Гісторыя хваробы - Андрэй Федарэнка 4 стр.


— Вяргейчык, у цябе было і ёсць вельмі простае выйсце. Мне здаецца, ты яго даўго ведаеш.

— Якое?

— Гэтага я табе ніколі не скажу.

— Давай напішам на паперцы.

Я ўзяў аловак, даў ёй асадку і паперку, сам сеў на ложак і хутка напісаў на чыстым ражку газеты: «Табе трэба было падмануць мяне, сказаць, што хворая, ці што-небудзь выдумаць, і што «зможаш» толькі ўвосень. А за лета я цябе забыўся б. Я ж усяму веру і гэтаму паверыў бы».

Яна сядзела за сталом, пісала вельмі доўга, абдумвала, крэсліла; урэшце мы абмяняліся, і я прачытаў: «Лепш было б, каб я любіла твайго Брусаўца, а ты — маю Віку (дзяўчына, з якой яна жыла), але гэта жарт. Выйсце ў цябе вельмі простае, але не дай Бог, каб ты здагадаўся, бо тады я апынуся на тваім месцы, а гэта страшна».

Першае, што мігнулася, было — жаніцьба. Мне — жаніцца?! На жанчыне, якая сама мала спала з двума, адзін з якіх ранейшы мой сябра і сакурснік? Гэта было нешта немагчымае, я адкінуў думку пра жаніцьбу праз паўхвіліны.

— Я нічога не разумею.

— Дай, бо сапраўды ты зараз навыдумляеш... — яна выхапіла паперку і засмяялася.

5.4.87

Што яна хацела сказаць, напісаўшы ў паперцы пра маё выйсце? Калі ёй можа быць страшна, апынуўшыся на маім месцы? Калі кінуць яе, не прыходзіць? Знайсці сабе другую дзяўчыну? Лухта.

Значыць, яна проста хацела выйсці замуж. Я насіў у галаве сваё, а яна, мабыць, толькі: «Замуж! Замуж!» Няўжо так проста? Калі я нават і памыляюся, да яе ўжо не цягне. Адчуванне волі, якога за два месяцы яшчэ не было. Быццам знайшоўся шыфр і адразу, раптам, расшыфраваў усе яе словы і дзеянні за гэты перыяд. Правільна яна аднойчы сказала: «А ты не ведаеш жанчын». Апёкшыся колькі разоў, яна хоча гарантый, што, калі тое адбудзецца, я яе не пакіну. Як лёгка і проста! «І адыйшла зіма трывог, і стаў з нябёс герояў строй, і зноў ёсць май, і зноў ёсць бой, і зноў ёсць свет і ў свеце — Бог!»

Іншым, значыць, гэтае дазволена без усялякіх гарантый.

Для іх, жанчын, хлопцы, відаць, як і яны для нас, дзеляцца на катэгорыі: з гэтым можна адно, а з гэтым — іншае... Як добра, што ўсё скончана!

9.4.87

Цыдулкі, якія пісаў ёй, седзячы на лекцыі, і пабаяўся аддаць. «Я не ведаю тваіх намераў, але так не робяць! У жанчыны на першым месцы заўсёды цела. І тое, што яна з некім пераспіць — гэта не распуста, а ўзвышэнне, бо пасля яна набывае права асуджаць таго чалавека. Яна тады становіцца вышэй за мужчыну, і кожнае яе слова будзе праўда».

11.4.87

«Значыць, калі я не пайду на вашае пасяджэнне, ты пакрыўдзішся і нават не будзеш са мною гаварыць? Значыць, калі ты сама нечага хочаш, а другі не выконвае гэтага хацення, ты крыўдзішся ў такой ступені, што нават не хочаш гаварыць?»

13.4.87

«Вы ўсе хочаце, каб я была ў вас рэччу!»

«Я нікому даўно ўжо не веру».

«Чым ты лепшы за іх?»

І гэта ўсё, чаго я дабіўся за два з паловаю месяцы. Трэба ўспамінаць, што я ёй агідны, што яна не кахае. Было б каханне — не трэба было б аніякай логікі.

