Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - Юлия Шарова 11 стр.


Спяваць яна марыла ўвесь час, — казала пра гэта, калі яны з Грынкевічам толькі пазнаёміліся. Знаёмства гэта, як на людзей іхнага асяродка, адбылося даволі будзённа — за кулісамі Марыінскага тэатра, куды Грынкевіча занесла працаваць рабочым сцэны.Нюта была адзінай, каму ён тады шчыра распавёў пра свае творчыя кульбіты, і яе амаль нічога не здзівіла. Ёй было трынаццаць, і была яна як той балетны маленькі лебедзь. Ён упершыню заўважыў дзяўчо, калі яна расцягвалася, закінуўшы нагу на высокае падваконне ў калідоры. Ён падумаў, што гэта нехта з балетных, але гэта была гадаванка з дзіцячай студыі, праўда, як яна сказа­ла, раней яна сапраўды займалася балетам. На той момант у ёй не было нічога асаблівага — такая сабе сярэдняга росту істота з аскетычнымі акругласцямі ўвогуле неблагой, але ўсё ж невыразнай фігуркі. Уся магія была ў рухах і жэстах, а ўся прыгажосць — у вачах, блакітных, неверагоднага аквамарынавага адцення і з нейкім крыху ўсходнім разрэзам. Дзіўная камбінацыя генаў балтыйскіх немцаў і крымскіх татараў з дадаткам габрэйскай крыві. Адным словам, звычайная руская дзяўчынка.

У Нямеччыне230.

У дзіцячай студыі яна займалася нядаўна, з мінулага сезона, — тата ўладкаваў, бо вельмі хацела. Яшчэ яна спявала ў нейкім дзіцячым хоры і зусім крыху займалася на фартэпіяна. У яе тры гады таму памерла маці, з гэтай прычыны Нюта пэўны час жыла ў Краснаярску. Потым вярнулася ў Піцер і пасялілася з бабуляй у матчынай кватэры, дом быў якраз у знакамітым «дваранскім гняздзе». Ну, а тата. У таты была но-вая сям'я, і ён жыў у зусім іншым баку горада. За два гады ў Краснаярску дзяўчынка заахвоцілася хадзіць у оперу і да дзірак заслухала бабуліны кружэлкі з «Донам Джавані». Яна ведала яго ці не на памяць.

Дзякуючы «Дону Джавані» яны ў пэўны момант разгаварыліся, і ён прызнаўся, што мае запаветную мару. Ён гадзінамі мог сядзець у куце на аркестравай рэпетыцыі, куды яго пускалі, але пакуль што гнаў прэч «крамольныя думкі». Дакладней, не жадаў фармуляваць і прамаўляць іх уголас, бо яму падавалася, што сфармуляваная думка імгненна стане рашэннем, за якое хлопец пакуль не гатовы быў несці адказнасць. А гэтае дзівакаватае дзяўчо ўзяло ды ўсё за яго прамовіла: «Можа, табе варта пайсці на дырыгента?».

У Францыі100.

Адносіны з Нютай былі падобныя да добра адладаванага голасу спевака, дзе пераходаў паміж рэгістрамі проста не чуваць. Ён і не адчуў, у які момант яму стала неабходна, каб дзяўчына чакала пасля ранішняга спектакля, пакуль не прыбяруць дэкарацыі. Ён не адчуў, у які момант яму стала неабходна аддаваць ёй куртку, калі ў часе сумесных шпацыраў яна замярзала. Ён не памятаў, як так выйшла, што ён амаль перастаў звяртаць увагу на іншых дзяўчат, нават нашмат ярчэйшых. Грынкевіч быў на першым курсе вучэльні, ужо на харавым дырыгаванні. Тады Ананкэ разам са сваімі дочкамі, як падавалася, вырашыла расшчодрыцца на падарункі: яму далі адтэрміноўку ад войска на год, ён быў найлепшым студэнтам на курсе, ён быў шчаслівым з Нютай.

Як на аблоках, — так ён пазней успрымаў тыя некалькі месяцаў. Але ж падзенне з аблокаў было занадта траўматычным.

У Турцыі90.

