Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - Юлия Шарова 7 стр.


Сцэна IV

Вуліца. Старадаўняя агароджа багатага дома, насупрацьгатэль. Золак. Дон Джавані і Лепарэла.

Рэчытатыў «Orsu, spicciati presto...».

Грынкевіч лічыў Маскву задужа небяспечным месцам: менавіта ў Маскве ён на кожным рагу напорваўся на даўняга сябра, аднакурсніка ці про­ста харошага чалавека, які марыў з ім і толькі з ім пабухаць. І менавіта ў Маскве Грынкевіч здраджваў свайму прынцыпу «ні кроплі алкаголю за працай». Вялікая Масква была месцам паселішча самотных душ. Прынамсі, гэтак яму здавалася кожны раз, калі ён сюды завітваў. Самотныя душы, што трапілі ў Маскву і грызлі свой кавалачак жыццёвага поспеху, пачуваліся як у Лімбе — камфортна, але журботна. Ён іх на свой капыл шкадаваў. Ці адно называў гэта шкадаваннем.

Ён нікому не мог адмовіць, нават калі адчуваў, што выпівае часта і замнога. Самотныя душы ўвесь час давалі яму зразумець, што памруць, пакуль не пакаштуюць ягонай пячонкі. І Грынкевіч, як той антычны герой-альтруіст, заўсёды быў пэўны — пячонка адрасце. Таму і ўгаворваў з чарговай самотнай і беспрытульнай душой пляшку-другую.

Так прамінуў першы тыдзень гэтай вандроўкі. А сёння яго чакала вельмі адказная п'янка: адна самотная душа хацела не проста разбавіць свае траблы гарэлкай — яна гатовая была даць грошай. Трэба разумець, у якасці кампенсацыі за з'едзеную пячонку. Воўчык, Грынкевічаў аднакурснік яшчэ па музвучэльні, прыехаў сюды і разгарнуў шпаркі бізнэс. Музыка для Воўчыка даўно перайшла ў шэраг салодка-настальгічных успамінаў пра юнацтва, калі ён «сапраўды жыў».

Іх рэдкія сустрэчы заўсёды былі напоўненыя рэтраспекцыямі. З такімі людзьмі ўвесь час пачуваешся нібы ў пральні, куды прыносіш мех вельмі розных анучак. Сюды белае, сюды каляровае, сюды бавоўну, а туды сінтэтыку. Манатонны і нудны занятак — гэтае сартаванне чужых траблаў. Але ж Воўчык так любіў намякаць, што без гэтага душэўнага прання гатовы засіліцца, так часта казаў, што грошы на мастацтва для яго не праблема... Што было больш важкім аргументам — уратаванне ад суіцыду ці атрыманне грошай — Грынкевіч не ведаў, але Воўчыка не пасылаў. Напэўна, ён усё ж гнаў двух зайцаў.

Аляксей быў старэйшым за Воўчыка на два з паловай гады, і, як тады казалі ўсе яго аднакашнікі, няясна што забыў на дырыгенцка-харавым аддзяленні. І праўда, навошта было пасля двух гадоў на музыказнаўчым, дзе ён быў выдатнікам-разумнічкам, забіраць дакументы і перапаступаць у іншую вучэльню, на менш прэстыжны а-ха? Воўчык быў адзіным, каго гэта мала цікавіла.

Воўчык, нявінная правінцыйная душа, з разяўленым ротам назіраў, як Грынкевіч дзеля размінкі пальцаў ганяў складаныя эцюды Шапэна, як ён з аркуша граў любыя харавыя партытуры, з якімі іншыя першакурснікі толькі пачыналі калупацца. Грынкевіч стаў яго каралём і богам, бо рашаў яму задачкі па гармоніі, вучыў курыць і распавядаў, як ездзіў на конкурсы за мяжу ў сваім піяністычным мінулым. А дзяўчаты. Найстарэйшы і найразумнейшы на курсе хлопец, нават калі ён не дужа высокі і ўвогуле не Апалон, адразу робіцца кумірам усіх без вынятку дзяўчат. Воўчык зайздросціў белай зайздрасцю.

