Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - Юлия Шарова 21 стр.


Прачнуўся ён за паўгадзіны да пачатку рэпетыцыі. Сёння была першая аркестравая «Дона Джавані», але ў галаве ў дырыгента было што заўгодна, толькі не партытура. У дадатак ён зразумеў, што ад спання на падлозе яму скавышом моцна працяло шыю — дырыгаваць у такім стане было не дужа зручна.

З кватэры Грынкевіч вылецеў, ледзь паспеўшы пачысціць зубы і пры гэтым не забыўшыся кінуць у заплечнік свежую футболку, на ўсялякі выпадак. Часу на сняданак не было, ужо не кажучы пра тое, каб зазірнуць у аптэку і набыць сагравальную мазь. Нічога, так разыдзецца, калі пару­

хацца. Ён злавіў папутку, як у далёкія студэнцкія часы. У машыне, якая падкінула яго да месца, грала радыё, у навінах казалі нешта пра сонечнае зацьменне і фатальнасць падзеяў, што могуць здарыцца сёння.

На сцэне з'яўляюцца дон Атавіа і донна Анна. Толькі гэтага бракавала дону Джавані! Донна Анна ў жалобе па загінулым бацьку.

Тое, што ён спазняўся, якраз трапляла пад азначэнне фатальнасці. Ягоныя аркестранты будуць яго чакаць, ён ведаў, бо паспеў прывучыць свой склад прыходзіць своечасова. За гэта яго называлі «нярускім», але ж шанавалі, а Грынкевіч цаніў свой цяжка заваяваны аўтарытэт.

За восем гадоў яму шмат калі давялося пераступіць і цераз самога сябе, каб навучыцца выбухаць толькі тады, калі іншай рэакцыі на ўчынкі атачэння ўжо быць не можа. Ён выпрацоўваў у сабе цярпенне і вытрымку, ён рыхтаваўся да кожнай рэпетыцыі, каб на ёй не было нічога лішняга. Ён усё планаваў — што, калі, у якой ступені ён зробіць сёння. У гэтым сэнсе яго таксама не ўсе разумелі і часам казалі, што Грынкевіч працуе на рэпетыцыях, як інжынер за дошкай для крэслення. Але ж у працы ён быў зручным для тых, хто таксама трымаўся пэўных рамак. Пэўна ж, ён быў «нярускім». Зрэшты, навакольныя рускія цанілі тое, што рэпетыцыя ніколі не працягвалася до­лей, чым трэба. І разам з тым баяліся раззлаваць чарговага дырыгента, бо ён мог адной заўвагай раскатаць таго, хто выпрабоўваў яго цярпенне.

Донна Анна заўважае дона Джавані і звяртаецца да яго з просьбай дапамагчы. Ёй пасуе жа­лобны строй, а Джавані не павінен выдаваць сябе (а ён забойца Камандора), і таму свавольнік пачынае ўсяляк прысягаць беднай жанчыне ў вернасці. Ён кажа, што гатовы здзейсцніць дзеля яе любы подзвіг. І крывадушна цікавіцца: а чаму сіньёра такая сумная, хто яе пакрыўдзіў?

Ён прыбег у залу, дзе рэпеціраваў аркестр, са спазненнем на дзесяць хвілінаў. Спрабаваў быць бадзёрым і ўпэўненым, але зразумеў, што праца валіцца з рук у непераносным значэнні гэтага слова. Рукі насамрэч не слухаліся, паўбяссонная ноч давалася ў знакі. Праз паўгадзіны ён адчуў, што нават не ўслухоўваецца ў тое, што граюць пэўныя групы інструментаў. Ён не меў плана дзеянняў на гэту рэпетыцыю, але меў шмат думак пра ўсё, што адбывалася ў яго на асабістым фронце. Музыка рассыпалася, як парваныя пацеркі. І цягам першай гадзіны рэпетыцыі ён нагадваў чалавека, які поўзае па падлозе і шукае перлінкі, што закаціліся немаведама куды. Яго не пазнавалі нават тыя, хто памятаў Грынкевіча неспрактыкаваным студэнтам.

Падчас першага перапынку яму патэлефанаваў дырэктар і папрасіў зайсці хвілін праз трыццаць. Грынкевіч вырашыў, што на ўсю наступную гадзіну трэба пакінуць аркестр на Васю, пагатоў сёння ўсё адно ніякай рэпетыцыі. Так ён і зрабіў, даўшы стажору пакруціць швейную машынку, а сам пайшоў у буфет.

Сцэна XII

Тыя ж самыя і донна Эльвіра. Яна вылятае на сцэну, як ядро з гарматы, і сваім з'яўленнем яшчэ болей ускладняе свавольніку жыццё.

