Донна Анна і дон Атавіа ўражаныя і самім з'яўленнем донны Эльвіры, і яе словамі. Яна трымаецца вельмі годна і вельмі высакародна, ейныя слёзы ў вачах — не фальш.
Пасля кароткага прыёму ў дырэктара, сэнс якога быў у тым, каб пазнаёміць дырыгента і рэжысёра спектакля, Грынкевіч вярнуўся да сваіх аркестрантаў. Да канца рэпетыцыі ён быў у амаль самнамбулічным стане. Ён мала што зразумеў з Анніных тлумачэнняў, якія яна паспела даць. Вядома было толькі, што яна рэжысёр «Дона Джавані» і яна будзе тут у найбліжэйшыя два з паловай месяцы, хай сабе наездамі, але будзе, а значыцца, напраўду нікуды не падзенецца. Болей за тое, яна цяпер сустракаецца з мастаком, яшчэ пагутарыць з дырэктарам, а пасля чакацьме Грынкевіча, каб разам паабедаць. З ейных вуснаў гэта гучала так, як быццам яны не бачыліся ўсяго пару дзён і проста трэба сёе-тое па працы абмеркаваць, а для яго, для Грынкевіча, гэта было як запрашэнне сесці на кілім-самалёт і скіравацца ў краіну здзяйснення мараў.
Вядома, што і па працы ім трэба шмат пра што пагутарыць, але праца не ішла да галавы. Збольшага таму, што Грынкевіч цяпер пачуваўся вучнем мага, калі таму самастойна ўдалося начараваць прыход чалавека, сустрэць якога без чарадзейства было амаль немагчыма. Яна прыйшла так, быццам прачытала ягоныя думкі на адлегласці, і гэта само па сабе было цудам, здольным уразіць любога. Скончыўшы рэпетыцыю, Грынкевіч пайшоў на сустрэчу з ёй. Ці ўсё ж на спатканне?
Анна напраўду сядзела на канапе ў фае службовага ўвахода і чакала яго. Яна зноў зірнула на яго з усмешкай: маўляў, дарма ты, дурненькі, не верыш у рэальнасць усяго, што адбываецца. І затраскацела так, што ён цяпер пазнаваў колішнюю Нюту. Адразу запісала ў сваю мабілку нумар Грынкевіча. Пачала апавядаць, пра што яны дамовіліся з мастаком, як яна дабіралася сюды амаль з прыгодамі і нават была палічыла гэта кепскім знакам, але ж «Дон Джавані» — гэта праца, дзеля якой не толькі варта, а трэба рызыкаваць.
Грынкевіч слухаў яе, ледзь паспяваючы ўстаўляць адно-два словы паміж маналогамі. Нарэшце ён моўчкі абняў яе адной рукой за плечы, і так яны рушылі з тэатра на вуліцу. Толькі тады Анна змоўкла і як котка пацёрлася шчакой аб ягонае плячо.
— Як жа мы мяняемся і разам з тым застаемся ранейшымі. — прашаптала яна.
Ён нічога не адказаў. Проста цешыўся ейнай прысутнасцю побач. І яна таксама маўчала ажно да самай кавярні, куды яны прыйшлі. Яны занялі столік ля акна ў зоне курцоў: Анна пагадзілася тут сесці, бо народу пакуль было няшмат. Час абедзеннага меню скончыўся, а час вячэры ды іншых забаў не надышоў — такі графік у людзей, што жывуць паводле схемы «ад дзявятай да шостай». Багема, зразумела, у гэтую схему не ўпісваецца.
— Ну, а цяпер распавядай па парадку, як цябе да нас занесла, — сказаў Грынкевіч, калі яны ўладкаваліся за столікам і вырашылі, што замаўляць.
— Вельмі проста і вельмі складана. Вучылася я ў Маскве, прычым спачатку гэта была рэжысура драмы. Я ўжо тады, калі на пэа вучылася, пра гэта думала. Таму, натуральна, у кансерву я нават і не паступала. Якраз скончыла ўніверсітэт. Знайшла рэпетытараў. Рыхтавалася цэлы год па майстэрстве, чытала кніжкі па гісторыі тэатра, глядзела касеты і дыскі са спектаклямі, сама па тэатрах бадзялася, наведвала ўсё, што можна. Карацей, прарвалася. Потым здала кватэру ў Піцеры, каб было чым плаціць за навучанне, ды з'ехала ў Маскву. Я цяпер там ужо стала жыву. Вучылася на драме. А потым неяк уцягнулася ў музычны тэатр і перавялася. Праўда, у мяне ў Нямеччыне ёсць некалькі супольных драматычных работ, а тут збольшага мюзіклы.