Ён заўсёды з ахвотай бег па гарэлку і цыгарэты для старэйшага сябра, калі той раніцай пасля пагулянкі не мог узняцца з ложка. Ён без усялякіх спрэчак сыходзіў невядома куды на ўсю ноч з пакойчыка, які яны здымалі ўдвух, калі ў Грынкевіча было важнае спатканне. Ён частаваў яго пірагамі і сочывам, якія перадавала мама з роднага Рыбінска.

Так яны і прасябравалі, амаль па-сямейнаму, чатыры гады прасябравалі. Потым Воўчыка забралі ў войска, а Грынкевіч паступіў у кансерваторыю. Яшчэ пазней Воўчык прыехаў у Маскву, а Грынкевіч апынуўся ў N.

Лепарэла кажа дону Джавані, што мае да яго важную справу. Узяўшы з гаспадара клятву, што ён не будзе гневацца, лёкай кажа Джавані: сіньёр вядзе непрыстойнае жыццё. Дон Джавані разюшаны, але клятва стрымлівае яго ад таго, каб пабіць лёкая.

У Маскве Воўчыку было тужліва — прынамсі, пра гэта Грынкевіч чуў ад даўняга сябручка пры кожнай сустрэчы. Яму і ў Піцеры нявесела жылося, але ў Піцеры была свая рамантыка. Пасля вучэльні і войска Воўчык не пайшоў па дырыгенцка-харавой каляіне, а ціхенька збочыў на запасны пуць і скіраваўся на сартавальную станцыю. Ён і праўда пачаў у Маскве з разгрузкі вагонаў. Затое цяпер меў фірму «купі-прадай» з раскіданымі па горадзе гандлёвымі пунктамі, машыну, чатырохпакаёвыя апартаменты ў адносна новым доме, жонку і дваіх дзяцей у хаце, а таксама студэнтку на ўтрыманні недзе ў нанятай кватэры. Ён адбыўся як мужык! І пакуль Воўчык быў цвярозы, гэтая адбытасць складала асноўны змест размовы.

Вось і цяпер яны сядзелі ў рэстарацыі на Арбаце, з акна якой быў відаць бронзавы Пушкін з бронзавай жонкай. Графін, у якім афіцыянт прынёс ім пяцьсот грамаў гарэлкі, быў выпіты ўсяго напалову. Воўчык натхнёна расказваў пра перспектывы свайго бізнэсу. Грынкевіч глядзеў на бронзавага Пушкіна і згадваў «Меднага вершніка», а потым адразу — «Каменнага госця».

— Я вось хачу яшчэ адну крамку адчыніць. З бялізнай кітайскай, ну там, станікі розныя, майткі-шмайткі. Мне месца добрае саступаюць у пераходзе, трэба браць, — хваліўся Воўчык.

— За твае планы і іх рэалізацыю! — Грынкевіч кульнуў яшчэ адну стопку гарэлкі і, нават не заядаючы, палез правяраць тэлефон.

Дон Джавані распавядае Лепарэла, чаму прыйшоў сюды: ён захапіўся новай прыгажуняй, і тая адказвае яму ўзаемнасцю. Лепарэла радуецца, бо зможа ўнесці ў каталог яшчэ адно жаночае імя.

Алёна бамбавала яго СМСкамі. Рудая ведзьма сумавала па кожнай пражылцы ягонага самі разумееце чаго. Гэтая дзяўчынка была закаханая ў Яго, вяла з Ім размовы, нават калі Ён быў спакойным і адпачываў пасля працяглага любішча. «Мой жа ж ты харошанькі, напрацаваўся, мой салодзенькі, смачненькі, ружовенькі... Ну адпачні, паляжы ўжо, а потым Алёнка цябе разбудзіць і будзе з табой гуляцца... Праўда ж, каханенькі мой?»

