухта, бо смерць — гэта задужа цудоўна, і даецца яна лепшым і моцным, а не такому духоўнаму рабу, як я.

Выйсце: раз насільна я памерці не магу — баюся; раз у мяне няма будучыні, бо жыць, «як усе», не атрымаецца, — значыць, трэба жыць быццам памерламу ўжо. Нічога ад жыцця не чакаць, не імкнуцца, сабою распараджацца вольна. Жыццё з гэтага часу павінна стаць мне грашыма, выпадкова знойдзенымі на дарозе, якія траціць можна як папала, на рэчы, для якіх свае грошы шкадаваў бы. Рэчы, на якія я збіраюся траціць сваё нікому не патрэбнае жыццё, хай будуць: спакой, поўная да ўсяго абыякавасць.

Не ведаю, ці надоўга хопіць гэтай выдумкі і колькі я пражыву такім «памерлым» спосабам, але бачыць Бог, нічога іншага мне не астаецца.

Шчасце для тых, хто не думае пра яго, хто карыстаецца ім і сам таго не ведае. І хто не вызначае, што такое «шчасце». (Як я агульна пішу, а ў галаве толькі адно: гэта Сяргей быў шчаслівы, калі спаў з Мяцельскаю; гэта ён саўсім не думае і не шукаў гэтага «шчасця»; гэта ён быў з прыгожаю, малазнаёмаю жанчынаю, а значыць, быў шчаслівы і сам таго не ведаў).

4.3.87

Атрымаў ліст ад Валіка.

У яго — настальгія па вёсцы. Смешна. Я даўно ўжо не люблю вёску: смешна яе любіць — цяперашнюю. Але хто калі зразумее маю страшэнную настальгію па жыцці, якое я мог пражыць, каб не быў Вяргейчыкам? Адкуль яна ўзялася? Ніколі я не думаў, што захварэю якраз на такую настальгію. Хай я быў бы Сяргеем, Брусаўцом нават, Міцурам — кім-небудзь, толькі не Вяргейчыкам. І тады яна кахала б мяне, была б удзячная мне, пакорлівая. Была б шчаслівая, нават калі я кінуў бы яе, як зрабіў Сяргей.

Страшна і незразумела, калі думаеш, што яна бавіць час са мною і цалуе на развітанне не таму, што нешта там адчувае, а таму, што нікога іншага, апроч Вяргейчыка, побач няма. Калі мы дзе на людзях разам, яна саромеецца мяне: «Не бяры мяне за руку, я не люблю пры людзях», «Пасля пагаворым, тут жа людзі», «Толькі не шапчы на вуха — людзі ж глядзяць». А мне ўспамінаюцца адразу зімовыя дні, калі прыязджаў Сяргей, а яна шчабятала яшчэ па-расійску, толькі вучылася беларускай мове і была мне проста знаёмая, амаль чужая. Мы сядзелі тады ў інтэрпакоі, нехта з замежнікаў іграў на піяніна, усяго было чалавек дзесяць — замежных і «сваіх» студэнтаў. Яна, падабраўшы пад сябе ногі, сядзела на канапе побач з Сяргеем — і, далібог, яна сама абдымала і тулілася да яго. Вочы ў самой ззялі, і гаварыла ціха-ціха, і смяялася, усё абдымаючы яго, бы баялася, што зараз яе прагоняць. Тады яна яшчэ паважала мяне, бо думала, што я не хачу быць «як усе». Думала, што я хаджу па вуліцах і гавару па-беларуску — вось усё, чым я для яе быў.

Гэта было на другі дзень пасля таго, як між імі ўсё адбылося.

12.3.87

— Божа мой, Вяргейчык! Калі гэта скончыцца? Я не прастытутка, бажуся табе!

— А як тады быць... з Сяргеем?

— Які ты дурань! Каб ты толькі ведаў, што ты цяпер сам сабе робіш сваімі словамі... Можа, калі б ты маўчаў, я пакахала б цябе, як нікога, і ты даўно дабіўся б таго самага, што і Сяргей.

— Хіба на гэта абавязкова трэба каханне? Хіба ты кахала Сяргея?

— Не.

— Але я проста не магу не думаць пра тую вашу ноч!

— (Уздых). Вяргейчык, калі б на тваім месцы быў нехта іншы, я даўно яго выгнала б... Я табе сто разоў тлумачыла — у мяне быў такі перыяд, вельмі страшна была адзінота. Я пасварылася са сваім хлопцам назаўсёды, з хлопцам, з якім хадзіла два гады. Ужо мелася быць вяселле, пасля з-за нейкай драбязы мы пасварыліся — раз, другі... і я асталася адна.

— А ты кахала свайго хлопца?

— Кахала.

— Раскажы хоць, як гэта бывае.

— Ён быў зусім непрыгожы (позірк на мяне), кепска апрануты, але я гатова была абараняць яго перад усім светам, калі мне гаварылі, што ён мяне не варты. (Смяецца). Даходзіла да таго, што мы не маглі быць адно без аднаго нават гадзіны, сыходзілі з лекцый... Я скажу шчыра — ні з табою, ні з кім іншым такога я больш не адчуваю, уся неяк згарэла... З табою, праўда, нешта падобнае ўзнікае, але ты топчаш яго...