— Мюзіклы? Нечакана.
— Чаму? Тут я маю болей магчымасцяў, гэткі кампраміс паміж драмай і музычным тэатрам. І потым, яны мяне няблага кормяць. А дыплом я ўвогуле ў аперэце рабіла. І сюды трапіла выпадкова. Ваш галоўны на фестывалі пазнаёміўся з маім педагогам, ну, былым педагогам, зразумела. Запрасіў таго ставіць «Дона Джавані». А мой педагог дужа заняты, дый увогуле опера не ягоны канёк, вось ён і сказаў: ёсць дзяўчынка, талковая, рэкамендую. Так я сюды і прыехала.
— Нейкая Лана Іванова павінна была ставіць. Што ж так усё памянялася?
Анна пырснула са смеху.
— Нічога не памянялася. Гэта маё новае прозвішча.
Неба ўжо не падавалася такім высокім, сонца — цёплым, а позірк ейных вачэй — гаючым.
Дон Джавані пачынае апраўдвацца перад доннай Аннай і донам Атавіа, спрабуе выставіць донну Эльвіру як неадэкватную асобу і хоча ўвесці яе, каб не распальваць новага скандалу.
— А, ты ж не ведаеш. Я ўзяла дзявочае прозвішча маці. Даўно, яшчэ ў той год, калі ты з Піцера з'ехаў. А Лана — гэта ўжо псеўданім. Так маці называлі скарочана, ад Леаніды. Дачка ільва. Дзеда звалі Львом. Ну, ты ж памятаеш, у мяне дзед быў спецыялістам па старажытных мовах, вельмі любіў антычнасць.
— Безумоўна, памятаю, — ажывіўся Грынкевіч, — як мы з табой «Залатога асла» чыталі, а табе было гадоў чатырнаццаць. Кніжка з прафесарскай бібліятэкі, сур'ёзная кніжка! А твая нямецкая бабця не ведала пра клубнічны прысмак антычнай літаратуры. Іначай схавала б ад цябе такое.
Анна залілася сонечным смехам ад гэтых успамінаў, а потым дадала:
— Вось такое імя мела мая маці. Мне яно спадабалася ў скарочаным выглядзе, так я і стала падпісвацца на афішах — Лана Іванова.
— А я думаў, замуж выйшла, — ужо весела і нязмушана сказаў Аляксей.
— Пакуль не, але ўсё можа быць, — адказала яна. — Дарэчы, Гюнтар прыехаў са мной і будзе тут пару дзён. Вам варта пазнаёміцца.
— Гюнтар — гэта?.. — запытаўся Грынкевіч, зноў пазмрачнеўшы.
— Гюнтар — гэта мой сябар. мой блізкі сябар, будзем так казаць.
— Людскай мовай кажучы — бойфрэнд, — з лёгкай прыкрасцю ўдакладніў Грынкевіч, але Анна гэтай прыкрасці адчуць не паспела.
Становішча цяпер зрабілася акрэсленым, і ён ужо не летуценіў, як у першыя хвіліны сустрэчы. Ну, а чаго ён хацеў? За восем гадоў усё мяняецца. Гюнтар — гэта, відаць, той бляклы, як моль, рудаваты хлопец, якога ён бачыў у Маскве ў зале Чайкоўскага. Гюнтар дык Гюнтар. Але ж ёсць рэчы, якія заўсёды звязвалі іх з Аннай, нават тады, калі кожны вёў свой асобны донжуанаўскі каталог. Відаць, яны і захаваліся, як тыя зернейкі паміж пяскоў егіпецкай зямлі, а значыць, ёсць нешта панад усімі гюнтарамі ды машамі. Тым не менш сэрца глуха білася аб краты з рэбраў, як зняволены — ад крыўды на несправядлівы прысуд.
Дадому ён у той дзень вярнуўся вельмі позна. Маша ляжала на ложку, шчоўкаючы на пульце каналы тэлевізара. У хаце пахла прыгарэлай ежай. На кухні на падлозе сям-там была рассыпаная мука, а на сценах і стале дзе-нідзе засталіся дробныя сляды вытворчасці піцы. Піца, відаць, і згарэла. Грынкевіч не сказаў на гэта нічога. Калі Маша памкнулася да яго на кухню, каб гатаваць вячэру, ён сказаў, што есці не хоча.
Донна Эльвіра не здаецца. Яна просіць Анну і Атавіа не верыць хлусу і не пакідаць яе.
