— Я яе адштурхнуў, бо гэта даўно трэба было зрабіць, дзеля цябе ці дзеля сябе! Ты проста ўсіх акалічнасцяў не ведаеш. Я табе потым раскажу. І пра тое, як яна ў маёй кватэры газавыя краны адкручвала. І пра тое, як яна труцілася, але так, каб яе знайшлі ды адкачалі. А я потым у міліцыю хадзіў на тлумачальную размову. Бо яна ж і цыдулку пакінула, быццам я ў ейнай смерці вінаваты. Я думаў, яна змянілася, супакоілася. Але ж не.
— Яна эфектная, натуральная вельмі, зямная, — прамаўляла Ірына. — Без усялякага глянцу — як вы, мужыкі, і любіце.
— Гэтая эфектная натуральнасць ездзіць мне па мазгах ужо дванаццаць гадоў. У яе гэта ідэя фікс. Іра... Ну павер, што гэта прыкрая недарэчнасць! І ніхто мне, апроч цябе, не патрэбны.
Дон Джавані хлусіць цяпер ужо Дзэрліне: маўляў, гэта няшчасная дама палка ў яго закаханая, і каб не разбіваць жаночае сэрца, ён прыкідваецца, быццам таксама кахае яе.
Ірына зірнула яму ў вочы калі не з даверам, то, прынамсі, з жаданнем прыняць яго словы за ісціну.
— Цяжка, Лёша, усё гэта ўспрыняць гэтак адразу. Ведаеш, мне жонка Собалева раз-пораз тэлефануе і пагражае абліць мяне кіслатой. Я неяк да гэтага прызвычаілася. Можа, таму што ўнутрана мне ўсё адно, бо я ж за Собалева не чапляюся. Я б нават хацела, каб ён мяне сам адпусціў. А да такога, як сёння, я не падрыхтаваная. Шкілеты ў шафе.
— Я табе абяцаю, што больш ніякіх шкілетаў не будзе, — прамовіў Грынкевіч і правёў даланёю па яе валасах.
Ірына не адсунулася і дазволіла нават пацалаваць сябе. Грынкевіч уздыхнуў з палёгкай: добра тое, што добра заканчваецца. Ён пацікавіўся ў Ірыны, ці зможа яна цяпер працаваць, і параіў не нагружацца на поўную моц, асабліва ў ансамблях. Размову пра Дзэрліну варта было перанесці на потым.
Пасля ён яшчэ зайшоў у прыбіральню і паспрабаваў змыць са швэдра выразныя сляды Машынай памады. Аднак гэта не атрымалася, і ўсю спеўку Грынкевіч неадвязна думаў толькі пра тое, што салісты болей глядзяць на размазаную ружовую пляму на яго вопратцы, чым у свае ноты з партыямі.
Эльвіра чуе, што свавольнік кажа наіўнай сялянскай дурніцы. Яна, натуральна, шалее ад такога нахабства.
№ 8: Арыя «Ah, fuggi il traditor!».
Маша і гэтым разам не думала адступацца. Прыйшоўшы дадому пад вечар, вельмі стомлены пасля працы, Грынкевіч убачыў яе пад дзвярыма сваёй кватэры. Відаць, яна ўвайшла ў пад'езд за кімсьці з суседзяў, калі тыя адчынялі дзверы. Маша сядзела на дыванку, абхапіўшы рукамі сагнутыя ў каленях ногі, як змагар за правы чалавека ў часе акцыі пратэсту дзе-небудзь на тэрыторыі вельмі важнай установы. Такім чынам яна давала зразумець, што прыбраць яе адсюль можа толькі нарад спецназаўцаў.
Гэта было цалкам у ейным стылі, ад якога Грынкевіч за два гады адвык. У гэтыя хвіліны ён, як сёмая ступень да тонікі, хіліўся да цёплага душу, да вячэры з пляшкай піва і да ложка перад тэлевізарам, бо хацеў на пару гадзін адключыць мазгі. Маша прыйшла іх вынесці. І для пачатку яна разлічвала ўварвацца ў кватэру або дэманстратыўна біць нагамі ў дзверы, калі яе пакінуць у пад'ездзе. Такое неяк ужо здаралася, суседзі тады выклікалі міліцыю, і Машы пагражалі суткі за дробнае хуліганства, але Грынкевіч тады сам залагодзіў справу. Можа, і дарма. Сёння яна гатовая была паўтарыць свой подзвіг, але ж Грынкевіч не быў гатовы цэлы вечар патраціць на Машу, мянтоў і суседзяў.