Але спакойна паснедаць і выпіць кавы яму перашкодзіла Маша. Яна званіла, вядома, з хатняга тэлефона Грынкевіча. Збанкрутаваць нявернага каханка хоць у нечым было святой справай.

— Значыцца, Анна — гэта тая, што пакінула ў цябе сваю заколку? — наляцела яна на яго, як куніца на зграйку куранятаў.

— Якая Анна?.. — збянтэжана перапытаўся Грынкевіч. — Пры чым тут Анна?..

Маша нешта казала, а ён спрабаваў даўмецца, што яна курыць. Відаць, яна палазіла па ягоных рэчах, бо Ірыніну заколку ён учора рэф лек торна запхнуў у кішеню пінжака. Гэта быў галоўны рэчыўны доказ таго, што ў ягонай кватэры гасцявала іншая жанчына.

— Ты сёння ў сне клікаў нейкую Анну! — выпаліла Маша. — Божа, якая я дура! Я павінна была зразумець, што ты тут кагосьці знайшоў! І ты так лёгка мяняеш жанчыну на жанчыну! Ты свалата, а я, я.

— Ага, я такі, Маша. А цяпер бывай, мне трэба працаваць.

Добра было, што Маша нарэшце зразумела прычыну. Добра было, што яна ніколі ў жыцці не вылічыць Іры. Часам варта чытаць і перачытваць Гофмана, Herr Кареіітеівіег. Грынкевіч ужо на хаду праглынуў рэшткі кавы і пабег на вуліцу, каб яшчэ выкурыць хоць паўцыгарэты перад візітам у дырэктарскі кабінет. Ён меў нейкае хвалявальнае прадчуванне, не тое, каб нядобрае, але гэта было, нібы ён выходзіць на сцэну на ўласнай прэм'еры. Невытлумачальны мандраж.

На самым выхадзе Маша дастала яго зноў, яна тэлефанавала пацікавіцца, ці будзе ён на вячэру піцу — яна прыгатуе.

— Якая піца?! Маша, сонейка, збірай рэчы і язджай адсюль! — ціха прарычаў ён у слухаўку, і гэтае ціхае рычанне было страшнейшым за гучны крык.

Грынкевіч трапіў у замкнёнае кола і цяпер ужо не ведаў, што яму рабіць. Заставалася толькі шукаць знаёмых псіхіятраў і здаць Машу на прымусовае лекаванне. Кажуць, у зацьменне вар'яты актывізуюцца. Ён брудна вылаяўся сабе пад нос і вылецеў на двор са службовага ўвахода, збіваючы з ног нейкую дзяўчыну, што ішла насустрач. У яе з рук паваліўся стос папер і кніжка, а дакладней, клавір. Ён машынальна прамармытаў словы выбачэння і кінуўся збіраць раскіданыя рэчы. Кніжка ўпала, раскрыўшыся на фарзацы, дзе было нешта напісана... І Грынкевіч раптам пазнаў свой уласны почырк: «Амадэю-малодшаму ў дзень народзінаў. 24.01.1991. А.»

№ 9: Квартэт «Non ti fidar, o misera...».

— Жылі-былі два Амадэі... — пачуў ён голас дзяўчыны, і голас быў такім, быццам цёплыя сонечныя промні крануліся ягонага сэрца. — Два Амадэі, якія нарадзіліся з розніцай у два гады і трыста шэсцьдзясят тры дні. Калісьці ў папярэднім жыцці іх абодвух клікалі Амадэямі, але праз розніцу ажно ў дваццаць гадоў ім не давялося пасядзець разам у вінным склепе. Амадэй-старэйшы адляцеў у вырай тады, калі Амадэя-малодшага яшчэ клікалі Вільгельмам. Амадэй-малодшы смуткаваў цягам усяго свайго нядоўгага зямного быцця. Ён выклікаў дух Амадэя-старэйшага шторазу, калі раскладваў перад сабой яго партытуры. А потым сам адляцеў у вырай і шукаў там старэйшага Амадэя, але ўсё не мог знайсці...

— Ты?..

Яна стаяла перад ім, жывая, неілюзорная, непрыдуманая, бо ён мог не толькі ўзірацца ў дзівоснасінія вочы, але і чуць ейны голас, адчуваць тонкі гаркаваты вод ар парфумы. Яна стаяла, трымаючы ў руках толькі што сабраныя паперы, і ўсміхалася.

— А потым два Амадэі сустрэліся. Праўда, нешта там у кармічнай канцылярыі пераблыталі, таму аднаго з Амадэяў зрабілі хлопчыкам, а іншага — дзяўчынкай.

— Нюта!..

Донна Эльвіра звяртаецца да донны Анны, але ўжо зусім іначай, чым да Дзэрліны. Яна пакорліва просіць не давяраць дону Джавані, бо ўсё, што той кажа,падман.

