— А мяне адлічылі з дзесяцігодкі. За профнепрыдатнасць, — прамовіў ён і ўбачыў, як дзяўчына збянтэжылася. Але ён вырашыў казаць усё, калі ўжо вырашыў не быць супергероем: — Дакладней, не тое, каб адлічылі, а папрасілі забраць дакументы пасля восьмага класа і сысці ў вучэльню.
— Як такое магло здарыцца?
— Страх перад сцэнай.
Тут Ірына засмяялася: яна, напэўна, вырашыла, што яе разыгрываюць.
— Лёша, гэта ўжо нейкая груша на вярбе! — прамовіла яна. — Ты створаны для публікі, і я не веру, што ў цябе магла быць такая фобія.
Дзэрліна пярэчыць дону Джавані: Мазэта ўсё ж такі ейны муж, не варта з яго кпіць.
Ён прамаўчаў і пайшоў у вітальню ўзяць цыгарэты. Той эпізод з юнацтва ён не любіў згадваць, бо лічыў праявай уласнай слабасці. Ён тады здаўся, не стаў змагацца. А ў выніку.
— Я ў дзяцінстве быў надзвычай артыстычным і фенаменальна музычным, — пачаў ён, зацягваючыся цыгарэтай і выпускаючы дым у фортку. — Сам не памятаю, як у мяне гэта атрымлівалася, але я браў залу яшчэ да таго, як пачынаў граць. Нейкі быў інстынкт, падабаўся я публіцы. Я любіў садзіцца за інструмент, скажам, перад урокам сальфеджыа, і каб вакол мяне гуртаваліся аднакласнікі. Любіў граць нешта складанае, імправізаваць. Мне давалі крыху завышаную праграму, і я часта выязджаў на артыстызме і музычнасці, хоць у мяне і былі праблемы з пастаноўкай рук, скажам. А ў чатырнаццаць гадоў на конкурсе здарылася адна прыкрая штука, проста ў апошнім туры, калі трэба было граць канцэрт з аркестрам. Вось пасля гэтага пайшло і пайшло. Кожны выхад на сцэну з сольным выступам — катастрофа. За год я згарэў і вылецеў з элітнай дзесяцігодкі пры кансерваторыі.
Ірына пасур'ёзнела і болей не думала кпіць. Яна запыталася:
— Што за прыкрая штука?
— Я страціў прытомнасць проста на сцэне. Адказны выступ, хваляванне. так, я перад адказнымі выступамі заўсёды хваляваўся, але калі пачынаў граць, то супакойваўся. А тут хваляванне, у зале вельмі душна, рукі макрэюць так, што ніякі тальк не дапаможа. Ну, карацей, у мяне пасля гэтага знайшлі хваробу сэрца, цяжкую для дыягностыкі. Не смяротна, але непрыемна. Потым, дарэчы, я перарос, але ў войска мяне не бралі, усё давалі адтэрміноўкі па стане здароўя. Так і дацягнуў да консы. А ў консе я ўжо бегаў ад ваенкамата. Дык вось, пасля таго заваленага конкурсу я паехаў на іншы — і там зусім кепска адыграў, бо думаў не пра музыку, а пра тое, што раптам памру на сцэне. І пайшло, і пайшло. Што дзіўна — калі трэба было граць з ансамблем, то я пачуваўся спакойна, як у хатніх тапачках перад родным тэлевізарам. А як сольна — дык тушы святло. Кранты. А ў нас, у былым Савецкім Саюзе значыць, і цяпер вучаць толькі на салістаў. У нас няма разумення, што нехта можа стаць коўчам, напрыклад. Гэта таксама крута, але не ў нас. Ага, не можаш быць салістам? Пайшоў прэч з дзесяцігодкі.
Грынкевіч прагна ўцягваў у сябе тытунёвы дым. Ірына глядзела на яго спагадліва: яна моўчкі даравала яму неідэальнасць. Тую неідэальнасць, якую жанчына не заўсёды можа дараваць мужчыне — колішняе фіяска, што засталося без рэваншу. Так, яна, мабыць, усё скеміла. І яна, пэўна ж, разумела, чаму працяг яго маналога быў як смак палыну.