Добры дзень, Валік! У мяне ўсё па-старому. Я баюся здацца назолаю, але дэпрэсія мая нешта не праходзіць. Адзінае, чым магу пахваліцца — гэта спрабую стварыць у інстытуце літаратурна-гістарычную суполку «Раніца», якая выдавала б сваю насценную газету і прымала ўдзел у адраджэнскім жыцці Беларусі. Знайшлося шэсць чалавек: тры хлопцы і тры дзяўчыны, і ўсе былі досыць актыўныя. Але нават гэта вельмі хутка мне надакучыла — я зусім не разумею сам сябе і магу толькі канстатаваць тое, што ёсць. Усе гэтыя справы здаюцца мне цяпер дзіцячаю гульнёй у нешта сур'ёзнае, а ў людзях я, як ні стараюся рабіць зваротнае, бачу з некаторых часоў толькі фальш. Мне здаецца, што той-сёй не верыць у тое, што робіць, што той-сёй гаворыць высокія словы, але сам дбае ў гэты момант пра іншае, толькі не пра святое і не пра высокае. Я мяркую толькі па сабе. Я без астатку быў адданы справе ўжо два гады: не злічыць, колькі праводзілі са мною розных гутарак — ад камітэта камсамола і дэканата да спецработнікаў адпаведных устаноў. Ніколі я не ўсумніўся ў святасці таго, чаму вырашыў прысвяціць жыццё. Але дзе цяпер уся мая вера? Чаму я служыў, калі малюсенькі дробязны выпадак, пра які сорамна расказваць людзям, разбіў гэтую веру амаль да шчэнту? Вось тут я абсалютна не ведаю: ці вінаваты я, прыняўшы звычайнае за святое, ці вінаваты наш беларускі рух, які, не варты звацца святым; ці, хутчэй за ўсё, я — самы звычайны чалавек, а рух — самы звычайны рух, але ў свеце ёсць нешта вышэйшае, свяцейшае і праўдзівейшае як за мяне, так і за ўсе нашы адраджэнскія рухі. Што гэта такое — я не ведаю. Але яно ёсць. І служыць ранейшым сваім святыням, не верачы ў іх, уяўляецца мне горшым за здраду.

Я пісаў табе адзін ліст узімку, але адаслаць яго пабаяўся. Ведаеш, я закахаўся. Ва ўсякім разе, усе дзяўчаты нашага інстытута і з усяго свету перасталі для мяне існаваць, акрамя адной. Гэта цудоўная, нешчаслівая дзяўчына, але яна выпадкова «палюбілася» з маім сябрам, пасля яны рассталіся назусім — ні лістоў, ні ўспамінаў. Калі паспрабаваць неяк адным словам вызначыць той стан, які цяпер у мяне, дык гэта будзе неразуменне. Неразуменне, чаму мне так упарта адмаўляюць у тым, у чым не адмаўляюць іншаму чалавеку? Тым больш што... (Ліст абрываецца).

16.4.87

Як добра, што мы памірыліся! Як небяспечна я да яе прывык — і каму расказаць, «хто ўратуе і хто да паможа?».

Цяпер, калі мы памірыліся, лёгка пісаць пра ўчарашняе, але суткі — цэлыя суткі я жыў адчуваннем, што ўсё скончана, і, калі б яна не прыйшла першая, я не ведаю, што зрабіў бы. Як жа яно ўсё было? Я, помню, сказаў ёй, што не пайду на пасяджэнне «Раніцы», спаслаўся, што трэба хоць нешта рабіць па ўроках, і яна пайшла сама. На самай справе на апошнім пасяджэнні я заўважыў дзіўную рэч: я нічым (калі глядзець яе вачыма) не вылучаюся ад трох нашых хлопцаў! Больш, на месцы дзяўчыны я выбраў бы ці Міцуру — ён прыгожы, наіўны, не служыў шчэ нават у войску, ці Рамановіча — ён спакойны, здаровы, як дуб, ці нават Васкевіча — ён вясёлы, хоць і апрануты горш за тых... Я побач з імі, як сыч; ніхто ні пра што, праўда, не здагадваецца, бачаць ува мне толькі лідэра, якога больш за ўсё хвалюе наш агульны клопат, але Таню не падманеш. У яе вачах я чытаю беспамылкова: «Мы ўсе тут добра ведаем мову, у чым тады лідэрства і выключнасць Вяргейчыка?» Усё, што б я ні казаў, яна аспрэчвае. «Не таму, што ёй трэба праўда, а каб хлопцы далі ёй увагу, — думаю я. — Што ж, буду маўчаць». Так сяджу і маўчу, паступова і іншыя апускаюць насы. Пасяджэнні, якія раней былі жывымі, з душою, збіралі па пятнаццаць чалавек, сталі як хаўтуры.

