— Дарагая, будзеш адкручваць газавыя краны, не забудзь таксама пра духоўку, — адказаў ён. — Адтуль болей газу ідзе. І вокны не расчыняй ні ў якім разе. Запалкі ды запальнічкі я забраў, мне тут выбух непатрэбны. Калі што, дык лёзы на люстэрцы ў лазенцы. Ванну напаўняй амаль гарачай вадой, надрэзы на руках робяцца ўздоўж, а не ўпоперак. І як мага даўжэйшыя, сантыметраў па дзесяць! Можаш уключыць «Развітальную» сімфонію Гайдна, я дазваляю. Пашукай там у мяне на стэлажы. Скокаць з гаўбца не раю, тут невысока, адно скалечышся. Можаш таксама засіліцца, але я не хацеў бы знайсці цябе зранку абсіканай і абасранай, з вываленым языком і сінім тварам. Гэта не так эстэтычна, як белая ванна, запоўненая чырвонай ад крыві вадой!
— Жывёліна юрлівая! Сатыр!!! — закрычала Маша так, што суседзі за сценкай выключылі музыку.
А Грынкевіч ужо зачыніў за сабой дзверы і набіраў, ідучы па сходах, валтарніста Сашу. Той ласкава пагадзіўся даць яму палітычны прытулак у сябе на кухні, прынамсі на гэтую ноч. Аднойчы такі прыём у выпадку з Машай спрацаваў, і яна сама прыбралася. Цяпер Грынкевіч таксама спадзяваўся на поспех.
На чужой кухні пад гудзенне старой лядоўні ён, як ні дзіўна, цудоўна выспаўся і на наступны дзень свежым і бадзёрым прыйшоў на працу ў тэатр. Рэпетыцыя была суцэльнай асалодай, бо ў кутку сядзела Анна, трымаючы на каленях клавір. Сёння яна была ў клятчастай спадніцы крыху вышэй калена, у лёгкай шэрай кофтачцы і ў туфлях на высокіх абцасах. Валасы яна сабрала ў вузел на патыліцы. Грынкевіч выхопліваў позіркам то танец бліскучых завушніц, то прыўкрасна-балетны выгін шыі, то кранальную лагчынку паміж грудзямі, якую можна было ўбачыць праз выраз кофтачкі, то рух даволі вялікай рукі з доўгімі пальцамі, то каленку з ахайнымі ямінкамі. Калі ў перапынках яна падыходзіла да яго, Грынкевіч пачынаў натхнёна прамаўляць пра «Дона Джавані» ўсё, што назапасіў і што можна было выразіць толькі праз тарабарскую мову. У яго за спінай ужо даволі гучна шушукаліся, маўляў, распускае хвост перад новай кабетай. Ды што яны разумеюць! Гэта не тое, пра што яны думаюць, хацелася выгукнуць яму. Але сама Анна, відаць, усё гэта адчувала і ўспрымала сітуацыю з гумарам. Яна сёння трымалася ў прыязна-дзелавой манеры і ўжо не апускала вочы, размаўляючы з ім.
Сёння быў спектакль галоўнага, і таму Анна заставалася ў тэатры да самага вечара: ёй было цікава. Грынкевіч мусіў застацца таксама. Зрэшты, яму так ці іначай не было куды ісці, а правяраць, што там робіць Маша ў ягонай хаце, ён не спяшаўся.
Дон Атавіа заяўляе, што нікуды адсюль не сыдзе, пакуль не высветліць, што насамрэч адбываецца. Донна Анна таксама кажа: гэтая дама наўрад ці вар'ятка. Джавані думае, як яму ўцячы.
Да абеду ў тэатр прыйшоў Гюнтар. У ягонай прысутнасці Анна адразу змянілася, узяла яго пад руку і ўжо амаль не адпускала, як быццам ёй пагражала нейкая небяспека. Грынкевіч паглядзеў на Гюнтара крытычным вокам: невысокі хлопец, даволі худы, хоць і бачна, што спрабуе трэніравацца, завостраныя рысы твару, слабыя валасы, сабраныя ў светла-рудую коску. Нешта недарэчнае, побач з Аннай, такой прыгожай і характэрнай, проста як папяровая сурвэтка на стале ў экстрадарагой рэстарацыі.