— Пасля восьмага класа дзесяцігодкі ў мяне былі варыянты. Першы — паступіць у вучэльню на фартэпіяна і паспрабаваць неяк зацугляць свае нервы. Твае нервы — гэта твае праблемы, так мне казалі ў дзесяцігодцы. Але ў мяне якраз тады, у восьмым класе, была траўма. Тады ж было восем, а не дзевяць класаў. Я руку парэзаў і ледзь не зачапіў сухажылле. Падумаў, што гэта знак і з піянізмам трэба завязваць. Куды звычайна ідуць піяністы са слабымі нервамі? У тэарэтыкі, вядома ж. І я паступіў у вучэльню на музыказнаўства. Бацькам нічога не сказаў, і яны два гады думалі, што я вучуся ў дзесяцігодцы, потым мы паскандалілі, бо я яшчэ і перапаступаў. у іншую вучэльню перапаступаў. Дык вось, я ў пятнаццаць гадоў прыйшоў на першы курс тэарэтыкам. Першы семестр выкладчыкі ад маёй фенаменальнай музычнасці стагналі і гатовыя былі засіліцца. Ну, ты ўяві сабе абсалютніка-слыхача. Дыктоўка — з першага прайгравання, другое — каб працягласці праверыць і ноты па тактах растусаваць. І знакі альтэрацыі няправільныя! Даюць паслухаць акорды — я пазнаю кожны гук, а як завецца гэты акорд, не памятаю. Ці не ведаю ўвогуле. Чаму я павінен сядзець і займацца дэбільным перапісваннем гэтых акорд аў і іх абарачэнняў у сшытку?! Нашто мне тая матэматыка?! Але давялося яе вывучыць, і я нават стаў вельмі педантычным, бо калі б мяне адлічылі і з вучэльні, гэта б сталася канчатковым ударам па самалюбстве. І ўжо ў наступным семестры я стаў найлепшым на курсе. Потым мне пашчасціла з педагогам па індывідуальнай гармони. Задачкі — гэта амаль як крыжаванкі, страшэнна зацягвае, я іх рашаў па дзесяць штук на тыдзень. Потым у мяне знайшлі здольнасці да кампазіцыі і пачалі мяне прасоўваць у гэтым кірунку. Мне гэта было не так ужо цікава, бо я ўсё ж хацеў на сцэну — і вельмі яе баяўся. Рашаў задачкі, нешта сачыняў, граў клавіры і партытуры, слухаў запісы і пайшоў факультатывам на скрыпку і габой. Падумаў, што калі я будучы кампазітар, то варта вывучыць хаця б некалькі інструментаў. Ну, і на хор хадзіў, — ужо думаў, як файна апынуцца на месцы хармайстра. Каб жа я ведаў, як шмат мне далі гэтыя два гады!
— Ты казаў, што заканчваў вучэльню як харавік.
— Пачакай, зараз і пра гэта скажу. На другім курсе, у шаснаццаць гадоў, мне стала бракаваць грошай, бо я ўжо курыў і прастаўляў аднакурснікам выпіўку. І хтосьці са старэйшых хлопцаў сказаў: а давай з намі рабочым сцэны ў Марыінскі тэатр. Я пайшоў туды — і захварэў на тэатр, на аркестр, на оперу. Год вагаўся, — не ведаў, што рабіць. Вельмі спантанна забраў з вучэльні дакументы і пайшоў у іншую вучэльню, зноў на першы курс, на акадэмічны хор. Дырыгент — ён на публіцы, але пры гэтым не саліст, думае не пра сябе, а пра іншых. Ход канём. Так я і перастаў баяцца сцэны.
«Хто? Ён?» — з іроніяй перапытвае дон Джавані, калі дзяўчына заяўляе яму, што Мазэта ёй муж. І запэўнівае Дзэрліну, што як сумленны чалавек не дапусціць, каб такая прыгажосць дасталася такому туебню.
— Вось яно як. — прамовіла Ірына, але ўжо не са спагадай, а з захапленнем. — Але ж бачыш, як шмат ты ведаў і як добра падрыхтаваўся.
— Угу. У кансерваторыі маю рознабаковасць вельмі цанілі. Ужо на другім курсе я працаваў асістэнтам. А на чацвёртым курсе ў Піцер прыехаў наш галоўны і завітаў у госці да майго шэфа. Убачыў мяне на рэпетыцыі. Яго, разумееш, падкупіла, што ў мяне ўсё па справе, нічога лішняга. Я тады стараўся не выстаўляцца, ведаў субардынацыю. Вось маэстра і падумаў, што я пры ім буду як наш Каршакоў. Знайшоў мяне ў консе, пачаў угаворваць: паехалі, маўляў, у N, будзеш там чарговым дырыгентам, а не асістэнтам. Прыязджай проста цяпер, з кансерваторыяй вырашым пытанне, зробім табе вольнае наведванне. Я і паехаў. Але для добрых адносінаў з маэстра мне не хапіла памяркоўнасці.
— Што гэта такое? — запыталася Ірына, пачуўшы незнаёмае слова.
— А. — Грынкевіч нават здзівіўся, чаму такое слова выскачыла з яго падсвядомасці. — Нават не ведаю, як растлумачыць. Мой брат любіць гэта слова.
— Слухай, а ты ўсё ж хто па нацыянальнасці? Паляк? — Ірына нечакана змяніла тэму. — Проста ў цябе не першы раз нейкія нярускія словы праскокваюць.
— Дзяды і бабулі ў мяне з Заходняй Беларусі. А ў пашпарце ў мяне ўвогуле напісана, што я нарадзіўся ў Полацку, хоць родны мне — Піцер.