— Мяне ніхто ніколі так не кахаў. Было нешта, але ўсё не тое. А чым скончылася?

— Пасля пачалося тое, чаго так дамагаешся ты — і я яго ўзненавідзела. Не ён мяне кінуў, а я яго. Хоць пасля і мучылася страшэнна, на сцяну лезла ад жаху і адзіноты. Тады ж і падвярнуўся Сяргей — ну, нашто я гэта рабіла! Я ж ведала ўжо, чым такое канчаецца. Валодзя, ну, нашто табе гэта? Каб ты быў жанчынаю, ты ведаў бы, як гэта брыдка, які гэта фізічны і духоўны боль...

— Маўчы ты хоць пра фізічны, лепш увогуле маўчы!..

«Вяргейчык, Вяргейчык! Як бы цябе кахала, каб магла!» Страшна ўспомніць, бо гэта праўда. Хутчэй за ўсё, яна шчыра хоча і пакахаць мяне, і ўсё астатняе — і не можа. Мароз бяжыць па скуры, і страшна невыносна ад уяўлення, якім было б тое, сапраўднае, каханне.

Кожны чалавек мае прыкладна аднолькавы запас кахання. Выліваецца гэты запас найчасцей на абы-каго, на чалавека, якому каханне ці непатрэбна наогул, ці патрэбна на малы час... У яе запас гэты амаль не крануты, але мне яна вылучае маленькую долю — столькі, каб трымаць каля сябе. Цяпер — ад суму, на буду чае — проста так, на ўсялякі выпадак. Каб пагаварыць, паплакацца, паскардзіцца на жыццё, на Сяргеяў і на Сцяпанаў, якія «пагуляюць» з ёй і кінуць.

Яна кажа: «Ты хочаш, каб я цябе ўзненавідзела... пасля гэтага? Да ўсіх пасля гэтага нянавісць!»

«Усіх, — паўтараю я, — усіх тых».

«А ўсіх было двое», — чырванее яна. Можа, гэта і праўда, але мне робіцца раптам так страшна, што адрываецца нешта ўсярэдзіне, і я раблю так, як рабіў у дзяцінстве, калі дарослыя, смеючыся, палохалі мяне: «Памрэш, памрэш — станеш стары і памрэш!» Жах паралізоўваў мяне ўсяго, я ведаў, што гэта праўда, але пачынаў шаптаць: «Не вер! Не вер!» Памагала. Праз нейкі час я ўжо забываўся на смерць. Тое самае раблю і цяпер, шапчу: «Толькі двое!» Хутка робіцца лягчэй — цяпер я веру, што была яна толькі з двума.

Але ніколі я не паверу, што яна ненавідзіць Сяргея. Адзін раз, падчас гэтых нудных вечароў, якія не адрозніш адзін ад другога, я сказаў, калі яна глядзела на Сяргея, дык у яе зусім інакш ззялі вочы. Толькі пачуўшы гэтае імя, яна страпянулася ўся і, бедная, разгублена спытала: «Так? Бачыш, а я і сама не помню».

Калі б ён першы паспрабаваў вярнуцца, прыйшоў да яе і сказаў прыкладна тое, што я кажу ёй ужо два месяцы: «Таня, я цябе кахаю, я не магу без цябе жыць. Давай вернем тую ноч, бо інакш я проста звар'яцею», — яна не вагалася б ні хвіліны.

4.4.87

Упершыню цэлых два дні да яе не заходзіў. На трэці яна прыйшла сама. Адбылася такая прыкладна размова:

— Чаму ты не прыходзіш?

— Таня, я не магу ўжо адносіцца да цябе проста як да чалавека... Калі я не магу дабіцца таго, што й Сяргей, дык...

— Ого! А калі хто пра мяне падумае, як я сама хачу?

— Я не скончыў... Без кахання ты не будзеш мая, я ўжо бачу. Таму і не прыходжу.

— Дурны ты, Вяргейчык. Проста... за гэтыя два дні я пабачыла. Проста я не магу без цябе жыць — усяго толькі. Ну, чаго ты ўбіў сабе ў галаву, што каханне правяраецца такім спосабам? Калі ты зразумееш, што, чым больш ты думаеш і гаворыш пра адно і тое ж, тым больш настройваеш мяне супроць сябе?

— Я не веру, што мяне можна кахаць. Але я ніяк не ўцямлю, чаму мне не можна таго, што можна Сяргею? Я замучыўся страшэнна, Танюха, мне нішто не наўме ўжо... Толькі і думаю, чаго я не нарадзіўся Сяргеем?

— І што было б?

— Тады была б ноч...

— А пасля? Чаго і ты пра мяне не падумаеш?

— Пасля я зрабіў бы ўсё, што ты сама захацела б.

Назад Дальше