Але ж трымаўся Гюнтар са спакоем і лёгкай паблажлівасцю кронпрынца, якому ўлада дасталася па праве нараджэння і таму яе не даводзіцца пацвярджаць. Ён няблага размаўляў па-руску, а калі нечага не зусім разумеў, то перапытваў у Анны і тая яму перакладала. За абедам пачалі размаўляць пра тэатр. Гюнтару ў пэўным сэнсе пашэнціла, бо ён ніколі не думаў, ці прынясуць ягоныя экзэрсісы хуткія грошы. Яго бацька мае нейкі зусім не мізэрны працэнт акцый у буйным фармацэўтычным канцэрне, таму ўжо цяпер выдатна забяспечыў сына, дый нават будучым унукам дастанецца. Мець фінансавую падушку — вялікая справа, тады можна рабіць менавіта тое, што хочаш. А чаго ж хацеў Гюнтар?
Гюнтар хацеў сацыяльны тэатр. Вось літаральна сёння яму скінуў сваю п'есу малады і цікавы аўтар, там пра хворага на СНІД мастака і пра яго апошнія дні ў хоспісе. Рэжысёр яшчэ не чытаў п'есы, але калі там збольшага ладныя дыялогі, то ён возьме гэты опус у працу і пасля новага года прыступіць да рэпетыцый. Анна паедзе з ім і таксама будзе ставіць. Магчыма, толькі яна і будзе ажыццяўляць рэжысуру, а Гюнтар выступіць у якасці прадусара. Яму не праблема была сабраць нешта накшталт маленькай антрэпрызы са студэнтаў-актораў і зрабіць спектакль «са сваім бачаннем». Праўда, цяпер праца пачала прыносіць грошы, асабліва пасля таго, як да яе далучылася Анна.
— Анна — мой талісман, — сказаў нямецкі тэатральшчык, абдымаючы сваю дзяўчыну.
Гэтая бляклая моль выклікала ў Грынкевіча ўсё большае раздражненне. Яму нават уяўлялася, што калі Гюнтара злёгку штурхануць, з яго пасыпецца бронзавая труха. А моль з захапленнем трындзела пра мастацтва, пра свае эксперыменты з пластычным тэатрам, пра спектаклі без словаў. Грынкевіч вырашыў не спаборнічаць з ім у харызме і проста маўчаў, амаль нічога не каментуючы. Гюнтар разважаў пра мусульманскую экспансію ў еўрапейскіх краінах, а Грынкевіч лавіў Анніны позіркі. Як жа яму хацелася ўбачыць у гэтых спакойных вачах шалёныя бліскавічкі.
Пасярод дэсерту, калі ім прынеслі каву і выпечку, здарылася чэпэ. У кавярню прычыкіляла Маша. Яна была ў плашчыку, кароткіх штанцах і хатніх тапках. Відаць, яна ўзяла ў N толькі абутак на абцасах, які быў непрыстасаваны для перасоўванняў з траўмаванай нагой. У руцэ яна трымала дарожную торбу.
Першай, хто заўважыў Машу, была Анна, бо яна сядзела тварам да ўвахода. Тое, што нешта здарылася, Грынкевіч зразумеў па ейным позірку. Маша не так змянілася за гэтыя восем гадоў, каб Анна яе не пазнала.
— Д-д-добры дзень. — няўпэўнена пралапатала Маша, падыходзячы да іхнага століка.
Яна, наадварот, з цяжкасцю пазнала Анну, а калі зразумела, што перад ёй даўняя канкурэнтка, дык зусім зніякавела. Надта ўжо мізэрнай цяпер выглядала Маша ў параўнанні з Аннай. Хатнія тапкі, кульгавы поступ, нага, перацягнутая бінтам, адсутнасць макіяжу і чарната пад вачыма — відаць, вынік бяссоннай ночы.
— Мне ў тэатры сказалі, што ты сюды пайшоў. — працягнула яна, звяртаючыся да Грынкевіча.
Дастала з кішэні плашча звязку ключоў і паклала яе на стол. Грынкевіч машынальна папрасіў у Анны і Гюнтара прабачэння і пайшоў следам за Машай, якая рушыла ў бок дзвярэй.
Джавані робіць апошнюю спробу ўтаймаваць Эльвіру, апелюе да ейнага пачуцця прыстойнасці. Але чым болей ён прыкладае намаганняў, тым болей Эльвіра распальваецца і скандаліць.
— Чаго ты ад мяне яшчэ хочаш?! — істэрычна ўскрыкнула дзяўчына, калі ён ужо на вуліцы ўчапіўся ў яе руку. — Усё, я з'язджаю, можаш радавацца! У мяне цягнік праз паўгадзіны.
— Абавязкова было сюды прыходзіць?