Яму хацелася абняць яе і цалкам упэўніцца, што ён не сніць гэтай сустрэчы. Але ён толькі моўчкі працягнуў дзяўчыне клавір. Яна ўзяла яго і таксама моўчкі прыціснула кніжку да грудзей. Выглядала яна гэтым разам не як антычная німфа, а як сімпатычная студэнтка: сіняя куртка, джынсы, блакітны швэдрык, фіялетавыя замшавыя туфлі на невысокім абцасе, лёгкая крэмавага ко­леру хустка на шыі, на плячы скураная торба з фіялетавымі замшавымі ўстаўкамі. Вельмі доўгія цёмныя валасы былі распушчаныя і расчасаныя на роўны прабор. І ў гэтым чыстым адкрытым ілбе, у гэтым позірку сініх вачэй было нешта спакойнае, нешта гаючае, чаго Грынкевічу апошнім часам так бракавала.

— Мяне тысячу гадоў так не называлі, — ціха сказала яна, але ўжо без усмешкі. — Рада вас бачыць зноў, Herr Kapellmeister.

— Як жа гэта. — замармытаў ён. — Я цябе шукаў пасля таго, як мы тады ў Маскве сустрэліся. І тут раптам у N. Як жа гэта.

Тут у дзяўчыны зазваніў тэлефон.

— Так, добры дзень. Так, я памятаю, дзе ваш кабінет. Не, не трэба, я яго ўжо сустрэла. Неўзабаве будзем.

Грынкевічу падалося, што калі яна зараз сыдзе, то ён страціць нейкі апошні шанец. Анна зноў знікне, і ён ужо болей не знойдзе яе. Але насуперак усялякай логіцы ён не запытаўся нумара тэлефона, не папрасіў мэйла ці нікнэйма ў скайпе. Яго панесла, як раку ў веснавую паводку:

— Я пра цябе часта думаў. І сніў цябе. Мне так патрэбныя мы з табой колішнія. Мары. Размовы на тарабарскай мове, якую толькі ты і разумела. Калі ноччу на кухні за пляшкай віна не хочацца спаць, а толькі размаўляць пра мастацтва. Мне тут няма з кім размаўляць. Ты ведаеш, я стараюся быць прафесійным і шмат чаго дасягнуў. Я стараюся не блытаць стан творчага натхнення са звычайным раздзяўбайствам, а пустату натуры не кампенсаваць яе шырынёй. Я стараюся не патануць у багне, калі ўжо робіцца ўсё адно, што з табой будзе далей. Але, Нюта, якое дачыненне ўсё гэта мае да мастацтва?.. Да творчасці?.. Мне як быц­цам дастаўся разбіты раяль, і я ўжо восем гадоў даводжу яго да ладу — там струну запазычу, там з'едзенае моллю сукно памяняю. А калі на ім граць? Мне трыццаць тры гады. Для мужчыны — гэта палова жыцця. Для дырыгента — узрост немаўляці. Я прымушаю сябе памятаць пра апошняе, і таму пакуль мяне не паглынула роспач. Бо нічога ж яшчэ не зроблена, усё гэта — толькі падрыхтоўка ўзлётнай паласы.

Ён раптам спыніўся і змоўк.

— Даруй, я зноў не пра тое. Я і ў Маскве загрузіў цябе Курэнтзісам і ўсім астатнім.

— Нічога, цяпер усё будзе іначай. Не маўчы, кажы. Ты, відаць, доўга маўчаў. І. мне таксама цябе бракавала. Вельмі.

Гэтыя словы яна прамовіла таксама без усмешкі і пры гэтым апусціла вочы. Грынкевіч выдыхнуў. Ён ужо амаль не адчуваў зямлі пад нагамі, але гэта быў стан нейкага найвышэйшага шчасця, якое можна нечакана спасцігнуць хіба ў вельмі рэдкія хвіліны. Як быццам ён восем гадоў пражыў на чужыне і толькі цяпер сустрэў суайчынніка.

— Але нам трэба ісці, — раптам сказала яна амаль дзелавым тонам.

— Куды?! — агаломшана запытаўся Грынкевіч. Ён вяртаўся ў рэчаіснасць, як чалавек, якога выводзяць са стану поўнай анестэзіі.

— Да дырэктара. Ён сказаў, што выклікаў цябе таксама, — адказала Анна, якая ў сваю чаргу не разумела здзіўлення свайго суразмоўцы. — Ці ты яшчэ не ведаеш?.. Праўда не ведаеш?!

Грынкевіч толькі хістаў галавой. Тады Анна засмяялася:

— Я ж прыехала сюды ставіць «Дона Джавані»!

Назад Дальше