Ён звычайна засынаў пад гэтую наіўна-распусную калыханку і ўжо ў сне гладзіў мяккія натуральна-рудыя валасы: Алёна любіла класці яму галаву на ніз жывата і скручвацца абаранкам побач, як котка. Маленькая, мяккая котка. Котка жыве сваімі вусамі і праз іх спасцігае навакольны свет. Алёна жыла тым, што яна без усялякага манернічання называла — «мая Піздзюлечка». Яна нават на габоі сваім грала прыстойна толькі пасля таго, як Піздзюлечка атрымлівала сваю порцыю радасці. Яна разумела толькі фізіялагічную вобразнасць. Не мела сэнсу казаць ёй на рэпетыцыі: «Сыграй пяшчотна». Лепей было папрасіць: «Сыграй так, як быццам я цябе лёгка цалую ў вусны, пасля таго як добра ад'ябаў». Гэта яна разумела і адразу знаходзіла патрэбны, надзіва дакладны штрых. Грынкевіч не проста так даў граць ёй сола. Між тым Алёна ні ў якім іншым аркестры ці ансамблі прыжыцца не магла і толькі ў яго сапраўды зайграла.

— Давай цяпер вып'ем за цябе, Лёха! — прапанаваў Воўчык і знакам паклікаў гарсона. — Расказвай, што ты там ставіш цяпер?

— «Дона Джавані».

— Ух ты! Уласная пастаноўка! — ускрыкнуў Воўчык, які пачынаў паціху п'янець. — Ну ты малайчына. Зайздрошчу! Я б не змог, не маю я тваёй настырлівасці. Вось ты яшчэ тады ў вучэльні сказаў: «Я буду дырыгентам!». І стаў. І працягваеш гэтую дзялянку араць. А не страшна было з Піцера з'ехаць?

На стале з'явіўся новы графін з паўлітрам гарэлкі. Грынкевіч вырашыў усё ж прытрымаць коні: у тэлефоне ён толькі што ўбачыў СМС ад флейтыста, з якім варта было сёння ўвечары перасекчыся. Флейтысту патэнцыйна цікава пайграць у ягоным аркестры, а ўпускаць прыстойнага музыканта нельга. Дзве траціны папярэднага графіна гарэлкі выжлукціў Воўчык — гэта добра. Але ж да сустрэчы з ім Грынкевіч паспеў выпіць пару куфляў піва. Гэта дрэнна. Уласна, флейтыст таксама хоча пабухаць. Але тады сёння не дабярэшся да Алёны, а яна чакае. Нехта з агульных знаёмых абавязкова закладзе яго дзяўчыне, скажа, што прыехаў у Маскву. Таму трэба зладзіць спатканне, бо пакрыўдзіцца і перастане добра граць.

— Я іншага выйсця не меў, — працягваў Грынкевіч, — я там нікому не быў патрэбны, у тым

Піцеры. Я ж лічы што ў першым пакаленні, мама і тата мне толькі вушы, мазгі ды рукі далі. Ну, мама сама фартэпіяна выкладала, таму проста своечасова заўважыла і за ручку адвяла ў школу. І ўсё. А каб пратэкцыю скласці... Паехаў туды, дзе была праца ў тэатры. Да таго ж я трызніў тэатрам, не хацеў у сімфанічныя аркестры, хоць былі прапановы. Але ў сталіцах я б не напрацаваў столькі рэпертуару, усё ж у N мяне часцей дапускалі да аркестра. Досвед, хоць начальства і п'е кроў.

— Нічога, выправім мы ўсё. Будзе ў цябе свой аркестр тут, з'едзеш ты са сваёй багны. Паставіш свайго «Дона Джавані» і з'едзеш. Ну, давай за гэта вып'ем!

Грынкевіч асцярожна сербануў са свайго кілішка, а Воўчык кульнуў усё, што яму наліў сябра.

Гарэлка ў спалучэнні з раней спажытым півам і страшэнная, як на канец жніўня, задуха пачалі перамагаць. Калі ён проста зараз сыдзе, што ўсё яшчэ будзе добра, у такім стане можна вытрываць і флейтыста, і Алёнку. Але ж Воўчык быў найважнейшым пунктам праграмы, а Воўчык жадаў банкетаваць далей.

— Ды я б таксама мог. — пачаў гандляр кітайскімі майткамі, і Грынкевіч ужо ведаў: зараз будзе рэтраспекцыя. — Я б таксама мог. Ты ж памятаеш, як я вучыўся? І як мяне ў консу забіралі ў Піцеры... І што мяне тады пагнала ў Маскву? Ну вось ты мне скажы: хулі я сюды рваўся?! Я ж яе ненавідзеў так, што аж. І цяпер яе ненавіджу. Тут нікуды не паступіў, у Піцеры спазніўся. Нікуды не паспеў. І вось пагалілі мяне і забралі.