Нюту ён страціў пасля летніх вакацыяў. Калі Грынкевіч вярнуўся ўвосень у Піцер, яна з жорсткім спакоем абвясціла яму, што ўсё скончана, і нічога не стала тлумачыць, хоць ён цэлы месяц спрабаваў гэтага дамагчыся. Потым ужо яму сказалі агульныя знаёмыя, што знайшоўся нейкі больш дарослы «залаты хлопчык». Гэты хлопчык у дваццаць гадоў ездзіў на сваёй машыне, што на той момант было не кожнаму даступна. Відаць, у яго быў нейкі няпросты тата. Спачатку было балюча, потым неяк загаілася. Якраз у тую восень Нюта, якой было амаль шаснаццаць, сышла з дзіцячай студыі і перастала бываць за кулісамі Марыінкі — як з вачэй, то і з думкі.

Але ў Іспаніі... У Іспаніі іх 1003!

Сустрэліся яны праз два гады. Не ў тэатры, а ў трамваі. Выпадкова. Старое спачатку варухнулася ў душы і адгукнулася тупым болем, як асколак з даўніх баёў. Нюта была ўжо без «залатога хлопчыка», выглядала яна нейкай задужа сур'ёзнай для сваіх гадоў і задужа стомленай. Грынкевіч не ўтрымаўся, каб укалоць яе, але яна папрасіла: «Не трэба, і так усё вельмі цяжка. Май да мяне літасць». Нюта толькі што паступіла ва ўніверсітэт, куды яе праводзіла ўся радня. І адразу ж у бабулі здарыліся два інсульты запар. Цяпер усё Нюціна жыццё складалася з вучобы і догляду бабці, толькі пару вечароў на тыдзень бацька браў на сябе клопат аб старой і Нюта магла адпачыць.

Яна напраўду выглядала дужа прыціснутай да зямлі. Але ж яна была зусім дарослая, апранутая вельмі міла, з дзявочай элегантнасцю, выглядала на юную парыжанку са сваёй лёгкай балетнай фігуркай, з вузлом валасоў на патыліцы і з глыбокімі вачыма, у якія Грынкевіч цяпер зазірнуў ужо не па-хлапечы, а па-мужчынску. Сам не святы апостал, ну і што?.. У кішэні ён меў два квіткі на канцэрт, куды складана было патрапіць. Ён збіраўся весці туды дзяўчыну, з якой у яго наладжвалася нешта, здавалася б, сур'ёзнае, прынамсі, яму было з ёй спакойна і светла, а тут гэтая феечка сінявокая. І што, што цяпер?! Трэба было ўцякаць і не варушыць былое. Але ж чорт яго падбіў сказаць: «Маю два квіткі, хадзем, развеешся крыху».

Потым ён нешта хлусіў той, іншай дзяўчыне, хоць здрадай гэта не было. Дзяўчына, зразумела, нічога слухаць не стала, а Грынкевіч вырашыў нічога больш не тлумачыць, бо яго ўжо зацягнула. Ён пачаў званіць Нюце, сустракаць яе каля ўніверсітэта, яму дастаткова было проста хадзіць з ёй па набярэжных пецярбургскіх рэк і каналаў і казаць пра музыку, пра свае мары, пра тое, пра што ён нікому не мог сказаць. Яна не давала яму ніякіх чыста жаночых авансаў, і гэтыя сустрэчы цяжка было назваць рамантычнымі спатканнямі, але ён прымаў іх як шклянку ржавай вады пасля трох дзён блуканняў па гарачай пустыні.

Сярод іх сялянкі, пакаёўкі, гараджанкі, графіні, баранэсы, маркізы, княгініусе саслоўі і ўсе станы.

Аднойчы ўзімку (якраз была сесія, і Грынкевіч толькі што адзначыў з сябрамі здачу дужа паскуднага іспыту) яго сярод ночы пабудзілі. Ён заснуў недзе а першай, а літаральна праз гадзіну бабуль­ка, яго кватэрная гаспадыня, трэсла хлопца за плечы і казала, што яго шукае па тэлефоне нейкая дзяўчына, па вельмі пільнай справе. Пасля студэнцкага банкету і кароткага сну мала што кемілася. Грынкевіч, як той лунацік, пайшоў у вітальню да тэлефона. і здрыгануўся, ледзь пачуў голас у слухаўцы. Званіла Нюта і нейкім абсалютна не сваім голасам распавядала: бабуля толькі што памерла, яна не ведае што рабіць, бацька з'ехаў за мяжу, яна страшэнна баіцца заставацца ў начной кватэры. Яна баіцца, баіцца, баіцца. Грынкевічу падавалася, што ён фізічна адчувае, як дрыжыць рука, у якой дзяўчына трымае слухаўку, нібыта яна не на тым канцы дроту, а побач. Хвілінаў пятнаццаць ён патраціў на тое, каб апрануцца ды крыху паскандаліць з гаспадыняй. Бабулька сварылася на яго, бо ён надта часта перашкаджае ёй спаць уначы, казала, каб з наступнага месяца шукаў сабе новую кватэру. Так ён у выніку і зрабіў, бабулька выканала сваю пагрозу, але ў тую ноч ён думаў толькі пра дзяўчыну, якая прасіла ў яго дапамогі.

