Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч - Брэдбэри Рэй 4 стр.


– Ня цісьні на яго, тату, дай хлопчыку прыйсьці ў сябе.

– Вядома, вядома, – пагадзіўся бацька. – Але ведай, што нам прыйшлося шмат часу папрацаваць, каб прывесці сябе ў належны выгляд, знайсьці час і прыйсьці сюды. Тут, на вяршыні...

– Муж...

– Не, Эліс, дазволь мне скончыць. Сын мой, тое мейсца, дзе ты нас разьмясьціў, – далёка ня самае лепшае.

– Ня горш за іншыя, – сказала маці.

– Значна горш, і ты гэта ведаеш. – Бацька ўзяў відэлец і намаляваў нешта на абрусе. – Тут чорт пабяры, мала мейсца. І мы занадта далёка. Аніякі зьнешні выгляд там. Пра ацяпленьне і казаць няма чаго!

– Ну, сапраўды, зімой бывае халаднавата, – прызналася маці.

– Халодна, чорт пабяры! Так халодна, што з расколін дзьмуе ва ўсе бакі. О, яшчэ адна рэч. Мне зусім не падабаюцца нашыя суседзі.

– Табе заўсёды не падабаліся суседзі, у любы час, улюбым мейсцы, пры любых абставінах, – заўважыла маці. – Суседзі выязджалі – ты казаў: «Дзякуй Богу». Новыя заязджалі, а ты: «А, Божухна, толькі ня гэта...»

– Ну, а гэтыя самыя горшыя: яны прынесьлі торт. Сынку, ты ня мог бы нам як-небудзь дапамагчы?

– Дапамагчы? – перапытаў сын і падумаў: божа мой, яны проста не разумеюць, адкуль прыйшлі, ня ведаюць, дзе былі дваццаць гадоў, не разумеюць, чаму ім там халодна...

– А ўлетку занадта горача, – дадаў бацька. – Плавімся ад сьпякоты ў нашым абутку. Не глядзі на мяне такім чынам, маці. Сын хоча гэта пачуць. Ён што-небудзь прыдумае, так, сынку? Знойдзе нам новае мейсца...

– Так, тату.

– Галава баліць, сын?

– Не. –Сын расплюшчыў вочы і пацягнуўся за віном. – Я гэтым займуся. Абяцаю.

Толькі цяпер да іхняга століка падыйшоў афіцыянт, каб прыняць замову.

– Мне – тое ж самае, што яму. – Маці кіўнула на сына.

– Мне – тое, што есьць вось той чалавек, – сказаў бацька.

– Hamburger steak, – замовіў сын.

Афіцыянт сышоў і хутка павярнуўся. Яны пачалі хутка есьці.

– Гэта што, спаборніцтва на хуткасьць?

– Супакойся, хлопча. Ах!

І тут раптам усё скончылася. Мінула роўна гадзіна, як сын, апусьціўшы відэлец і нож, дапіў чацьвёртую шклянку віна. Нечакана ягоны твар азарыўся усьмешкай.

– Я ўспомніў! – Усклікнуў ён. – Я маю на ўвазе, што ўспаміны вяртаюцца да мяне! Чаму я вас паклікаў, чаму выцягнуў Вас сюды!

– Ну? – спытала яго маці.

– Кажы як ёсьць, сын, – сказаў бацька.

– Я... – пачаў сын.

– Што?

– Ну-ну?

– Я, – сказаў сын, – люблю Вас.

Ягоныя словы адкінулі бацькоў на сьпінкі крэслаў. Іхнія плечы аселі; яны абмяняліся позіркамі, галовы апусьціліся.

– Чорт, сынку, – прамовіў бацька. – Мы гэта ведаем.

– Мы таксама цябе любім, – сказала маці.

– Так, – ціха сказаў бацька, – гэта так.

– Але мы імкнемся ня думаць пра гэта, – сказала маці. – Гэта робіць нас сумнымі, калі ты нас ня клічаш.

– Маці! – Усклікнуў сын і спыніў сябе, ледзь не сказаўшы: ты зноў забылася!

Замест гэтага ён паабяцаў:

– Я буду клікаць вас часьцей.

– У гэтым няма патрэбы, – сказаў бацька.

– Я буду, паверце, так і будзе!

– Не давай абяцаньняў, калі ня маеш патрэбы іх выконваць, вось што я скажу. Але зараз.. – Бацька зрабіў глыток віна. – Скажы мне, сын, што яшчэ ты нам хацеў сказаць?

– Што яшчэ? – Сын быў уражаны. Хіба недастаткова таго, што ён прызнаўся ім у вялікай, бясконцай любові...

– Як сказаць...

Ён замяўся. Ягоны позірк паў па-за вакно рэстарацыі на маўклівую тэлефонную будку, дзе ён апошнім разам званіў.

Назад Дальше