Яна была рада, што я не іду, а ўслых сказала: «Ну, вучыся, хоць і сумна будзе без цябе».

Увечары, гадзін у адзінаццаць (пасяджэнне ішло аж на дзве гадзіны болей) з'явілася мая Таня. «Як сумна было без цябе!» — «Выдатна было», — перакладаю я і чарнею, як хмара. Брусавец заўсёды выходзіць, пакідаючы нас удваіх, я бачу, што ён не любіць Таню, але ўдзячны яму страшэнна.

— Таня, я зноў за старое. Я ніяк не магу вызначыць, што ў нас за адносіны? Як ты сама іх разумееш?

— Звычайныя. Ты кахаеш мяне, я — цябе, — яна падышла і абняла мяне. Я вызваліўся.

— Хіба так кахаюць? Нашто ты хлусіш? Ты ж халаднееш з кожным днём больш і больш. І я ўжо не ведаю, кахаю ці не...

— А, так! А сапраўды, як гэта я не заўважыла, што ты перастаў у апошні час дамагацца свайго... Я ж ведала, што гэтым скончыцца.

— Як ведала? Значыць, ты ведала, бачыла, што я цябе перастаю кахаць, і нічога не спрабавала зрабіць інакш? Табе ўсё роўна, кахацьму я ці не?

— Не ўсё роўна, проста ведаеш, калі сутыкнуць халоднае і гарачае, дык не заўсёды награецца халоднае, звычайна астывае гарачае.

— Не стаў, калі ласка, усё з ног на галаву, не рабі мяне вінаватым.

— Ну, добра... Раз ты так дабіваешся, я скажу, як я ўсё гэта разумею... Каб можна было, я зрабіла б усё, каб Сяргей пасля той ночы не ўбачыў цябе; я зрабіла б усё, каб ты не даведаўся, што я з некім была! Я не хацела твайго кахання, я, калі шчыра, кахання перабачыла ўсякага, і мяне цяжка здзівіць яшчэ адным... А тыя восеньскія адносіны паміж намі, як сястры з братам, гэта было нешта сапраўднае, ні на што не падобнае — і павер мне, вышэйшае і лепшае за любое каханне. Але вярнуць нельга, раз яно так здарылася, я сама хацела пакахаць цябе. І нешта ўзнікала, але ўспамінаўся твой націск... Калі б ты пабыў са мною, ты зрабіў бы гэтаксама, як Сяргей... Ну што табе ў гэтым?.. Табе трэба даказаць самому сабе, што ты не горшы за Сяргея?

— Не!

— Так! А я што — машына для вашых маральных эксперыментаў?

Я маўчаў. Яна паклала галаву мне на плячо і сцішылася. «Харошы ты, Вяргейчык... Пастаім даўжэй, каб больш ніколі не сустракацца. Ты ж хоць галавою кіўнеш пры сустрэчы?» Засмяялася і дадала: «Я ж усё адно цябе буду кахаць — па-свойму, без ложка». Адштурхнула мяне і пайшла, не аглянуўшыся ў парозе.

Я даходжу ўжо да таго, што сам пішу, быццам ёй, і сам чытаю, уяўляючы, быццам яна чытае. Нешта вельмі нядобрае са мною за гэты час адбываецца. Цяпер смешна, што я пісаў сам сабе ўчора ўвечары, калі яна пайшла:

«Ніколі б не падумаў, што будзе так страшна. Аказваецца, я даўно ўжо жыву толькі для цябе і толькі табою, і раптам — няма для каго жыць, няма каму пахваліцца, як добра я штосьці раблю, які я напісаў верш. Гэта мне трэба было — жыць для кагосьці, а я думаў, што гэта табе трэба — каб для цябе нехта жыў. Аказалася, нікому не трэба, каб я хадзіў у інстытут, у інтэрнат, на пасяджэнні «Раніцы», еў, піў, спаў».

«А каму трэба, каб я гэтае рабіла?»

Назад Дальше