Добра, што ўзімку не разводзяць масты, але транспарт так ці іначай ужо не хадзіў, на таксоўку грошай не было. Ён тармазнуў нейкага братка на «вольве» і паспеў заўважыць зброю на заднім сядзенні — часы былі вясёлыя, гістарычныя. Але браток якраз ехаў на Петраградскі бок і дакінуў хлопца амаль да самага дому, дзе жыла Нюта. Дзяўчына сядзела на лаўцы каля пад'езда, і яе напраўду ўсю трэсла, ці то ад марозу, ці то ад перажытага шоку.

Яна ўжо выклікала і міліцыю, і хуткую. Міліцыя ўзяла бабулін пашпарт, а медыкі хоць і канстатавалі смерць, але забіраць памерлую ў морг не сталі: анатаміраванне рабіць не трэба, бо і так усё зразумела, а моргі перапоўненыя. Цяпер Нюта не ведала, як датрываць да раніцы ў кватэры, дзе ляжыць нябожчыца. Грынкевіч ледзь угаварыў дзяўчыну ўзняцца наверх, зачыніў дзверы ў пакой, дзе ляжала старая, адвёў Нюту на кухню і сам зрабіў гарбату. У хаце знайшлася валяр'янка, але нават пасля яе дзяўчыну крыху калаціла. Яна толькі бесперапынна казала, што баіцца нябожчыкаў з таго моманту, як загінула ейная маці.

— Ты казала, яна памерла.

— Яна загінула.

За гарбатай пачаўся расповед, прычым быў ён пункцірна-кропкавым, таму Грынкевіч не адразу склаў усё ў агульную карціну. Нюціна мама была акторкай, прычым вельмі адоранай. Яшчэ ў інстытуце пабралася з бацькам. Сама яна зрабілася сіратой у васямнаццаць гадоў, бо дзядуля і ба­буля разбіліся ў аварыі. І таму меней чым праз два гады маці выскачыла замуж за студэнта Антона Рупеля, які вучыўся на рэжысуры ў тым са­мым інстытуце. Ён паступіў даволі позна, у дваццаць сем гадоў, бо доўга не мог прабіцца ў тэатральны, хоць у сябе ў Краснаярску ўжо даўно граў у мясцовым тэатры. У Піцер яго ўзялі толькі на рэжысуру. Гэта значыць, калі ён ажаніўся з Нюцінай мамай, яму было ўжо трыццаць.

У бландынкі ён вылучае дабрыню.

Пляткарылі, што гэта разлік, бо ў Краснаярску Рупель ужо меў шлюб і нават сына. А як яшчэ было патлумачыць, навошта ён так хутка паехаў разводзіцца, калі на даляглядзе з'явілася прыгожанькае дзяўчо, сірата з інтэлігентнай сям'і і аднаасобная гаспадыня трохпакаёвай кватэры? Пакуль ішоў працэс скасавання першага шлюбу, Рупель вельмі пастараўся і зрабіў так, каб гэтая сірата нікуды ад яго не ўцякла. Ён зрабіў яе, Нюту, бо як яшчэ ў тыя часы можна было надзейна прывязаць да сябе жанчыну? Пажаніліся яны толькі тады, калі дачцэ было месяцы чатыры.