Эльвіра з вялікім пафасам звяртаецца да Дзэрліны. Яна заклікае дзяўчыну ўцякаць ад Джавані, пакуль не позна.
У ягонай стомленай галаве ўзнікла толькі дзве ідэі: або развярнуцца зараз жа і пайсці пераначаваць недзе ў іншым месцы, хоць бы ў тэатры, на канапе ў дырыгенцкай, або пусціць Машу ў кватэру, зрабіць выгляд, што яе няма, і займацца сваімі справамі. Але ў кватэры былі сляды прысутнасці іншай жанчыны. Маша магла распачаць следства і праз сваіх былых тэатральных каляжанак вылічыць Ірыну. Пайшлі б непрыемныя размовы, якія ні Грынкевіч, ні Ірына не гатовыя былі перажыць. Калі ж пакінуць Машу на вуліцы ці ў пад'ездзе, то яна вырашыць, што ўсчынаць шум не мае сэнсу. Ну пашуміць, ну прыедуць мянты па суседскім званку, але Маша тут ніхто і нішто, гаспадара кватэры, да якога яна прыкаціла ў госці, няма. Таму яму, Грынкевічу, ні за што не давядзецца адказваць.
— Давай па-добраму, — прапанаваў ён адразу пакт аб ненападзенні. — Я цябе зараз вязу на вакзал, набываю табе квіток да Масквы на першы ж цягнік, і на гэтым мы з табой развітваемся. Назаўсёды.
— Развітваемся? Два месяцы таму ты мне казаў, што памыляўся, што не цаніў мяне раней, што хочаш пачаць усё спачатку і наноў. А потым ты раптам пасылаеш мяне ў пешую эратычную вандроўку, прычым робіш гэта ні з пушчы ні з поля. Што раптам здарылася? Я не сыду, пакуль не зразумею.
Маша нават і не думала падымацца з дыванка на парозе кватэры. Яна глядзела на Грынкевіча з выклікам.
— Менавіта наноў, — пайшоў ён у контрнаступ. — Без істэрык, без вось гэтых сцэн. Без кантролю кожнага майго кроку. Ты ж пачала абрываць мне тэлефон, як у былыя часы. І ты ведаеш, як гэта раздражняе.
— Я хацела часцей цябе чуць. Гэта так неабходна на адлегласці.
За дзвярыма суседскай кватэры пачулася сцішанае варушэнне. Грынкевіч хацеў быў нешта сказаць, але раптам зразумеў, што размова з вар'яткай усё адно не мае сэнсу.
— Ты, Маша, хворая на ўсю галаву. І ніколі не зменішся. Таму ніколі ў нас з табой больш нічога не будзе.
З гэтымі словамі ён рэзка развярнуўся і хутка пайшоў уніз па сходах. Маша падхапілася з месца і рушыла следам, шпурляючы ў спіну вераломнага кавалера нецэнзурныя абразы.
Донна Эльвіра раіць Дзэрліне вучыцца на ейных памылках і не давяраць распуснаму кавалеру.
Слоўкі былі ўсё мацнейшымі і ўсё больш выяўлялі ў гэтай паненцы тэмпераментную ўраджэнку паўднёвага мястэчка. І тут раптам яна неяк вельмі эмацыйна войкнула, сціхла, але праз секунду-другую зноў закрычала — як пасажырка карабля, што церпіць крушэнне. Грынкевіч думаў, што Маша зноў спрабуе прыцягнуць увагу, але ж ускрыкі і просьбы аб дапамозе былі занадта ўжо натуральнымі. Ён вярнуўся да яе. Дзяўчына сядзела на сходах і трымалася за шчыкалатку, ціха скуголячы. Побач ляжаў туфлік са зламаным абцасам і торбачка, з якой высыпаліся памада, мабільнік, чорныя карункавыя майткі і пачак прэзерватываў.
— Баліць? Ісці можаш? — занерваваўся Грынкевіч і падаў Машы руку.