Грынкевіч прамаўляў гэта, працягваючы гаспадарыць і расстаўляючы на стале кубкі. Ён міжволі злавіў сябе на тым, што сёння ўспаміны закранаюць яго меней, чым звычайна, і ён кажа пра тыя часы амаль без эмоцый. Дагэтуль, нават праз столькі гадоў, нешта непрыемнае пачынала варушыцца ў ім, калі яго распытвалі пра «піяністычнае мінулае». Сёння ён упершыню быў збольшага спакойным.
Ірына тым часам узяла з палічкі іншую кніжку.
— Гофман?.. — прамовіла яна са здзіўленнем, пад якім хавалася расчараванне, і прачытала ўголас надпіс на фарзацы: — «Амадэю-старэйшаму ў дзень народзінаў. Н. 27.01.1991».
Гэта быў патаемны пакойчык ягонай душы, і Ірына зазірнула туды без запрашэння, проста таму, што ён не ўпільнаваў. Але праганяць яе было ўжо позна.
— Хто такі Н.? — пацікавілася дзяўчына.
— Хто такая Н. — задуменна прамовіў Грынкевіч і ўзяў кніжку з Ірыніных рук. — Адна дзяўчынка. Мне тады споўнілася васямнаццаць, а яна адсвяткавала пятнаццацігоддзе на тры дні раней. Але мы сустрэліся дваццаць шостага, каб памяняцца падарункамі, ну, каб абоім не было крыўдна. Я падараваў ёй скрадзены ў нотнай бібліятэцы клавір «Дона Джавані», а яна мне — вось гэтую кніжку, скрадзеную з бацькоўскай хаты. Гэта было маё першае і апошняе ў жыцці злачынства. Тады кнігі і ноты складана было набыць. Можа, таму мы іх ахвотней чыталі.
Дзэрліна настойвае: яна дала абяцанне Мазэта, ён муж.
— Н. — гэта першае каханне?
— Н. — гэта проста Н. ВыНятак. НевытлумачальНае, — адказаў Грынкевіч, невядома навошта крыху падаўжаючы кожную «н».
— Толькі вынятак і можа чытаць Гофмана, — прамовіла Ірына такім тонам, быццам раўнавала яго, і Грынкевіч згадаў, як нядаўна назваў яе ў сне Аннай.
— Гэта сёння Гофмана чытаюць толькі выняткі. А ў нашыя, больш рамантычныя часы было крыху іначай.
Ён паставіў Гофмана на палічку, каб нарэшце скончыць гэтыя рэтраспекцыі. Значна болей яму цяпер хацелася прытуліцца да Ірыны. Яна быццам адгадала гэтае жаданне і паклала ему рукі на плечы.
— Мне з табой вельмі светла, нават уначы, — ціха сказаў ён, цалуючы валасы дзяўчыны. Затым дадаў: — Які я шчаслівы, што нарэшце скраў цябе ў гэтага ёлупня Собалева!
— Не трэба так яго называць, прынамсі ў маёй прысутнасці. Я яму шмат чым абавязаная.
— Каму?! Яму?
Джавані кажа: гэтыя абяцанні нічога не значаць. Не для таго Дзэрліна нарадзілася, каб быць простай сялянкай.
Ірына адсунулася і села на зэдлік. Яна ўзяла кавалачак штрудэля і пачала есці, быццам вызваляючы сябе ад неабходнасці спавядацца.
— І чым жа ж ты яму абавязаная? Тым, што цяпер не можаш кроку ступіць? — не супакойваўся Грынкевіч. — Тым, што ён ужо амаль два гады жыве і з жонкай, і з табой? І хутчэй за ўсё, так будзе вечна.
— У кожнага медаля ёсць аверс і рэверс. Ты бачыш і аверс, і рэверс. Ты ўвогуле, Лёша, шмат бачыш, і табе ад гэтага, пэўна, цяжка жыць сярод людзей, — казала яна, адпіваючы з кубка гарачую, толькі што разлітую гарбату. — А ёсць яшчэ гісторыя стварэння медаля. І тым, хто яе ведае, зразумела, чаму ў медаля такі аверс і такі рэверс.
Дзэрліна баіцца, што Джавані яе падмане: шляхта рэдка абыходзіцца сумленна з простымі людзьмі. Аднак свавольнік пярэчыць: лухта, гэта ўсё прыдумалі дурныя плебеі.
Грынкевіч зрабіў паўзу, таксама сядаючы за стол і наліваючы сабе гарбату. Гэткіх абагульненняў і метафар ад Ірыны ён ніколі не чуў. Дагэтуль ён уяўляў яе проста вельмі стараннай студэнткай, якая жыве пакуль чужымі словамі і думкамі. У ёй была музыка, якую, зрэшты, яна на словах не любіла аналізаваць, але дакладна разумела.
— Што за гісторыя?