Відаць, першая бацькава жонка вельмі не хацела яго адпускаць і на ўсялякі выпадак прыехала ў Піцер, каб паскандаліць са злой разлучніцай. А яшчэ маці працягвала вучыцца ў інстытуце, хоць і мела ўжо немаўля на руках. Можа быць, яна не вытрывала ўсіх узрушэнняў, можа яшчэ што, але праз паўгода пасля родаў у яе здарыўся сур'ёзны нервовы зрыў. Яна ўсё ж выйшла ў акадэмічны адпачынак, а потым неяк скончыла інстытут, але граць на сцэне ўжо не змагла, бо зрывы паўтараліся. Па вялікім знаёмстве маці аформілі апранальшчыцай у тэатры. Бацька яе нарэшце кінуў і ажаніўся зноў, гэтым разам, здаецца, не па разліку, бо там была нявыгадная партыя. Раз-пораз маці трапля л а ў лякарню, а калі Нюце было гадоў дзесяць, яна вырашыла свае праблемы радыкальным чынам: дастала ключы ад гарышча, вылезла на дах... І дачка ўбачыла з вакна, што адбылося. На пахаванні яна так і не падышла да труны, бо баялася.

А потым бацька вырашыў вывезці дачку ў Краснаярск да бабулі. Гэта была вельмі выгадная камбінацыя: пасля смерці другой жонкі вызвалілася вялікая кватэра, а ён ужо меў трэцюю сям'ю і вымушаны быў здымаць жытло. Нюта скандаліла, крычала, што нікуды не паедзе. Тады бацькава жонка заявіла: яна такая ж шызафрэнічка, як ейная маці, можа, яе таксама варта лекаваць? Пасля гэтага выпадку Нюта зразумела, як небяспечна бывае паказваць людзям, што ты насамрэч адчуваеш. Яна вельмі не хацела ехаць у Краснаярск, але, каб не трапіць да шызафрэнікаў, сцішылася і сабрала рэчы. А потым. А потым падвярнуўся неблагі варыянт абмену, бабуля памяняла сваю кватэру ў Краснаярску на Піцер, няхай і з даплатай, пусціла жыць у свежанабытую кватэру бацьку з яго новай сям'ёй, а сама засталася з Нютай у гэтай вось хаце.

Брунетка вабіць яго вернасцю.

Грынкевіч разумеў, што дзяўчына ўсё ж павінна хоць крыху адпачыць. Ён адвёў яе ў гасцёўню і паклаў на канапу. Лекі падзейнічалі, і Нюта зрабілася даверліва-паслухмянай, дазволіла захутаць сябе ў плед. Яна казала, што замярзае, хоць у кватэры не было халодна. Хлопец лёг побач і абняў яе, толькі пасля гэтага Нюта нарэшце заснула. Пад раніцу ён ціхенька ўзняўся, парыўся ў нататніках, што ляжалі ў вітальні на тэлефоннай палічцы. Знайшоў нумар кватэры Рупеля, вызваніў яго жонку, усё ёй растлумачыў... Потым Нюта сказа­ла, што ён гэтым вельмі яе абавязаў, бо сама яна нават у такім выключным выпадку не магла кантактаваць з мачахай. Зрэшты, ён і раней ведаў пра гэта. Калі Нюта дакладна ведала, што бацькі дома няма і слухаўкі ён не здыме, то проста не званіла туды, каб выпадкова не пачуць голас «гэтай кралі».

Дзіўна, што ўсе гэтыя клопаты пра пераляканае дзяўчо яго зусім не напружвалі, ён успрымаў іх тады як нешта цалкам натуральнае. Ну, як адвесці за руку ў міліцыю згубленае і зарумзанае дзіця, якое сустрэў на вуліцы. А можа, яму проста хацелася быць побач, усё адно з якой нагоды?