— Ты шмат не бегай, — прамовіў ён без ценю злосці. — Нага баліць?
— Жыць можна, — адказала Маша, здзіўленая ягонай дружалюбнасцю.
Ён нічога на гэта не адказаў. Пасля таго, што сёння адбылося, ужо ніякая Маша не магла збіць гэты асаблівы натхнёны настрой. Грынкевіч зрабіў сабе кавы і сеў на кухні вучыць партытуру. Ён нават забыўся на тое, што трэція суткі не спаў як належыць, дый уражанняў было занадта. Наадварот, яму зноў захацелася працаваць і нешта рабіць. Маша проста перастала існаваць для яго, і цяпер ён мог вытрываць яе ў сваёй хаце хоць да скону, абы толькі яна не лезла з камунікаваннем.
А яна ўсё адно лезла. Зноў прывалаклася, кульгаючы, на кухню і пацікавілася ў Грынкевіча, што з ім такое здарылася. Той паціснуў плячыма і сказаў, што нічога асаблівага. Зазвінеў ягоны мабільнік — гэта была Анна, якая забылася ўдакладніць, калі ў яго заўтра аркестравая і ці можна на ёй папрысутнічаць. Безумоўна, можна! Ейны голас зноў сагрэў яго, і Маша разам з Ірынай, а таксама незнаёмы пакуль Гюнтар раптам ператварыліся ў пар і развеял іся ў паветры.
Калі ён скончыў размову, то злавіў роспачны позірк Машы. Жаночая чуйка, пэўна, падказала ёй, што справа гэта куды сур'ёзнейшая, чым заколка ў кішэні пінжака.
— Памятаеш Анну Рупель? — замест адказу на нямое пытанне прамовіў Грынкевіч, які вырашыў, што мала чым рызыкуе ў такой сытуацыі. — Маю даўнюю сяброўку з Піцера. Дык вось яна ў мяне рэжысёр-пастаноўшчык «Дона Джавані», уяві сабе.
— Што?! — хацела выгукнуць, але толькі выдыхнула Маша і прысела на зэдлік.
Грынкевіч прамаўчаў і зноў паспрабаваў занурыцца ў ноты.
— Дык гэта яе ты клікаў у сне?!
Ён зноў моўчкі дакарыў сябе за тое, што сказаў лішняга. Цяпер яго чакае высвятленне адносінаў, якіх няма.
— Яна яшчэ не памёрла ад СНІДу ці пранцаў? Зразумела, я яе памятаю. — забухцела Маша. — Сяброўка, ага. Гэта тая шлюндра з тыфознай стрыжкай і з праколатай губой. Якая мяне запэўнівала, што вы проста сябры. Анна Рупель. Псеўдаінтэлектуалка, нікому не адмаўляла, толькі табе адмовіла. Памятаю я гэтую легенду, ага. «Не руш! Не руш чалавека!» — ты гэта мне тады крычэў. «Ты не разумееш, яна зламаная, таму яна такая. Яна як адламаная галінка, ёй трэба новыя карані пусціць, каб працягваць жыць.» Грынкевіч, я гэтыя словы ніколі не забуду. Гэтага нельга забыць! І што цяпер?
— А цяпер, Маша, ты заткнешся і дасі мне папрацаваць.
Яна яшчэ нешта хацела сказаць, але толькі паварушыла вуснамі, як рыба ў вадзе. Праз хвілю гэтыя вусны скрывіліся, Маша зараўла і зачыкільгала ў пакой. Грынкевіч зразумеў, што з партытурай ён сёння ўжо не папрацуе. Тады ён пайшоў у пакой, узяў у заплечнік сякія-такія рэчы, якіх хопіць, каб пару дзён пражыць не дома, і пайшоў апранацца. Пабачыўшы ягоныя манеўры, Маша перастала раўці.
— Ідзі, ідзі да сваёй шлюндры, — зашыпела яна. — Рэжысёр яна, бачыш, татуля, відаць, пад сраку пхаў. І што, яна дагэтуль ходзіць амаль лысая ды ў кедах? У цябе на такую стаіць?
Гэтыя словы Грынкевіч пачуў ужо з вітальні, калі зашнуроўваў чаравікі.
Скандал тым часам разгараецца, і дон Джавані нічога з гэтым не можа зрабіць. Эльвіра ўжо наўмысна шуміць, распавядае пра свае пакуты, пра растаптанае каханне. Донна Анна і дон Атавіа паступова схіляюцца на яе бок.