Яна паспрабавала ўзняцца, але адразу ж завойкала — імаверна, зламала нагу. Грынкевіч спачатку спужаўся не меней за Машу, але потым паслужлівая свядомасць дапамагла яму зірнуць на здарэнне з больш выгоднага ракурсу. Гэтая шалёная не зможа цяпер рассякаць па N пэўны адрэзак часу, а там і адпачынак скончыцца, і трэба будзе выпраўляцца ў Маскву. У гэтыя хвіліны ў яго не было ніякага асаблівага спачування: Маша ператварылася ў літаратурна-сцэнічны персанаж, пазбаўлены натуральных пачуццяў.
У машыне «хуткай» яна тулілася да Грынкевіча, нават плакала. Ён казаў нешта, каб усё ж яе супакоіць, бо невядома, што там здарылася з нагой. Потым, калі яе аглядаў артапед, Грынкевіч дазваляў былой каханцы ўчапіцца ў ягонае плячо, хутчэй ужо дзеля рытуалу маральнай падтрымкі. Здымак, дзякаваць богу, паказаў толькі моцнае расцяжэнне. Ёй перавязалі нагу эластычным бінтам, далі чагосьці заспакаяльнага і загадалі блізкім часам рухацца як мага меней.
Нічога іншага не выпадала, як забраць Машу да сябе дадому. Тое, што яна часткова знерухомленая, накладвала вета на сэксуальныя дамагальніцтвы з боку госці. Але ж яна запатрабуе чалавечай увагі, і Грынкевіч будзе разапошняй скацінай, калі не возьмецца даглядаць бедную дзяўчыну ў такім стане. Яна, што праўда, адразу перастала высвятляць адносіны і прэтэндаваць на нешта надзвычайнае. А ён думаў, калі і якім чынам сплавіць яе ў Маскву. Маша ўжо заявіла, што вандроўка ў цягніку ці ў самалёце для яе ў найбліжэйшы час немагчымая. На жаль, гэта была аб'ектыўная ісціна.
Верагодна, донна Эльвіра з яе патэтычнай прамовай моцна напужала сялянку Дзэрліну. І прычына была нават не ў тым, што гэтая дама казала, а ў тым, як яна прамаўляла.
Пакуль Маша займалася сабой у лазенцы, Грынкевіч абзвоньваў усіх знаёмых з машынамі і цікавіўся, ці не едзе хто неўзабаве ў сталіцу. На жаль, ніхто не ехаў. Грынкевіч унутрана зарыпеў ад прыкрасці. Зрэшты, навязваць некаму такую спадарожніцу было б найлепшым спосабам сапсаваць адносіны раз і назаўсёды. Калі Маша выйшла з лазенкі, ён у думках замірыўся з перспектывай трываць яе тут яшчэ колькі дзён.
Яны моўчкі павячэралі і папілі гарбаты. Грынкевіч пасцяліў Машы ложак, а сам уладкаваўся на падлозе. Яна пакпіла з яго, але ён праігнараваў рэплікі кшталту: «У цябе цэлібат?». Ён вырашыў перачакаць на кухні, пакуль Маша засне. Узяў партытуру і паспрабаваў яе вучыць. У тэлефоне былі прапушчаныя званкі ад Ірыны, прычым набірала яна яго нядаўна, можа быць, сёння начуе ў маці, таму не баіцца званіць.
Размова пачыналася мірна, але тут Ірына пачула на заднім плане голас Машы, якая паклікала Грынкевіча.
— Ну, гэта ўжо занадта! — прамовіла маладая спявачка і паклала слухаўку.
Донна Эльвіра сыходзіць, ведучы за сабой Дзэрліну.
Сцэна XI
Дон Джавані адзін, потым дон Атавіа і донна Анна.
Рэчытатыў «Mi par ch'oggi il demonio si diverta...».