Столькі часу сабаку пад хвост!.. Гэх... Давай яшчэ вып'ем.

Дон Джавані раптам паведамляе, што чуе ў паветры водар жанчыны. Незнаёмка, якая, мабыць, прыехала здалёк і хоча спыніцца ў гатэлі. Здаецца, яна прыгожая... Джавані зноў захапіўся. Ён разам з Лепарэла адыходзіць убок, каб паназіраць за гэтай загадкавай красуняй.

Грынкевіч, які трымаў гук у тэлефоне выключаным, раптам заўважыў прапушчаны званок ад Алёны. Ён хацеў перазваніць ёй адразу, але Воўчык яго б не зразумеў. Воўчык набліжаўся да кульмінацыі сваёй гісторыі, якую Грынкевіч чуў шмат разоў. Аляксей дакладна ведаў, што калі б Воўчык лепей вучыў гармонію ды лепей займаўся па фартэпіяна, то не забралі б яго ў войска. І ніхто Воўчыка не чакаў у Піцерскай консе, хоць сябра і спадзяваўся, што «хлопца заўсёды возьмуць». І ехаць трэба было ў той самы N ці яшчэ куды. Але Воўчык вырашыў рызыкнуць на сваю дупу і прарвацца ў Маскву, якой цяпер не любіць. Масква адрыгнула яго музычныя амбіцыі, але лёгка перастрававала Воўчыка-бізнэсмэна.

— Ты гэта. Не адставай, — з папрокам прамовіў Воўчык, заўважыўшы манеўры былога аднакурсніка. — Сядзіш тут, як Грышка Атрэп'еў. Сёння я гуляю. Ведаеш, Лёша, мне ж няма з кім пабухаць, апроч цябе. Нажэрціся — гэта адно, а вось каб пагаварыць. Тут жа ж хто? — быдла вакол мяне. Нават гэтая курвачка, якой я грошы падкідваю ды хату здымаю. Ты думаеш, яе нешта ў гэтым жыцці цікавіць? Яна ж ніводнага разу не была ў канцэртнай зале, у тэатры... Жонка... Жонка кажа, што яна дзецьмі мусіць займацца, ёй не да мастацтва. А я, значыцца, мушу зарабляць грошы, каб усё гэтае кодла ўтрымліваць. Ніколі не жаніся, Лёха! Бабы робяць з нас цяглавых канёў, а без баб. Без баб мы. Ну гэтыя. Коні з крыламі!..

— Пегасы. Прабач. — сказаў Грынкевіч, які зноў заўважыў званок на тэлефоне.

Яго выклікалі і ён дакладна ведаў, што гэта зноў звоніць Алёна. Ігнорыць не мела сэнсу. Ён узняўся з-за стала, адышоў убок і адказаў інтымным шэптам:

— Ну што, мая Піздзюлечка?

— Хто я?!

Сцэна V

Тыя ж самыя і донна Эльвіра.

№ 3: Арыя «Ah, che mi dici mai...».

— Што ты сказаў?! Ану паўтары!

Грынкевіч у гэты момант пачуваўся так, быццам у яго сярод спектакля трэснулі штаны ў са­мым заўважным і цікавым месцы. У першую се­кунду ён стаяў агаломшаны і не мог зразумець, што адбываецца. Ён спалохана зірнуў на манітор тэлефона, а там было чаго палохацца: МАША.

Вельмі лёгка размаўляць з жанчынай, калі ты вызначыўся, патрэбная яна табе на штосьці ці не, а калі патрэбная, дык на што менавіта. З Машай ён на гэты конт не вызначыўся. Дакладней, яму трэба было вызначацца вось проста зараз, бо жыццёвыя планы рэзка мяняліся. Маша ў тыя планы не надта трапляла, а калі шчыра, дык не трапляла зусім. Але ён два месяцы таму зрабіў глупства, страшэннае глупства.

— Казюлечка мая. — выціснуў ён з сябе першае, што прыйшло да галавы.

Назад Дальше