— Адкуль я ведала, што ты тут сваю блядзь акучваеш?! Я прыйшла ў тэатр аддаць табе ключы, а мне сказалі, што ты пайшоў абедаць і, пэўна, у гэту кавярню. Вось я і тут! Пусці мяне!
Грынкевіч адпусціў яе і думаў ужо вяртацца, але Маша раптам прамовіла:
— А яна незвычайная. Так змянілася. Ты ж цяпер яе дакладна не адпусціш, будзеш за ёй цягацца, як той кот за валяр'янкай.
— Бывай, Маша, — прамовіў Грынкевіч і пайшоў да Анны і Гюнтара.
Ён ужо сядзеў за столікам і спрабаваў надаць размове нязмушанасці, бо сыходзіць не мела сэнсу, калі ў кавярню са слязьмі на вачах зноў уварвалася Маша.
— Ніколі яна цябе не кахала. І цяпер не пакахае! Ты ёй непатрэбны, хіба так, пагуляцца. Можа пакуляецеся пару разоў, як у былыя часы. Бывайце здаровы! — выпаліла яна, як з кулямёта.
Донна Анна і дон Атавіа канчаткова запэўніваюцца ў тым, што Джавані нешта ад іх хавае і таму не заслугоўвае даверу.
І з плачам выйшла з кавярні. Гюнтар, які не ведаў усіх акалічнасцяў, але адчуваў, што гаворка ідзе пра нешта непрыемнае, запытальна глядзеў то на Анну, то на Грынкевіча. Анна спрабавала захоўваць спакой, але вусны ў яе напружана сціснуліся. Грынкевіч сказаў, што яму, відаць, усё ж варта сысці, расплаціўся па сваім рахунку і пайшоў дадому. Было яшчэ тры гадзіны да спектакля, і ён паспяваў праверыць, ці не ўчыніла Маша развітальны пагром у яго жытле. Але ўсё было нармальна, без разбурэнняў. Дзяўчына яўна дасягнула духоўнага прагрэсу, бо калі яна з'язджала з N два гады таму, то выбіла шкло ў акне на кухні.
Донна Эльвіра сыходзіць.
Рэчытатыў «Povera sventurata!».
На спектаклі ён зноў сустрэўся з Аннай і Гюнтарам, але наўмысна заняў месца ў зале падалей ад іх. Затое ён апынуўся побач з Ірынай, якая нават не павіталася. Ён, тым не менш, павітаўся сам і завёў свецкую размову. Дзяўчына спачатку рэагавала напружана, але потым зрабілася больш прыязнай. Грынкевіч шапнуў, што Маша з'ехала з канцамі.
— Ты дасі мне шанец? — запытаўся ён.
— Бадай што апошні, — шапнула Ірына.
Дон Джавані пасля сыходу Эльвіры таксама спяшаецца адкланяцца, маўляў, яму трэба суправаджаць гэтую нешчаслівіцу, каб яна чаго не нарабіла.
У антрактах ён падыходзіў да Анны. Яны мелі хвілінаў пяць, калі Гюнтар адышоўся. Грынкевіч не ведаў, як выкручвацца пасля прыкрай сцэны ў кавярні і ці варта нешта казаць пра Машу. Аднак Анна загаварыла сама.
— Я не ведала, што ў вас з Машай такая доўгая гісторыя выйшла.
— Яна паехала за мной у N, хоць я яе не клікаў, — адказаў Грынкевіч і падаў сінапсіс гэтай лаў-сторы.
Анна слухала з іранічнай паўусмешкай і нічога не каментавала. Гюнтар вяртаўся да іх, у яго прысутнасці згадкі пра мінулае былі ўдвая недарэчнымі. Грынкевіч пайшоў у залу на сваё мёсца, бо ўжо даўно далі другі званок. Ён дастаў мабільнік і напісаў СМС: «Я клікаў цябе, а прыехала яна. І гэта самая вялікая недарэчнасць у маім жыцці».
Ён асобна выбачаецца перад доннай Аннай і кажа, што заўсёды да яе паслугаў і яго дом заўсёды для яе адчынены.
Сядаючы, ён зірнуў у той бок залы, дзе ўладкавалася Анна са сваім спадарожнікам. Яна таксама глядзела на яго — са здзіўленнем, нават са збянтэжанасцю, як быццам змест СМС яе занадта ўразіў. «Пазней пагутарым. пра ўсё», — адказала яна СМСкай ужо позна ўначы.
Дон Джавані сыходзіць.
Сцэна XIII
Дон Атавіа і донна Анна.
№ 10: Акампанаваны рэчытатыў і арыя «Don Ottavio, son morta!».