На пахаванне ён таксама хадзіў, і Нюта, ідучы з могілак, сама ўзяла яго пад руку. Краем вока Грынкевіч сачыў за ейным бацькам, бо адчуваў, што той таксама краем вока сочыць за ім. Рупелю яўна не падабалася, якога спадарожніка абрала сабе дачка, ды і ўся гэтая гісторыя з начным прыходам яму не падабалася, хоць нічога крымінальнага там не было. Антон Рупель цаніў людзей не вышэй за жуйку «Стымарал» і быў пэўны — людзі будуць плаціць яму і ягоным блізкім такой самай манетай. Зрэшты, самае непрыемнае здарылася крыху пазней. А пакуль яны ішлі з пахавання разам з Нютай, потым былі сціплыя сямейныя хаўтуры. Пад вечар, калі Грынкевіч сыходзіў, дзяўчына выйшла праводзіць яго з кватэры на лесвіцу. Яна прытулілася да хлопца і шэптам падзякавала за тое, што дапамог перажыць гэтыя дні. Было зябка. Грынкевіч расшпіліў паліто і захутаў дзяўчыну, абдымаючы яе, як калісьці даўно, калі яны яшчэ былі амаль дзецьмі і апасліва цалаваліся вось тут, у гэтым самым пад'ездзе. Цяпер ён таксама нахіліўся да Нюты і пацалаваў. Сэрца адбівала шалёны пункцір з восьмых і шаснаццатых замест роўных чвэрцяў. А балтыйскі вецер за вокнамі шапацеў: «Гэта сапраўднае, сапраўднае, сапраўднае. » Хлопец паверыў гэтаму ветру, забываючыся на яго пераменлівасць.

У русавалосай ён любіць пяшчоту.

Потым быў шчаслівы дзень, калі яны разам гулялі па горадзе пасля таго, як Нюта здала апошні іспыт зімовай сесіі. Яны хапалі халоднае неўскае паветра паміж пацалункамі і гатовыя былі ўзляцець так высока, што купал Ісакія выглядаў бы як маленькая круглая батарэйка ад гадзінніка. Потым ён з'ехаў на зімовыя вакацыі да бацькоў, але штовечар званіў у Піцер, каб проста яе пачуць. Ён зразумеў, што любіць Нюцін голас, які за гэтыя гады стаў мацнейшым, аброс вельмі жаноцкімі абертонамі, але пры гэтым быў свежым і юным. Пачуць яго было ўсё адно, што адчуць дотык дзявочай рукі. Прынамсі, гэтак яно было для яго, юнага і палкага, — што зробіш, дваццаць адзін год. У часе апошняга «сазвону» яна сказала: заходзь, як прыедзеш. І гэта прагучала з недвухсэнсоўным намёкам. Хлопец выехаў з Мінска на два дні раней, чым трэба.

Грынкевіч памятаў, як проста з цягніка, з Віцебскага вакзала раніцай паехаў на Петраградку. Была, здаецца, субота, выходны. Нюта адчыніла і зірнула на яго з лёгкім здзіўленнем. Яна была ў старэнькім фланэлевым халаціку, босая і стрыжаная а-ля гарсон. Сказала, што захацела раптоўных пераменаў, таму вось так нечакана і змяніла фрызуру.

— Будзеш гарбату? — запыталася яна па-гаспадарску.

— Пазней, — адказаў ён і пацалаваў мяккі вожык дзявочых валасоў на яе стрыжанай патыліцы.

У той дзень ён усвядоміў для сябе розніцу паміж сэксам і блізкасцю. З Нютай была менавіта блізкасць, азораная нейкай шчымлівай пяшчотай, шчырай гатовасцю прыняць іншага, забыць як страшны сон тое, што было два гады таму. Такая блізкасць, калі чалавек робіцца табе амаль што род­ным, ні ў якім разе не жарсць, хоць менавіта ў фізічным сэнсе ён потым ніколі ў жыцці не перажываў нічога падобнага па накале адчуванняў. Уся яго мужчынская біяграфія пасля таго дня была спробай закрэсліць той дзень і тую ноч, калі яны практычна не выбіраліся з ложка. Яны маглі гадзіну ці дзве проста ляжаць, счапіўшыся рукамі і нагамі, як два дрэвы галлём. Неяк сярод ночы ён выйшаў на кухню пакурыць, калі дзяўчына, здаецца, спала. Але праз пару хвілінаў яна прыйшла да яго, хутаючыся ў коўдру, і прытулілася тварам да яго пляча.

— Мне робіцца цябе замала, я не хачу прапусціць ніводнай кроплі гэтай ночы, — казала

Нюта потым, калі ён ужо ў ложку адбымаў яе. — Ведаеш, я так хацела, каб ты вярнуўся, што нават прыдумала сабе магічны рытуал. Я штодня ставіла касету з «Крайслерыянай» і бясконца слухала апошнюю, восьмую п'есу. Тую, якую ты граў. І так доўжылася амаль два месяцы, пакуль я не сустрэла цябе ў трамваі. Прычым я зранку таго дня ўжо ведала, што нешта такое адбудзецца абавязкова.