Цяпер Маша была ягоным злым дэманам. Сярод ночы яна пачала ціхенька стагнаць, бо ёй зноў забалела нага, а дзеянне болесуцішальнага скончылася. Давялося даць ёй лекаў, якія параілі ў траўмапункце. Госця пачала плакаць, пэўна, каб звярнуць на сябе ўвагу і выціснуць з Грынкевіча хоць кроплю пяшчоты. Ён са спакоем дзяжурнага лекара накрапаў ёй яшчэ і спецыяльна набытага сардэчніка ды стаў чакаць, пакуль яна засне. Сам ён спаць не мог, хоць і спрабаваў занурыцца ў сон. Некалькі разоў ён усхопліваўся, каб пакурыць, а заадно праверыць, ці няма СМС ад Ірыны. Ён пісаў ёй дзясяткі пасланняў, але яна маўчала. Грынкевічу стала страшна страціць яе праз такое вось глупства.
Ён пісаў і пісаў СМСкі, пакуль на рахунку не скончыліся грошы. Урэшце ён зразумеў, што ўсё адно не можа заснуць, а таму ўзяў ноўтбук і зноў пайшоў на кухню. Ён думаў спачатку сачыніць ліст бацьку, але ўбачыў у скрынцы паведамленне з сайта сацыяльнай сеткі, дзе шукаў Анну Рупель. Яна напісала яму. Нарэшце! «Дарагі Аляксей! Маё дзявочае прозвішча і сапраўды Рупель, але я нарадзілася ў Маскве і жыву ў Піцеры ўсяго сёмы год. Тут я пасялілася пасля таго, як выйшла замуж. Я сапраўды цікаўлюся балетам, але ніколі ім не займалася. Да оперы стаўлюся досыць спакойна. Таму, напэўна, Вы памыліліся і прынялі мяне за іншую...»
Джавані ў вялікай роспачы, бо сёння ўсе яго планы павесяліцца і пазаляцацца да прыгажуняў чамусьці разбураюцца. Як быццам сапраўды з ім гуляецца д'ябал. Прынамсі, ён, Джавані, не можа са звыклым спрытам залагодзіць усе справы. Жанчыны адна за адной сыходзяць ад яго.
Анна Рупель абнавіла сваю старонку. Цяпер там з'явіліся фотаздымкі маладой жанчыны, якая нічым не нагадвала той, каго шукаў Грынкевіч. Адчуй сябе Фаўстам, якому засталося покрыва замест жанчыны. Яму раптам падумалася, што гэты ліст быў самай балючай стратай мінулага дня, нават траблы з Машай ды Ірынай неяк адсунуліся на дальні план. Ён пачаў перабіраць у памяці хоць якіх знаёмых, праз каго можна было адшукаць сляды Нюты. Нават ідэя выйсці на Антона Рупеля цяпер не падавалася шалёнай. Прынамсі, хоць нейкія нітачкі.
Пошук выдаў яму сайт кінакампаніі, дзе Рупель займаў нейкую адміністрацыйную пасаду. Мэйла там не было, быў толькі кантактны сотавы тэлефон. Грынкевіч занёс яго ў нататнік сваёй мабілкі і вырашыў тэлефанаваць ужо заўтра, як толькі падкіне на рахунак грошай. А пакуль ён узяў з палічкі томік з дзіўным подпісам на фарзацы і пачаў чытаць:
Б'е дзве гадзіны! Цёплае, насычанае электрычнасцю дыханне дакранулася да мяне — я чую слабенькі водар далікатнай італьянскай парфумы, па якой учора адразу адчуў прысутнасць суседкі; мной апаноўвае шчасны стан, які я, бадай што, мог бы выказаць толькі гукамі. Вецер ужо свішча па зале, вось у аркестры зазвінелі фартэпіянныя струны. Мне пачуўся голас Анны: «Non ті bell'idol тіо!». Быццам аднекуль вельмі здалёк, як на крылах, даляцеў ён да мяне ва ўсё больш чутных гуках аркестра. Раскрыйся, далёкае, невядомае царства духаў, край дзівосаў — Джыністан, дзе ў невыказнай дабрадайнай скрусе, як у найвялікшай радасці, для захопленай душы з надмерам выконваецца ўсё абяцанае на зямлі! Дазволь мне ўступіць у кола тваіх чароўных прывідаў. Няхай сон, твой вястун, якога ты пасылаеш навеяць на смяротных жудасць альбо ашчаслівіць іх, — няхай, калі я засну і цела будзе скавана свінцовымі путамі, няхай панясе ён мой дух у эфірныя селішчы!