Раніцай яны прачнуліся ад таго, што ў дзвярным замку павярнуўся ключ. Не паспелі яны ачомацца, як ужо ўбачылі на парозе пакоя Антона Рупеля ўласнай персонай. Ён адразу пачаў выгаворваць дачцэ за тое, што ўчора яна не прыйшла на дзень народзінаў брата, што ён не мог да яе дазваніцца, пачаў пераймацца, а дачка вось чым займаецца. Відаць, і тэлефон адключыла. Нюта маўчала ў адказ, толькі хвілінаў праз пяць яна нарэшце папрасіла ў бацькі, каб той выйшаў на кухню. Бацька паслухаўся і на развітанне кінуў позірк на Нюцінага кавалера. Той позірк быў як агеньчык запальнічкі, паднесенай да бікфордава шнура.

— Будзе лепей, калі ты ўсё ж пойдзеш... — няўпэўнена шапнула Нюта хлопцу, калі яны спешна апрануліся. — Ён зануда, і я не ведаю, як доўга ён будзе чытаць мне мараль. Але мне ўжо ёсць васямнаццаць, і пайшоў бы ён.

Узімку ён любіць пухленькіх.

На наступны дзень Нюта звалілася з тэмпературай, — відаць, злавіла грып. Дазволіла прынесці сабе лекаў і малінавага сочыва, прывезенага ад мамы з Мінска, але далей чым на парог пакуль не пусціла, бо яшчэ змагалася з ліхаманкай. Затое праз пару дзён у вучэльню да Грынкевіча завітаў Антон Рупель. Запытаўся, калі той мецьме воль­ную гадзіну для сур'ёзнай размовы. Грынкевіч якраз меў фортку паміж заняткамі, і яны пайшлі ў найбліжэйшую кавярню.

Рупель зайшоў здалёк, распытваў, ці падабаецца хлопцу абраная прафесія, што ён мае рабіць далей. Грынкевіч адказваў шчыра, не баючыся падвохаў. Верагодней за ўсё для яго — паступіць на харавое ў кансерваторыю, а потым, калі пашэнціць, перавесціся на оперна-сімфанічнае. Ці, калі не пашэнціць, — атрымліваць пасля харавога другую адукацыю. А пакуль ёсць храмы, дзе патрэбныя рэгенты, ёсць студэнты-лайдакі, якіх трэба падцягваць па сальфеджыа, ёсць процьма рознай іншай працы, ну хай сабе наладка фартэпіяна...

Далей Рупель вельмі кампактна выкладаў свае думкі. Ён лічыў Грынкевіча правінцыйным выскачкай, ні свата ні брата, якому трэба хоць неяк зачапіцца ў вялікім горадзе, а маладая і сімпатычная дзяўчына з уласнай кватэрай — што можа быць лепшай зачэпкай! Хоць рэжысёр Рупель і не звязаны з музыкай, але ўсё ж сёе-тое даведаўся. Напрыклад, пра спыненую піяністычную кар'еру... Ясна, што ён выкладаў свае думкі ў старанна падабраных інтэлігентных выразах, але Грынкевіч быў дастаткова кемлівым, каб усё зразумець. Рупель казаў, што Нюта — няпростая дзяўчына з пэўнымі патрабаваннямі да жыцця. Веданне замежнай мовы адкрывае перад ёй новыя далягляды, і яна зусім не дурніца, каб ад іх адмаўляцца. Яна можа капрызіць, можа з нечым не пагаджацца, але ёй патрэбнае нармальнае ўпарадкаванае жыццё, пажадана падалей ад багемных колаў. Вядома ж, Нюта можа захапляцца кім хоча і мець нейкія рамантычныя гісторыі, але гэта не назаўсёды.

— Ты ж ведаеш, што ейная маці мела псіхічнае захворванне? — запытаўся ён, і гэтае пытанне, відаць, прызначалася яму, каб збіць залішні кавалерскі імпэт. — Ёй трэба перыядычна назірацца ў псіхатэрапеўта, я ўладкаваў яе да добрага знаёмага. Пакуль усё нармальна, але хто ж ведае...

— Я ўпэўнены, што з ёй усё будзе добра, — толькі і выціснуў з сябе хлопец.

Назад Дальше